Памяці Максіма Багдановіча

Памяці Максіма Багдановіча
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1917
Крыніца: Homan. 1917. 9 кастр.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З Расеі да нас дайшла сумная вестка аб сьмерці аднаго з найбольш выдатных паэтаў Маладой Беларусі Максіма Багдановіча.

Яшчэ адна сьвежая магіла, — яшчэ адзін таварыш працы пакінуў нашы рады.

Памер «пясьняр чыстай красы», каторы ўсё сваё нядоўгае жыцьцё пасьвяціў служэньню Беларускаму Народу, даючы яму найдаражэйшыя скарбы сваей артыстычнай душы, уплятаючы ў цудоўны вянок свайго творчаства дзіўныя «краскі, сьвежыя калісьці, думак шчырых і чуцьця». У кунштоўны верш прыбіраў ён гэтыя думкікраскі і чараваў усіх, чыя душа здольна адчуваць красу ўсюды, дзе яна ёсьць.

Безнадзейная, цяжкая хвароба — сухоты — руйнавала памалу, але сыстэматычна і няўстанна яго маладое, кволае цела. І ад безнадзейнага суму, ад тэй трагічнай пэўнасьці, што яшчэ толькі год—два жыцьця астаецца яму на гэтым сьвеце, паэзія Максіма Багдановіча прынімала асаблівы тон, напамінаючы паблеклыя тоны калісь яркіх, але выцьвіўшых праз доўгія гады габэленаў.

Багдановіч ведаў, які канец судзіла яму доля, і сам аб ім гаварыў:

Не кувай ты, шэрая зязюля,

Сумным гукам у бары;

Мо і скажаш, што я жыці буду,

Але лепш не гавары:

Бо ня тое сьведчыць маё сэрца,

Грудзі хворыя мае;

Боль у іх мне душу агартае,

Думцы голас падае.

Кажа, што нядоўга пажыву я,

Што загіну без пары...

Прыляці ж тады ты на магілу,

Закувай, як у бары.

Дый папраўдзе пражыў нядоўга: усяго дваццаць пяць гадоў — і зышоў у магілу

ў той вялікі мамэнт, калі думкі-сны аб адраджэньні яго народу, аб вызваленьні ўмілаванай, хоць і далёкай Беларусі пачынаюць збывацца, абяртаючыся ў жывое дзела.

У чужой зямлі Маскоўскай доля судзіла яму ляжаць і па сьмерці...

Сьпі ціха, спакойна, дарагі Таварышу. Няхай над Тваей магілай у праменьнях месяца кружацца ў карагодзе заклятыя ў тваіх вершах русалкі, няхай лясун і вадзянік завядуць на Табой свае песьні, няхай душы прашчураў нашых, каторых Ты вызваў нанова да жыцьця, навеюць Табе ціхі, мірны сон...

Сьпі мірна... А мы, каторых Ты пакінуў без пары, будзем за Тваім прыкладам далей вясьці дзела служэньня нашаму Народу як хто дуж, чэрпаючы асалоду ў чыстай красе Тваіх вершаў, ачышчаючы ў ей душы нашы ад брудаў буднага жыцьця.