Памяці А. Бурбіса (Бадунова)

Памяці А. Бурбіса
Успаміны
Аўтар: Палута Бадунова
1922 год
Крыніца: Адраджэньне, №1, 1922

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАМЯЦІ А. БУРБІСА.

† 20/ІІІ—1922 г.

… І няма на сьвеце так вялікай меры,
І няма на сьвеце так каханых дзьвераў,
Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі
Беларусь са мною разлучыць пасьмелі.

Гэткімі цьвёрдымі, як сталь, а гарачымі, як веснавое сонца славамі лепшага беларускага поэта Я. Купалы пачну я свае ўспаміны аб А. Бурбісе, магілка якога яшчэ стаіць перад нашымі вачамі і выклікае цяжкія думкі аб яго недакончанай працы, аб яго раней часу загубленым жыцьці.

І сапраўды, няма такой меры, якую можна было-б прылажыць да яго бязьмерна гарачага пачуцьця для справы народнай. Ні каваныя дзьверы, ні граты вастрожныя не адарвалі яго ад працы для роднай, загубленай ворагамі, старонкі. Ні ў будні ні ў нядзелі ня ведаў ён спакою, дбаючы толькі аб адным — як ратаваць сваю бацькаўшчыну ад заняпаду, ад цемры і зьдзеку.

І ня можа быць такой меры, якая-б паказала, як моцна кахаў ён народ свой. Здаецца, ніколі ў яго ня было іншай мэты, іншага пераконаньня, як толькі жаданьне адкрыць вочы свайму люду на яго праўдзівае становішча, падняць яго—цёмнага забітага, абдуранага—да вышыні поўнай вольнасьці, і разуменьня агульна-чалавечых інтарэсаў. Вывесьці народ свой на шлях сьветлага і шчасьлівага істнаваньня—гэта галоўная мэта яго кароткага, поўнага працы, жыцьця.

І ўсё-такі А. Бурбіс ніколі ня быў тым нацыяналістам-шавіністам, які, заплюшчыўшы вочы на ўсе агульна-чалавечыя і сацыяльныя пытаньні, жыве толькі аднымі нацыяналістычнымі думкамі. Ён ніколі ня быў падобен, напрыклад, на тых польскіх сацыялістаў, якія для мэтаў нацыянальных кінулі пад ногі ўсе сацыяльныя пытаньні, усе добра - суседзкія адносіны. Гэткія сацыялісты-шовіністы пэўна-ж вядуць да згубы свой народ. Не такім быў наш выдатны палітычны дзеяч. Ён любіў свой народ, але любіў яго разумнай, сьветлай любоўю, якая не перашкаджала яму любіць чалавецтва.

Гэты маленькі ўзростам чалавек з вялікай жывой душой рупліва ўзіраўся сьветлым, поўнымі жыцьця і розуму вачамі ў кожнага, хто называў сябе беларусам. Цьвёрдым, громлім голасам, нязвычайна моцным для яго маленькай хвігуркі, ён проста ставіў пытаньне:

—Ты хто? Мо' ты за грошы любіш свой народ? Можа толькі з карыснымі мэтамі падыходзіш да справы агульнай?—

І гора таму, каго яму ўдавалася злавіць на месцы праступку. Няшчадна кляйміў ён яго самымі ганебнымі, самымі цяжкімі словамі:

— Гэта злодзей! — грымеў ён. — Гэта той, хто, як Каін, забівае на сьмерць свайго брата-беларуса, аддаючы ягo на загубу то маскалю, то паляку, то папу, то чыноўніку...

Сацыяльныя мэты ніколі ня ставіліся ім на апошні плян, як рабілася і робіцца заўсёды шавіністамі. Але ніколі ён так-сама не забываўся таго, што нацыянальны ўціск ёсьць загуба душы народнай, што вызваленьне нацыі з уціску ня менш патрабуе энэргіі і працы, як і дасягненьне сацыяльнай роўнасьці. На толькі зямля патрэбна народу, але патрэбна яму і поўная свабода, як нацыяльная, так і палітычная. Свабодная душа А. Бурбіса не магла выносіць ніякога ўціску. Гэтым і тлумачыцца тое, што ён часта быў за-партыйным.

Першае знаёмства.

