Палясоўшчык (Багушэвіч)

Палясоўшчык (Апавяданне старога лесніка)
Апавяданне
Аўтар: Францішак Багушэвіч
Крыніца: Наша Ніва, 1907, №10

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Трэці год ужо быў лесніком на графскай пушчы, хадзіў цягам па лесе, па оступах, па градах і ведаю, што мядзведзь ёсць то ёсць, але бог бараніў спаткацца аж да гэтага года; ды і цяпер не ведаю, ці відзеў я мядзведзя, ці не відзеў.

А вот як было: якраз у задушны дзень. Той дзень на ляпорт мы ўсе сабраліся. Прыйшлі рана, меўся лоўчы паляваць, ды штосьці з жонкай пабіліся, ці што, от так, яму было не да ляпорту, не да палявання, і пратрымаў нас да вечара без нічым нічога, а падвечар загадаў дроў нарубаць; так і да ночы звялося.

Ноч цёмная, мне дахаты трэба ісці праз сваю пушчу, праз оступ; дарогі ніякай няма, ідзеш логам, пасля градой, а там ізноў оступ; праз ручаёк доўгая старая елка, можа ўжо гадоў сто ляжыць вываратня, і па ёй пераходзім, бывала.

Якраз, даходзячы да той вываратні, думаю сабе: «Вот, божа барані, цяпер мядзведзь на спатканне...»

Аж шапка паднялася, аж сэрца ёкае, улез на вываратню, пугач негдзе стогне ў старым дубе, - яшчэ страшней стала...

Калі чую: вываратня аж калышацца, хтось ідзе з другога канца на спатканне. Так і ёсць, ён, мядзведзь, сапець, аж страх. А дожджык як з рэшата сыпе. А ведаю я, што мядзведзь палахлівы, але ж і я не надта каб ад яго смялейшы. Дай, думаю, спалохаю я яго. Як зараву я па-мядзведжаму - уга! А ён - шабалдыхць у балота, а крыкнуў, як чалавек: «Ах!»

Лячу бардзей дахаты, ці не задраў ён маёй каровы? Не, цэла, дзякаваць богу, ходзе па гародчыку. Я ў хату шусць! «Жонка, кажу, мядзведзь за малым не задраў твайго Юзука!» Калі жонкі і ў хаце няма, дзеці спяць, сучка ляжыць пад сталом, смалякі гараць на прыпечку, і бульба прэе. Што за прычына? Я туды, я сюды - няма жонкі; ці не павесілася, думаю, са злосці, што мяне няма, а яна тыкі злая. Калі пачакаўшы трохі і яна ідзець у хату - уся мокрая, а дрыжыць, як лісток.

«Жонка, кажу, мядзведзь за малым не задраў твайго Юзука».

«А божа ж мой, божа, гэта, кажа, пэўне той самы і мяне, спаткаўшы, хацеў задраць; як зароў, дык аж я ў балота па шыю ўляцела».

«Гдзе ж ты, кажу, яго спаткала?»

«На чортавай пералазцы (так завецца тая вываратня); ішла цябе спатыкаць, ці з двара дахаты клікаць».

«А я, кажу, ішоў дахаты і на той пералазцы спаткаў мядзведзя і спалохаў яго, дык ён у ручай зваліўся».

«А можа то я была?»

«Вот, кажу, я бы цябе не пазнаў?.. То мядзведзь быў, пэўне. Вот ты дык можа мяне спаткала, а не мядзведзя».

«Але? Нябось, кажа, я добра прыгледзелася: і морда яго, і хвост кароценькі, і зароў як трэба, аж засмярдзела».

«А бадай цябе пярун спаліў! Давай, баба, бялізну змяніць!»

Ну, так і будзе - нячыстая сіла, думаю, нас абое ў медзвядзёў перакінула, а мы самі і не ведалі, бо і чаго ж мне па-мядзведжаму раўці і ўсё рабіць, як мядзведзь са страху?..

Дык і хто яго ведае, ці відзеў я мядзведзя, ці не відзеў?..