Палі загаманілі (1930)/Палі загаманілі

Палі загаманілі
Паэма
Аўтар: Тодар Кляшторны
1930 год
Сны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Палі загаманілі (Кляшторны, паэма).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гэтую поэму, у якой я імкнуся даць героіку нашага будаўніцтва, прысьвячаю героічнаму моманту змаганьня за
вызваленьне Беларусі ад белапалякаў.Аўтар

УСТУП

На вуснах мёд,
У сэрцы пустата…
Усьмешка
Перад кожным сьцеле лістам.
Па кончыку рухавага хваста
Я пазнаю цябе, тупое падхалімства.
Каля старых;
І каля новых сьцен,
Ты, як нязьменная „страпуха“,
Надвор‘е ловіш кожны дзень
Баромэтрам навостранага вуха.
Цябе я пазнаю…
Дык раскажы пяру,
Пра новыя,
Апошнія падзеі!..
Ды крумкаць пачакай, —
Пакуль што я ня труп, —
Ты-ж крумкачом заўсёды быць пасьпееш.
Ды не саромячыся,
Проста паглядзі,
Глядзі у вочы сьмела і праўдзіва…
Ты перад кім-жа сёньня цэлы дзень
На задніх лапах прахадзіла?
Мо‘ бюрократ,
Каб дзе не прагарэць,
Цябе наняў у слугі ўласнай ванны?
Ці мо‘ з кулацкай крыўдаю абрэз
Хадзіў з табой на паляваньне?
А мо‘, як Юды родная сястра,
Скрозь абурэньне,
выкрыкі
і сьвісты
У найцямнейшай краме цёмных спраў
Портфэль купляла кар‘ерысту?
Хоць мо‘ ня ты,
А больш твой гаспадар
Для нашых дзён —
Як горкая атрута?!.
Ты —
толькі танны вулічны тавар,
Ты толькі мокрая,
Як восень, прастытутка.
І рэконструкцыя,
І творчае жыцьцё
Выкідваюць цябе з вялікае асновы,
Супроць цябе
Са сцэны нашых дзён
Мая поэма просіць слова.
Узяўшы ўсё гнілое на прыцэл —
Зьвяртаюся да тых,
Хто заўжды духам дужы:
„О, комсамолія,
З будоўлі новых сьцен
Пусьці на злом нікчэмненькія душы!“
Ці месца тым,
Хто ў дні вялікіх бур,
У моманты перабудовы сьвету
Трымаецца, як вусень за вярбу,
Сваёй уласнай дробненькае мэты?
У нашы дні
Людзкога мора вал
Змывае плесьню нястрыманым шквалам.
Адзіны рух,
Адзін запал —
Ад Бэрліну,
Аж да Шанхаю.
Хадой падзей адточаны штылет,
Крывёй
І порахам заражаны аддалі
На два франты падзелены сусьвет
На барыкадах боек соцыяльных.
Хай рэха стрэл,
Хай гром скрозь рубяжы
Маланкаю ў прасторы пралятае,
Але,
Ня сыйдзе з клясавай мяжы
Загартаваная упартасьць пролетара.
Мы
На шасьціне нашае зямлі
Усе масты да прошласьці зламалі
І права
Будаваць соцыялізм
Мы на франтох
Пад кулямі прыдбалі.
Тут СССР,
Тут учарайшы раб
Глядзіць у будучыню сьветлымі вачыма,
Тут —
Рэволюцыі сусьветны штаб,
Тут —
Пролетарская вялікая айчына.
Тут —
Непадкупны крок кіраўніка…
Компартыі сталёвая рука,
Вядзі скрозь штормы
Трапна і упарта,
З адзінай воляй і зарадам,
На ўдарны Фронт
Ударныя брыгады.
Свайго жыцьця
Мы кожны творчы дзень
Паклалі у страі магутнае асновы…
Так, —
Вырастае наша цытадэль,
Так, —
Вырастаюць нашы заваёвы.
О, комсамолія,
Мы разам, крок у крок
Ідзем жыцьцё іначай перастроіць.
Мой кожны дзень
І кожны мой радок
Як вартавы,
На ўдарным стане фронце.
Узяўшы ўсё былое на прыцэл,
Я гавару да вас,
Хто заўжды духам дужы:
— О, комсамолія,
З будоўлі новых сьцен
Пашлем на сьметнікі мізэрненькія душы.

ТАК ПАЧЫНАЕЦЦА ПОЭМА

СОРМАВЕЦ:

— Максім Прахоравіч, які сягоньня дзень?
За працай рупнаю згубіў я дні і тыдні.

АГРАНОМ:

— Сягоньня серада… сягоньня слаўны дзень…
Ды толькі ветры… Непакояць ветры.

СОРМАВЕЦ:

— А што такое?

АГРАНОМ:

Ветры, мілы друг,
Прынесьці могуць заўтра навальніцу.
Яшчэ як трэ‘ не распусьціўся лес,
Яшчэ палі у зелень не адзеты,
Казалі дзедзічы, калі такой парой
Ударыць гром, дык будзе год галодны.

СОРМАВЕЦ:

— І ты, ты, аграном, ты, прадстаўнік
На вёсцы вольнае навукі і культуры,
Ты можаш так казаць?
Хібы ты верыш розным забабонам?

АГРАНОМ:

— Ня веру я!.. Хоць пачуцьцё былога
Заўсёды можа зноў загаманіць.
Бывае розны гром і розныя навалы…
І вось у рытмах вольнае стыхіі,
Ці гэта рытмы ветру, ці вады,
Я чую крокі блізкай навальніцы,
Я чую рэха дальніх пяруноў.

СОРМАВЕЦ:

— Максім Прахоравіч, якое навальніцы
Ты чуеш сёньня блізкую хаду?
Ты, мабыць, недаспаў?.. А мо‘ прылёт вясьнянак
Зрабіў цябе і лірыкам… І крышку дзіваком?..
… Паспаць-бы, брат, паспаць!.. Я некалькі начэй
Не дасыпаю…

АГРАНОМ:

— А што перашкаджае
Табе спакойна спаць?

СОРМАВЕЦ:

— Вясна, браток, Ударная вясна мне спаць перашкаджае.
Удзень я кожную хвіліну на нагах, —
Уважліва гляджу за кожнаю брыгадай,
А ночы я праводжу за сталом,
Мяркуючы, як лепей скарыстаць
Ударную вясну ударнае эпохі.
Вялікі час!.. Адказныя гадзіны
Жыцьцё нам даручыла перажыць.
Ніякі правадыр ніякае эпохі
Шчасьлівым так ня быў,
Як мы з табой…

АГРАНОМ:

— Ня захапляйся вельмі,
Мы толькі радавыя нашых дзён…

СОРМАВЕЦ:

— Але магутных армій… Нашы дні
У новыя аддалі дзьверы адчынілі.
Наш кожны дзень раўняецца эпосе,
А мы, ня людзі мы, а волаты вякоў,
Мы абганяем пляны меркаваньняў.
Мы сьвет пазбавілі ад погляду такога,
Што ўсім кіруюць інтарэсы „я“,
Што розум масы, наш грамадзкі розум —
Ніжэй ад розума забітага раба.
Мы давялі, мы паказалі сьвету,
Што ўсім кіруе клясавая воля,
Загартаваная у цяжкай барацьбе.
Непераможны мы, мы сіла нашай эры,
Сьвядомасьць нашу бойкі гартавалі,
Мы — моцны пульс вялікае зямлі.

АГРАНОМ:

— Нам пульсаваць ніхто не перашкодзіць,
А дзень… Наш дзень раўняецца нулю.

СОРМАВЕЦ:

— Нулю?!. Ты так глядзіш на нашы дасягненьні?!
І гэта ты, савецкі аграном?!
Ты проста чорныя адзеўшы акуляры
Плывеш за хмарамі між небам і зямлёй!
Хіба ня бачыш ты вялікіх творчых рухаў?!
Спаборніцтва… Ударныя брыгады,
Вялікі рост індустрыі краіны,
Хіба ня бачыш ты?! Ды гэта-ж проста жах.
Тут камень, тут граніт адчулі пульс эпохі,
Тут нават мёртвыя гатовы гаварыць.
Ня веру я…

АГРАНОМ:

— Чаму ня верыш ты?

СОРМАВЕЦ:

— Каб ты, ты, аграном, ды гэтак разважаў!
Працоўныя Савецкага Саюзу
Кладуць увесь вялікі капітал
У найвялікшыя муры соцыялізму,
Кладуць таму, каб гэтыя муры,
Каб створаныя намі цытадэлі
Здушылі, як страшылішча вякоў —
Уладу капітала.

СІНІЦКІ:

— Дзень добры старшыні і аграному так-жа!
Таварыш старшыня, канешне, брыгадзір
Дарэмна усхадзіўся каля лядаў.
Няўжо ня хопіць нам лягчэйшае зямлі?
Зямля, яно, канешне, як зямля,
Ды вось ці потам-жа угноіваць загоны?
Яно, канешне, супярэчыць вам,
Ня буду я, канешне, супярэчыць.
На тое вы пастаўлены вось тут…

СОРМАВЕЦ:

Ды замаўчы ты, годзе гарадзіць!
Аж прыкра слухаць гутарку такую!

СІНІЦКІ:

— Маўчу, маўчу!.. Дазвольце запытаць?
Мо‘ маеце ахвоту з дубальтоўкай,
Канешне, качак значыцца…

СОРМАВЕЦ:

— Маўчы!
Няма мне часу!.. Кліч сюды брыгады,
Хай адпачнуць, а гэтым часам тут
Мы зробім невялічкую нараду.

НЕ ПАЧЫНАЮЧЫ СХОДУ, Я ПАЗНАЁМЛЮ ВАС
СА СВАЯАСАБОВЫМ ГЕРОЕМ У МАЁЙ ПОЭМЕ

Шалюта — чалавек шляхетнага пакрою —
Інтэлігент з вілявасьцю старой.
Ня ён валодае сваім настроем,
А ім валодае настрой.
У гутарках — ён ганарлівы рыцар.
На справе — чалавек з гнілога карабля.
Усім ён можа палка захапіцца.
Усё ён можа адмаўляць.
Ён колісь быў поэтам саладжавым,
А потым з філёзофіяй дружыў.
Шукаў заўжды вялікай славы,
Хоць цэлы век зьняслаўленым пражыў.
Для нашых дзён — ён рэха тых акордаў,
Што прагучэлі нібыта праклён…
Щалюту розумам ня скрыўдзіла прырода,
Ды толькі розум той жыцьцё не прыняло.
Ён ідучы да нейкай пэўнай мэты
Нясе туды і дружбу і штылет.
Так мэтэор разьбітае камэты
Блукае між орбітамі плянэт.
Ëн у „дваццаты“ помсьціўся чырвоным,
Пасьля за грэх учынкі палічыў,
З тае пары у мораках начы —
Пачаў маліцца гледзячы на зоры…
Вайсковы комунізм…
Як адарваны плён,
„Інтэлігенцік“ гіне бяз прытулку…
Купіў білет…
У глуш паехаў ён
Шукаць на вёсцы паратунку.
На вёсцы так-жа трэба хлеб і дом…
Не прадасі-ж ламаныя капрысы…
Лягчэй за ўсё
Зрабіцца там папом,
Дык ён папом і сапраўды зрабіўся.
Пасьля, набыўшы кніг,
Ён сеў за іх
Аналізуючы жыцьцёвыя пытаньні.
І хоць на скаце дзён сваіх
Адно ён вынес правільнае перакананьне:
Пачаў ён ня любіць і веру і папоў,
Ён сам, нібы абстракцыя крушэньня
Паганскай выдумкі вякоў —
Раскрыў мінуўшчыны гнілыя сутарэньні.
Я маляваў портрэт яго тады,
Калі сустрэў ён момант дагараньня.
Калі ён сам каля сваёй труны
Прайшоўся з маршам пахавальным.

ТУГА ЧОРНАРЫЗЬНІКА
(Монолёг папа Шалюты)

На дрэве новы ліст напіўся сокам сіні,
Сваю вясну пачаў на дрэве новы ліст.
Пад сьвіст вятроў,
Бяз мэты, бяз прытулку
У далі коціцца аджытае лісьцё.
Які тут сэнс?!
Каму патрэбна гэта,
Каб леташняй вясны адзіная краса
Даручана была вятром і глебе?
Каму патрэбна гэтая гульня?..
Вятры халодныя, як рукі белых трупаў,
Зграбаюць рэшткі даўняе вясны,
Каб на касьцёх красы былога часу
Узгадаваць інакшую красу.
Ці не таму і любім так вясну,
Ці не таму так востры адчуваньні,
Што з кожнага лістка глядзіць на нас
Пачатак і канец?..
Дык вось яна, вялікая вясна!..
Але вясна ня тая!..
Маёй вясны няма!..
Грамады дзён прабеглі няпрыкметна;
Я з кожнай хвіляй болей адчуваю,
Што па касьцёх,
Што па касьцёх хаджу маёй вясны.
Прыемна пахне сьвежая зямля.
Зямля узорана тут працай колектыву…
Зямлі даручаць зерне…
І той,
Каго завем мы богам,
Ня можа перашкодзіць вырасьці
Тут важкім залацістым каласом…
................
О, памяць!.. памяць!.. памяць!..
Навошта адчыняеш мне крывавыя сьляды?!
Тут брацкі могільнік…
Вось дзесяць год мінула
З тае пары, як тут былі франты…
Я выдаваў тады чырвоных…
А завошта?!.
Які у гэтым сэнс?!

СІНІЦКІ:

— Сьвяты айцец!

ШАЛЮТА:

Ты да мяне, Сініцкі?

СІНІЦКІ:

Да вас, канешне, я да вас, айцец!
Таму, як з вамі бог,
А вы, канешне, з богам,
Вы моліце за ўсіх яго сьвятую волю,
А ён з-за вас, канешне,
Трымае сьвет і грэшную зямлю,
Дык, значыцца, да вас
Я слова маю…

ШАЛЮТА:

— Кажы,
Што хочаш запытаць?

СІНІЦКІ:

— Тут, значыцца, Міхал
Спраўляе вечарыну…
Прасіў, каб я нікому ні-ні-ні…
Запрошаны усе
Шаноўныя, канешне…

ШАЛЮТА:

— Які Міхал?.. Евангелісты мабыць?

СІНІЦКІ:

Евангелісты, так!..
Прасіў каб вы…

ШАЛЮТА:

— Я разумею!.. Добра…
Цяпер ідзі!..
А то заўважыць могуць
І будуць падазрона гаварыць…

СІНІЦКІ:

Іду, іду… Бывай, сьвяты айцец!

ШАЛЮТА:

— На дрэве новы ліст напіўся сокам сіні,
Сваю вясну пачаў на дрэве новы ліст…
Пад сьвіст вятроў
Бяз мэты, бяз прытулку
У далі коціцца аджытае лісьцё.
Трыльёны год, як нашая плянэта
Паміж бясконцай колькасьці плянэт
Згубіла у сусьветныя прасторы
Апошні бляск апошняга сьвятла.
Мільярды год пасьля грымелі буры,
А потым міліёны мёртвай цішыні
Ад згадкі,
Ад законаў сьвету пачыналі
Вялікі пульс вялікага жыцьця…
Ішлі вякі,
Мяняліся аддалі,
Адзін закон над сьветам панаваў:
Скрозь плойму год мацнейшы сын прыроды
Няспынна нёс парывы творчых сіл.
І так да нашых дзён,
І так да нашых дзён…
А можа дзе
Сьвятло плянэты нашай
Яшчэ між зор далёкіх зіхаціць,
Які у гэтым сэнс? —
А сэнс такі,
Што гэта вышай бога.
Мацней ад сілы тысячы багоў.
Ёсьць толькі міт.
Няма на сьвеце бога,
Стварыла міт фантазія людзей…
І ў нашы дні
Прыйшоў ад мітаў дальніх
Апошні бляск апошняга сьвятла.
Я гэта зразумеў
У той кашмарны момант,
Калі чырвоных белым выдаваў…
У выкрыках „гура“
У дзікім звоне зброі
Тады я чуў хаўтурныя псальмы.
З тае пары
Я сеў шукаць у кнігах
Адказ сваёй абуранай душы…
................
О, памяць, памяць, памяць,
Не адчыняй крывавыя сьляды
Мінулых дзён!..
Вось брацкі могільнік…
Я дзесяць год назад
Тут выдаваў чырвоных…
................

