Палюбіў я асеньняе раньне… (1926)

Палюбіў я асенняе ранне…
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1926
Крыніца: Полымя, 1926 - №7
Іншыя публікацыі гэтага твора: Палюбіў я асенняе ранне…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Палюбіў я асеньняе раньне
І красу зарунелых далін,
Мо‘ затым, што у срэбным тумане
Апавіты жальбою палі.
Палюбіў я асеньняе раньне.

Ў гэтым раньні халодным і сінім
Многа шчырасьці й многа крыві.
Чуеш там за шырокай далінай
Нехта кажа: — Валеры — жыві!..
Ў гэтым раньні халодным і сінім.

Ціха сьцелецца жоўтае лісьце
І пяе аб мінулым трава,
Што цяпер весялей як калісьці
Песьні шчасьця і волі сьпяваць.
Ціха сьцелецца жоўтае лісьце.

Знаю я, што ў палёх непагодна,
Недзе плача мінорна струна,
Бо за гэтым акордам нягоды
Будзе пець і сьмяяцца вясна.
Знаю я, што ў палёх непагодна!

Палюбіў я асеньняе раньне,
Бо ў ім многа раздум‘я і сьлёз.
Калі нехта упаў на кургане, —
Гэта значыць, — ён цемры ня зьнёс.
Палюбіў я асеньняе раньне!..