Паніч і дзяўчына
паэма
Аўтар: Антон Адынец, Адам Міцкевіч
Пераклад: Якуб Колас
верш Антона Адынца, апошнія дзве страфы якога напісаныя Адамам Міцкевічам

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адам МІЦКЕВІЧ

ПАНІЧ І ДЗЯЎЧЫНА

I

Збірае дзяўчына
У гаю суніцы
І бачыць — хлапчына,
Паніч белаліцы.

Пачціва скланіўся,
З каня ён саскочыў.
Твар дзеўчы змяніўся,
Спусціла ў дол вочы.

«Дзяўчына кахана!
Сюды, у дубровы,
З сябрамі урана
Прыбыў я на ловы.

Блукаю тут многа
Адзін без пуціны.
Скажы, дзе дарога,
Красуня-дзяўчына?

І з лесу ці скора
Ці выведзе сцежка?»
«Яшчэ пан упору
Заедзе без спешкі.

На полі, бач, дрэва,
Навокал — бярозкі,
Адтуль шлях налева
Паблізу ад вёскі.

На горку і хмызам
Ды ўправа над рэчкай,
Праз мосцік, млын, нізам,
Там згледзіш мястэчка».

З падзякай спакусна
30 Ён руку паціснуў,
Прыльнуў к яе вуснам,
На коніка свіснуў.

Мільгнуўся, як птушка,
Няма яго ў гаю.
Ўздыхнула пастушка.
Чаго? Я не знаю.

II

Збірае дзяўчына
У гаю суніцы
І бачыць — хлапчына,
40 Паніч белаліцы.

Здалёку гукае:
«Скажы мне, дзяўчына,
Мо ёсць дзе другая
Ў мястэчка пуціна?

Ні рэчкі змялелай,
Ні мосціка тога.
Ўтапіць ты хацела
Хлапца маладога».

«То едзь, пан, пуцінай,
50 Што там пры кургане».
«Ну дзякуй, дзяўчына».
«Бывайце, васпане».

Пайшла ў лес пуціна,
Няма яго ў гаю.
Ўздыхнула дзяўчына.
Чаго? Ой, я знаю!

III

Збірае дзяўчына
У гаю суніцы
І бачыць — хлапчына,
60 Паніч белаліцы.

І роніць ёй словы:
«Дзяўча, бойся бога!
Я ўехаў у ровы,
Хіба ж то дарога?

Слядоў ад павозкі
Не згледзіш і знаку,
Хіба мо хто з вёскі
Працягне дзярвяку.

Палюю ад рана,
70 З дарогі я збіўся —
І сам змардаваны,
І конь затаміўся.

Язда безупынку
І прага даймае.
Пушчу на хвілінку
Папасвіць каня я».

Пачціва скланіўся,
З каня ён саскочыў.
Твар дзеўчы змяніўся,
80 Спусціла ў дол вочы.

І слоў ані слыху.
Па хуткай жа хвілі
То ўголас, то сціха
Яны гаварылі.

Ды ветрык там дзьмухаў
У лес, у дубровы,
І я не даслухаў
Хлапецкай размовы.

З вачэй жа і з міны
90 Я пэўна дазнаўся,
Што больш ён ў дзяўчыны
Дарог не пытаўся.