Памяці Ф. Багушэвіча
Памяці Ф. Багушэвіча верш Аўтар: Казімір Сваяк 1919 Крыніца: Сваяк, К. Выбраныя творы / Казімір Сваяк; Мінск: Кніга збор, 2010. — 472 с. - с. 99 |
Чэсць Табе, пясняр народны,
Што ад сну нас адарваў,
Што нас пхнуў на шлях свабодны,
Першы нас людзьмі назваў.
Беларус твае матывы
Запяяў па ўсёй зямлі…
Счэзлі нашыя сумнівы,
Сваю веру мы знайшлі.
Верым, што ў нядоўгім часе
Ападуць з рук ланцугі —
А аб тым святым папасе
Пяяў ты нам — не другі.
Ты ж прасіў, каб праўду ўрэшце
На зямельку Бог спаслаў,
А мы чуем ужо весці,
Што час гэты дзесь настаў.
З Тваёй песні мы пазналі,
Хто нам вораг, а хто брат —
Мы ўжо з пана падсміхалі,
Бо пазналі, што ён гад!
Ў тваіх песнях, як у люстры,
Стаіць чысты беларус,
Хоць і сумны, але шустры:
Скача, падкруціўшы вус!..
Даю чэсць табе паклонам,
Што так пекна ты умеў
Заіграць прад музы тронам,
Хоць і строіцца не смеў.
Бо у песні Тваёй годзе
Блыску й роскашы шукаць —
Душы чыстай у народзе
Трэба чысту страву даць!
1919