Памяці Івана Луцкевіча (1920)/Сьвятое гэта месца!..
← Успаміны пра Івана Луцкевіча | Сьвятое гэта месца!.. Абразок Аўтар: Змітрок Бядуля 1920 год |
Сьвятое гэта месца!..
Ахвяруецца Івану Луцкевічу.
У часе „нелегальнага“ жыцьця с. п. Івана Луцкевіча ў Вільні ён усе свае багатые зборы старасьвеччыны хаваў у рэдакцыі «Наша Нівы». Гэтае „сьвятое месца“ і навеяла Зьмітраку Бядулі гэтые думкі, ахвярованые Ів. Луцкевічу, калі Бядуля першы раз быў прыехаў у Нашу Нівy ў 1912 г.Рэд.
Ціха…
Якое хараство схавана ў гэтай цішыні!
Якіе глыбокіе думы пасеялі ў ей свае зярняты!
Якіе таëмные казкі цудоўнае паэзіі наіграваюць на яе нявідзімых струнах нябесные мэлёдзіі!
Ціха…
Я люблю гэту цішыню… Я малюся ёй, як нейкаму сымвалу чыстаты…. Здаецца мне, што як Богу трэба было стварыць чалавека, то Ен райскім келіхам сваім набраў матэрыялу з мора цішыні для чалавечае душы…
У часіны самае нямое цішыні, быццам лебядзі сярод хваль, усплываюць на вяршыны творчасьці думы вялікіх геніяў…
У гэтых часінах цішы гараць у высі праменьні рожных вер, з каторых людзі снуюць сваё шчасьце зямлі.
У гэтых часінах цішы байцы за ідэю знаходзяць духовую сытасьць і пазнаюць, якімі быць трэба, каб-ткі запраўды „людзьмі звацца“.
У гэтых часінах цішы зьяўляюцца рожные таёмные мары і спаўняюцца жаданьні чыстых сэрц…
∗ ∗
∗ |
Ціха….
Поўнач.
Я сяджу адзін у зале рэдакцыі беларускай газэты „Наша Нівы“ і ўслухіваюся ў гэту гутарлівую цішыню.
Агонь вялікай лямпы кідае нейкае таëмнае сьвятло спад блакітнага калпака на сьцены і шафы.
Жудасна мне…
На сьценах вісяць абразы даўнейшых беларускіх князёў, старасьвецкіе беларускіе вопраткі, шаблі, шаломы і панцыры ваякаў XVI сталельця. Рожные тканіны народнай беларускай творчасьці, паясы слуцкіе, дываны, разьба рожная. Музыкальные інструмэнты — дуда, цымбалы, труба пастырская, жалейка. У шафах ляжаць скарбы мінуўшых гадоў: манэты і мядалі, пячаткі, кнігі беларускае пісьменнасьці.
Жывая паэма старыны!…
Глядзяць на мяне вялікіе кнігі з пажоўклымі лістамі.
Узіраюцца з старога палатна ваякі, ганорные, сьмелые князі.
І жудасна мне робіцца…
∗ ∗
∗ |
Ціха…
Крэпка пачынаець біцца сэрца маё ад нейкай абхопліваючай яго сьвятасьці. Не вачыма, а самай душою пачынаю я углядацца ў даль мінуўшчыны.
Мігацяць прад вачыма маімі старасьвецкіе пажоўклые вялікіе пэргамэнты сьвятых летапісцаў, і быццам жывые устужкі цягнуцца пекные літары, пісаные гусінымі пёрамі. Нехта нявідзімы чытаець мне старую гісторыю, і рожные абразы старыны малююцца мне:
І беларускіе князі са сваімі дружынамі, ў нацыянальные вопраткі прыбраные…
І народ, каторы не сароміцца мовы сваей…
І паны, каторые з беларускіх кніг чытаюць сьвятые пісаньні ў беларускіх храмах…
Быццам карагоды ценяў, праходзяць слуцкіе ткачыхі, прыгожые дзяўчыны, змораные ціжарнай працай. І шэпчуць мне яны вуснамі сваімі:
— Мы хварбавалі ўзоры на паясох крывёй маладою сваей!
