Пара звярнуць увагу

Пара звярнуць увагу
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 21 ліпеня 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с.— (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шмат хто спадзяваўся і да гэтага часу спадзяецца, што ў сваіх нацыянальных дамаганнях стрэне прыхільнасць і дапамогу сярод расійскага (маскоўскага) грамадзянства. Думалася, што ў нацыянальным уціску вінавата адно самадзяржавіе, а інтэлігенцыя велікаруская тут непрычынна: што яна гэтаму ніколі не спачувала, а толькі моўчкі пераносіла гвалт і паняверку. Здавалася, што трэ скінуць самадзяржавіе, і жаласлівая маскоўская інтэлігенцыя рынецца к нам на падмогу, паможа ўстаць нам на ногі і тым знішчыць цяжкія скуткі царскага панавання. Але гэта памылка. Шырокі ўкраінскі рух паказаў, што маскоўскае грамадзянства наскрозь цэнтралістычна, што таёмна спачувала яно не нам, а самадзяржавію і лічыцца толькі з сілай, толькі з голым, моцна падкрэсленым фактам. У гэтым сэнсе выказаліся ўсе расійскія газеты, і нацыянальны рух выклікаў у іх нездавальненне і нават пагарду. Украінскі універсал голасна сведчыць, што чакаць падмогі і спачування адтуль не мае пад сабой грунту. І характэрна, у той час, як украінскі рух дзён колькі не зыходзіў з аркушаў расійскіх газет, ніводная з іх нават і словам не заікнулася аб беларусах, так як іх на свеце не было, так як Беларусь саўсім не існуе. Яны паважаюць толькі сілу і рахуюцца з голым, моцна падкрэсленым фактам…

Праўда, непрыхільнасць сваю да нацыянальнага руху маскоўскае грамадзянства тлумачыць тым, што разважаць свае ўласныя, хатнія спрэчкі цяпер не па часе, што цяпер бязладзіца, вайна і т. д. На жаль, аргументацыя іх саўсім непраканалая і больш падобна да няўдалай агаворкі і ўхілення, чым на адкрыты брацкі адказ. За вайну цяпер хаваецца кожны, хто мае крывыя думкі і не можа проста пазіраць у вочы. Вайна — гэта тая фартэцыя, адкуль смела страляюць усе, каму страляць хочацца: рэакцыянеры і паступоўцы, рэвалюцыянеры і кансэрватысты. Вайна ўсяму замінае і ўсяму… памагае. Хіба не вайной палохалі нас тыя, хто баяўся рэвалюцыі? Хіба не казалі нам, што было б вар’яцтвам ушчынаць рэвалюцыю, покі не скончыцца вайна, і хіба рэвалюцыя адбылася і адбываецца не ў час ваеннай калатніны?

Хіба васьмігадзінны дзень працы, гэта вялікай вагі сацыяльнае (грамадскае) пытанне, заведзены не цяпер, не ў час вайны? Ласне здавальненне справядлівых жаданняў не ўзмацняе сілы дзяржавы, ласне згода і супрацоўніцтва не павялічвае працаздольнасць грамадства?.. Не, вайна тут не замінае і мае такі сэнс, як «у вагародзе лебяда, а ў Кіеве дзядзька». Вайна тут прыплятаецца дзеля таго, каб шляхетна ўхіліцца ад нежаданай справы…

Трэба памятаць, што кожны ўчынак, кожная падзея мае сваю філасофію, і ўсё, што робіцца на свеце, дык рупіцца мець свой уласны грунт і апраўданне. Каб даведацца аб тым, чым была выклікана расійская непрыхільнасць да нацыянальнага руху — сапраўды вайною ці чым іншым, цэнтралістычнымі звычкамі, напрыклад, — дык нам трэба азірнуцца назад і глянуць на тое, як стасавалася расійская інтэлігенцыя да недзяржаўных нацый да гэтага часу і чым яна выявіла сваё спачуванне да нацыянальнага руху ў сябе дома, пад бокам, хоць бы да нас, беларусаў, напрыклад.

