Пасланьне да Жыдоў сьв. ап. Паўлы
← Пасланьне да Філімона сьв. ап. Паўлы | Пасланьне да Жыдоў сьв. ап. Паўлы Аўтар: Апостал Паўла Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч |
Адкрыцьце сьв. Іоана Багаслова → |
Разьдзе́л 1
правіць1 Бог, які многакротна і рознымі спосабамі прамаўляў здаўна да айцоў праз прарокаў,
2 у апошнія гэтыя дні прамовіў да нас праз Сына, Якога наставіў за насьле́дніка ўсяго, праз Якога й вякі стварыў.
3 Той, будучы зьяньнем славы і ўзорам пастаці Яго, усё словам сілы Свае́й носячы, учыніўшы цераз Сябе́ ачышчэньне грахоў нашых, се́ў праваруч ве́лічы на вышынях,
4 дасканальшы за Ангелаў нагэтулькі, наколькі слаўне́йшае за іх дастаў у спадчыне імя.
5 Бо каму із Ангелаў сказаў Ён калі: Ты Сын Мой, сягоньня Я цябе́ спарадзіў,— і яшчэ: Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне́ Сынам? (Псал. 2, 7. 2; Царств. 7, 14).
6 Калі-ж ізноў уводзіць Першароднага ў сусьве́т, кажа: І няхай паклоняцца Яму ўсе́ Ангелы Божыя (Псал. 96, 7).
7 Да Ангелаў жа кажа: Ты Ангеламі Сваімі духаў робіш і служкамі Сваімі полымя агнявое (Псал. 103, 4).
8 А аб Сыне: Пасад Твой, Божа, па ве́к ве́чны; па́ліца пра́васьці — па́ліца царства Твайго.
9 Ты праўду палюбіў і зьненавідзіў беззаконьне; дзеля гэтага памазаў Цябе́, Божа, Твой Бог але́ем радасьці бале́й за супольнікаў Тваіх (Псал. 44, 7-8).
10 І: напачатку заснаваў Ты, Госпадзе, зямлю, і нябёсы — дзе́ла рук Тваіх;
11 яны пагібнуць, а Ты трываеш; і ўсе́, быццам вопратка, пастарэюць,
12 і, як вопратку, скруціш іх, і пераме́няцца; але Ты — той самы, і гады́ Твае́ ня скончацца (Псал. 101, 26—28).
13 Каму із Ангелаў сказаў Ён калі: Сядзь праваруч Мяне́, дакуль пакладу ворагаў Тваіх за падножжа ног Тваіх? (Псал. 109, 2).
14 Ці ня ўсе́ яны — служэбныя духі, пасланыя на служэньне дзеля тых, што маюць збаўле́ньне ўнасьле́даваць?
Разьдзе́л 2
правіць1 Дзеля гэтага трэба нам асабліва ўважаць на чутае, каб часам не адпасьці.
2 Бо, калі, сказанае праз Ангелаў слова было цьвёрдае, і ўсякі праступак і непаслухмянства даставалі справядлівую адплату,
3 дык як мы ўцячэм, (мы), што ня рупіліся аб гэткае збаўле́ньне, якое, апавяшча́нае спачатку Госпадам, умацована ў нас ад тых, што ад Яго чулі,
4 пры сьве́дчаньні Богам праз знаме́ньні і цуды і розныя сілы, ды праз раздаваньне Духа Сьвятога паводле волі Яго?
5 Бо не для Ангелаў пакарыў Бог будучы сусьве́т, аб якім гаворым;
6 засьве́дчыў жа не́хта не́дзе, кажучы: Што́ ёсьць чалаве́к, што памятаеш аб ім, ці сын чалаве́чы, што адве́дваеш Яго?
7 Мала Ты панізіў яго перад Ангеламі; славай ды чэсьцю ўвянчаў Ты яго і паставіў яго панад творамі рук Тваіх;
8 усё пакарыў Ты пад ногі яго (Псал. 8, 5—7). Калі-ж пакарыў Яму ўсё, дык нічога не пакінуў непакорным яму. Цяпер жа яшчэ ня бачым, каб усё было пакорна яму;
9 але бачым, што Ісус, мала чым ума́лены перад Ангеламі, за муку сьме́рці ўве́нчаны славай і чэсьцю, каб з ласкі Божае спазнаў сьме́рць за ўсіх.
10 Бо трэба было, каб Той, праз Якога ўсё і Кім усё, Таго, Хто прывёў многіх сыноў у славу, Павадыра збаўле́ньня іх, праз мукі завяршыў.
11 Бо і той, хто асьвяча́е, і тыя, што асьвяча́юцца, усе́ — ад Аднаго; дзеля гэтага Ён не сароміцца называць іх братамі, кажучы:
12 Абвяшчу імя Твае́ братом Маім, пасярод царквы́ засьпяваю гымн Табе́ (Псал. 21, 23).
13 І яшчэ: Я буду спадзявацца на Яго. І яшчэ: Вось я і дзе́ці, якіх даў мне́ Бог (Ісая 8, 17—18).
14 Калі-ж дзе́ці сталіся супольнікамі це́ла і крыві, дык і Ён таксама супольнік іх, каб праз сьме́рць зьнішчыць таго, хто ма́е ўладу над сьме́рцяй, гэта ёсьць д'ябала,
15 і збавіць тых, якія ад страху сьме́рці праз усё жыцьцё былі адданы пад уладу рабству.
16 Бо запраўды ня Ангелаў прыймае Ён, але насе́ньне Аўраа́мавае прыймае.
17 Дзеля гэтага Ён павінен быў у-ва ўсім падобным стацца да братоў, каб быць міласэрным і ве́рным Архірэем перад Богам, каб ачысьціць грахі́ народу;
18 бо, як Сам Ён, спакуша́ны, цярпе́ў, дык і можа спакушаным дапамагчы.
Разьдзе́л 3
правіць1 Дык вось, браты сьвятыя, супольнікі ў нябе́сным прызваньні, пазнайце Пасланца і Архірэя вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,
2 Які ве́рны паставіўшаму Яго, як і Майсе́й у-ва ўсім доме Яго (Лічб. 12, 7).
3 Бо Гэты варты тым большае славы перад Майсе́ем, чым большую чэсьць за дом ма́е той, хто яго збудаваў.
4 Бо кожны дом кім-не́будзь будуецца; а хто ўсё збудаваў, ёсьць Бог.
5 І Майсе́й ве́рны ў-ва ўсім доме Яго, як слуга́, дзеля пасьве́дчаньня таго, што́ ме́ла быць сказаным.
6 А Хрыстос — як Сын у доме Яго; дом жа Яго — мы, калі толькі адвагу й пахвалу надзе́і цьвёрда даканца захаваем.
7 Дзеля гэтага, як кажа Дух Сьвяты: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго,
8 не рабе́це цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у гне́ве, у дзе́нь спакушэньня ў пустыні,
9 дзе спакушалі Мяне́ айцы вашыя, выпрабоўвалі Мяне́ і бачылі ўчынкі Мае́ сорак гадоў.
10 Дзеля гэтага угняві́ўся Я на род гэны і сказаў: Заўсёды блукаюцца яны сэрцам, а самі не пазналі шляхоў Маіх;
11 дык пакляўся Я ў гне́ве Маім: ці ўвойдуць яны ў супачынак Мой? (Псал. 94, 7—11).
12 Глядзе́це, браты, каб ня было ў кім з вас сэрца хітрага ды няве́рнага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога.
13 Але закліка́йце адзін аднаго што́-дня, дакуль можна казаці: сягоньня, — каб хто з вас не зачарстве́ў праз подступ грэху;
14 бо мы сталіся супольнікамі Хрыста, калі толькі пачатак істнаваньня цьвёрда захаваем даканца́,
15 дакуль гаворыцца: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго, не рабе́це цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у гне́ве.
16 Бо некаторыя, пачуўшы, угнявілі; але ня ўсе́, што выйшлі з Эгіпту з Майсе́ем.
17 На каго-ж гне́ваўся Ён сорак гадоў? Ці не на саграшыўшых, косьці якіх паляглі ў пустыні?
18 Каму-ж кляўся, што ня ўвойдуць у супачынак Яго, калі не непакорным?
19 І бачым, што яны ня здолелі ўвайсьці праз няве́рые.
Разьдзе́л 4
правіць1 Дзеля гэтага высьцерага́ймася, каб, калі йшчэ трывае прырачэньне ўвайсьці ў супачынак Яго, не аказаўся хто з вас спозьніўшымся.
2 Бо і нам яно абве́шчана, як і гэным; але ім не дало карысьці чутае слова, бо не давяршылася ве́раю слухаўшых.
3 Бо ўваходзім у супачынак мы, уве́раваўшыя, бо Ён сказаў: Як пакляўся Я ў гне́ве Маім: ці ўвойдуць у супачынак Мой?, хаця ўчынкі Яго сталіся йшчэ ад стварэньня сьве́ту.
4 Бо сказана не́дзе аб сёмым дню гэтак: І супачыў Бог у дзе́нь сёмы ад усіх дзе́л Сваіх (Быт. 2, 2).
5 І яшчэ не́дзе: Ці ўвойдуць у супачынак Мой?
6 Дык, калі некаторым астае́цца ўвайсьці ў яго, а тыя, якім ране́й абве́шчана, не ўвайшлі ў яго за непаслухмянства,
7 то йзноў азначае не́йкі дзе́нь "сягоньня", гаворачы праз Давіда, цераз гэтулькі часу, як было сказана: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго, не рабе́це цьвёрдымі сэрцы вашыя.
8 Бо, калі-б Ісус гэных супакоіў, дык ня было-б сказана пасьля таго аб іншым дню.
9 Дзеля гэтага пакінена яшчэ народу Божаму сьвяткаваньне суботы.
10 Бо, хто ўвайшоў у супачынак Яго, той і сам супачыў ад дзе́л сваіх, як і Бог ад Сваіх.
11 Дык пастараймася ўвайсьці ў супачынак гэты, каб хто за тым-жа прыкладам ня ўпаў у непакорнасьць.
12 Бо слова Божае жывое і дзе́ючае, ды гастрэйшае за ўсякі ме́ч двусе́чны, і пранікаючае да разьдзяле́ньня душы і духа, суставаў і мазгоў, і су́дзіць думкі й лятуце́ньні сэрца.
13 І няма стварэньня, укрытага ад Яго, але ўсё абнажо́на й адкрыта вача́м Яго, да Якога нашае слова.
14 Дык, маючы Архірэя вялікага, што нябёсы прайшоў, Ісуса, Сына Божага, трыма́ймася вызнаньня.
15 Бо ма́ем Архірэя не такога, што ня мог-бы спачуваць слабасьцям нашым, але такога, які, падобна нам, дазнаў у-ва ўсім спакушэньня, апрача грэху.
16 Дык прыступа́йма з адвагаю да пасаду ласкі, каб дастаць зьмілаваньне ды ласку знайсьці на падмогу ў добры час.
Разьдзе́л 5
правіць1 Бо ўсякі архірэй, спаміж людзе́й выбіра́ны, дзеля людзе́й стаўляецца на тое, што́ Божае, каб прынасіць дары й ахвяры за грахі,
2 каб мог выбачаць няця́млючым і блукаючымся, бо й сам абложаны нядужасьцяй,
3 і дзеля гэтага павінен, як за народ, гэтак і за сябе́, прынасіць ахвяры за грахі.
4 І ніхто сам сабою ня прыймае гэтае чэсьці, але той, хто пакліканы Богам, як і Арон.
5 Гэтак і Хрыстос ня Сам Сябе́ ўславіў, каб быць Архірэем, але Той, Хто сказаў Яму: Ты Сын Мой, сягоньня Я Цябе́ спарадзіў (Псал. 2, 7),
6 як і ў другім ме́сцы кажа: Ты сьвяшчэньнік наве́к па уставу Мэльхісэдэкаваму (Псал. 109, 4).
7 У дні це́ла Свайго Ён з вялікім ля́мантам і сьлязьмі прыносіў малітвы і просьбы к Таму, Хто мог выбавіць Яго ад сьме́рці, і быў выслуханы за пакорлівасьць Сваю.
8 Хоць Ён і Сын, аднак праз мукі паслухмянства навучыўся
9 і, зьвяршоны, зрабіўся для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю ве́чнага збаўле́ньня,
10 названы ад Бога Архірэем па уставу Мэльхісэдэка.
11 Аб Ім нам вялікае слова, ды цяжка яго высказаць, бо вы зрабіліся няздольнымі слухаць.
12 Бо вас, якія, водле часу, мусілі-б быць вучыцяля́мі, трэба йзноў вучыць пачаткаў слоў Божых, і вам патрэбна малако, а ня цьвёрдая страва.
13 Бо ўсякі, хто корміцца малаком, нясьве́дамы ў слове праўды, бо ён дзіцятка.
14 Дасканалых-жа есьць цьвёрдая страва, тых, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны распазнаваць дабро і зло.
Разьдзе́л 6
правіць1 Дык, пакінуўшы пачатак Хрыстовага слова, пасьпяшайма да дасканаласьці, не кладучы ізноў падставы дзеля пакаяньня ад мёртвых дзе́л і ве́ры ў Бога,
2 навукі аб хрышчэньнях, і аб ускладаньні рук, і аб уваскрасе́ньні мёртвых, і аб судзе́ ве́чным.
3 І зробім гэтае, калі Бог дазволіць.
4 Бо немагчыма тых, што раз былі прасьве́чаны, і паспробавалі дару нябе́снага, і сталіся супольнікамі Духа Сьвятога,
5 і пакаштавалі добрага слова Божага і сілаў будучага ве́ку
6 ды адпалі, — ізноў абнаўляць ка́яньнем, калі яны йзноў раскрыжоўваюць у сабе́ Сына Божага і зьдзе́куюцца над Ім.
7 Бо зямля, якая п'е́ дождж, што часта зыходзе на яе́, і родзіць расьліну, карысную для тых, хто са́дзіць яе́, — дастае́ багаслаўле́ньне ад Бога;
8 тая-ж, што прыносіць це́рні й пустазе́льле, нікчэмная і блізкая да праклёну: кане́ц яе́ — на спале́ньне.
9 Мы-ж спадзяе́мся ад вас, умілаваныя, ле́пшага і ма́ючага збаўле́ньне, хаця й гаворым гэтак.
10 Бо Бог не несправядлівы, каб забыўся аб дзе́ле вашым і працы любві, якую вы выявілі дзеля іме́ньня Яго, калі служылі і служыце сьвятым.
11 Хочам жа, каб кожны з вас выяўляў такую-ж рупнасьць аб цьвёрдую надзе́ю даканца;
12 каб ня стацца вам лянівымі, але насьлядава́ць тых, што ве́раю і доўгацярплі́васьцяй бяруць у спадчыну абяцаньне.
13 Бо Бог, прыракаючы Аўрааму, ня маючы клясьціся нікім вышэйшым, кляўся Самым Сабою,
14 кажучы: Запраўдным багаслаўле́ньнем пабагаслаўлю́ цябе́ і, памнажаючы, памножу цябе́ (Быт. 22, 17).
15 Дык вось (Аўраам), як доўгацярплівы, атрымаў абяцанае.
16 Бо людзі клянуцца вышэйшым, і кожнае спрэчкі між імі кане́ц на сцьвярджэньне — прысяга.
17 Дзеля гэтага й Бог, хочучы бале́й паказаці насьле́днікам прырачэньня нязьме́ннасьць волі Свае́й, ужыў прысягу,
18 каб у дзьвёх нязьме́нных рэчах, у якіх для Бога змані́ць немагчыма, ме́лі крэпкае пацяшэньне, прыбе́гшы ўзяці надзе́ю, што перад намі ляжыць,
19 якую ма́ем, як я́кар душы, бясьпе́чную, пэўную, і ўваходзіць яна ў самае нутраное за заслону,
20 куды, як наш папярэднік, увайшоў Ісус, стаўшыся Архірэем наве́к паводле уставу Мэльхісэдэкавага.
Разьдзе́л 7
правіць1 Бо Мэльхісэдэк, цар Саліму, сьвяшчэньнік Бога Найвышэйшага, той, што спаткаў Аўраама, як варочаўся з пабоішча цароў, і пабагаславіў яго,
2 ды яму дзесяціну аддзяліў Аўраам ад усяго (— пе́ршае ў перакладзе цар праўды, а пасьля і цар Салімскі, гэта ёсьць цар міру),
3 бяз бацькі, бяз маткі, без радаводу, ня маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцьця, упадоблены-ж Сыну Бомсаму, астае́цца сьвяшчэньнікам назаўсёды.
4 Ба́чыце-ж, як вялік той, каму й дзесяціну даў Аўраам патрыарх із найле́пшае здабычы.
5 І тыя з сыноў Ле́віных, што прымаюць сьвяшчэнства, маюць за́паведзь — браць паводле закону дзесяціну з народу, гэта ёсьць з сваіх братоў, хаця й гэтыя паходзяць ад сьцягнаў Аўраамавых.
6 Ён жа, не паходзячы з іхняга роду, дастаў дзесяціну ад Аўраама і пабагаславіў таго, што ме́ў прырачэньне.
7 Бяз усякае-ж спрэчкі ме́ншае багаслаўляецца большым.
8 І тут дзесяціны бяруць людзі сьмяротныя, а там — той, аб Якім сьве́дчыцца, што жыве́.
9 І, адным словам, праз Аўраама ўзята дзесяціна і з Ле́вія, які сам бярэ дзесяціны,
10 бо ён быў яшчэ ў сьцягнах бацькавых, калі спаткаў яго Мэльхісэдэк.
11 Дык, калі-б зьвяршэньне было праз сьвяшчэнства лявіцкае, (бо народ ад яго закон дастаў), дык якая йшчэ патрэба паўставаць іншаму сьвяшчэнству па уставу Мэльхісэдэкаваму, а не па уставу Аронаваму называцца?
12 Бо з зьме́най сьвяшчэнства кане́чнай робіцца і зьме́на закону.
13 Бо Той, аб Кім гаворыцца гэтае, нале́жаў да другога кале́на, з якога ніхто не прыступаў да ахвярніка;
14 бо ве́дама, што Госпад наш зазьяў з кале́на Юдавага, а аб гэтым кале́не Майсе́й нічога не сказаў адносна сьвяшчэнства.
15 І яшчэ ясьне́й відаць з таго, што нападобу Мэльхісэдэку ўстае́ іншы сьвяшчэньнік,
16 Які не па закону за́паведзі цяле́снае стаўся, але па сіле нязьнішчальнага жыцьця.
17 Бо сьве́дчыцца: Ты сьвяшчэньнік наве́к па уставу Мэльхісэдэкаваму.
18 А ране́й быўшая за́паведзь адкінена праз бяссільле яе́ і бескарыснасьць;
19 бо закон нічога не давяршыў; але ўводзіцца ле́пшая надзе́я, праз якую набліжаемся да Бога.
20 І паколькі гэта не бяз прысягі, —
21 (бо тыя ставаліся сьвяшчэньнікамі бяз прысягі, а Гэты — з прысягай Таго, Хто казаў да Яго: Кляўся Госпад і не пака́ецца: Ты сьвяшчэньнік наве́к па уставу Мэльхісэдэкаваму) (Псал. 109, 4),
22 пагэталькі парукай ле́пшага запаве́ту стаўся Ісус.
23 І тых сьвяшчэньнікаў было бале́й, бо сьме́рць недапускала трываць;
24 а Гэты праз тое, што ве́чна трывае, ма́е сьвяшчэнства непраходзячае,
25 дык і можа назаўсёды збаўляць тых, што прыходзяць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб заступацца за іх.
26 Гэткага і трэба было нам Архірэя: сьвятога, вольнага ад зла, беззаганнага, адлу́чанага ад грэшнікаў і узвы́шанага па-над нябёсы,
27 Які ня ма́е патрэбы штодня, як архірэі, прынасіць ахвяры сьпярша за свае́ грахі, пасьля за грахі народу: бо Ён зрабіў гэта за-ра́з, прыне́сшы (ў ахвяру) Сябе́.
28 Бо закон стаўляе за Архірэяў людзе́й, маючых слабасьці; а слова прырачэньня, што пасьля закону, (паставіла) Сына, наве́кі дасканалага.
Разьдзе́л 8
правіць1 Галоўнае-ж у сказаным ёсьць: мы маем Архірэя такога, што се́ў праваруч пасаду ве́лічы на нябёсах,
2 слуга сьвятыні і скініі праўдзівай, якую паставіў Госпад, а не чалаве́к.
3 Бо кожны архірэй стаўляецца на тое, каб прынасіць дары й ахвяры; дык трэба было, каб і Гэты ме́ў нешта, што прыне́сьці.
4 Бо калі-б Ён быў на зямлі, дык ня быў-бы сьвяшчэньнікам, бо ёсьць сьвяшчэньнікі, што па закону прыносяць дары,
5 якія служаць абразу́ і це́ню нябе́снага, як ска́зана было Майсе́ю, калі ён маніўся зрабіць скінію: Глядзі, сказана, рабі ўсё па ўзору, паказанаму табе́ на гарэ (Выхад. 25, 40).
6 Цяпе́р жа Ён атрымаў служэньне тым дасканальшае, чым ле́пшага Ён пасярэднік запаве́ту, які ўзаконіўся на ле́пшых прырачэньнях.
7 Бо калі-б той пе́ршы быў без заганы, дык ня шукалася-б ме́сца другому.
8 Бо-ж, дакараючы іх, кажа: вось, надыходзяць дні, кажа Госпад, калі зро́блю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запаве́т,
9 не паводле запаве́ту, які з бацькамі іх зрабіў у той дзе́нь, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпскай; бо яны ня вы́трывалі ў запаве́це Маім, і Я перастаў рупі́цца аб іх, — кажа Госпад.
10 Вось запаве́т, які дам дому Ізраіляваму пасьля Тых дзён, — кажа Госпад: Даўшы законы Мае́ ў думкі іх, напішу іх і на сэрцах іхніх і буду ім Бог, а яны Мне́ будуць народ.
11 І ня будзе вучыць кожны бліжняга свайго, і кожны брата свайго, кажучы: пазнай Госпада; бо ўсе́, ад малога да вялікага, ве́даць Мяне́ будуць.
12 Бо міласьцівы буду да няпра́веднасьцяў іх і грахоў іхніх, і беззаконьняў іх ня ўспомню бале́й (Ерам. 31, 31—34).
13 А сказам "новы" састарыў пе́ршы; а састарэўшае і старэючае блізка да зьніштажэньня.
Разьдзе́л 9
правіць1 Дык жа і пе́ршая скінія ме́ла уставы служэньня і сьвятыню зямную.
2 Бо скінія, тая пе́ршая, была збудаваная, і ў ёй сьве́тач і стол і складаньне хлябоў, ды заве́цца яна Сьвятая.
3 За другой жа заслонай скінія, зва́ная Сьвятое Сьвятых,
4 што ме́ла залатую кадзільню і абкла́дзены з усіх бакоў золатам карабе́ль запаве́ту, у якім залатая судзіна з маннай ды па́ліца Ааронава, што расцьвіла, і табліцы запаве́ту,
5 а над ім Хэрувімы славы, ацяняючы ачысьцільню: аб іх ня сьле́д цяпе́р гаварыць падрабязна.
6 Калі-ж гэта так нала́джана, дык у пе́ршую скінію заўсёды ўваходзяць сьвяшчэньнікі адпраўляць службу,
7 а ў другую — раз у год адзін толькі архірэй, не бяз крыві, якую прыносіць за сябе́ і за няве́даньне народу.
8 Гэтым Дух Сьвяты паказвае, што яшчэ не адкрыты шлях у сьвятыню, дакуль стаіць пе́ршая скінія,
9 якая ёсьць абра́з цяпе́рашняга часу, калі прыносяцца дары й ахвяры, якія ня могуць зрабіць дасканалым паводле сумле́ньня таго, хто служыць,
10 якія толькі ў стравах і напітках ды розных абмываньнях і установах це́ла, ды пастаўлены аж да часу направы.
11 Але Хрыстос, зьявіўшыся, як Архірэй будучага дабра́, з большаю й дасканальшаю скініяй, нерукатворнаю, гэта ёсьць не такое будовы,
12 ды ня з крывёю казлоў і цяля́т, але з уласнай крывёю, адзін раз увайшоў у сьвятыню, знайшоўшы ве́чнае адкупле́ньне.
13 Бо, калі кроў быкоў і кароў ды попел каровы, акрапляючы апага́неных, асьвячае на чыстасьць це́ла,
14 дык наколькі бале́й кроў Хрыста, Які Духам Сьвятым прынёс Сябе́ беззаганнага Богу, ачысьціць сумле́ньне вашае ад мёртвых дзе́л, дзеля служэньня Богу Жывому?
15 Дзеля гэтага Ён ёсьць пасярэднік новага запаве́ту, каб, як ста́нецца сьме́рць дзеля адкупле́ньня ад праступкаў, што́ ў пе́ршым запаве́це, тыя, што́ пакліканы да ве́чнае спадчыны, дасталі абяца́нае.
16 Бо дзе таста́мант, там мусіць прыйсьці сьме́рць адказываючага,
17 бо запаве́т ма́е сілу пасьля паме́ршых: ён ня ма́е сілы, пакуль жыве́ той, хто адказывае.
18 Дык і пе́ршы быў замацаваны не бяз крыві.
19 Бо, як былі сказаны Майсе́ем усе́ за́паведзі па закону ўсяму народу, ён, узяўшы кроў цяля́т і казлоў з вадою ды воўнай чырвонай ды гізопам, акрапіў і самую кнігу, і ўве́сь народ,
20 кажучы: Гэта кроў запаве́ту, які паклаў вам Бог (Вых. 24, 8).
21 Гэтак сама акрапіў крывёю і скінію, і ўсё судзьдзе дзеля служэньня.
22 Ды бадай усё па закону ачышчаецца крывёй, і без праліцьця крыві ня быва́е адпушчэньня.
23 Дык і трэба было, каб абразы́ нябе́снага ачышчаліся гэтымі, а са́мае нябе́снае — ле́пшымі за гэтыя ахвярамі.
24 Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворную сьвятыню, на ўзор праўдзівае збудаваную, але ў са́мае не́ба, каб зьявіцца цяпер абліччу Божаму за нас;
25 і не дзеля таго, каб мнагакро́тна прынасіць Сябе́, як кожын год уваходзіць архірэй у сьвятыню з чужою крывёй,
26 (бо трэба-б Яму мнагакротна цярпе́ць мукі ад пачатку сьве́ту), а Ён адзін раз на канцы вякоў зьявіўся дзеля зьнішчэньня грэху Свае́й ахвярай.
27 І як людзям назна́чана раз паме́рці, а пасьля суд, —
28 гэтак і Хрыстос, раз прыне́сшы Сябе́ ў ахвяру, каб панясьці грахі многіх, другі раз бяз грэху зьявіцца тым, што чакаюць Яго, на збаўле́ньне.
Разьдзе́л 10
правіць1 Бо закон, ма́ючы це́нь будучага дабра́, а ня самы абра́з рэчаў, тымі-ж ахвярамі, што прыносяцца кожын год, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць (з імі).
2 Бо кінулі-б прынасіць іх, бо ўжо ня ме́лі-б ніякае сьвядомасьці грахоў тыя, што служаць, раз ачы́шчаныя.
3 Але ў іх што-году ўспамін аб грахох,
4 бо немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў зьнімала грахі.
5 Дзеля гэтага (Хрыстос), уваходзячы ў сьве́т, кажа: Ахвяры й да́ру Ты не захаце́ў, але це́ла прыгатаваў мне́.
6 Усепале́ньні й (ахвяры) за грэх недаспадобы Табе́.
7 Тады Я сказаў: вось іду (на пачатку кнігі напісана аба Мне́) учыніць волю Тваю, Божа (Псал. 39, 7—9).
8 Сказаўшы пе́рш, што ні ахвяры, ні да́ру, ні ўсепале́ньняў, ні (ахвяры) за грэх Ты не захаце́ў і не ўпадабаў, — а яны прыносяцца водле закону, —
9 пасьля сказаў: вось іду учыніць волю Тваю, Божа. Касу́е пе́ршае, каб паставіць другое.
10 Гэтай вось воляй асьвячоны мы аднакротна прынясе́ньнем це́ла Ісуса Хрыста.
11 І ўсякі сьвяшчэньнік штодня стаіць, служачы ды мнагакро́тна прыносячы тыя-ж ахвяры, якія ніколі ня могуць зьняць грахоў.
12 Ён жа, прыне́сшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды се́ў праваруч Бога,
13 ждучы́ дале́йшага, дакуль ворагі Яго будуць пакла́дзены к падножжу ног Яго (Псал. 2, 8).
14 Бо Ён адным да́рам дасканалымі зрабіў назаўсёды асьвяча́ных.
16 Сьве́дчыць жа нам і Дух Сьвяты; бо сказана:
16 Вось запаве́т, які пакладу́ вам пасьля дзён гэных, кажа Госпад: даўшы законы Маі ў сэрцы іх, напішу іх і ў думках іхніх,
17 і грахоў іх і беззаконьняў іх ня ўспомню бале́й.
18 А дзе адпушчэньне іх, там непатрэбны дар за грахі.
19 Дык, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвятыню крывёй Ісуса Хрыста,
20 шляхам новым і жывым, які Ён аднавіў нам праз заслону, гэта ёсьць це́ла Свае́,
21 ды маючы вялікага Сьвяшчэньні́ка над домам Божым,
22 прыступайма з шчырым сэрцам, у поўні ве́ры, акрапіўшы сэрцы ад сумле́ньня благога і абмыўшы це́ла чыстай вадою,
23 трыма́ймася няўхільна вызна́ньня надзе́і, (бо ве́рны Той, Хто прырок).
24 І ўважа́йма адзін на аднаго, заахвочываючы да любві і добрых учынкаў,
25 не пакідаючы зграмаджэньня свайго, як ёсьць у некаторых звычай, але заклікаючы (да яго), і тым бале́й, чым бале́й выгляда́еце набліжэньня гэнага дня.
26 Бо калі мы самахоць грашым, прыняўшы пазнаньне праўды, дык ужо не астае́цца ахвяра за грахі,
27 але не́йкае страшное чаканьне суду і па́лу агнявога, што ма́е пажэрці супраціўнікаў.
28 Хто адступіўся ад закону Майсе́явага пры двох ці трох сьве́дках, хай памрэць без зьмілаваньня;
29 наколькі-ж, думаеце, цяжэйшае ка́ры варты будзе той, хто Сына Божага патапта́ў, і кроў запаве́ту, якою ён асьвячоны, за звычайную ўважаў, і Духа ласкі зьняважа́ў?
30 Мы ве́даем Таго, Хто сказаў: Мне́ помста, Я аддам, кажа Госпад. І ізноў: Госпад будзе судзіць народ Свой (Другазак. 32, 35—36).
31 Страшна папасьці ў рукі Бога Жывога.
32 Прыпомніце-ж пе́ршыя дні вашыя, калі вы, прасьве́чаныя, вытрымалі вялікае тамле́ньне мукаў,
33 то самі выстаўля́ныя на зьнявагі і зьдзе́кі, то дзе́лючы такое-ж жыцьцё другіх,
34 бо вы і маім путам спачувалі, і рабаваньне багацьця вашага з радасьцяй прыймалі, ве́даючы, што ма́еце на нябёсах багацьце ле́пшае, непераходзячае.
35 Дык не пакідайце адвагі вашае, якая ма́е вялікую нагароду.
36 Бо патрэбна вам цярплівасьць, учыніўшы волю Божую, дастаць абяцанае;
37 бо яшчэ крыху, крыху, і прыдзе Той, Хто надыходзе, і не замарудзіць.
38 А пра́ведны ве́раю жыць будзе; — і: калі хто спалохаецца, не ўпадаба́е яго душа Мая (Аввак. 2, 3—4).
39 Мы-ж не палахлівыя на пагібель, але ве́руючыя на збаўле́ньне душы.
Разьдзе́л 11
правіць1 Ве́ра-ж ёсьць зьдзейсьне́ньне спадзяванага, пэўнасьць у рэчах, якіх ня бачым.
2 Бо ў ёй пасьве́дчаны старажытныя.
3 Ве́раю пазнае́м, што вякі́ скла́дзены словам Божым, каб з нявідомага сталася ба́чнае.
4 Ве́раю Авель прынёс Богу ахвяру, ле́пшую за Ка́інаву, ды е́ю дастаў сьвядоцтва пра́веднасьці, як засьве́дчыў Бог аб дарох яго; е́ю ён яшчэ й паме́ршы гаворыць.
5 Ве́раю Энох быў перане́сены, каб Яму сьме́рці ня бачыць; і не знайшлі яго, бо перанёс яго Бог. Бо да перанясе́ньня яго было пасьве́дчана аб ім, што дагадзі́ў Богу.
6 А бяз ве́ры дагадзі́ць немагчыма; бо хто прыходзіць да Бога, мусіць ве́рыць, што Ён ёсьць і шукаючым Яго дае́ нагароду.
7 Ве́раю Ной, дазнаўшыся аб ніколі ня бачаным, праз асьцярожнасьць пабудаваў карабе́ль на спасе́ньне дому свайго; е́ю асудзіў ён сьве́т і па ве́ры ўнасьле́даваў праведнасьць.
8 Ве́раю пакліканы Аўраам па́слухаўся, каб ісьці ў ме́сца, якое ме́ў дастаць у спадчыну, і выйшаў, ня ве́даючы, куды йдзе́.
9 Ве́раю асе́ў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, і жыў у шатрох з Ізаакам і Якубам, сунасьле́днікамі таго-ж прырачэньня;
10 бо чакаў ме́ста, маючага фундамэнты, якога будаўнічы й тварэц Бог.
11 Ве́раю й сама́ Сара прыняла сілу на зачацьце насе́ньня і не па часе ве́ку спарадзіла, бо ве́рным лічыла Таго, Хто даў абяцаньне.
12 І дзеля гэтага ад аднаго, пры тым амярцьве́лага, нарадзілася гэтак многа, як многа зораў на не́бе і як нязьлічо́ны пясок, што на ўзьбярэжжы мора.
13 Усе́ тыя паме́рлі водле ве́ры, не атрымаўшы абяцанага, а толькі здалёк пабачыўшы яго, і ве́рылі, і це́шыліся, і казалі аб сабе́, што яны чужынцы й прыходні на зямлі.
14 Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць;
15 і, калі-б памяталі тую, з якое выйшлі, дык ме́лі-б час вярнуцца.
16 Але яны ле́пшага пажадалі, гэта ёсьць нябе́снага; дзеля гэтага і Бог не сароміцца іх, каб іхнім Богам называцца, бо Ён прыгатаваў ім ме́ста.
17 Ве́раю Аўраам, спакуша́ны, прывёў Ізаака і, прыняўшы прырачэньне, прынёс адзінароднага,
18 аб якім было сказана: У Ізааку назьве́цца насе́ньне табе́ (Быт. 21, 12);
19 бо ён думаў, што Бог ма́е сілу і з мёртвых ускрасіць, дзеля чаго й дастаў яго на ўзор.
20 Ве́раю ў будучае пабагаславі́ў Ізаак Якуба й Ізава.
21 Ве́раю Якуб, паміраючы, пабагаславіў кожнага сына Язэпавага і паклані́ўся на ве́рх кія свайго.
22 Ве́раю Язэп, канчаючыся, аб выхадзе сыноў Ізраілявых успамінаў і даў загад аб касьцёх сваіх.
23 Ве́раю Майсе́й па нараджэньні тры ме́сяцы хаваны быў бацькамі сваімі, бо бачылі, што дзіця харошае, і не спало́халіся царскага загаду.
24 Ве́раю Майсе́й, як вырас, адмовіўся называцца сынам дачкі́ фараонавае
25 і ле́пей захаце́ў паку́таваць з народам Божым, чым ме́ць дачэсную раскошу грэху,
26 зьнявагу Хрыстовую палічыўшы большым багацьцем, чым скарбы эгіпскія; бо ён на нагароду аглядаўся.
27 Ве́раю пакінуў ён Эгіпет, не ўбаяўшыся царскага гне́ву: бо цьвёрды быў, быццам ба́чачы Нявідомага.
28 Ве́раю зрабіў пасху і праліцьце крыві, каб нішчыцель першако́ў іх не крану́ў.
29 Ве́раю перайшлі яны цераз Чырвонае мора, як па сухапуцьцю; чаго паспробаваўшы, Эгіпцяне патапіліся.
30 Ве́раю ўпалі сьце́ны Эрыхонскія, абходжаныя навакол се́м дзён.
31 Ве́раю Рааб блудніца, з мірам прыняўшы выве́дчыкаў, не пагібла з няве́рнымі.
32 Дый што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне́ часу, каб апавядаць аб Гедэоне, аб Вараку, аб Самсоне ды Ефтаю, аб Давідзе і Самуіле, ды аб прароках,
33 якія ве́раю перамагалі царствы, чынілі праўду, даставалі прырачэньні, загараджалі ля́пы львоў,
34 тушылі сілу агню, уцякалі ад гострага мяча, крапчэлі ад слабасьці, ставаліся дужымі на вайне́, прымушалі ўцякаць палкі́ чужых.
35 Жоны паме́ршых сваіх з ускрасе́ньня даставалі; іншыя-ж былі заму́чаныя, ня прыняўшы вызвале́ньня, каб дастаці ле́пшае ўскрасе́ньне;
36 другія паспыталі зьдзе́каў і біцьця, ды йшчэ путаў і вязьніцы,
37 былі каме́ньнямі пабіваныя, распіловываныя, мучаныя, паміралі ад мяча́, туляліся ў гаве́чых ды казіных скурах, це́рпячы нэндзу, гора, нягоды,
38 (іх уве́сь сьве́т ня быў варты), бадзяліся па пустынях і горах, па пячорах і шчы́лінах зямлі.
39 І ўсе́ гэтыя, дастаўшы пасьве́дчаньне праз ве́ру, не дасталі абяца́нага,
40 бо Бог прадугле́дзіў аб нас не́шта ле́пшае, каб яны не бяз нас дасяглі дасканаласьці.
Разьдзе́л 12
правіць1 Дзеля гэтага і мы, маючы навакол сябе́ гэткую хмару сьве́дак, скінуўшы ўсякую гордасьць і грэх, што нас блутаў, з цярплівасьцяй прабягаць будзем праз поле барацьбянае, што ляжыць перад намі,
2 пазіраючы на пачынальніка і завяршыцеля ве́ры, Ісуса, Які заме́ст радасьці, што была перад Ім, перацярпе́ў крыж, ня дбаючы аб сорам, ды се́ў праваруч пасаду Божага.
3 Бо падумайце аб Тым, Хто перацярпе́ў гэткі над сабою зьдзе́к ад грэшнікаў, каб вы не зьнемага́ліся, аслабе́ўшы душамі вашымі.
4 Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,
5 і забыліся аб закліку, што кажацца вам, як сыном: Сын мой! Ня грэбуй ка́рай Гасподняй і не слабе́й, калі Ён цябе́ дакара́е.
6 Бо Госпад, каго любіць, таго карае ды б'е́ ўсякага сына, якога прыймае (Прып. 3, 11— 12).
7 Калі вы це́рпіце кару, дык Бог адносіцца да вас, як да сыноў: бо ці ёсьць гэткі сын, якога-б не караў бацька?
8 Калі-ж астаецёся бяз кары, супольнікамі якое сталіся ўсе́, дык вы байструкі, а не сыны́.
9 Дык, калі мы ме́лі бацькоў це́ла нашага, якія нас каралі, і баяліся іх, — то ці ня шмат бале́й кары́цца будзем Айцу духаў ды жыць?
10 Бо тыя кара́лі, як самі думалі, на няшмат дзён; а Гэты на карысьць, каб быць нам учасьнікамі ў сьвятасьці Яго.
11 Усякае-ж кара́ньне ў цяпе́рашні час здае́цца ня ра́дасьцяй, а сумам; а пасьля дае́ наву́чаным ім мірны плод пра́веднасьці.
12 Дык выпрастуйце апусьціўшыяся рукі і стомленыя кале́ні (Ісая 35, 3)
13 і сьце́жкі простыя рабе́це нагамі вашымі, каб кульгавае ня зьбілася з дарогі, а ле́пш наздараве́ла.
14 Старайцеся аб мір з усімі і аб сьвятасьць, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада,
15 гле́дзячы, каб хто ня ўтраціў ласкі Божае; каб які горкі корань, вырасшы ўве́рх, не зрабіў шкоды, ды праз яго каб не апаганіліся многія (Другазак. 29, 18);
16 каб ня было між вамі каго блуднага, ці нясьве́дамага, як Ізаў, які за адну страву аддаў першародзтва сваё.
17 Бо ве́дайце, што і пасьля е́н, хочучы ўнасьле́даваць багаслаўле́ньне, быў адкінены; бо не знайшоў ме́сца пакаяньня, хоць і шукаў яго з сьлязьмі.
18 Бо не прыступіліся вы да гары́ датыкальнае і агнём палаючае, ані да це́мры, і мроку, і буры,
19 ані да гуку трубнага і голасу мовы, аб якім чуўшыя прасілі, каб да іх ня было больш слова,
20 (бо ня вытрымалі зага́данага: калі і зьве́р дакране́цца да гары, будзе ўкаменава́ны ці каменем забіты (Вых. 19, 13),
21 і гэткая жахлівая была гэная праява, што Майсе́й сказіаў: Я у страху й дрыжу).
22 Але вы прыступіліся да гары́ Сыону і да ме́ста Бога Жывога, да нябе́снага Ерузаліму і да мірыядаў Ангелаў,
23 да зграмаджэньня і царквы першакоў, запісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх, Бога, і да духаў праведнікаў, што дайшлі даскана́ласьці,
24 і да пасярэдніка новага запаве́ту, Ісуса, і да крыві акрапле́ньня, што ле́пш за Авеляву прамаўляе.
25 Глядзе́це, не адвярне́цеся й вы ад таго, хто гаворыць. Бо, калі тыя не ўцяклі, не паслухаўшы прарочыўшага на зямлі, то тым бале́й мы, калі адве́рнемся ад нябе́снага,
26 голас Якога тады захістаў зямлёю, цяпе́р жа прырок, кажучы: Яшчэ раз устрасяну ня толькі зямлю, але й не́ба (Аг. 2, 7).
27 Словы "яшчэ раз" паказваюць зьме́ну ўстраса́нага, як створанага, каб трываць непарушна.
28 Дык мы, прыняўшы царства непарушнае, ласку ма́ем, праз якую служыцімем Богу даспадобы з саромлівасьцяй і страхам,
29 бо Бог наш ёсьць агонь, што пажырае (Другазак. 4, 24).
Разьдзе́л 13
правіць1 Любоў братняя няхай трывае.
2 Аб гасьціннасьці не забывайцеся; бо праз яе́ некаторыя, ня ве́даючы, аказалі гасьціннасьць Ангелам.
3 Памятайце аб вязьнях, як-бы і вы з імі былі ў путах, і аб тых, што гора це́рпяць, бо-ж і самі вы ў це́ле.
4 Супружства (хай будзе) чэснае ў усіх і ложа беззаганнае; а блуднікаў ды распусьнікаў няхай судзіць Бог.
5 Ня ме́йце нораву срэбралюбнага, здавальняючыся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: Не астаўлю цябе́ і ня кіну цябе́ (Іс. Нав. 1, 5).
6 Дзеля гэтага мы адважна кажам: Госпад мне́ ўспамога, і не ўбаюся: што зробіць мне́ чалаве́к? (Псал. 117, 6).
7 Памінайце настаўнікаў вашых, якія казалі вам слова Божае; і, пазіраючы на сканчэньне жыцьця іх, пераймайце ве́ру.
8 Ісус Хрыстос учора й сягоньня Той Самы, дый наве́кі.
9 Навукамі рознымі ды чужымі не захоплівайцеся; бо добра ла́скай умацоўваць сэрцы, а ня стравамі, ад якіх ня ме́лі карысьці тыя, што пайшлі за імі.
10 Мы маем ахвярнік, з якога ня маюць права е́сьці тыя, што скініі служаць.
11 Бо ад жывёлаў, кроў якіх за грахі заносіцца архірэем у сьвятыню, мяса спаліваецца па-за станам;
12 дык і Ісус, каб асьвяціць крывёй Свае́й народ, быў му́чаны за варотамі.
13 Выйдзем жа да Яго за стан, пераносячы зьдзе́кі Яго;
14 бо ня ма́ем тут сталага ме́ста, але шукаем таго, што ма́е быць.
15 Будзем жа праз Яго прынасіць Богу бясспынна ахвяры хвалы́, гэта ёсьць плод вуснаў, што славяць імя Яго.
16 Аб дабрадзе́йнасьці-ж і супольнасьці не забывайцеся, бо гэткія ахвяры падабаюцца Богу.
17 Слу́хайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны над душамі вашымі чуваюць, як абязаныя здаць справу (аб іх); ды каб з радасьцяй гэта рабілі, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас некарысна.
18 Мале́цеся за нас; бо мы перакана́ны, што добрае ма́ем сумле́ньне, бо ў-ва ўсім жадаем паступаць справядліва.
19 Асабліва-ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вам ве́рнены.
20 Бог жа міру, што із мёртвых падняў вялікага Пастыра гаве́ц праз кроў запаве́ту ве́чнага, Госпада нашага Ісуса,
21 няхай удасканаліць вас у-ва ўсякім добрым дзе́ле — на выпаўне́ньне волі Яго, робячы ў вас тое, што Яму даспадобы, праз Ісуса Хрыста. Якому слава на ве́кі вякоў. Амін.
22 Прашу-ж вас, браты, прыме́це слова напамінаньня; дый я-ж коратка вам напісаў.
23 Ве́дайце, што брат наш Цімахве́й звольнены; з ім разам, калі хутка прыдзе, угледжу я вас.
24 Прывітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.
35 Ласка з усімі вамі. Амін. Да Жыдоў напісана з Італіі праз Цімахве́я.