Памятка
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: https://naviny.by/rubrics/society/2010/03/25/ic_articles_116_167185

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларусь складае вялікі край. Тэрыторыя яго займае 258.000 квадр. кіламетраў, куды ўваходзяць блізу цалкам: Віленшчына, Віцебшчына, Горадзеншчына, Меншчына, Магілёўшчына і са значнымі часткамі — Смаленшчына, Чарнігаўшчына, Сувальшчына, Курляндыя — з насяленнем чыста беларусім у 12.000.000, не лічучы чужаплямённага насялення, як жыды, татары, латышы, ліцвіны, велікарусы-стараверы, украінцы і палякі — каля 4.000.000. Зямля, на якой жывуць беларусы, гранічыць з краем латышскім, Літвою і Польшчай на захадзе, на поўдні — з Украінай, на ўсходзе і поўначы — з Маскоўшчынай. Найдаўжэйшая граніца — гэта граніца з Украінай: яна складае трэцюю часць усяе пагранічнай лініі; найкарацейшая — з Польшчай. Паўднёвая граніца Беларусі праходзіць на поўнач ад Бярэсця, удоўж балот Прыпяці аж да Чарнігава; ад гэтага места простаю ліняю на поўнач аж да Ржэва і на поўнач ад Ржэва крывою ліняй да Рэжыцы і ломанаю ліняй праз Дзвінск аж да Бярэсця.

Беларусь ляжыць у такой мясцовасці, каторая, як гадаюць вучоныя, з’яўляецца прародзінай калі не ўсіх славян, то, прынамсі, бліжэйшых сваіх славянскіх суседзяў. Беларусы — адзінае славянскае племя, з выключэннем хіба палякаў, каторае спакон веку жыве ў сваём краю, ні адкуль сюды не прыйшло, але й не ўвабрала ў сябе чужых гэтаму племю элементаў. Дзеля гэтага беларусы па гістарычных і этнаграфічных асаблівасцях у найбольш чыстым кшталце захавалі славянскі тып і ў гэтым сэнсе заслугуюць асабліва антрапалагічнага, этнаграфічнага і лінгвістычнага бадання.

Беларусы вядуць свой род ад старажытных плямён Крывічоў і Дрыгвічоў, каторыя, павэдлуг гістарычных даследзін, першыя палажылі пачатак дзяржаўнасці сярод славянскіх плямён, што рассяліліся па ўсходняй Еўропе і першыя дасталі найменне рускіх.

Часам наіўна сумлеваюцца, што Беларускай Дзяржавы не было. Гэта праўда — пад такім найменнем дзяржавы не было, як не было да часу ўтварэння дзяржавы Італьянскай, Бельгійскай, Украінскай і г. п. Але беларуская нацыянальнасць складала моцную дзяржаву з плямён Літоўскай Русі, г. зн. тае часткі Русі, каторая была злучана разам з літоўцамі пад назваю Вялікага Княства Літоўска-Рускага, або Беларускага.

Беларусь, як гэта ўгледзім ніжэй, параўнаўча толькі нядаўна страціла характар свае дзяржаўнасці — моцнай і трывалай, каторая адмячаецца такімі рысамі развіцця, якімі мы можам толькі гардзіцца і аднаўлення якіх мы павінны дамагацца.

Пачаткам беларускай дзяржаўнасці было княства Полацкае, аб князёх каторага скандынаўскія сагі (песні) успамінаюць ужо ў VI веку. Адгэтуль далейшае дзяржаўнае будаўніцтва сярод усходніх славян пашыралася гэтакім шляхам: Полацак-Пскоў-Ноўгарад-Кіеў-Масква, па дарозе «изь варягь вь греки» і назад на захад (Масковія). Пусціўшы расткі ў зазначаным кірунку, беларуская дзяржаўнасць моцна трымалася Балтыйскага мора і прымушана была пасувацца па іншаму шляху, у бок Літвы і Курляндыі. Такім чынам, князі полацкага роду даводзіліся старэйшымі ўсім іншым князём у зазначаных палітычных гуртаваннях, як іх роданачальнікі.

Праўдзівей за ўсё, што, як думаюць вучоныя, Русью ў пачатку зваўся гурток кіруючых людзей, маўляў, «белая костка», «лепшыя людзі», князі. Адгэтуль відаць, што назва Белая Русь азначае Русь старэйшую, кіруючую, маючую права на першынство.

За гэтае дзяржаўнае першынство, новапаўстаўшае ў IX веку, Кіеўскае княства вяло даўгалетныя і ўпорныя войны з Полацкім княствам. І толькі дзякуючы таму, што полацкія князі былі роданачальнікамі іншым князям, потым і маскоўскія князі, умацаваўшыся, сталі прад’яўляць свае правы на беларускія землі, лічачы іх таксама сваімі «вотчынамі». І цікава адзначыць, што ў сваіх дамаганнях маскоўскія князі ніколі не спіраліся з тым, што каралі беларускія «літоўскага роду». Каб гэта было так, то ў ваенных спорках за «вотчыны» яны, напэўна, выкарысталі б гэта, адмаўляючы ім права на валоданне славянскімі землямі, як чужынцам. Тым часам гэтага не было, і споркі адбываліся ўвесь час як двух правамоцных прэтэндэнтаў на законную рэч. Сваё права яны грунтавалі на даўнейшых беларускіх летапісах, каторыя потым маскоўскі цар, Іван Грозны, захапіўшы Полацак, забраў у Маскву і, мабыць, знішчыў*. (*Заўвага Я. Лёсіка: Глядзі кніжку Бантыш-Каменскага «Переписка между Россиею и Польшею», ч. 1. С. 124. — Рэд.)

Войны з кіеўскімі князямі адбываліся з страшэннай заўзятасцю і з вялікім праліццём крыві на працягу IX—XIII сталеццяў. Гэтая гіганцкая барацьба скончылася тым, што Полацкае княства было абяссілена і ў XIII сталецці цэнтр беларускай дзяржаўнасці перанёсся на тэрыторыю з мешаным насяленнем — беларускім і літоўскім. Князі полацкага роду, баронячыся ад нападаў князёў кіеўскіх (украінскіх) або не маючы прытулку ў сябе дома, як ізгоі — шукалі сабе падмогі і новае, лепшае долі ў свежых сілах, сярод дзікага і паганскага племя ліцвіноў. Дзеля ўдачнага збірання новых сілаў, яны прымалі літоўскія найменні і часта адпраўлялі паганскія звычаі, так што літоўскі народ мог смела прымаць іх за сваіх аднаверцаў. Тым часам, усе яны былі хрысціянскай веры, побач з паганскімі літоўскімі найменнямі насілі хрысціянскія іменні і гаварылі толькі па-беларуску (Мінгайла — Міхайла, Ягайла — Якуб, Альгерд — Аляксандр, Вітаўт — Аляксандр).

Такім чынам, у XIII веку цэнтр беларускай дзяржаўнасці перанёсся ў новае месца, у цяперашнюю Меншчыну, з сталіцаю ў Навагрудку, каторая з часам пераносілася пад напорам варожых сіл далей на захад — спачатку ў Крэва, потым у Трокі і, нарэшце, у Вільню. У гэты час Беларуская Дзяржава атрымала найменне Вялікага Княства Літоўска-Рускага (Беларускага) і ўяўляла з сябе магутную дзяржаву, абхапляўшую ў сябе ўсе землі беларускія, Літву, Латвію і Украіну па рацэ Дняпру. Беларускі народ стаў дзяржаўным народам у Вялікім Княстве Літоўска-Рускім, а Літва, па сваёй малачысленнасці, не мела ніякага дзяржаўнага значэння. У самой Літве вышэйшы стан людзей ужываў беларускую мову і права, вырабленае ў Беларускіх землях. Перавага беларусаў у гэтай дзяржаве была і лічэбная і якасцевая: у той час нашы продкі мелі ўжо высокую дзяржаўнасць і літаратуру, вялі шырокія гандлёвыя зносіны з немцамі, тагды як ліцвіны да злучэння з Русью не мелі ні дзяржавы, ні пісьменнасці, не вялі гандлю і, наогул, уяўлялі сабой народ, стаяўшы на вельмі нізкай ступені развіцця. Лічэбная перавага Беларускага народу ў складзе гэтай дзяржавы будзе для нас ясна, калі мы прыпомнім, што ў нашы часы ліцвіны — маленькі народ, а тагды, апрача таго, насяленне Літвы жыло яшчэ вельмі рэдка, ураскідную.

Мова беларуская стала ў Вялікім Княстве Беларуска-Літоўскім моваю дзяржаўнаю: «а пісар земскі маець па-руску літарамі і словы рускімі ўсе лісты, выпісы і позвы пісаці, а не іншым языком і словы».

Па-беларуску пісаліся ўсе законы (Літоўскі статут), афіцыяльныя і судовыя дакументы, міжнародныя акты і ўсе летапісы княства. Слова літоўскі мела значэнне тэрміну геаграфічнага, тэрытарыяльнага. Беларусы панавалі і палітычна, і духоўна, і культурна.

Цяжкія адносіны спачатку з нямецкім рыцарствам, а потым з Маскоўскім Княствам прымушалі Вялікае Княства Беларуска-Літоўскае шукаць хаўрусу з суседняю Польшчай. Першае злучэнне з Польскім каралеўствам адбылося ў 1386 г., пры вялікім князе Ягайле. Гэта была так званая асабовая унія 1385—1386 гг. Але яна фактычнага злучэння з Польшчай не зрабіла. Дасягнуўшы свае мэты ў змаганні з крыжакамі, калі ў 1410 г. немцы былі разбіты пад Грунвальдам, Беларуска-Літоўскае Княства засталося і далей асобнаю дзяржаваю. І толькі ў другой палавіне XVI сталецця, у 1569 г., упаўнаважаныя народаў Беларуска-Літоўскага Княства падпісалі на Люблінскім Сойме унію (злучэнне). Прычына гэтаму была тая, што, паўстаўшае ў час татаршчыны і акрэпшае пасля вызвалення з пад татарскага іга, Маскоўскае Княства стала прэтэндаваць на беларускія землі, распачаўшы цэлы рад войнаў.

Маскоўская дзяржава развівалася ў кірунку манархічнага абсалютызму і прыняло нарэшце форму неабмежаванай манархіі, на чале каторай стаў наследственны манарх, неагранічаны ўладар і загадчык. Ен вольна распараджаўся і жыццём, і іменнем сваіх падданых, а яны, датычна яго, мелі адны толькі абавязкі, не маючы ніякага права. Тым часам, Беларуска-Літоўскае Княства зрабілася канстытуцыйнай дзяржавай, на чале каторай стаяў выбраны на сойме вялікі князь. Ён ужо з канца XIV веку звязаў сябе рознымі хартыямі, каторыя выдаваў сваім падданым як усяго гаспадарства, так і асобным яго часткам.

На моцы гэтых хартыяў беларуска-літоўскі гаспадар (князь) з канца XV веку быў ужо не самадзяржаўны ўладар, а абмежаваны радаю і згодаю паноў-рады, а з часу выдання статутаў 1529 і 1566 гг. і ўхваламі ўсіх станаў шляхты, скліканых на Вялікі Вальны Сойм.

Такім чынам, у змаганні Масковіі з Беларуска-Літоўскім Княствам бароліся два прынцыпы: прынцып самадзяржавія і абсалютызму з прынцыпам канстытуцыяналізму. Гісторыя сведчыць, што ў гэтым змаганні арганізацыя, пабудаваная на прынцыпе абсалютызму, брала перавагу, і Беларуска-Літоўскае Княства, каб абараніцца ад Масковіі, каторая нясла з сабою абсалютызм і татарскае барбарства, змушана было падпісаць трактат злучэння з Польшчай, аб каторым успаміналася вышэй. Але павэдлуг Люблінскай вуніі абедзве дзяржавы, Беларусь-Літва і Польшча, злучаліся ў адну рэспубліку на падставе роўнасці. Кожны край захаваў сваё войска, свае фінансы, сваё судовае і мясцовае самасправаванне, толькі з супольным соймам для абедзвюх старон.

