Памяці поэта
Памяці поэта Верш Аўтар: Міхась Васілёк 1927 Крыніца: Газэта «Беларускі Дзень», № 3, 19 сакавіка 1927 г., б. 3 |
прысвечаны памяці Алеся Гаруна |
Ціха бяз шуму, як сонца бліскучае,
Зьнікла раптоўна за кучаю хмар —
Вырвала душу нядоля балючая,
Страціў жыцьцё ты, наш родны пясьняр.
Ўсё, што любіў ты душою поэта,
Больш для цябе ня істнуе ўжо век —
Змоўк без пары, не дасягнута мэта,
Зьлёг, як трава пад касой, — чалавек.
Зычныя водгукі думкі свабоднай
З вусн не пальлюцца да сонца, да зор;
Жальбавых песьняў нядолі народнай
Больш не пачуе радзімы прастор.
Сьціхла вясновая песьня маёвая,
Зьвяў расквітнеўшы прыгожанькі цьвет,
Моцна зачынена скрыня хваёвая —
Сьпіць малады адраджэнец, поэт.
Скаргаў пакуты ня будзе больш чуці
Бедных спрадвеку гаротных братоў,
Сэрца любоўю ня будзе гарэці,
Родных, бадзёрных ня скажа ім слоў.
Сьпі-жа пясьняр наш пад сховам магілы!
Шчыра служыў ты для нас, як умеў,
Покі хапала ў грудзёх тваіх сілы.
Сьпі, брат, спакойна, твой дзень дагарэў.