Памяці Цёткі (Луцкевіч)

Памяці Цёткі: У гадаўшчыну сьмерці
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1917
Крыніца: Homan. 1917. 6 лют.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Для вялікіх дзел патрэбны людзі сільнай душы і вялікага сэрца. Каб новая ідэя, новая сьветлая думка дайшла да вушэй народу, яе павінны абвяшчаць людзі-прарокі, чый голас, як той старадаўны звон вечавы, будзіў бы прыспаныя сэрцы, прамаўляў бы да суменьня людзкога, не даваў бы супакою тым, хто ў шэрым будзенным жыцьці забыўся аб сваей годнасьці чалавека, забыўся, хто ён ёсьць і кім быць павінен.

Гэтак прамаўляюць да людзей паэты; гэткую сілу маюць і тыя, хто, цьвёрда веручы ў сьвятасьць сваей справы, аддае дзеля яе ўсе свае сілы, сваё асабістае шчасьце, сваё жыцьцё — усяго сябе. Толькі сваім ахвярным жыцьцём, толькі сваей крывёй сардэчнай, пралітай дзеля вялікай ідэі, тварцы і сяўцы яе могуць павясьці за сабой народныя масы, падняць іх да вышыні тэй ідэі.

Такую вялікую душу, такі магутны голас мела адна зь першых работніц на ніве адраджэньня сталецьцямі паняволенага народу беларускага — без пары сышоўшая ў магілу с. п. Алёйзія з Пашкевічаў Кейрысовая, першую гадаўшчыну сьмерці каторай памянула ўчора беларускае грамадзянства.

Углядаючыся ў сьветлы ідэал вызваленьня свайго народу ад фізычнага і духовага рабства, ішла Яна цярністай сьцежкай свайго жыцьця. Многа, многа каменьняў ляжала на Яе дарозе: спазнала яна і голад, і холад, і сьмяротную адмогу, калі веляможныя ворагі народу нашага, засудзіўшы яго жывога на сьмерць, на кожным кроку зьдзекаваліся і прасьледавалі Яе за Яе працу. О, бо ворагі нашы ўмелі нанасіць страшэнныя ўдары тым, хто асьмеліўся сказаць новае слова аб нашым народзе: адны не шкадавалі насьмешак і адкрыта нападалі, апіраючыся на фізычную сілу наездчыкаў; другія нанасілі ўдары ў сьпіну, стараючыся пад маскай фальшывай дружбы ўліць у душу яд недавер’я да самай ідэі беларускага адраджэньня, яд сумяваньня аб сваіх сілах і сілах народу. Але Яна, слабая і хворая фізычна, мела душу, быццам каваную са сталі, мела сэрца пламеннае, — і ні простыя ўдары, ні замаражываючыя ўсялякі гарачы парыў Юдавы словы не здалелі забіць у Ей веру ў свой народ. У натхнёных словах сваіх паэтычных твораў звала Яна братоў сваіх «да сонца, да зор!» На гутаркі аб слабасьці народу адказывала славамі, поўнымі веры ў сілу мільённых грамад «шэрых», простых людзей:

Цяпер, брацьця, мы з граніту,

Душа наша — з дынаміту;

Рука цьвёрда, грудзь акута, —

Пара, брацьця, парваць пута!

Калі ў часе вялікай расейскай рэвалюцыі народ наш першы раз «свой голас даў», Цётка была ў першых радах байцоў за волю народную. Сьмела, бяз страху за свой заўтрашні дзень выступала Яна на вялікіх народных мітынгах, якія тады рэвалюцыйныя арганізацыі сазывалі ў сталіцы нашага Краю, і ў гарачых прамовах кідала словы прызыву да сваіх паняволеных братоў і словы пракляцьця насільнікам. Тут, у Вільні, знаў яе ўвесь рабочы народ. Зналі па ўсім Краю «грамадзяне» адважную таварышку зь Беларускай Сацыялістычнай Грамады — Цётку.

А калі насталі часы рэакцыі і «расплаты» царскага ўраду за рэвалюцыйную работу, Цётка, выехаўшая за граніцу, усе сілы свае аддавала беларускай культурнай рабоце. Чуткім сэрцам прачувала Яна, што недалёка той час, калі ад прызываў і прапаганды прыйдзецца перайсьці да будаваньня асноў самабытнага культурнага бытаваньня беларускага народу. І сваю любоў да «братоў сярмяжных», да родных ніў і вёсак ўліла Яна ў свае кніжкі для школы беларускай, ладжанай цішком — пакрыёму.

Ажно вялікую веру Яе ў жывую сілу свайго народу пацьвердзіла само жыцьцё: для часьці нашага Краю апалі путы рабства, і мова беларуская здабыла ўрэшце прыналежнае месца ў нашым грамадзкім жыцьці. Дык ураз жа пасьля адходу расейцаў Цётка кінулася да арганізацыі беларускіх школ у Вільні, курсаў і іншых беларускіх арганізацый. І тут Яна была заўсёды першая, выяўляючы незвычайную, непадобную да веры рухлівасьць і працавітасьць. Зь Яе імем назаўсёды зьвязана справа беларускай школы.

Ліхая доля судзіла Ей сьмерць у той самы мамэнт, калі Цётка найболей рвалася да жыцьця, калі была найбольш патрэбна свайму народу. Але, паміраючы, Яна мела прынамсі тую пацеху, што бачыла першыя праявы правядзеньня ў жыцьцё свайго ідэалу.

Не змарнаваўся доўгі, цяжкі труд найлепшых гадоў жыцьця Яе. Справа беларуская стаіць ужо на цьвёрдым фундамэнце, — і кожын дзень прыносіць беларускаму народу ўсё новыя і новыя заваяваньні. Думкі-сны невялікай калісь грамадкі ідэалістаў збываюцца на яве. І мы, таварышы Яе трудоў пры пракладаньні дарогі да лепшай будучыні народу нашага, у гадаўшчыну сьмерці Цёткі найлепей ушануем сьветлую памяць Яе, падвоіўшы энэргію ў далейшай працы дзеля роднай Беларусі.