СХОД КОЛГАСЬНІКАЎ, ДЗЕ ЎЗАРАНЫ
ДАЎНІЯ МЕЖЫ

СОРМАВЕЦ:

Спынеце гутаркі, таварыш, аб чым вы
Шумеце там, нібы у нейкай краме?
Таварышы, увага!.. Сход адчынен,
Давайце вырашым надзённыя пытаньні!
Каб ня губляць дарэмна час і словы —
Давайце сход вось зараз-жа адчынім…
Сягоньня я па справе тэрміновай
У горад тэрмінова выехаць павінен.
Пакуль што мы ня ведалі прабелаў,
Мы на палёх, пад гоман звонкай сталі,
Вясну ударніцу па ўдарнаму сустрэлі,
Мы дружным гуртам працавалі.
Нас не палохалі ніколі перашкоды,
Хоць перашкоды нас і ня трывожаць,
Бо з намі пролетарскі горад
І ён заўжды, заўжды нам дапаможа.
Сваёй хады мы вылічылі вёрсты,
І рук сваіх мы вылічылі сілу…
Дык вось, колгасцы: — дальш ад панікёрства
І нас нішто ня здолее асіліць.

ПЕРШЫ КОЛГАСЬНІК:

— Ну што казаць, хіба такая сіла
Адыйдзе ад свайго зароку?

ДРУГІ КОЛГАСЬНІК:

— Наш просты шлях у моцным колектыве
Ніхто ня зьверне з правільнага тропу

ПЕРШЫ КОЛГАСЬНІК:

— Юнацкі дух мацней ад звонкай сталі!

ДРУГІ КОЛГАСЬНІК:

— Юнацкі дух вышэй ад зорнай вежы!

КОМСАМОЛКА:

— Як на палёх мы межы зруйнавалі,
І між людзей ня стала болей межаў.

СОРМАВЕЦ:

— Мы не адны, за намі пакаленьні,
А з намі сіла нашае эпохі.
Мы скрозь агонь праносілі імкненьні,
Нас чорны дзень ніколі не палохаў.
Мы ад колгасаў, фабрык і заводаў
Ідзем адзіным гартаваным крокам
У слаўныя, вялікія паходы
Супроць закону прошласьці далёкай.
Руйнуючы традыцыі былога,
Нам трэба шмат культурных рэволюцый,
Бо на шляхох да нашай перамогі
Мы спатыкаем цемру і нявуцтва.
Але магутнасьць трактарных колёнаў
І сіла нашых волатаў-комбайнаў
Узварушыла думкі міліёнаў,
Ды абудзіла вострыя пытаньні.
На нас глядзіць дакорліва нявуцтва,
За намі сочаць ворагі з туманаў,
Дык вось таму нам трэба быць рашучым,
Нам трэба быць заўсёды згуртаваным.
Хай назаўжды між намі запануе
Адзінства волі, думак і настрояў;
Мы кожны рух працоўны уплянуем,
Мы тэмпы працы нашае утроім.
Каб перастроіць шэрагі нанова
Адзінай стромай, сілаю адзінай, —
Да вас, да нашых слаўных брыгадзіраў,
Я маю шмат канкрэтных прапановаў:
Хай садавод хутчэй агледзіць дрэвы,
А палявод ні кроку ад пасеваў.
Азіміну ня ніва родзіць,
А тое, што яе скародзяць.
Бярэце заўтра лёгкія бароны
І, ледзь зара у высі ўстрапянецца, —
Вы ўсе, як ёсьць, жытнёвыя загоны
Паскарадзеце!
Пасьля з брыгадай трактарнае сілы
Дакончыце ральлю на полі…
Ты, трактарыст, шануй свае машыны,
А конюхі, шануйце коні…
Дзе аграном?! Паслаць за аграномам!..

СІНІЦКІ:

— Дазвольце я, таварыш старшыня…
Хадзіць, канешне, мне ня нова,
Для вас заўжды, канешне, я…

СОРМАВЕЦ:

— Ідзі хутчэй, ды доўга не марудзіць!..

СІНІЦКІ:

— Вось зараз-жа і аграном тут будзе.

СОРМАВЕЦ:

— А ты, гароднік, разам з паляводам
За працаю на лядах пасачэце!..
Там будуць слаўныя, прыгожыя гароды,
Дзе зараз пнеўя ды карчэўя.
Няхай сягоньня нашы брыгадзіры
Па ударнаму работу расплянуюць,
Ды аба ўсёй працоўнай сіле
Мне да ад‘езду сьпісы падрыхтуюць.
Уважліва прагледзяць у блёкнотах,
Памылак дзе, каб, часам, ня было там.
Як толькі скончым першыя работы,
Мы у паходы пойдзем на балота.
Мэліорацыю пачаць павінны
Мы безадкладна гэтым летам…
Дзе зелянее зараз багавіньне,
Там будуць слаўныя палеткі.

НЕ ЗАЧЫНЯЮЧЫ СХОД КОЛГАСЬНІКАЎ,
ЗАГЛЯНЕМ У КВАТЭРУ ДА АГРАНОМА

АГРАНОМ
(сам з сабой):

— Бывае розны гром і розныя навалы.
І вось у рытмах вольнае стыхіі,
Ці гэта рытмы ветру, ці вады,
Я чую крокі дальняй навальніцы,
Я чую рэха дальніх пяруноў.
Тады мне сьняцца громы баявыя,
Тады мне сьняцца даўнія франты.
Я — афіцэр, я — сын культурнай клясы,
Я бараню ад гунаў слаўны Рым,
Магутны Рым, вялікае культуры,
Ня тэй культуры, што яны
Стварылі пяцігодкамі і пяцідзёнкамі…
Хутчэй бы гром, хутчэй-бы навальніца,
Бо гуны гэтыя і сапраўды
Нас могуць перагнаць… і наша карта біта,
Тады шукайце, рымляны, на біржы працы
Маленькую пасаду агранома.

ЛІСТАНОСЕЦ:

— Таварыш аграном, вам хуткі ліст.

АГРАНОМ:

— Давайце.

ЛІСТАНОСЕЦ:

— А паскакаць?!.
Скачэце, гэткі ліст…

АГРАНОМ:

— Сьвіньня!
Ідзі хутчэй з кватэры, чорт паганы,
Ты з кім-жа выдумаў „аболтус“ жартаваць?

ЛІСТАНОСЕЦ:

— Цішэй, цішэй, шляхцюк дзевятай клясы,
Такіх падпанкаў бачылі мы шмат.
Мы не забыліся, як гэтыя панкі,
Віляючы хвастом перад вяльможным панствам,
З рабочых і сялян зьдзіралі каптаны…
… Дык вось яны, „культурныя“ абломкі!..
................

ЛІСТ

Максім Прахоравіч!
Даруй!..
Забудземся пра ўсё былое!..
Я, даручаючы пяру
Свае настроі,
Гатова плакаць, плакаць над былым,
Гатова дальняму маліцца,
Але,
Што звалася нядаўна дарагім,
Хай назаўсёды адасьніцца!..
Сягоньня ветлы Крым
Мне замяніў
Цябе
І Ніццу.
Ты мне ня муж,
Бо нашае жыцьцё
Пабегла рознаю дарогай…
Пад сэрцам
Я нашу дзіцё —
Другога.
Мне цяжка,
Даручаючы пяру
Свае настроі,
Сказаць табе:
— Максім, даруй!..
Забудземся пра ўсё староe!..
................

АГРАНОМ:

Які кошмар, які кошмар навокал!..

(Дэклямуе)

Кіпіць з прадвеку здушаная злосьць
Пад гэтым сонцам, месяцам і небам,
Але прымаю ўсё, што ёсьць,
Прымаю ўсё што трэба і ня трэба.
І бог і чорт за чаркаю віна
За грэшны труп расцалавацца рады…
Тут заўсягды нікчэмная мана
Кумой даводзіцца асьвістанае праўды.
Любоў злачынству хіліцца чалом,
Як лебяда ў нахмураную восень,
Адно каханьне чыстае было,
І то за грошы, мабыць, прадалося?!
Вакол мана, сьмяртэльная мана,
Ня вер, інтэлігент, нічому дарагому!
Ў тваіх грудзёх каханая жана
Аддасца ўся нікчэмнаму, другому…

СІНІЦКІ:

— Максім Прахоравіч, канешне, добры дзень!
Маліцца ўздумалі, ці што якое?

