Як векі вякамі мужыцкая доля
Ад зямлі аранай чарнейша была:
Ні холад, ні голад, ні здзек, ні няволя
Ня шлі, абміная ў дарозе сяла.
Скуль нам тут засьвецяць праменьні навукі,
Скуль праўды настане ясьнеючы дзень?
Пісьменны ня будуць з мазолямі рукі,
Як ліха дый горэ бяруць за каршэнь,
Мы знаем-жэ гэта, хто бацька? хто дзеды?…
І памяць сьвятую хаваем аб іх,
Глыбока хаваем… Для ўражай чарэды
Наш говар даўнейшы сягоньня заціх…
Маўчым, зубы сьцяўшы, каб вораг для зьдзеку
На свой лад іначыць сказаньня ня мог…
І праўду дагледзяць у нас, ў чалавеку
От толькі… магілы, лес цёмны і Бог!…
Сягоньня ноч ўсюды сьвет Божы пакрыла,
А заўтра, Бог здарыць, узыйдзе зара…
Няўжо-ж панаваціме і крыўда і сіла?
Настане і ўдарыць гадзіна дабра:
Брат брату дасьць ніўку на шчасьця, на долю,
Сусед жэ суседу паможэ, як брат;
Вясёлыя песьні пальюцца па полю,
Жыць будзем на радасьць, на долю, на лад!
Тагды і пахмурны тутэйшы селянец
Пры вас шчырым братам стане ў грамадзе,
Тагды распазнаем, хто вораг-паганец
На праўды і чэсьці вяліком судзе.
Пакуль што… нас чорных, нас бедных, каравых
Ня пішце да ўражых і нам сіл у лік:
Хоць дзеля бядоты, дый сьлёзаў крывавых,
Хоць дзеля той праўды, што брат ваш мужык.
|