Першы раз спаткалася я з А. Бурбісам у Маскве, у 1917 г. Туды прыехалі мы з З. Жылуновічам з Петраграду, на зьезд Бел. Сац. Грамады. Старыя сябры Б. С. Г., Бурбіс і Дыла, былі чамусь нездаволены рэзалюцыямі першага пасьля рэвалюцыі зьезду Б. С. Г., які адбываўся вясною 1917 г. ў Петраградзе. І хаця ўжо быў выбраны Ц. К. партыі, мы ўсёт'кі не адмовіліся паехаць на той зьезд, які хацелі склікаць старыя заснавацелі Б. С. Г. Мы пастанавілі не пярэчыць новым выбарам Ц. К., каб толькі пагадзіць і старых і маладых працаўнікоў. Чакалі мы ад А. Бурбіса вялікай буры. Усю дарогу мне толькі і казалі: «Вось будзе Бурбіс лаяцца! Ну, і дасьць Бурбіс дыхту!»

Да гэтага часу я ня ведала Бурбіса, толькі чула аб ім, як аб шчырым і вельмі гарачым чалавеку, які аддае і аддаваў усё сваё жыцьцё для працы, як беларускі сацыяліст.

У Маскву тады прыехалі з Менску Прушынскі (Алесь Гарун) і Смоліч. Але наогул людзей сабралася мала, і зьезд не адбыўся. Мы ўсе затрымаліся на кватэры ў Бурбіса. Позна вечарам зьявіўся і Бурбіс,—ён некуды выяжджаў і яго ня было ў Маскве. Шпаркімі крокамі ўбег ён у пакой.

Маленькі, жывы, з блядым тварам, маленькімі і далікатнымі, як у кабеты, рукамі і рыжаватымі валасамі - на аблысеўшай галаке, — ён на першы погляд рабіў ня надта прыемнае ўражаньне. Але трэба было яму толькі загаварыць, як адразу рабілася на душы радасна і весела. Перад вамі стаяў чалавек з гарачай, жывой душой, з дзіўным, натхненым каханьнем да ўсяго жыцьця.

Яго глыбокая любоў к тым абяздоленым, хто сваім мазалём корміць сьвет, адразу адкрывалася перад вамі і лілася ракой прамоў, поўных моцы і хараства. Часта перасыпаў сваю прамову сьмешнымі жартамі, цікавымі народнымі прыказкамі, што яшчэ больш давала сьвежасьці яго думкам.

— Дык вось ён, той Бурбіс, аб якім я гэтак многа чула — думала я, пільна ўслухіваючыся ў яго агнявыя словы. — Ён сапраўды шчыра хоча дабра народу, не здарма ж ён сябра першай беларускай рэвалюцыянэркі, Цеткі-Пашкевіч, арганізатаркі Б. С. Г.

Выказаўшы ўсе свае думкі, палаяўшы тых, хто здаваўся яму некарысным для працы, адзначыўшы ўсе нашыя абмылкі, ён нарэшце ўгаманіўся і стаў слухаць нас.

Пад канец вечара мы ўжо добра зразумелі адзін другога, і доўга яшчэ ў позную ноч гаварылі і дзяліліся свамі думкамі.

На Усебеларускім Бежанскім Зьезьдзе.

Другі раз спаткаліся мы з Бурбісам на Ўсебеларускім Бежанскім Зьезьдзе, у Маскве. Зьезд гэты быў сабраны пад кіраўніцтвам вядомага беларускага дзеяча, Язэпа Васілевіча, пры блізкім удзеле А. Цьвікевіча, Ф. Турука і іншых беларусоў, якія жылі пад той час у Маскве, і жадалі дапамагчы сваім няшчасным уцекачом, раскіданым па ўсёй Paceі.

Добрая мэта зьезду надта зацямнялася непаразуменьнямі паміж беларускімі палітычнымі партыямі, якія зьявіліся на зьезд.

Бел. Сац. Грамада адразу папалася пад град абразьлівай падазрэннасьці. Пасьля маіх прамоў на зьезьдзе некаторыя маскоўскія беларусы пыталіся ў мяне пашпарт, каб пераканацца, ці я сапраўды праваслаўная, а не каталічка, падасланая езуітамі, як яны казалі.

Для іх вуха здавалася дзікім, што Беларусь—гэта не Расія, што беларусы, як нацыя, маюць права на вольнае незалежнае істнаваньне.

— Гэта правакацыя! Гэта правакацыя!—няслось з усіх куткоў. — Haшто нам здалася беларуская мова? Гэтая грамада пасланая палякамі! —

Бедныя людзі! Як горка было ім пасьля, калі яны ўбачылі сваю абмылку! Як сорамна ім было пасьля глядзець нам усім у вочы!

Алесь Прушынскі, які толькі што вярнуўся з ссылкі з Сібіры, цэлымі гадзінамі надрываў свае хворыя грудзі, каб пераканаць зьезд, што мы тут усе аднолькава беларусы, што мы ўсе роўна хочам шчасьця народу, хаця адны з нас каталікі, а другія — праваслаўныя.

Язэп Дыла стараўся ўсіх прымірыць, прывясьці к агульнаму паразуменьню.