АГРАНОМ:

— Хай тыя моляцца, што на сваёй сьпіне
Вязуць сьвятых скрозь райскія вароты,
А мы і так… Бо нашыя ключы
І вечны рай і пекла адмыкалі.

СІНІЦКІ:

— Канешне так, я разумею вас…

АГРАНОМ:

— Нічога, браце, ты не разумееш…
Ты вось патрэбен мне…

СІНІЦКІ:

— Я вам
Заўжды гатоў, канешне, услужыцца.

АГРАНОМ:

— Скажы, Сініцкі, ты у кашальку
Калі-нібудзь трымаў хоць сто чырвонцаў?

СІНІЦКІ:

— Максім Прахоравіч, ніколі у жыцьці,
Канешне, і ня сьніў я гэткае праявы…

АГРАНОМ:

— Ну, а дапусьцім, ты вось дзе знайшоў…

СІНІЦКІ:

— Так многа грошай?.. Я не дапушчаю…
................

ПАКІНУЎШЫ АГРАНОМА І СІНІЦКАГА,
ВЕРНЕМСЯ ЗНОЎ НА СХОД

СОРМАВЕЦ:

— Каб кожны крок як трэ‘ уплянаваць,
Падпішам на спаборніцтва умову…

ПЕРШЫ КОЛГАСЬНІК:

— Таварышы, дазвольце мне сказаць,
Прашу слова!..

ДРУГІ КОЛГАСЬНІК:

— Мы не павінны болей патураць
Злачыннаму нядбайству агранома…

ПЕРШЫ КОЛГАСЬНІК:

— Таварышы, дазвольце мне сказаць,
Ну дайце-ж, дайце слова!
Наш аграном зьбіраецца у Крым…

ГАЛАСЫ:

— А пападзе напэўна у Крымвышук…

СОРМАВЕЦ:

— Таварышы, ну дайце-ж гаварыць!
Сягоньня вы — актыўныя залішне…
Унікнем лепш пустых сямейных спраў,
Нам аграном ня дзеўчына з пасагам…

БЫЛЫ ЧЫРВОНААРМЕЕЦ:

— Там хтосьці слушна вельмі падказаў,
Там хтось падаў слушнейшую заўвагу.
Наш аграном зьбіраецца у Крым,
Кідае ўсю работу самапасам…
А што ён сёлета зрабіў?
Ну што ён даў для нашага колгасу?
Як расхрыстошаны хрыстос,
Ці як нябеснае стварэньне,
Здаецца й думае ён штось,
Ды толькі з катарам асеньнім.
А мы,
На справу хочам скарыстаць
Наш кожны мускул, кожную хвіліну…
Дык што-ж,
Павінны мы ці не павінны
Тут праўду шчырую сказаць?
Ці мы прыйшлі тут пасьвіць туманы?
Ці танцаваць шляхетныя „тустэпы“?
Для нашае ударнае вясны
Патрэбен спрыт і тэмпы.
Мы нашай працы шкодзіць не дамо,
Мы зьнішчым грунт для шкоднага карэньня…
Тут ходзяць чуткі, быццам аграном
Знарок псаваў гароднае насеньне.
Праверыць чуткі,
Чуткі бяз прычын
Ні языка, ні голасу ня маюць…
Ад праўды так-жа цяжка уцячы,
Як у мяшку іголку не схаваеш…
................


∗ ∗

Так на палёх,
Дзе з сонцам пераклічку
Вяла вясной налітая зямля,
Нязьменны сормавец
Дваццаць пяць тысяч сходаў
Праводзіў з воляю адзінай на палёх.
Мінуць вякі,
І можа пакаленьні
Забудуць наш магутнейшы уздым,
Забудуць так,
Як часта забываем
Хто першы мора моламі стрымаў,
Ці хто паклаў мацнейшыя падмуркі,
Што ад самой гісторыі старэй.
Мінуць гады…
І на былых балотах
Закаласіцца слаўны ураджай,
І можа нашчадкі
Калішняе балота
Тады пачнуць нізінай называць.
Дык не забудзьцеся,
Што гэтыя нізіны
Да нас
Расьцілі міт аб лясунох,
І гойдала балотная дрыгва
Тут карагоды дзікія русалак,
Ды ў туманох
Скрозь доўгія вякі
Трымцелі сьлёзы вечнае пакуты…
А мы,
У мускулах прынесьлі дынаміт,
А ў сэрцы —
Вольты нашых Асінбудаў…
І вось пачаўся бой
І пачалася творчасьць.
О, нашчадкі,
Вам цяжка зразумець
Адказны момант нашага змаганьня,
Да вас дзянікінцы,
Каледзінцы
Ды калчакоўцы
Ня прыдуць, каб заняць
„Маленькую пасаду агранома“,
Ці
„Рахункавода“.
У вас
Кастрыраваны будуць падхалімы,
Насеньне іх перавядзецца…
Ніхто з кулацкай крыўдаю абрэз
Не панясе да вашага колгасу.


∗ ∗

Няўтомны вецер гойсаў і сьвістаў,
Зьбіраў брыгады хмар на небасхіле…
Паміж вясновых дзіў і хараства
Ён ганарыўся лёгкасьцю і сілай.
Абломкі хмар з трывогаю плылі,
Іх вецер гнаў, як войска на парады,
Здавалася, што ў мора караблі
Плылі пачаць глухую кананаду.
На хмуры бор адзіны лёг настрой:
„Хутчэй напіцца сокам пяруновым“…
Паветра пахла леташняй травой
І крышку пахла катарам вясновым.
Няўтольна праглі ветлыя палі
Ад даўняй плесьні громамі умыцца,
І вось маланка з хмарнай вышыні
Паклікала сыгналам навальніцу.
І грымнуў гром…
Ды голас грамавы
Заглушан гудам трактарных колёнаў…
Вясёлы пульс абуджанай травы
Устрапянуўся колерам зялёным.
А там, дзе дол травою зелянеў,
Пачуўшы гром і трактараў колёны,
На сенажаці ў табуне
З тугой зарзалі спуджаныя коні.
Яшчэ мацней загойсалі вятры…
А на палёх, з вясновае эстрады
Жывых пачуцьцяў сонечны парыў
Кранаў душу вытворчае нарады.
Тут руйнавалі побыт хутарскі,
Тут новы сеў колгасцы пачыналі,
Якога плён няспынныя вякі
Сваёй расой паіць даклеравалі.
Вясновы заклік новае зямлі
Кранаў жывое вострасьцю эмоцый.
І вось
На сход колгасьнікаў прыйшлі
Два абшурпаных пасялкоўцы.
На іхных тварах смутак зелянеў,
Нібы вада ў астоеных затонах…

1-ШЫ ПАСЯЛКОВЕЦ:

—Таварышы, дазвольце слова мне!

2-ГІ ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Дазвольце нам ад нашага пасёлку!

1-ШЫ ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Таварышы, парайце, што рабіць?
Ну як тут быць, як пераносіць далей?
Яшчэ мы сёлета ральлі
Не пачыналі.
Бяда, бяда!..
Ў пасёлку неспакой…
Крычаць сэктанты.
Сеў забараняем!..
Хто першы ў поле выедзе з сахой,
Той першы кулю атрымае.

2-ГІ ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Крычаць:
— Няхай спраўляецца колгас,
Няхай нацешацца з комуны!
А тут вясна, такі гарачы час,
Ну дзе шукаць, скажэце, паратунак?
Прапусьцім час, — палі, брат, невады,
Бо адгуляла рыбка залатая…
А тут маўчаць, набраўшы ў рот вады,
А хто дык чуткам розным патурае.
А паспрабуй тут заікнуцца хоць,
Ці што сказаць на іхны заклік?!.
Нас некалькі сямей паўстала раз супроць,
Дык нам ледзь могільнік не паказалі.
На нас цяпер па-воўчаму глядзіць
Іх кожны рух вачмі халоднай злосьці…
Надыйдзе ноч, — хоць выракайся жыць,
Мы распранацца нават баімося.
Таварышы, парайце, што рабіць?
Ну як тут быць, як пераносіць далей?
Яшчэ мы сёлета ральлі
Зусім не пачыналі…


Ён адышоў, ён скончыў гаварыць,

Яго душой апанавала вусьцеж…
На твары задрыжэў нястрыманы ўзрыд,
І задрыжэлі вусны.

