Палякам у дзень 3-га мая (1920)

Палякам у дзень 3-га мая
Верш
Аўтар: Горэвід
1920 год
Крыніца: Часопіс «Рунь», № 1, 2 мая 1920 г., б. 8
Іншыя публікацыі гэтага твора: Палякам у дзень 3-га мая.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Памяткі старой Беларускай пісьменнасьці.

(З архіву рамуальда Зямкевіча).

Паляком у дзень 3-га мая.


Як векі вякамі мужыцкая доля
Ад зямлі аранай чарнейша была:
Ні холад, ні голад, ні здзек, ні няволя
Ня шлі, абміная ў дарозе сяла.
Скуль нам тут засьвецяць праменьні навукі,
Скуль праўды настане ясьнеючы дзень?
Пісьменны ня будуць з мазолямі рукі,
Як ліха дый горо бяруць за каршэнь,
Мы знаем-жа гэта, хто бацька? хто дзеды?..
І памяць сьвятую хаваем аб іх;
Глыбока хаваем… Для ўражай чарэды
Наш говар даўнейшы сягоньня заціх…
Маўчым, зубы сьцяўшы, каб вораг для зьдзеку
На свой лад іначыць сказаньня ня мог…
І праўду дагледзяць у нас—ў чалавеку
От толькі… магілы, лес цёмны і Бог!…
Сягоньня ноч ўсюды сьвет Божы пакрыла,
А заўтра, Бог здарыць, узыйдзе зара…
Няўжо-ж панаваціме і крыуда і сіла?
Настане і ўдарыць гадзіна дабра:
Брат брату дасьць ніўку на шчасьце, на долю,
Сусед-жа суседу паможа, як брат;
Вясёлые песьні пальюцца па полю,
Жыць будзем на радасьць, на долю, на лад!
Тагды і пахмурны тутэйшы сялянец
Пры вас шчырым братам стане ў грамадзе,
Тагды распазнаем, хто вораг-паганец
На праўды і чэсьці вялікім судзе.
Пакуль што… нас чорных, нас бедных, каравых
Ня пішце да ўражых і нам сіл у лік:
Хоць дзеля бядоты, дый сьлёзаў крывавых,
Хоць дзеля той праўды, што брат ваш мужык.


3 мая 1891.
Горэвід.