А. Бурбіс, як і заўсёды, заставаўся верным сабе. Ён, як пярун, грымеў на ўсю салю. Здавалася, яго маленькая хвігурка некудысь счэзла, а толькі адзін голас, поўны гневу і моцы грыміць і пужае тых русыфікатараў, якія сумысьле зьявіліся сарваць зьезд, каб ня даць магчымасьці беларусам арганізавацца.

Бурбіс зьбірае нас на фракцыйны сход, ён дапамагае мне апрацовываць нашы партыйныя рэзалюцыі. У часы перарыву ён, як бура, носіцца паміх дэпутатамі зьезду і ўсюды чуецца яго голас:

— Гэта, гэта русыфікатары, чорная сотня, яны зноў хочуць Міколу ІІ на трон пасадзіць. Яны дапамагалі рускім царом душыць беларусоў, дык што ім трэба на гэтым беларускім зьезьдзе?

Толькі вялікая тактоўнасьць старшыні зьезду Язэпа Васілевіча, які горача стараўся прымірыць усе напрамкі, зрабіла тое, што з'езд не разваліўся, а дакончыў сваю цяжкую працу.

На вечарынцы.

Было гэта летам у 1918 г. у часы нямецкай акупацыі. Шмат людзей сабралася на маленькай кватэры Язэпа М. Былі тут і беларускія артысты, і пісьменьнікі, і палітычныя дзеячы.

Многа гарачых прамоў гаварылася там, дэклямаваў адрыўкі з Бутрыма Няміры сам аўтар, Аляхновіч, сьпявалі беларускія рэвалюцыйныя песьні.

Пад канец вечару загаварыў і А. Бурбіс. Гэта яго прамова назаўсёды засталася ў маёй памяці. Гаварыў ён прыблізна гэтак:

— Некалісь мы з цёткай Пашкевічанкай хадзілі па Менскіх хвабрыках і заводах і звалі ўсіх работнікаў да забастовак. Цётка памерла. Засталіся другія. Мы сядзелі за гэта ў Менскім вастрозе. А выйшаўшы, ня кінулі, не апусьцілі ў гразь наш рэвалюцыйны чырвоны штандар.

Не, мы зноў паднялі яго высока і панясьлі к народу, клічучы яго на змаганьне за волю, за землю, за роўнасьць людзкую.

Мы аслабелі ў гэтыя часы, сілы часта нас пакідаюць, змаганьне, голад і турмы змучылі нас, высушылі нашы грудзі. Некаторыя мае сябры ўжо пакінулі гэты сьвет. Але-ж мы стварылі вас, новых маладых працаўнікоў. Вы выйшлі нам дапамагчы, нас замяніць.

Памятайце-ж, ня кідайце і вы рэвалюцыйнага сьцягу, пакуль ня скажа наш народ і другія прыгнеценыя народы: Мы вольныя і роўныя! Гдзе той хто прыгнятаў нас! Ня кідайце рэвалюцыі, пакуль ня скінеце сусьветны капіталізм. Пакуль ня зробіце так, каб больш ня ліліся сьлёзы гаротнікаў сялян.

Аб суседзях нашых скажу вам. — Маскалі і палякі нас хочуць зьесьці. Няма ў нас паміж імі прыяцеляў, не запамінайце аб гэтым ніколі.

Польскія паны і ксяндзы стараліся загубіць наш народ, — прышчапляючы нам каталіцызм, цягнулі яны нас да палякаў. А маскоўскія чыноўнікі, стаўленьнікі рускіх цароў, стараліся пераканаць наш народ, што ён не беларускі, а рускі.

Няхай-жа загінуць тыя, хто хацеў загубіць нашу нацыянальную душу!— дакончыў ён гэтак сваю незабытную прамову.

Спатканьне ў 1920 годзе.

Гэта было ў Маскве, куды я прыехала з Менску, уцякаючы ад польскіх жандараў. Шмат пытаньняў тутака ў Маскве трэба было мне разьвязаць. А. Бурбіс быў у гэтыя часы за-партыйным, але праца яго, як сацыяліста і адраджэнца, ня спынялася.

У шмат якіх справах дапамагаў ён мне. Кожны дзень пытаўся, як і што робіцца, які скутак дае маё тутака жыцьцё і мая палітычная праца. Іншы раз нападала на яго цяжкая задума, ці выйдзе што-колечы з усёй нашай працы, ці падымецца народ з цяжкай нядолі сваёй. Тагды ўжо я старалася падняць у ім веру ў дзела народнае.

Часамі слабеў яго дух і цяжкія думкі клалі глыбокія маршчыны на яго нахмуранам чале, але ўсёж-такі ён ня спыняў сваей працы, не складаў рук.