СОРМАВЕЦ:

— Каб прыпыніць злачынную гульню —
Мы пляны меркаваньняў перастроім…
Пачаўшы з ворагам сьмяртэльную вайну,
Мы тэмпы працы нашае утроім.
Адзінства больш, каб гэта саранча
Аб нашу моц і росквіт апяклася…
Мэліорацыю пакуль не пачынаць!
Пакінуць лішкі сілы ў колгасе.
А заўтра, ледзь абудзіцца зара,
Мы накіруем трактары і коні,
Каб пасялкоўскія закінутыя гоні
Ўзараць.
У кожнага з колгаснае сям‘і
Сумленьня грамадзяніна паўстане
Супроць таго, каб іхнія палі
Ды пуставалі.
Хто наш, той прыдзе колісьці да нас,
А з ворагамі зможам расквітацца…
Сама магутнасьць згуртаванай працы —
Найлепшы агітатар за колгас

АГРАНОМ:

— Таварышы!
Даволі захапляцца!..
Сябе не разарвеш напапалам…
Тут сіла трэба,
Трэба праца,
На ліха гэта нам?!.

ГАЛАСЫ:

— Пакінь!.. Пакінь!..

1-ШЫ КОЛГАСЬНІК:

— Табе здалося…

2-ГІ КОЛГАСЬНІК:

— З такою гутаркаю лепей памаўчы!..

3-ЦІ КОЛГАСЬНІК:

— Ніякай працы мы не баімося!..

КОМСАМОЛЕЦ:

— І сілы нашай ты не разьлічыў.

АГРАНОМ:

— Таварышы!..
Ня будзем дзівакамі!..
Хіба мы захапленьня ўласнага рабы?..
Ды гэтаж, гэта ж вашымі рукамі
Такую працу трэба прарабіць…
Ня верыце?
Спытайце цьверазейшых,
Спытайце у Сініцкага, ён тут!..

СІНІЦКІ:

— Каб воўкам не завыць — „Ратуй“,
Паслухаем, канешне, разумнейшых,
Паслухаем, што кажа аграном…

1-ШЫ ГОЛАС:

— І падпявала шкодных аграномаў…

2-ГІ ГОЛАС:

— Мы пуставаць загонам не дамо!..

СТАРЭНЬКІ КОЛГАСЬНІК:

— Нам працаваць ня нова!..

3-ЦІ ГОЛАС:

— Хай аграном зьбіраецца у Крым…

4-ТЫ ГОЛАС:

— Работа без яго ня пойдзе самапасам…

КОМСАМОЛКА:

— А папытайцеся, што ён зрабіў,
Ну што ён даў для нашага колгасу?

СОРМАВЕЦ:

— Пакінем дайце гутарку такую!
Тут голас большасьці я чую…
І гэта большасьць радуе мяне.
Прабелаў не дапусьцім у сяўбе…
А ўсё-ж я галасую:
Хто за?

ГАЛАСЫ:

— Усе!..
— Усе!..
Усе!..

СОРМАВЕЦ:

— Хай назаўжды між намі запануе
Адзінства волі, думак і настрояў…
Мы кожны рух працоўны уплянуем,
Мы тэмпы працы нашае утроім.

ПРАЗ НЕКАЛЬКІ ДЗЁН

Над сусьветам плыла задуменная ноч,
Задуменная ноч ціха сеяла росы.
Неяк ветла шапталася сонная ціш
І халодна зарэлі халодныя зоры.
Задуменная ноч гаманіла з вясной,
Заклікаючы жыць, заклікаючы верыць,
Што ніводнае зерне парываў людзкіх
На загонах вясны не загіне.
Нястрыманы парыў маладога жыцьця
Перайначываў сьвет, перайначываў побыт,
І на кожным загоне колгасных палёў
Адчувалася сіла хады маладое.
Ясны месяц спакойна гадзіны лічыў,
Абыходзячы зорныя высі свайго цыфэрбляту,
Уліваючы ў мускулы ціхі спакой
І здаровыя сны адпачынку.
У колгасе вясной не палілі агня,
Па сыгналу зары пачыналася праца,
Па другому сыгналу там клаліся спаць, —
Ад зары да зары плянаваліся суткі.
Толькі ў гэтую ноч штось ня спаў аграном,
Штось трывожыла ціхія сны агранома…
Шмат разоў ён выходзіў з пакою свайго,
Бо яму не хапала ні сіл, ні паветра.
Ён выходзіў… глядзеў у бяздонную даль,
Быццам штосьці імкнуўся дагнаць над сусьветам…
Яго вабіў часамі далёкі агонь,
Што гарэў у пакоі Шалюты…
Потым сіл не ставала, каб вырашыць штось,
Ён садзіўся за стол і стараўся ня думаць…
Але зрэшты, зусім перамогшы сябе,
Два лісты напісаць ён рашыўся.

ЛІСТ ПЕРШЫ

Паважаная жонка!
Ты кажаш даруй?!
Ты паставіла крыж над мінулым?!
Я-ж паставіў асінавы кол
Над сямейным прытулкам калішняга шчасьця.
Адыходзь!..
Адыходзь!..
Адыходзь!..
Не кранай больш трагедыяй даўняга болю…
… Не кранай!..
О, ці бачыла ты, як стрывожаны воўк,
У якога сям‘ю і гняздо адабралі,
Можа вечную помсту у сэрцы насіць,
І чакаць тэй рашучай хвіліны,
Калі прагныя вусны яго
Да крыві дакрануцца варожай?..
Я таксама зрабіўся ваўком…
Толькі помсту нашу не табе я,
Я для іншых рыхтую халодны штылет…
Ты маленькі абломак былых караблёў,
Ты даручана волі сягоньняшніх штормаў,
Дык хутчэй
Адплывай,
Адплывай!..
Не кранай больш трагедыяй даўняга болю!
Пра мяне назаўсёды забудзь!
Бо жыцьцё я на карту паставіў, —
Б‘ю па банку бубновым тузом…
Сёньня я падпаліў свае крозы каханьня, —
Заўтра ўсё, што варожае мне, падпалю,
Заўтра вырву я з сормаўца сэрца сваімі рукамі,
Заўтра… заўтра пушчу я на вецер колгас…
І за межы…
Туды, дзе чакаюць мяне
І палкі і надзейная зброя…
................

ЛІСТ ДА СОРМАЎЦА

Старшыня!
Прыяжджай у колгас,
Каб ня даць разваліцца колгасу,
Бо варожыя вусны ня сьпяць…
У колгасе трывога і смута…
М. П.


Над сусьветам плыла задуменная ноч,
Задуменная ноч ціха сеяла росы,
А на кожным загоне колгасных палёў
Адчувалася сіла хады маладое.
Палажыўшы ў канвэрты лісты, аграном
Напісаў адрасы з затаёнай трывогай,
І з такою-ж трывогаю выйшаў на двор,
Каб падыхаць там сьвежым паветрам.
У колгасных кватэрах была цішыня,
Вартавыя колгасу паснулі…
І здавалася, цэлы сусьвет
Анямеў, як магільныя пліты.
Прытаілася ціш…
Абязьлюдзеў сусьвет…
Толькі там, у кватэры Шалюты,
Белазоры агеньчык праз вокны глядзеў,
Нібы хтосьці згубіў там журботныя вочы.
У кватэры Шалюты была цішыня…
Толькі спаць не хацелася штосьці Шалюту.
Ад вячэрняй зары ён, забыўшы на ўсё,
Нярухома сядзеў над бязбожнаю кнігай.
На Шалюту скрозь морак глядзеў папугай,
Ён дзівіўся над кніжным дзівацтвам.
Папугаю апрыкрала моўчкі сядзець
Пад гіпнозам тугі гаспадарскай
І пачаў ён уголас малітвы чытаць,
Што наўчыў яго колісь Шалюта…
Хтось пастукаў у дзьверы.

ШАЛЮТА:

— Прашу,
Калі ласка, заходзьце, заходзьце!

АГРАНОМ:

— Добры вечар у хату, айцец,
Выбачай, што зайшоў нечакана…
Штось ня сьпіцца… трывожнае штось
Нарастае з няведамай сілай.

ШАЛЮТА:

— Што трывожыць цябе, аграном?