Але гэты хаўрус, адсунуўшы на нейкі час маскоўскую небяспеку, быў згубай як для Польшчы, так і для Беларусі-Літвы. Палякі не здавольніліся актам хаўрусу, а сталі намагацца апалячыць і акаталічыць праваслаўнае насяленне Літвы-Беларусі. Пачалася рэлігійна-нацыянальная барацьба. Націск паланізму і каталіцызму прымусіў згуртавацца проціў яго праваслаўнае насяленне. Але паланізацыя ўсё ж такі патрапіла зрабіць сваё дзела. Большая частка шляхты і вяльможнага панства перайшла з праваслаўя або з лютэранства, каторае ў той час мела вялікае пашырэнне на Беларусі, у каталіцтва. Пераход у каталіцтва станавіўся разам з тым і пераходам у стан польскай культуры і мовы. Багатыя станы пакідалі свой народ, сваю мову, веру і культуру, прымалі каталіцтва і апалячваліся тым больш, што за гэта яны надзяляліся рознымі прывілеямі. Але меськае мяшчанства моцна трымалася за сваю нацыянальнасць і веру. Сялянства толькі пад прымусам прымала каталіцтва. Усе сілы багатай культурнай нацыі аддаваліся на барацьбу рэлігійную і нацыянальную. Каб пагадзіць і ўціхамірыць гэтую страшэнную варажнечу, у 1696 г. быў падпісан акт царкоўнай уніі, або злучэння праваслаўнай царквы з каталіцкай. З гэтага часу уніяцтва стала нацыянальнай верай беларускага насялення. Уніяцтва бараніла народ ад паланізацыі і каталіцтва і ўмацоўвала нацыянальную беларускую культуру. Пры уніяцкіх царквах і манастырах закладаліся беларускія школы, а самае набажэнства адпраўлялася па-беларуску.

Але паланізацыя мела свой поспех. Польская культура і мова запанавалі сярод вышэйшых станаў грамадзянства, каторыя такім чынам адрываліся ад рэшты народу. Дайшло да таго, што з другой паловы XVII веку нават беларуская мова пачала выціскацца з судоў, з урадавых устаноў, з законаў і замянялася языком лацінскім або языком польскім. Каля 1697 году Літоўскі статут быў перакладзены на польскі язык, якабы затым, што беларуская мова недаступна генію польскаму. Разумеецца, пры такіх варунках беларускае насяленне не магло прыхільна ставіцца да ўтворанага саюзу з Польшчай, з тою Польшчай, каторая несла з сабою не дапамогу проціў Масковіі, а нацыянальную смерць.

Скончылася тым, што ў канцы XVIII сталецця злучаная польска-літоўска-беларуская рэспубліка, вядомая пад агульным найменнем Рэч Паспалітая, была зруйнавана. Яна была падзелена паміж суседнімі дзяржавамі, як Прусія, Аўстрыя і Расія. Беларусь была аканчацельна прылучана да Расіі ў 1793 г. на моцы згоды, падпісанай у Горадні. Гэтую згоду падпісала маскоўская царыца Кацярына II як ад сябе, так і ад сваіх наследнікаў, дакляруючы захаваць на вечныя часы ў прылучаных да Расіі беларускіх землях усе правы і вольнасці павэдлуг звычаяў і прывілеяў гэтага краю. Але ўрачыстыя абяцанкі, што даваліся беларускаму народу, не былі датрыманы, бо самадзяржаўная Расія і не гадала спаўняць тое, што абяцала перад усім светам. Праўдзівыя мэты Расіі ў адносінах да Беларусі можна бачыць у лісце царыцы Кацярыны II да графа Разумоўскага, у каторым яна гаворыць аб паступовай русіфікацыі. На другі год па прылучэнні Беларусі да Расіі пачаліся абмежаванні правоў і вольнасцяў беларускага народу. У 1795 г. пашырылі на Беларусь моц закону, выданага Пятром I у 1720 г. для Украіны, і забаранілі друкаваць у беларускай мове Пісьмо Святое і рэлігійныя кніжкі. Пачаўся ўціск нацыянальнай беларускай уніяцкай царквы: царкоўныя маёнтнасці былі канфіскаваны, уніяцкія манастыры зачыняліся, царкоўныя кніжкі «літоўскага друку», як называлі маскоўцы, паліліся, уніяцкіх свяшчэннікаў каралі, ссылалі ў Сібір або ў глыб Маскоўшчыны, уніятаў гвалтам наварачалі ў праваслаўе і т. д. Нарэшце цар Мікалай I у 1839 г. маніфестам абвясціў грэка-каталіцкую (уніяцкую) веру неіснуючай і зацвердзіў гвалтоўны наварот уніятаў да праваслаўнай маскоўскай царквы. У гэтым жа самым часе ён забараніў царкоўныя казанні і выкладанне навук у школах па-беларуску. Як рэакцыя, пачаўся масавы пераход уніятаў у каталіцтва. У 1864 г. было наогул забаронена друкаваць кніжкі ў беларускай мове.

Расійскі ўрад, жадаючы ў палітычных мэтах русіфіцыраваць беларусаў, дакладаў вялікіх захадаў да таго, каб абмаскаліць беларускі народ праз маскоўскую школу, царкву і вайсковую службу. Апрача таго, Беларусь была напоўнена маскоўскімі чыноўнікамі і папамі, каторым расійскі Сінод да апошняга часу плаціў падвойную пенсію як «місіянерам». Лічба школаў, пачынаючы з 1840 г., зменшылася на чвэрць. Паншчына сялян была асабліва змоцнена на Беларусі. Селянін быў прыкуты да зямлі, а пан атрымаў права караць подданага і нават ссылаць у Сібір. Надаючы гэтакіх правоў над сялянамі панам, расійскі ўрад дасягаў двух мэтаў: з аднаго боку, паны праймаліся спачуццём да новага ўраду, а з другога — маскоўскаму царызму лёгка было давесці спакутанаму народу, што яго гора выходзіць ад «польскіх» паноў і што збаўленне сваё ён можа знасці толькі ў прыхільнасці да Маскоўшчыны. Рэч у тым, што ў гэтыя часы большая частка вышэйшага беларускага стану (шляхецтва) прыняло польскую культуру. Такім чынам, беларускі народ разбіваўся на два страшна варожыя станы, а русіфікатарская школа адбірала ў народу і яго інтэлігенцыю.

Ад 1793 г. да 1905 г. выйшлі толькі два-тры выданні ў беларускай мове, і хаця пасля першай расійскай рэвалюцыі ў 1905 г. абмежаванні для друку былі скасаваны, але расійская ўлада дакладала ўсіх старанняў да таго, каб умацаваць за сабою Беларусь шляхам прышчаплення велікарускай культуры. Не гледзячы на страшэнны гвалт і прыгняценне, думка аб культурна-нацыянальнай і дзяржаўнай незалежнасці Беларусі ніколі не ўмірала сярод беларускага грамадзянства. У пачатку прамінулага сталецця культурна-нацыянальны рух набірае арганізаванага характару і пачынае хутка расці і пашырацца. Нездавальненне расійскім панаваннем узмацняецца і выбухае ў паўстаннях, каторыя адбіліся з асаблівай сілай на Беларусі ў 30-х і 60-х гадах прамінулага сталецця. Уцалелыя паўстанцы зпаміж інтэлігенцыі, адхінаючыся ад Масквы, аканчацельна пераходзілі на бок паднявольнай Польшчы і гінулі для беларускага народу ў польскай культуры, але стагнаўшы ў няволі народ высылаў на змаганне за сваю самабытнасць усё новых і новых людзей. У 80-х гадах пачынаецца чыста дэмакратычны рух проціў расійскага панавання. Рух гэты пашыраўся спачатку сярод народнай масы ў форме культурна-нацыянальнага адраджэння. Утварылася новая беларуская літаратура і перыядычны друк, пазакладаліся арганізацыі нацыянальныя, эканамічныя, а нарэшце і палітычныя. Дзеля характарыстыкі гэтага культурна-нацыянальнага руху можна паказаць на існаванне гэтакіх органаў друку, як «Наша Ніва», «Наша Доля», «Беларус», «Маладая Беларусь», «Саха», «Лучынка», «Раніца», «Гоман», «Крывічанін», «Крапіва», «Вольная Беларусь», «Беларуская Рада», «Беларуская Зямля», «Беларускі Шлях»,— што выходзілі на Беларусі на працягу апошніх год, і — «Сьветач», «Дзянніца», «Белорусское Эхо», «Белоруссы в Одессе», што выдаваліся і выдаюцца па-за межамі Беларусі. Пазакладаліся беларускія выдавецтвы, як «Мінчук», «Палачанін», «Наша Ніва», «Загляне сонцо і ў наша ваконцо», «Вольная Беларусь» і шмат якіх іншых. Дзеля таго, што каталіцкая часць беларусаў звыкла праз касцёл да лацінскага друку, а праваслаўная — да кірыліцы, беларускія кніжкі і газеты друкаваліся і тым і другім шрыфтам. З’явіліся пісьменнікі і паэты, каторыя зрабілі бы славу любой літаратуры, як Якуб Колас, Тарас Гушча, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Янка Купала, Ясакар, Змітрок Бядуля, Алесь Гарун, Антось Галіна, Захар Вехаць, Канстанцыя Буйла, Ядвігін Ш., Альберт Паўловіч і інш.

