Палешукі і палевікі

Палешукі і палевікі
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-032

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Было ў бацькі дванаццаць сыноў, усе рослыя ды ўдалыя хлопцы.

Жылі яны на вялікай палянцы, між цёмнага лесу. Вялі там сваю гаспадарку, палявалі на дзікіх звяроў і птушак.

Стары бацька, сівы, як голуб, сядзеў сабе ў кажушку і ўлетку ды толькі камандаваў. І былі ў сямʼі лад ды згода.

Пажаніліся сыны, пайшлі ў іх свае дзеці. Вялікая вырасла сямʼя. Ды ўсе слухалі старога бацьку, і кожны рабіў сваю работу.

Але вось па некаторым часе памёр бацька. І пачаліся ў сямʼі нелады. Жонкі братоў сварацца, адна адну заядаюць, — рады няма. Такая пайшла між імі калатня, што і мужыкі нічога зрабіць не могуць. Крычаць жонкі, хочуць дзяліцца.

«Ну што ж, — думаюць браты, — трэба дзяліцца».

Пачалі дзяліцца. Ды справа гэтая не такая і лёгкая, як ім здавалася. Сяк-так з крыкам ды зыкам падзялілі дабро і жывёлу. А як дайшло да зямлі, дык тут чуць адзін аднаго не пазабівалі: ніяк не могуць падзяліць сваю палянку, каб нікому крыўды не было. Перасварыліся браты і сталі адзін аднаму ворагамі.

Толькі два малодшыя браты жылі між сабою ў вялікай згодзе: куды адзін, туды і другі. Не захацелі яны калаціцца з братамі за зямлю, пакінулі бацькаву хату ды падаліся ў свет шукаць іншага прытулку.

Зрабілі браты з двух дубоў вялікія сані, запрэглі ў іх шэсць пар валоў, наклалі дабра, пасадзілі жонак з дзецьмі ды паехалі на санях па пяску. А каровы і дробная жывёла ззаду за імі пайшлі.

Працягнулі трохі валы дубовыя сані па пяску ды сталі як укопаныя. Калёс тыя браты не мелі і нічога пра іх не ведалі. Бо нікуды яны з свайго лесу не толькі ўлетку, але і зімою не ездзілі.

Пачалі браты адпілоўваць круглыя калодкі ды падкладваць пад палазы. Коцяцца калодкі, і сані паўзуць уперад.

Надакучыла меншаму брату падкладваць калодкі пад палазы, вось ён і кажа большаму:

— Давай зробім так, каб калодкі самі круціліся пад палазамі.

І зрабілі яны першыя ў тым краі калёсы. Лёгка пайшлі цяпер валы, так што браты і самі паселі на воз. Едуць і дзівяцца, як яны да гэтага часу абыходзіліся без калёс.

Ехалі яны, ехалі, даехалі да вялікай ракі. Агледзелі раку — усюды глыбока, нідзе няма зручнага месца, каб пераехаць уброд. А тут такая навальніца ўсхадзілася, што лес, як звер, раве. Ломіць навальніца дрэвы, як саломінкі, ды шпурляе ў раку. Плывуць яны па вадзе цэлымі сціртамі.

Паглядзеў на іх малодшы брат, падумаў і здагадаўся, як перабрацца цераз раку.

Налавілі яны з братам дрэў, ачысцілі галлё, калоды звязалі адну з адной і зрабілі моцны плыт. А як сціхла навальніца, узвезлі свой воз на плыт. Самі стаяць на плыце ды кіруюць доўгімі жэрдкамі-бусакамі, а плыт плыве, як карабель.

Убачылі каровы, што валы паплылі на другі бераг, кінуліся ў раку ды за імі наўздагон. Толькі свінні і авечкі не адважыліся скакаць у ваду. Стаяць на беразе, бляюць, рохкаюць. Вярнуліся потым браты з плытам назад і забралі іх. Гэтак усе і пераправіліся цераз шырокую і глыбокую раку.

Паехалі яны далей і забраліся ў такую пушчу, што і канца ёй няма.

Пачалі браты церабіць прасекі ў пушчы ды масціць грэблі. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусцей, а ў ім такія нетры, што і выбрацца нельга. Большы брат змарыўся, аслабеў.

— Застануся, — кажа ён меншаму брату, — я тут, бо не хопіць у мяне сілы з гэтага лесу выцерабіцца.

І застаўся з сваёю сямʼёю жыць у лесе.

З таго часу і яго самога і ўвесь яго род пачалі зваць палешукамі.

А малодшы брат не захацеў заставацца ў лесе. Быў ён дужы, як тур, і спадзяваўся на сваю сілу. Ён адзін церабіў прасекі, масціў грэблі і ехаў далей.

І да гэтых часоў засталіся яшчэ на Палессі тыя прасекі ды грэблі, што нарабіў малодшы брат.

Ці доўга ён так выбіраўся з цёмнага лесу, ці не, але вось нарэшце пачалі трапляцца прагаліны ды палянкі з пяскамі. Асеў малодшы брат на гэтых палянках, пачаў іх араць і сеяць збожжа.

І з таго часу празвалі яго самога і ўвесь яго род палевікамі.

А потым рассяліліся палешукі і палевікі, занялі новыя лясы і палі ды сталі добрымі суседзямі.

Так і цяпер жывуць.