АГРАНОМ:

— Час пасеяй у сэрцы трывогу…
Я прыйшоў з даручэньнем, айцец,
Расказаць табе нашыя пляны…
Перш за ўсё, нездаволены усе,
Што ня быў ты на тэй вечарыне…

ШАЛЮТА:

— У Міхайлы, ты хочаш сказаць.
Занядужыў я…

АГРАНОМ:

— Нельга нядужыць,
Мы павінны душой маладзець,
Мы павінны на карту паставіць
Усе сілы свае і жыцьцё…

ШАЛЮТА:

— Што карысьці ад бітае карты?
Сёньня сьніў я цудоўнейшы сон:
Быццам зорка, ішлі да якой
Пакланяцца валхвы і народы,
Яшчэ ў тыя далёкія дні,
Як стваралася гэта лягенда,
Дагарэла між зорных глыбінь.
На орбіту тэй зоркі тады
Наляцела камэта аднекуль
І скрышыла ў агністую моль
Фантастычную зорку сусьвету.
Шмат вякоў тае зоркі няма,
Нават сьледу ў зорных прасторах…
Быццам рэшткі былых караблёў,
Дзесь плывуць ад яе мэтэоры.
А да нас толькі сёньня дайшлі
Аб крушэньні трывожныя весткі…

АГРАНОМ:

— Кінь расказываць нейкія сны!..
Час пасеяў у сэрцы трывогу.
Час да дзеяньня кліча людзей…
Азнаёмся.
Вось нашыя пляны!..
Толькі я аб конкрэтным раней
Расказаць табе сёньня павінен.
Слаўны хлопец Сініцкі,
Але,
Давяраць яму вельмі ня варта.
Ён тупіца,
Ён кожнаму з нас
Рад служыць нібы Жэк пакаёвы,
Абы добрую костку прыдбаць…
Сродкі ёсьць у нас…
Нашы крыніцы
Перасохнуць ня могуць… абы…
Абы толькі мы самі умелі
Скарыстаць свой зарад не дарма…
Падкупіць трэба болей „мацнейшых“,
Каб зрывалі у вёсках сяўбу…
Пасьлязаўтра вялікдзень…
Уночы,
Калі будзеш служыць у царкве,
Загадай,
Каб а першай гадзіне
Прагучэлі тры разы званы…
Гэта будзе „хрыстовым сыгналам“…
Вось пад гэты „хрыстовы сыгнал“
Запалаюць колгасныя стрэхі…
Я за межы…
… Пісульку пакіну, што я…
Вас ня будзе ніхто вінаваціць.

ШАЛЮТА:

— Што за сэнс?..
А скажы, аграном,
Хіба ты ад загонаў колгасных
Не адчуў нейкі зрух у жыцьці
крушэньне традыцый былога?

АГРАНОМ:

— Нават больш…
Я далёкія громы адчуў,
Я адчуў, што на вогнішчы Рыму
Не адродзіцца спалены Рым.
Наша спадчына слаўнай культуры
Не пяройдзе у побыт і кроў.
Яны нашага цалкам ня прымуць…
А таму,
Вось патрэбна цяпер
Нам агонь пачынаць з рубікону,
Бо адчуў гэты чорны мужык
Перавагу пануючай клясы…
Ад калішняга ён адышоў,
Ён сьвядомасьць падлегласьці страціў,
Але ў кожнай сялянскай душы
Два пачаткі змагаюцца зараз…
................
Мы адродзім патрэбу ў царкве,
Мы маліцца навучым няверных…


ШАЛЮТА:

— Позны час…
Пагаворым пасьля…
Будзем спаць, можа шчасьце прысьніцца…
Штосьці сэрца сьціскае туга…

У ЦАРКВЕ ІШЛА ЎСЯНОЧНАЯ, АЛЬБО ШТО
НАВЯВАЛІ ЦАРКОЎНЫЯ ЗВАНЫ НОВАМУ
ЧАЛАВЕКУ

Дзілім-дзілім,
Дзілім-бом…
Дзілім-дзілім
Дзілім-бом!…
Ёсьць пэўнае кола зганьбованых дзей, —
Паганскіх абрадаў і стыляў…
Як толькі радзіўся, на трэці дзень —
Атрутай царквы напаілі…
Дзіцё — гэта творца для будучых дзён,
Дзіцё — гэта новая сіла…
А часта
Апошнюю іскру ў грудзёх
У боскай купелі гасілі…
Пад купалам бога і дзікай маны
Мільёны імкненьняў хавалі…
Пры гэтым
Звар‘ёвана білі званы,
Пужалі нямыя аддалі.
Дзілім-дзілім
Дзілім-бом!..
Дзілім-дзілім
Дзілім-бом!..

Пад гэтую песьню тут падалі ніц,
Чагосьці шукалі ў аддалях…
Пад гэтае солё паганскіх званіц
Тут праўдай людзкой гандлявалі.
Карыліся звону лясы і палі.
Ці чула хоць сэрца малога,
Што лепшага творцу на гэтай зямлі
Катуюць у боскім палоне?
Пад дзікую жорсткасьць зьбянтэжаных дзей,
Пад выкрыкі боскай капэлі
На сьмертную кару ішоў Галілей,
Сябе выракаўся Капэрнік…
................
Як сон прамінулі заклятыя дні…
Мы рэшткі тых дзён даканаем…
Мы стогны стагодзьдзяў прыйшлі пераліць
У слаўную песьню комбайнаў.

А Ў КОЛГАСНЫМ КЛЮБЕ БЫЛА ВЕЧАРЫНА

1-ая ДЗЯЎЧЫНА (сьпявае):

— Я тэй вясёнкай,
Я тэй далёкай,
Калі пралескі зацьвіталі,
Полем хадзіла,
Лугам хадзіла —
Краскі зьбірала.
Спляла вяночак пад колер неба,
Пад колер вочак майго мілога,
Я завіла у той вяночак
Жывыя струны майго каханьня,
Рамонак белы маладосьці…
І не знасіла,
Не скарыстала
Таго вяночка.
Мяне з тугою заручылі,
Ды за багатага аддалі…
Як аддавалі,
Як заручалі —
Казалі — гора не пазнаеш,
Тугі-бяды ня будзеш ведаць.
Ён да вясельля,
Ён да банкету
Запросіць сорак цымбалістых,
Не пашкадуе віна ды піва.

ХОР (канчае яе думку):

— Камарынае сьцягно
На закуску там было,
Дудка мёду,
Мак на лісьце, —
А сабака — цымбалісты.

ТАЯ-Ж ДЗЯЎЧЫНА:

— Я няўжылася,
Я няўжылася
З скупым, багатым
І прыкрым мужам…
Сваю-ж вясёнку я загубіла.
Калі мой сын па бацьку пойдзе,
Хай лепш заблудзіцца у лесе,
Хай лепш утопіцца ў балоце.

ХОР КОМСАМОЛЬЦАЎ:

— Што ты скардзішся дальняму дню
Неразгаданым холадам слоў?..
Дарагая,
Ня еш цішыню
Малярыйных стагодніх балот.
Кінь расказываць марныя сны,
Бо зусім ня цікавіць мяне
Кім твой будзе народжаны сын, —
Трактарыстым,
Ці пісарам дзе.
У цябе-ж яшчэ сына няма,
Ды і мужа яшчэ ня было…
Гэта выйсьця шукае трава
З малярыйнага долу балот.
Ды ня ў гэтым жа выйсьце жыцьця,
Гэта толькі мяшчанская твань.
Кінь чакаць дарагога гасьця,
А сама мэльоратаршай стань.
Наша заўтра ад нас не ўцячэ,
Толькі трэ‘ не праз пальцы глядзець…
Тая хутра ня грэе яшчэ,
Што па гольлі гуляе ў тайзе.
Вельмі сьмешна у нашыя дні,
Пад асьвістаны сьпеў салаўя,
Пра сямейныя марыць агні
Ў марынадзе маленькага „я“.
Сёньня буры вялікага „мы“
Выйшлі цэлы сусьвет пакарыць…
З кожнай варты грамадзкай ім жыць:
— Будаваць, будаваць, бараніць!..
Будзе слаўны, цудоўнейшы плён
З парываньняў тваіх, калі ты
Зразумееш пульсацыю дзён,
Ды успрымеш душой колектыў.