Але «канстытуцыйная» Расія пасля 1905 г. не давала Беларусі ніякіх іншых правоў, апроч права друкаваць кніжкі і газеты ў беларускай мове. Закон забараняў навучэнне па-беларуску ў пачатковых школах, беларускія бібліятэкі мусілі быць патаёмнымі. Забаронена было чыноўнікам трох міністэрстваў (ваеннага, духоўных спраў і народнае прасветы) падпісывацца на беларускія часопісі або атрымліваць беларускія кніжкі. Пры канстытуцыйным расійскім урадзе прымусовае абрусенне практыкавалась старанна і ўпарта, дзякуючы ўсяму дзяржаўнаму механізму і вялікім выдаткам, робленым на гэта. Беларускія настаўнікі, зрабіўшыя хаўрус, каб адваяваць права ўжываць роднае мовы ў пачатковых школах, былі засуджаны ў вастрог або ў Сібір на засланне, а некаторыя з памянёнага настаўніцкага хаўрусу паўцякалі ў Амерыку.

Да апошніх часоў вясковая палітыка Расійскай Дзяржавы старалася засяляць Беларусь велікарусамі, выхадцамі з Маскоўшчыны. Беларусам-каталікам забаранялася купляць на Беларусі зямлю, займаць урадавыя пасады і закладаць ананімныя таварыствы. Пры выбарах ў Дзяржаўную Думу беларусы не маглі паслаць туды сваіх прадстаўнікоў, дзякуючы асаблівай выбарнай сістэме, прыдуманай спецыяльна для Беларусі. Калі выбухнула сусветная вайна, то расійскі ўрад ухваліў сістэму помачы пацярпеўшым ад вайны па нацыянальнасцях: ён удзяляў значную помач усім іншым нацыянальнасцям быўшай Расіі, выключыўшы толькі беларусаў, а таксама ўкраінцаў. У гэтым жа часе расійскі ўрад эвакуяваў з розных месц Беларусі сотні тысяч беларускіх сялян, нішчыў хлеб на палях, паліў хаты і гумны; адступаючая расійская армія гнала перад сабою людзей, як быдла, у варунках самых цяжкіх і негігіенічных аж у самую паўночную Расію і Сібір. Частка жыхароў засталася ў сваіх сядзібах дзякуючы адно таму, што іх вёскі ляжалі па-за межамі фронту, або дзякуючы таму, што загадзя пахаваліся ў лясах і балотах.

Калі лютым пераваротам 1917 г. былі зруйнаваны муры маскоўскага царызму і апалі кайданы палітычнай няволі, дык распачаты ў 80-х гадах прошлага сталецця культурна-нацыянальны рух беларусаў адразу набраў палітычнага значэння. Пачалі закладацца беларускія палітычна-нацыянальныя арганізацыі як па ўсёй Беларусі, так і па-за межамі яе, куды параскідала вайна беларусаў. Уваскрослі гістарычныя традыцыі, паўстала прамінулая слава і магутнасць Беларускай Дзяржавы, і ідэя аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці Беларусі ў складзе быўшага Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага пачала набіраць характар рэальнасці. Усе палітычныя нацыянальныя арганізацыі злучыліся ўвосень 1917 г. у першым агульным нацыянальным прадстаўніцтве — у Вялікай Беларускай Радзе. Умацаваўшы свае пазіцыі ў сэнсе прыдбання агульнага народнага спачуцця, выяўленага ў многачысленных дэлегацкіх рэзалюцыях з усіх месц Беларусі, Вялікая Беларуская Рада склікала 5-17 снежня (стст.) 1917 году ў м. Менску Усебеларускі З’езд. Гэты З’езд поўнасцю адбіваў волю беларускага народу. На ём было 1167 дэлегатаў з пастанаўляючым і 705 з дарадчым голасам ад валасных, павятовых, губернскіх самасправаванняў і ад розных вайсковых арганізацыяў. Здзяйсняючы права беларускага народу на самаакрэсленне, Усебеларускі З’езд устанавіў у межах Беларусі краёвую рэспубліканскую ўласць і перадаў яе сваёй Радзе З’езду. Збройны разгон З’езду бальшавіцкімі камісарамі не даў магчымасці закончыць работы, а Рада З’езду, меўшая ўзяць краёвую ўласць у свае рукі, прымушана была хавацца ад бальшавіцкага праследавання, каторае тэрарызавала ўсё мясцовае жыццё і асабліва беларускія арганізацыі.

