Пакуль новы год настане на свеце
Пакуль новы год настане на свеце Верш Аўтар: Янка Лучына Крыніца: http://yankalychina.ru/categories/1.htm |
Пакуль новы год настане на свеце,
Календар гэты, паночкі, купеце!
Ён хоць і выйшаў не вельмі прыгожы,
А ўсё ж у хаце ён патрэбен можа.
Праўда, адзет ён не надта багата,
Аднача скажа, калі будні, свята,
І гдзе бываюць якія кірмашы,
Гдзе сабяруцца Янкі, Саўкі нашы,
Калі родная вам міла старонка
І мужык бедны, яго дзеткі, жонка,
Калі наш звычай Вам знаёмы трошкі,
Тут пра ўсё гэга будуць малы крошкі.
Мы хочам добра ўсё зрабіць памалу,
Каб нам бы вашу заслужыць пахвалу,
А толькі — бедны: глеба пескавата,
Якія ж там ўсходы?!
Чым хата багата.