Пасеклі Край наш
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
25 траўня 1928[1]
Крыніца: Наша Ніва

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пасеклі Край наш папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі.
Вось гэта — вам, а гэта — нам,
Няма сумлення ў душах рабскіх.

І цягнем мы на новы строй
Старую песню і чужую:
Цыгане шумнаю талпой
Па Бесарабіі качуюць…

За ўсходнім дэспатам-царком
Мы бегаем на задніх лапах,
Нью-Ёрку грозім кулаком
І Чэмберлена лаем трапна.

Засыплем шапкамі яго,
Ура, ура — патопім ў соплях.
А нас тым часам з году ў год
Тут прадаюць ўраздроб і оптам.

Мы не шкадуем мазалёў.
Мы за чужых праклёны роім,
Але без торгу і без слоў
Мы аддаем сваіх герояў.

Не смеем нават гаварыць
І думаць без крамлёўскай візы,
Без нас ўсё робяць махляры
Ды міжнародныя падлізы.

Распаўся б камень ад жальбы
Калі б ён знаў, як торг над намі
Вядуць маскоўскія рабы
З велікапольскімі панамі.

О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні
Такі разлом, туга такая!
І баюць байкі баюны
Северо-Западного края…

Плююць на сонца і на дзень.
О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?
Ім мураўёўскі б гальштук ўздзець,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым…

Але яшчэ глушыце кроў.
Гарыць душа і час настане,
Калі з-за поля, з-за бароў
Па-беларуску сонца гляне.

Тады мы ў шэрагах сваіх,
Быць можа, шмат каго не ўбачым.
З тугою ў сэрцы ўспомнім іх,
Але ніколі не заплачам.

А дзень чырвоны зацвіце,
І мы гукнем яму: «Дабрыдзень».
І са шчытом ці на шчыце
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.

(1928)

  1. Ганна Севярынец. «За ўсходнім дэспатам-царком мы бегаем на задніх лапах»: стала вядомая дакладная дата напісання легендарнага «Пасеклі край наш папалам» // «Наша Ніва» 26 лютага 2018