Запавет Сымона Пятлюры. Памяці палеглых за дзяржаўнасьць
Запавет Сымона Пятлюры. Памяці палеглых за дзяржаўнасьць Публіцыстыка Аўтар: Сымон Пятлюра 1926 (пераклад 2021) Арыгінальная назва: Пам’яті полеглих за державність Пераклад: Gleb Leo Крыніца: Украінскія вікікрыніцы |
СЫМОН ПЯТЛЮРА ГАЛАВА ДЫРЭКТОРЫІ І ГАЛОЎНЫ АТАМАН ВОЙСКАЎ[1] УКРАІНСКАЕ НАРОДНЯЕ РЭСПУБЛІКІ ☆ 23. V. 1879 — † 25. V. 1926 |
ПАМЯЦІ ПАЛЕГЛЫХ ЗА ДЗЯРЖАЎНАСЬЦЬ
У ДЗЕНЬ СЬВЯТА ўкраінскай дзяржаўнасьці ўстаюць перад мною постаці рыцараў і пакутнікаў вялікай ідэі.
Тых, што жыцьцём сваім заплацілі за сваю веру ў яе.
Тых, што ўласным чынам крыві і працы, гарачага патрыятызму і выкананьня абавязку, уменьнем — для адных слухацца і для другіх загадваць, а абоім і разам карыцца вышэйшым загадам нацыі, яе правадыром пераказаным, распачаць новую добу ў гісторыі Ўкраіны.
Тых, што стварылі супольным чынам свайго жыцьця найлепшую легенду нацыі — легенду збройнае барацьбы за сваё права жыць вольнай і дзяржаўна-незалежнай.
Тых, хто заслужыў права на тое, каб стаць незабыўным у гісторыі Ўкраіны, хто зьвязаў яе велічную мінуўшчыну са сьветлай будучыняй і пераказаў нам, жывым ды наступным пакаленьням, вялікі запавет: нацыянальнае помсты ды незавершанага чыну.
Шлях вызваленьня кожнае нацыі густа кропіцца крывёю. Нашай — таксама. Крывёю чужой і сваёй. Варожай і роднай. Кроў заканчвае глыбокія працэсы нацыянальных эмоцыяў, усьведамленьняў, арганізацыйнае працы, ідэалягічнае творчасьці, усяго таго, што нацыя і сьвядома і ірацыянальна выкарыстоўвае для сьцьверджаньня свайго права на дзяржаўнае жыцьцё.
Кроў, палітая для гэтае велічнае мэты, не засыхае. Цяпло яе ўсё цёплым будзе для нацыі, ўсё адыгрывацьме[2] ролю неспакойнага, трывожнага фэрмэнту, што нагадвае пра няскончанае і кліча на прадаўжэньньне распачатага.
З гэтым пачуцьцём заўсёды перажываю я нашае сьвята дзяржаўнасьці. Яно ўсё зьвязваецца ў мяне з дарагімі незабыўнымі абразамі тых, хто даў нам права яго сьвяткаваць, падобна да таго, як вялікасныя мэлёдыі нашага гімну, што ў гэты дзень здаюцца асабліва ўрачыстымі, а словы абавязальнымі, — усё зьліваецца зь перадсмяротнымі стагнаньнямі тых, чый дух тады толькі паверыць у шчырасьць і паважнасьць нашага сьвяткаваньня, калі ня словамі-сьпевамі, а справамі дакажам нашую маральную вартасьць быць дастойнымі сьвята.
Хай жа ў гэты дзень мы глыбей, чым калі-колечы, адчуваем вялікую вагу перадсьмяротных запаветаў нашых рыцараў.
Хай сёньняшняе сьвята навучыць нас шанаваць памяць палеглых і беражна песьціць традыцыі барацьбы за ўкраінскую дзяржаўнасьць, такія чыстыя, такія шляхотныя, бо й апраўданыя і акропленыя сьвятой крывёю найлепшых сыноў нацыі.
А найгалаўнейшай з тых традыцыяў будзе: памятаць пра нямінучасьць аднаўленьня барацьбы тымі самымі прыладамі і пад тымі самымі споклічамі, каторымі карысталіся і якімі адушаўляліся ахвяры ваенных падзеяў 1917—1920 гадоў.
Украінскія мячы перакуюцца на ралы толькі тады, калі спокліч Незалежная Ўкраінская Дзяржава ператворыцца ў рэчаіснасьць і забясьпечыць вось гэтаму ралу мажлівасьць скарыстаць родную плённую зямлю зь яе незьлічонымі багацьцямі не для патрэбаў трэцяга, або другога з паловай, ці якога іншага інтэрнацыяналу, а для ўсталяваньня і ўзмацненьня ўласнага дзяржаўнага дабра і ўзбагачэньня роднага народу.
Такім чынам: не забывайма пра меч; вучымся мацней трымаць яго ў руках, а адначасна дбайма пра адраджэньне нацыяй маральных элемэнтаў яе быцьця — творчае любові да Бацькаўшчыны, засьцярожлівасьці да ворага ды помсты за крыўды, учыненыя ім, — у сымбіёзе якіх знойдзем[1] і верны шлях да вызваленьня і праграмаў для будаўніцтва.
Вялікі чын нашых рыцараў вучыць вернасьці ідэалам і уменьню падпарадкоўвацца. Толькі вернасьць і паслухмянасьць твораць перадумовы посьпеху нацыянальнае барацьбы.
Каля споклічу: Украінская Народняя Рэспубліка — Украінская Незалежная Дзяржава аб’ядналіся ўсе сапраўды актыўныя сілы нацыі ў яе барацьбе за незалежнасьць. Толькі ў маральнай атмасфэры, утворанай той барацьбой, маглі зьявіцца сьветлыя постаці палеглых, толькі на гэтым грунце магла нарадзіцца жывая легенда дальнейшае нашае барацьбы, што жыве няўміручай у душы нацыі і фэрмэнтуе яе сілы на новыя выступы.
Маральным чатырохкутнікам — вось тым стараказацкім табарам — паставімся мы ў переходныя дні нашае гісторыі да ўсіх нягодных наступаў на нашае адзінства ды вернасьць выпрабаваным ідэям. Гуртуймася адзін каля аднаго з гатоўнасьцю ўзаемнае дапамогі і перасьцярогі — і мы вытрымаем усе „меры і пробы” незалежна ад таго, ці яны паходзяць зь нейкага інтэрнацыяналу або ад ягоных клясакратычнага антыподу.
Вернасьць ёсьць асновай ня толькі радзіннага[3] жыцьця. Вернасьць ідэям ёсьць падставай унутранае сілы шырэйшых грамадзкіх аб’яднаньняў, да нацыянальнага ўключна. Наша вернасьць тым ідэям, за якія галовы паклалі незабыўныя, рыцары збройнае барацьбы за украінскую дзяржаўнасьць з часаў 1917—1920 гг. будзе найлепшай пашанай да сьветлай памяці іх, да вялікага чыну іхняга жыцьця і нарэшце да розуменьня глыбокага зьместу гэтае думкі, каторую ўклаў заканадавец у акт сьвята Ўкраінскае Дзяржаўнасьці.
С. ПЯТЛЮРА
Парыж.
В-ва „Неділя“
Заўвагі перакладчыка
правіцьГэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты.