Памяці Максіма Багдановіча (Краўцоў)

Памяці Максіма Багдановіча
верш
Аўтар: Макар Краўцоў
1918
Крыніца: Вольная Беларусь, 1918. - №19
(У рочніцу яго сьмерці).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Навекі сьціх песьняр наш мілы,
Пакінуў ліру сіратой.
Гарэў аднэй аж да магілы
Ты думкай шчыраю сьвятой.

Здалёк ад Бацькаўшчыны, хворы,
„Вянок" безсьмертны ты сплятаў;
У «вясёлых струнаў пераборах»
У свой родны край пералятаў.

Ты аквяціу жыццем і верай
Вось гэты хмурны, бедны люд.
Прад ім ужо новай долі дзьверы,
А ты—ні чуеш... ты—ні тут.

Але жыве твой покліч звонау,
Жыве чароўных музаў рой!
Німа для іх цяпер прыгонаў—
Апекі зьнішчанай, старой!

Там вечны покой, адпачынак,
А тут ні вызначаны льос,
Чуць нарыхтованы будынак
Ды, як даўней,—мільёны сьлёз.

Прачніся! глянь ты, наш прарочэ!
Што будзе з гэтаго, скажы?
Чаго ж яшчэ сьвет ад нас хоча—
Чые псуем мы рубяжы?

Не!.. спачывай ты лепей ціха
У нізьмерным царстві лірных слоў.
Ні згіне родная ткачыха—
Тчэ долю Бацькаўшчына зноў.

Сьпі, верны сын свае айчыны!
Ты скончыў песьні, як умеў.
Пра зоры сьветлай будучыны
Знаць, ні дарэмны твой напеў!