— Мы блеск сваіх вачэй пералілі ў залатые ніткі тканін!
— Мы павыкручвалі свае пальцы над хітрым тканьнём!
— Мы пагнулі крыжы нашые, сядзючы пахіленые без аддыху дні і ночы над панскімі кроснамі!..
∗ ∗
∗ |
Устае малюнак „Забранага Краю“ з усім трагізмам сваім… Сьлёзы засьцілаюць вочы мае.
Ці-ткі беларусы папраўдзі забыліся аб сваей старой багатай культуры ды сталіся нейкім страхацьцём, якое рызьзём сваім разганяець гусей з чужога аўса?..
Не! — усхапіўся я.
Жывуць у сэрцах пад старым попелам гарачые іскры. Задзьмець вецярок, згоніць стары налёт, і полымя разгарыцца аж да неба, і асьвеціцца страшэнная жудасьць і цемра. Тады ўбачаць беларусы ланцугі, каторые цягнуць іх уніз, — усхопіцца, быццам гарачы смаляк, розум і аджывець сумленьне!
Шчыры, справядлівы голас пачуецца з аднаго канца сьвету ў другі канец:
— Аддайце нам нашае!
— Аддайце нам нашае, і тады мы ўсім людзям агульне дамо больш карысьці.
— Не засланяйце сонейка ад нас, бо і мы жадаем грэцца яго цяплом, і нам трэба жыць сваім уласным жыцьцём!
— Мы любім сваю зямельку, мы любім гарапашных сярмяжных братоў нашых. Мы любім нашу дзедаўшчыну, і любоў наша не памрэць ужо! Не памрэць, бо разгарэліся іскры ў вялікае, вялікае вогнішча!..
∗ ∗
∗ |
Усхапіўся я.
Ціха…
Толькі цень мой дрыжыць на абразох старых беларускіх князёў… Сур‘ёзна пазіраюць іх вочы, і сьвеціцца ў іх моц і адвага.
— Сьвятое гэтае месца!..
Нейкая гарачая хваля абнімае мяне ўсяго. Божа! гэтаж тут пачатак адраджэньня цэлага народу!..
Гэтаж прамень шчырага парыву беларускіх сыноў!
Гэтаж тут працуець сям‘я маладых сіл, каторые не шкадуюць ахвяраваць сваё жыцьцё, сваё шчасьце за вялікі Беларускі Народ!..
— Сьвятое гэтае месца, куды з самых глухіх куткоў краю прыходзяць оклічы, каторые зьяўляюцца на страніцах „Нашае Нівы.“
Сам мазалісты аратай апісваець сваё шэрае жыцьцё.
Пры цяжкай працы дзяўчына пяець сваю родную, зразумелую ей песьню.
У нядзелю шмат хто пакідаець паганую выпіўку і чытаець сваю родную газэту, дзе ўсё напісана зразумелай яму мовай.
Ужо пачынаець ён разумець, што і бедны „просты“ мужык маець значэньне ў агульным жыцьці ўсіх народаў, што і ён мае вартасьць нейкую на сьвеце, што і на яго зварочваюць увагу і асьвячаюць яго розум…
∗ ∗
∗ |
Ціха ў зале рэдакцыі. Далёка за поўнач. У гэтай цішыні я з нейкай гордасьцю думаю:
— Толькі сем гадоў працы, і сколькі пасьпелі зрабіць тры пастаянные органы: „Наша Ніва“, „Саха“, „Маладая Беларусь“.
Сколькі пекных кніжак выдалі!
Сколькі здольных паэтаў і пісьменьнікаў зьявілася!
Беларускі тэатр… беларуская музыка, песьня… беларускіе сьвяты-гульні…
Хутка нарастаюць працаўнікі на нашай роднай ніве.
Усё гэта даець энэргію і надзею. Багата наша будучына! Багаты наш Беларускі Народ! Многа шчырых сыноў ёсьць на зямельцы Яго!..
∗ ∗
∗ |
Сьвятое гэтае месца, бо яно родзіць зярняты прасьветы для ўсяго вялікага Беларускага народу.
Зьмітрок Бядуля.