Нягледзячы на цяжкія варункі бальшавіцкага панавання, работа не прыпынялася. Дзеля правядзення ў жыццё пастановаў З’езду, Рада выдзеліла зпаміж сябе Спаўняючы Камітэт, каторы быў папоўнены прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцяў, мяшкаючых на Беларусі. Камітэт пасылаў сваю дэлегацыю на міравыя перагаворы ў Бярэсце, але яна, па загаду з Петраграду, не была прапушчана цераз фронт. Калі пры надыходку германскага войска к Менску бальшавікі ўцяклі з горада, то Спаўняючы Камітэт, здзяйсняючы волю З’езду, узяў кіраўніцтва краем у свае рукі і ўтварыў 19 лютага 1918 г. урад — Беларускі Народны Сакратарыят, што было абвешчана народу Устаўною Граматаю ад 21 лютага т. г.

Вайсковая Рада, існаваўшая ў той час у Менску, таксама разагнаная і арыштаваная бальшавікамі, ачысціла Менск ад астаткаў бальшавіцкіх элементаў і ўсю сваю чыннасць аддала Народнаму Сакратарыяту, каторы быў затурбаваны ўстанаўленнем парадку і нармальнага жыцця ў краю. З гэтага часу Спаўняючы Камітэт, злучаны з Вайсковай Радай і папоўнены прадстаўнікамі гарадскіх і земскіх установаў, атрымаў найменне Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У час акупацыі Менску германскімі войскамі, 25 лютага ў памяшканне Народнага Сакратарыяту прыйшоў германскі камендант і збройнай сілай забраў памяшканне Сакратарыяту і скінуў беларускі нацыянальны сцяг. У памяшканні быў зроблены вобыск, забраны грошы і разагнаны служачыя. Народны Сакратарыят зрабіў запытанне германскім акупацыйным уласцям, на якой падставе ўчыніўся вышэйпамянёны гвалт і якія, наогул, адносіны германскай улады да дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі, але адказу не атрымаў.

24 сакавіка 1918 г. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выпусціла Устаўную Грамату, у каторай абвяшчала:

«Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у асобе свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных звязях Беларусі. На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя звязі, якія далі магчымасць чужому ўраду ўкінуць наш край у пажар вайны і падпісаць за Беларусь трактат у Бярэсці, што забівае насмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі. На моцы гэтага ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсці ў адносіны з зацікаўленымі старанамі, прапануючы ім перагледзіць тую часціну Берасцейскага трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць міравую ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ, а ласне: Магілёўшчыну, беларускія часці Меншчыны, Гродзеншчыны (з Гродняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часці суседніх губерняў, заселеныя беларусамі».

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі з’яўляецца адзінай законнай і правамоцнай прадстаўніцай беларускага народу і ўсяго яго краю. Папоўненая Статутам 9-га кастрычніка г. г. прадстаўнікамі ад усіх існуючых на Беларусі грамадзянскіх, культурна-прасветных, рэлігійных і прафесіянальных арганізацыяў, яна тым самым стала і правамоцным Краёвым Органам да склікання Беларускага Устаноўчага Сойму. Мы спадзяёмся, што еўрапейскія народы на міравом кангрэсе не будуць перашкаджаць дзяржаўнаму будаўніцтву Беларусі і дапамогуць Беларускаму народу ў яго жаданні культурна-нацыянальнай і дзяржаўнай самабытнасці, страчанай толькі дзякуючы цяжкім гістарычным умовам. Асновы дзяржаўнай самабытнасці глыбока заложаны ў беларускай нацыянальнасці і трымаюцца на моцных падставах — гістарычных, этнаграфічных, лінгвістычных, эканамічных. Гэтыя асаблівасці адзначалі ўсю гісторыю Беларусі, яны прысушчы беларусам і цяпер і крэпка ўнетраны ў народную гушчу. Нахіл да дзяржаўнай самабытнасці, уменне адстаіваць гэтую самабытнасць, жаданне вольнага дэмакратычнага ладу з’яўляюцца аснаўным рысам гістарычнага прамінулага беларускага народу.