Маскоўская, або велікаруская, інтэлігенцыя цікавілася ўсім, толькі не сваімі суседзямі, толькі не беларусамі і не ўкраінцамі. Бліжэйшая сястра наша па крыві, мове і гістарычнай доле — Украіна — наўмысля, дзеля інфармацыі (азнаямлення) выдавала асобны журнал, як бы кажучы: «Схамяніцеся, панове-брацця, мы ж тысячу раз цікавей готтэнтотаў і батакудаў, лёс каторых так пільна займае вашую думку!» І дапраўды, калі ўважна перагартаць маскоўскую літаратуру, дык нідзе не спаткаеш таго, каб яна сапраўды цікавілася тым: хто гэта беларусы, які іх край, што тут за людзі, якой мовай гавораць, чаго яны хочуць, куды ідуць, чаго дамагаюцца і чаму… маўчаць. У гэтым сэнсе маскоўская інтэлігенцыя моўчкі трымалася таго пагляду, які вытварыўся яшчэ з часоў маскоўскага князя Івана Каліты. Беларусь — гэта «вотчына», тая самая Яраслаўская губернія, толькі з асобнай назвай. І калі часам траплялі да нас гісторыкі ці лінгвісты, дык яны ўжо наперад пэўны былі, што стрэнуць тут сваіх «тульскіх мужычкоў», толькі з цікавымі асобнасцямі. Тут людзі дзэкаюць, спраўляюць Купалле, ходзяць з гваздаю на Каляды, а па валачобнаму на Вялікдзень загавораць — дык уцяміць трудна. Заміж гаспадзін — пан кажуць, заміж здравствуй — дзень добры даюць, і ў размове з бабамі можна аб трэсцы дачуцца,— аб той самай праклятай трэсцы, каторая таямніцай стырчыць у летапісах «ісконі маскоўскіх» і турбуе голаў вучоным аж да нашага часу. Цікавы край, цікавыя людзі, а маскоўскія вучоныя шчыра і сумленна разглядалі нас праз свае маскоўскія акуляры, атрыманыя ў спадчыну ад розных Іванаў, князёў маскоўскіх. Што Беларусь паўтараста толькі год, як прылучана да Масквы, што яна мела сваё магутнае гасударства, сваю культуру, асвету і навуку, што беларускія вучоныя нямала працавалі дзеля асветы маскоўскага царства, што сама граматыка іх пабудавана на грунце беларускай мовы — гэтым яны не цікавіліся, гэтага яны ніколі не таркаліся і абыходзілі навокала. На што яго чапаць, калі яно маўчыць і не варушыцца, і так прыемна аглядаць чужое дабро, як сваю маёнтнасць, багацце і пыху.

Тым часам не магла ж маскоўская інтэлігенцыя не бачыць, што ў нас штось дзеецца нядобрае. Паўтараста год Беларусь маўчыць, паўтараста год стаіць тут магільная ціша. Няўжо «благаденствуютъ»? Дык тады незразумела, чаму абы дэпутат з Беларусі, дык царскі прыхвасцень; што не цёмная сіла, дык родам дзесь з гэстага боку…

Царызм будаваў сваю моц на абрусіцельстве і ўціску недзяржаўных нацый. Перакінчыкі і рэнегаты былі кайданамі на нагах паступовага (прагрэсіўнага) і рэвалюцыйнага грамадзянства; нацыянальны ўціск валтузіў і затрымоўваў поступ культуры і прагрэсу; недзяржаўныя нацыі заўсёды кішэлі чорнымі сотнямі, на здрадніках і рэнегатах трымаўся царскі трон, а маскоўская інтэлігенцыя, змагаючыся з царызмам палітычна і сацыяльна, пра абрусіцельства і нацыянальны здзек маўчала. Уся прамысловасць нашага краю сцягвалася к цэнтру, жалезныя дарогі гэтаксама; не адзінай вышэйшай школы на цэлы край, на цэлы дзесяцімільённы народ, а маскоўская інтэлігенцыя, турбуючыся аб народнай прасвеце, пра універсітэт на Беларусі маўчала, свядома маўчала пра цэлы край.

На шляху нацыянальнага здзеку самадзяржавіе не страчала сабе перашкоды. Мала таго, расіец, выхаваны на славэтных традыцыях «собирателей земли русской» і трапіўшы да нас у заработкі, добраахвотна памагаў нішчыць душу беларускаму народу.

Расійскае самадзяржавіе трапіла да нас у той час, як усе вышэйшыя станы і інтэлігенцыя нашага краю былі спаланізаваны (апалячаны). Заставаўся адзін цёмны, забіты народ. Трэ было даць яму інтэлігенцыю, надзяліць загадчыкамі, і яно панасылала сюды сваіх чыноўнікаў, паноў-землеўласнікаў ды злучна з імі распачало сваю душагубскую працу. Надарованыя маёнткамі памешчыкі і пасадамі чыноўнікі, па сумленню аддзячылі ласкаваму самадзяржавію. Яны стараліся не за страх, а па сумленню, як іх пенька не трэснула.

Але самадзяржавіе разумела, што адным наводным, чужым элементам многа не зробіш. Народ заўсёды будзе кастрыцца на чужынцаў і не так пакорліва пойдзе за імі, як таго бажаецца. Трэба закрасіць чужынцаў мясцовым элементам, тутэйшымі людзьмі, тагды справа пасунецца лагодней і скутачней. І, распачынаючы сваю сатанінскую працу, самадзяржавіе, як той злодзей у сваёй ахвяры, перша-наперш вырвала ў народа яго язык, яго мову, роднае слова. Дзеля гэтага забараніла вучыць, чытаць і друкаваць па-беларуску і выгнала спрадвечную мову нашу з усіх інстытуцый краю. Далей, пабудавала школаў-казёнак, дзе атручвалі розум дзіцячы пагардай і здзекам з беларушчыны і выраблялі фанатычных абрусіцеляў і верных памочнікаў сабе і сваім наймітам.

Народ і скардзіцца не мог. Чужой мовай гора не выкажаш, чужым словам жалю не вылажыш. Запякліся вусны ад смагі, рвалася сэрца ад болю і мукі, а народ маўчаў і нават плачам не мог паклікаць людзей на ратунак, звярнуць на сябе ўвагу людскую. Запанавала магільная ціша. Толькі калі-нікалі смяртэльны спакой прасякнуўся шатанскім рогатам чорнай соткі і ачумелымі скокамі здраднікаў і рэнегатаў роднага краю. А народ маўчаў, і толькі змарнелыя вочы яго адбівалі нявыказаную муку, пякельную пакуту і сусветнае гора. Але хто бачыў гэта? Хто, жаласлівы, прынёс яму слова ўцехі, хто мог абагрэць яго ласкаю, светлай надзеяй і спадзяванкай, калі родныя дзеці пакінулі яго і абыходзяць навокала, як біблійныя людзі Іова.

А маскоўская інтэлігенцыя моўчкі пазірала на агонію нашай старонкі. Родная мова, родная школа — гэта там, за граніцай, нацыянальны здзек і паняверка — кепска там, дзе немец катуе Славянаў. А дома гэта «славянские ручьи сливаются в русском море», гэта «собирается Русь воедино». Стогн і енк недзяржаўных нацый — гэта брацкі гімн на банкеце злучэння. Паўтаравяковая беларуская ціша — гэта «благоденствие под сенью российской культуры…».

Цяпер пытанне не ў тым, ці спачувае нам маскоўская інтэлігенцыя, ці не. На спачуцці гісторыя не будуецца. Гістарычная чыннасць грунтуецца толькі на сіле, а грамадзянскі лад вырабляецца ўмеркаваннем (соотношением) яе. У гэтым выпадку людзі рахуюцца толькі з фактамі. У змаганні за сваю нацыянальную самабытнасць, за сваё нацыянальнае істненне ніхто нам не паможа. У нашай справе мы сабе і работнікі, і памочнікі, і ў справе ўласнага вызвалення павінны чэрпаць сілу, веру і надзею.

Нацыянальнае вызваленне — гэта барацьба культур. Само разуменне гэтай справы паказвае, што той, з кім боруцца, на моцы свайго змагання не можа перайсці на бок праціўніка. Беларуская культура вальчыць на два бакі — на польскі і маскоўскі, — і было б дзяцінствам думаць, што прадстаўнікі той ці другой культуры далучацца да нас ды стануць біць саміх сябе. І калі мы хочам жыць на свеце, калі мы хочам быць беларусамі, калі нам сапраўды праціўна рабіцца цэглай і кахляй на чужы будынак, на чужую славу і пыху, дык мы павінны нябаўна, цяпер жа злучыцца ў адну згодную, моцна злучаную грамаду, павінны стварыць ядыную, моцную, як мур, сям’ю беларусаў і згодна паўстаць на абарону сябе, свайго гонару і нацыянальнага істнення.

Гісторыя вучыць, што раз змаганне паўстала, дык не спыніцца ніколі, покі не даб’ецца перамогі, покі распачатая борка не скончыцца вызваленнем пакрыўджанага, зняважанага і абяздоленага. Перашкоды на гэтым шляху толькі распаляюць хцівасць, валтузяць, злуюць і нахіляюць людзей на прыкрыя ўчынкі, але жаданых скуткаў не набіраюць. Ідэя гвалту не баіцца, і святло вызвалення блішчыць людзям вечна.

Дык выходзьма на работу! За нас гісторыя, культура, прагрэс; нам дапаможа няўхільнасць гістарычнай паступовасці і вялікая ідэя несмяртэльнасці нацыянальнага пачатку. Нацыянальнасць — гэта крыніца, гэта вечны калодзеж людскага багацця, цнот і развою ўсяго чалавецтва. Касмапалітызм — выдумка буржуазная, хітрая пагудка капіталістычнага ладу. Як імперыялізм — безадхланная жадоба ўладаць адным усёй зямлёй, так і касмапалітызм ёсць хітрыкі прамысловасці, капіталізму. Тым, хто дамагаецца ўладаць сусветнымі рынкамі, карысна зрабіць увесь свет шэрым і мутным, бо ў каламутнай вадзіцы ямчэй рыбу лавіць.

Нацыянальнасць — вот грунт дэмакратыі. Толькі праз нацыянальнасць, праз захаванне крыніцы прагрэсу, мы трапім да згоды, у свет братэрства і сацыялізму. Толькі праз нацыянальнасць людзі дайшлі да сучаснай вышы культурнага развіцця. Нацыянальнасць стварае ўсё: навуку, штукарства і літаратуру.

Толькі стаўшы на грунт нацыянальнай культуры, З. Еўропа выйшла з цемры варварызму на шлях светлай паступовасці. Толькі на грунце роднай культуры мог з’явіцца Талстой, Шэкспір, Сервантэс ці Гётэ; толькі англійская культура магла спарадзіць Дарвіна, а нямецкая дала нам Канта.

Так вучыць гісторыя.

Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.