2-ая ДЗЯЎЧЫНА (сьпявае):

Пралятала ластаўка над сялом,
Над сялом,
Заклікала ластаўка першы гром.
Пралятала ластаўка па сялу,
Па сялу,
Заклікала ластаўка на сяўбу.
Шчабятала ластаўка па сяле,
Па сяле,
Брыгадзіраў клікала да сябе.
— Выйдзі, выйдзі раненька, брыгадзір,
Брыгадзір,
— На палі колгасныя паглядзі.
— Адамкнула зоранька ясны дзень,
Ясны дзень,
— Што ж брыгаду сейбітаў не вядзеш?
— Хто-ж дазволіў сейбітам доўга спаць!
Доўга спаць?
— Штосьці ў полі трактара ня чуваць?..
Абудзіўся раненька брыгадзір,
Брыгадзір,
Ды брыгаду сейбітаў разбудзіў.

3-яя ДЗЯЎЧЫНА:

— Толькі золак ночаньку замыкаў,
Замыкаў,
Брыгадзір з брыгадаю уставаў.
Толькі майго мілага ня было,
Ня было,
Ён сядзіць ад вечара за сталом.
Цэлу ночку думае аб сяўбе,
Аб сяўбе.
Ён паклікаў месяцы да сябе:
— У блакітным колеры сакавік,
Сакавік,
— Выйдзі далі сьнежныя маладзіць!
— Разгані над нівамі зімні сон,
Зімні сон!..
— Налівай у гольлейка сьвежы сок!
— Абыйдзі ўсе трыеры на гумне,
На гумне,
— Ды падумай хораша аб сяўбе.
— Плытагонаў-молайцаў набірай,
Набірай,
— Усе рэкі вольныя адмыкай!
— Надыходзь, наш сонечны красавік,
Красавік,
— Сенажаці краскамі ажывіць!
— Дзе вясна расчысьціла новы рум,
Новы рум,
— Ты колёны трактараў накіруй,
— Каб вясну па ўдарнаму скарыстаць,
Скарыстаць,
— Не забудзься сейбітаў падганяць!..
— Надыходзь, расквечаны сіні май,
Сіні май.
— Ды сады па-майскаму убірай!
— Кожны дзень ледзь зоранька уставай,
Уставай,
— Ды гароды часьценька палівай!


Так сядзеў каханы мой усю ноч,
Усю ноч,
Покуль сонца глянула ў акно.
А як золак моракі замыкаў,
Замыкаў, —
Ён з апошнім месяцам талкаваў.

ВЕЧАРЫНА ПЕРАТВАРАЕЦЦА Ў НЕЧАКАНЫ
СХОД

Тую ветлую ціш, задуменную ноч
Нэрвавалі да болю званы,
Калі змораным сном,
Заспакоеным сном,
Засыналі ў далі туманы.
Пасялкоўскія гоні чарнелі ральлёй…
Там, дзе лёгкі туман засынаў,
Нейкі творчы настрой,
Працавіты настрой
Выклікала зямля і вясна.
Калі месяц трымцеў на халоднай вадзе,
І заранкі на сход запрашаў, —
Грамада нечаканых гасьцей
Да колгасу з пасёлку ішла.

1-шы ПАСЯЛКОВЕЦ:

Добры вечар, суседзі-браты,
Мы да вас…

2-гі ПАСЯЛКОВЕЦ:

Мы па справе ў колгас…

3-ці ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Ну, дык, Янка, кажы…

2-гі ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Кажы ты…

4-ты ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Няхай скажа за ўсіх Апанас.

5-ты ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Мы рашылі ўступіць у колгас.

Галасы:

— Мы ўсе, мы ўсе… бяз трывог!..

5-ты ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Дайце я сваю думку скажу!..
Вашы трактары там на палёх
Зруйнавалі між намі мяжу.
Дзе няма ані меж, ні граніц,
Там вальней працаваць і жыць.

ПАКІНУЎШЫ НЕЧАКАНЫ СХОД,
ПАШУКАЕМ СОРМАЎЦА

Падвяла агранома трывожная ноч,
Тая ноч яго выдала пляны.
Не па адрасу ён два лісты напісаў,
Пераблытаў канвэрты,
Лісты пераблытаў,
І злачынны свой выдаў намер.
Нечакаючы сормавец гэтай прыгоды
… Не паверыў спачатку вачом…
… Ліст да жонкі…
… Сямейная драма…
… Разбурэньне колгасу…
… Замах…
Задрыжэла ў руках тэлефонная трубка…
— ДПУ?..
Дайце хутка мне конны атрад!
— Што такое?
— Злачынства ў колгасе!..
Трэба зараз-жа ехаць колгас ратаваць!..
................
Хутка скачуць вайсковыя коні…
Навакол задуменная ноч…
Нацянькі, скрозь балоты і пушчы
Стройна мчыцца атрад ДПУ…
З імі сормавец…
.....Звоняць падковы,
Расьсяваючы ў далі малінавы звон.

СОРМАВЕЦ
(да камандзіра):

— Болей жвавасьці!..
.....Кожная хвіля
Паратунак колгасу нясе…
… Дваццаць першай…
Змарыліся коні…
А між тым набліжаецца час,
Набліжаецца момант злачынны.

ЧЫРВОНДАРМЕЕЦ:

— Неяк дзіўна… каб ён… аграном
На такі вось учынак рашыўся…
… Бачыў я аграномаў старых,
Бачыў новых я… нашую моладзь…
І да думкі такое прыйшоў:
Аграном — гэта наш будаўнік,
Гэта мускул напруджаных нэрваў,
Аб які разьбіваецца ўсё:
І варожасьць, нявуцтва і цемра.

КАМАНДЗІР:

— Аграном — гэта наш будаўнік,
Дапаможца вялікае справы,
Дапаможца ў цяжкой барацьбе
Нашай партыі, нашай уладзе;
І ня лёгкая справа яго;
Гэта сьцьвердзіць гісторыя потым
На балонках геройскіх падзей,
На балонках змаганьня і працы.
Але-ж нельга таго адмаўляць,
Што душа не ў мандаце савецкім,
Сёньня кожны „Тэрэзкі бульдог“
Не пагрэбуе скураю спэца.

СОРМАВЕЦ:

— Толькі дайце ўмовімся тут.
Покуль толкам ня высьветлім справу,
Мы — ні слова колгасцам…

КАМАНДЗІР:

Чаму?

СОРМАВЕЦ:

— Абурэньне мацней ад стыхіі…
Яны могуць яму без пары
Выдаць пропуск у райскія шаты…
… Трыццаць першай…
… Прышпорым барджэй!..
Дайце змораных коняй прышпорым!
Шпарце, хлопцы, каб нам перагнаць
Ракавую хвіліну пажару.

У 12 ГАДЗІН 45 ХВІЛІН ПОП ШАЛЮТА
З ПАПОМ ЗАЛЫСКІМ СЛУЖЫЛІ ЎСЯНОЧ-
НУЮ

ЗАЛЫСКІ:

— Набліжаецца час…
Хутка старасту скажам
Даць тры разы сыгнал у званы…
Каб забавіць народ,
Ты з амбону
Будзеш казань тады гаварыць…

ШАЛЮТА:

— Набліжаецца час…
Са старога амбону
Нячуваную казань пачну гаварыць.

ЗАЛЫСКІ:

— Тут нядаўна Сініцкі прыходзіў
І праз старасту мне перадаў,
Што усё, як належыць…
Гатова…
Дым і порах чакаюць сыгналу…
Толькі сормаўца штосьці няма…
А такое пакінуць насеньне
Гэта значыць ня выкакаць плян…

ШАЛЮТА:

— Набліжаецца час…
Са старога амбону
Нячуваную казань пачну гаварыць.
А скажы мне, Залыскі,
Хіба не адчуў ты,
Што паганая справа папа?

ЗАЛЫСКІ:

— Я таксама пра гэта мяркую…
Адплывае наш хлеб…
Дзе-ж збавеньня шукаць?…
Пагляджу яшчэ далей,
Калі
Надалей так усё застанецца,
Калі гэтыя барбары голаў ня скруцяць,
Скіну рызу,
Пайду у колгас,
Буду пісарам…

ШАЛЮТА:

— Ты так мяркуеш?..
Не пра хлеб я з табой гавару…
Я другое на ўвазе тут меў…
Ты шырэй, ты глыбей паглядзі!..