Яму было даручана напісаць даклад аб Беларусі. Даклад павінен быў ахапіць усё беларускае жыцьцё, як эканамічнае, так і другія галіны гэтага жыцьця.

Тры чалавекі працавалі тагды над гэтай справай дзень і ноч. На маіх вачох праходзіла гэта праца.

Алесь Бурбіс усю гэтую працу злучаў, арганізаваў, даваў кірунак. Як асілкі працавалі тры чалавекі, не шкадуючы ні сіл, ні здароўя, не адтрымліваючы за гэта амаль-што нічога. Гэткая работа недарма праходзіць для людзей: яна часта вядзе іх да магілы.

У апошні раз.

За тры-чатыры тыдні да сьмерці Алеся Бурбіса я прыйшла даведацца яго. Доўгі час мяне ня было ў Менску, але ад другіх я даведалася, што цяжкая праца ў камісарыяце загранічных спраў адняла ад яго апошнія сілы, і дактары кажуць, што яму жыць ня больш трох-чатырох тыдняў.

Калі я ўвайшла у вялікі пакой гасьціньніцы, дзе ён дажываў сваё жыцьцё, дык сэрца маё ўпала, а сьлёзы самі паліліся з вачэй.

Я ўбачыла сама тое, чаму не хацелася верыць. Я зразумела, што сьмерць павісла над яго яшчэ такім маладым жыцьцём.

Супакоіўшыся крыху я падыйшла да яго бліжэй і прывіталася. Ён быў белы, як папера, і цяжка дыхаў. Казалі, што ў яго ўжо няма лёгкіх.

Толькі жывыя вочы, як і раней, зьялі розумам і ажыўлялі ўжо амаль што мертвы твар.

Ён стаў гаварыць аб сваёй хваробе, жаліўся на пралежні, якія мучаць яго няшчадна.

— Ах, каб сонейка хутчэй грэла, мо я яшчэ-б паправіўся,—казаў ён, ня ведаючы горкай праўды, якую ўжо ўсе ведалі.

— Хачу я паехаць у Закапанае, там-бы я паправіўся. Там Прушынскі лячыўся.

— Там ён памёр. — вырвалася ў мяне неасьцярожнае слова. Вам туды ня трэба ехаць. Далёка, ды й беларусы ня выносяць гэтых Закапаных. Вы тутака на сонцы паправіцеся.

— А куды-ж я паеду, — сказаў ён горка. — У Крым—памрэш ад тыфусу па дарозе, а калі даедзеш, — там з голаду памрэш. У Швайцарыю мяне ня пусьцяць.

— Вы тутака паправіцеся. Толькі вот сонейка выблісьне. Вёска, сасновы лес, сьвежае малако...

Я так і горача і доўга гаварыла яму аб вясьне і сонейку, што ён павесялеў і саўсім паверыў, што яшчэ паздаравее. Ці маніла я яму тагды? — стаўлю я сабе запытаньне. Не, я сама ад глыбіні душы паверыла, што яго яшчэ можна выратаваць. Што трэба толькі перанясьці яго з цёмнай гасьціньніцы на летняе сонейка і ён паздаравее. Мне не хацелася верыць у яго сьмерць, як ня хочацца верыць нічаму, што цяжка і горка для нас. А сам ён моцна верыў, што будзе яшчэ жыць, што шмат чаго зробіць.

Хто-ж мае права гаварыць хвораму праўду? Вот выпадак, дзе прауда — грэх.

К вечару падыйшоў В. і мы ўжо ўтрох да поўначы сядзелі і гутарылі аб тым, як трэба будаваць школу, тэатр, жыцьцё. Ён мне абяцаў прыняць усе крокі, каб Цяраўскі зноў мог працаваць на карысьць беларускага тэатру.

Некалькі разоў падымаліся мы, каб пакінуць яго, даць яму магчымасьць заснуць. Ён ня пушчаў нас гэтак энэргічна, што мы зноў садзіліся ў крэсла.—Я ня буду вячэраць бяз вас. Мне так яшчэ хочацца, каб вы пасядзелі ў мяне,—казаў ён горача і вачамі прасіў нас застацца.

Позна ноччу на ціхіх вуліцах Менску несьлі мы з сабой цяжкія думкі аб нашым дарагім хворым... Праз тры тыдні Аляксандра Бурбіса ня стала...

Але не... Ён жывы і павек будзе жыць у памяці і сэрцы беларускага працоўнага народу і яго правадыроў. Ён помнік сам сабе стварыў сваёй гарачаю любоўю да волі роўнасьці і братэрства. Такія людзі не падлягаюць сьмерці.

П. Б.

30-V-1922 г.





Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.