ЗАЛЫСКІ:

— Што карысьці з туманнае шыры,
І з халодных, як неба, глыбінь…
Чалавеку ня гэта патрэбна…

ШАЛЮТА:

— Набліжаецца час…
Са старога амбону
Я пайду нячуваную казань казаць.

КАЗАНЬ ШАЛЮТЫ

Трыльёны год, як нашая плянэта
Паміж бясконцай колькасьці плянэт
Згубіла у сусьветныя прасторы
Апошні бляск апошняга сьвятла.
А можа дзе
Сьвятло плянэты нашай
Яшчэ між зор далёкіх зіхаціць…
Які у гэтым сэнс?
А сэнс такі,
Што гэта вышай бога.
Сусьвет мацней ад тысячы багоў…
Няма на сьвеце бога…
Стварыла міт фантазія людзей.
І ў нашы дні
Прыйшоў ад мітаў даўніх
Апошні бляск
Апошняга сьвятла.
Ну дзе-ж ён бог?
Маўчыць!..
Няма…
Я восем год нязьменна
Служу яму як раб, як цень.

ГАЛАСЫ
(са ўсіх бакоў царквы):

— Ну што ён, што ён кажа?!..
— Ён звар‘яцеў…
— Ці хоча звар‘яцець!..
— Спынеце шэпты!..
— Слухаць дайце, слухаць!..
— Ён звар‘яцеў!..
— Ну дайце-ж гаварыць!..
— А мо‘ і праўду кажа?..

ШАЛЮТА:

— Ну дзе-ж ён, бог?!.
Маўчыць?
Няма!..
У гэтых вось мурох
Я загубіў юнацтва,
Аблічча чалавека загубіў,
Не разумеючы,
Што справа бога —
Пачатак рабства і прыгнёту на зямлі.
Вы ўсе тут помніце вялікую вайну.
Вы помніце ахвяры і пакуты…
Які ён бог, калі у гэты момант
Не абазваўся?!.
Мае таксама рукі ў крыві.
Я дзесяць год назад,
Калі вы бацькаўшчыну
Ад прыгнёту вызвалялі,
Тут выдаваў чырвоных…
О памяць, памяць,
Не адчыняй крывавыя сьляды
Мінулых дзён!..
Там брацкі могільнік,
Там пахаваны той,
Чыёй крывёй заплямлена сумленьне
Maë,
І сьцены гэтае агіднае царквы…
… Я ня слуга праклятаму хрысту,
Бо ён ня жыў, ня ўваскрасаў для сьвету,
................
Вазьмеце ключ ад гэтае царквы…
Што хочаце рабеце…
Толькі я
Ў царкоўныя муры
Ніколі не вярнуся.

ЗАЛЫСКІ
(дрыжачым ад жаху голасам):

— Я таксама адмаўляюся служыць…
Пайду лепш у колгас,
Ды памагу працоўным…

ГОЛАС З НАТОЎПУ:

— А хто вас пусьціць блізка да колгасу?
Гадзюка!..
Прэч з дарогі!..
Не мані!..
Вы толькі паглядзеце, грамадзяне,
Ніхто, як ён,
Тыповы прадстаўнік
Царкоўнікаў
„Дельцов“
І падхалімаў…
Яны свой хлеб маною здабывалі,
І зараз ашуканствам хочуць здабываць…

ШАЛЮТА:

— Я шчыра адмаўляюся служыць,
Я давяду вам зараз, што
Залыскія са мной не па дарозе.
Залыскія,
Сініцкія
З Максімам на чале,
Што падхалімствам не‘к
Пралез у аграномы,
Задумалі колгас у ночы падпаліць…


Раптоўны стрэл
Сустрэў
Шалюту на паўслове.
Ў кішэні агранома
Быў нагатове
Рэвольвэр.


ГАЛАСЫ:

— Хто стрэліў, хто?
— Трымайце агранома!..
— Гадзюка!..
— Не ўцячэш!..
— Цяпер усё вядома!..
— Трымай Сініцкага!..
— Ні з месца!..

СІНІЦКІ:

— Браточкі!..
Я… ня я…
І справа не мая!..
Пусьцеце!..


А Ў КОЛГАС ПРЫЕХАЎ АТРАД ДПУ

Ня гледзячы на позны час,
Шумеў натоўп каля прысад…
А ў гэты час
Атрад
Прыехаў у колгас.
Пачуўшы конскі тупат, вартавыя
Пайшлі глядзець хто там прыехаў.

ВАРТАВЫЯ:

— Хто едзе?!..
— Хто такія?!..

СОРМАВЕЦ:

— Свае, свае…
Які там вэрхал?
Чаго сабраліся там людзі?

1-ы ВАРТАВЫ:

— Вось толькі што застрэлілі Шалюту.
Застрэліў аграном…

СОРМАВЕЦ:

Якім-жа чынам?

2-гі ВАРТАВЫ:

Пакуль што мы ня ведаем прычыны…
Шалюта выракся свайго папоўства…

СОРМАВЕЦ:

— Ну гэта справа ня так проста!..
Я перакананы, што гэтым часам
Пілюля рыхтавалася колгасу.

СОРМАВЕЦ
(да атраду):

— Тут банда пэўная…
А побач з гэтай бандай
Шляхі мы выкрыем да новых…

КАМАНДЗІР:

— Балазе
Яны нам самі дзьверы адчынілі.
А што за чалавек Шалюта?
Што яго
Прымусіла ад сану адрачыся?

СОРМАВЕЦ:

Ня думаю, што толькі хлеб
І пустата у чорнай краме бога, —
Царкоўнікам тыповым ён ня быў.
Тут кажуць пра яго,
Што ён паставіў мэтай,
Грунтуючыся на здабытках даўніх,
Праверыць існаваньня бога і душы.
Ён восем год у кнігах пасягаў,
Што мы на практыцы жыцьцёвай пасягнулі,
Што сьцьвердзіла нам вольная навука…
А ўсё-ж зрабіцца нашым ён ня мог,
Бо стаць будаўніком цяжэйшы значна шлях,
Чым зразумець вось гэта будаўніцтва.

КАМАНДЗІР:

— Паедземо павольна да натоўпу,
Расьсеем паніку і высьветлім усё.

СОРМАВЕЦ
(пад‘ехаўшы да зьвязанага агранома):


— Максім Прахоравіч,
І гэта ты, пад маскай
Савецкага спэцыялістага, насіў
У сэрцы камень?..

КАМАНДЗІР:

— Хто ваш аднадумец?

АГРАНОМ:

Са мной нікога… Я рабіў адзін…
Я за хлусьню застрэліў…

КАМАНДЗІР:

— Не манеце!

СІНІЦКІ:

— Канешне, ён рабіў усё адзін,
Ад гэтай справы мы усе далёкі…
Канешне, грошы ён з-за межаў здабываў.
Ды падкупляў „мацнейшых“ пасялкоўцаў,
Канешне, каб зрывалі там сяўбу…

1-шы ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Цяпер мы разумеем…

2-гі ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Дык вось хто прымушаў нас баставаць!..

КАМАНДЗІР:

— Скажэце мне, Сініцкі,
Адкуль пра грошы ведаеце вы?

СІНІЦКІ:

— Канешне, чуў аднойчы ад Максіма…

ГАЛАСЫ:

— Ён ведае усё!..
— Сініцкі з імі разам!..

3-ці ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Мы просім банду ўсю арыштаваць!..
Яны нам жыць, паганцы, не давалі,
Адных палёў там „ягады“ усе.

4-ты ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Таварышы,
Няма між намі межаў, —
Адзіным гуртам хочам працаваць!..
Ня хочам болей быць па-за колгасам!

5-ты ПАСЯЛКОВЕЦ:

— Таварыш камандзір,
Я ведаю усё
Пра таямніцы — сэкраты сэктантаў…
Паехаць трэба зараз да Міхайлы.
І выкрыем усё…


Так скончыліся ўсе нэрвовыя падзеі

Маёй поэмы.
Мінуў трывожны час,
Цяпер расьце ды шырыцца колгас.
Там непадкупны крок кіраўніка, —
Компартыі
І Сормаўца рука
Вядзе скрозь штормы трапна і ўпарта
З адзінай воляй і зарадам
На ўдарны фронт ударныя брыгады.

Менск, 1930 г.