Пасланьне да Ціта сьв. ап. Паўлы

Другое Пасланьне да Цімахве́я сьв. ап. Паўлы Пасланьне да Ціта сьв. ап. Паўлы
Аўтар: Апостал Паўла
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Пасланьне да Філімона сьв. ап. Паўлы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьдзе́л 1 правіць

1 Паўла, раб Божы, Апостал жа Ісуса Хрыста, па ве́ры выбраных Божых і пазнаньню праўды, што водле багабойнасьці,

2 у надзе́і ве́чнага жыцьця, якую прырок Бог, Які не ашуківае, перад ве́чнымі часамі,

3 а ў свой час зьявіў Сваё слова ў пропаведзі, што даве́рана мне́ па загаду Збавіцеля нашага, Бога, —

4 Ціту, праўдзіваму сыну па супольнай ве́ры: ласка, міласьць, мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага.

5 Я пакінуў цябе́ ў Крыце дзеля таго, каб ты дакончыў недакончанае і паставіў па ўсіх ме́стах старшых, як я табе́ загадаў:

6 калі хто беззаганны, муж аднае́ жонкі, дзяце́й ма́е ве́рных, недакара́ных за распусту або непакорлівасьць.

7 Бо япіскап павінен быць беззаганны, як Божы Гаспадар дому, ня горды, не гняўлівы, ня п’яніца, не забіяка, не карысталюбны,

8 але гасьцінны, любячы дабро, разважны, справядлівы, багабойны, паўзьдзе́ржлівы,

9 каб дзяржаўся ве́рнага слова паводле навукі, каб мог і напамінаць у здаровай навуцы, і дакараць тых, што кажуць насупраць.

10 Бо ёсьць многа і непакорных, і пустаслоўных, ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,

11 якім трэба затыкаць рот: яны цэлыя дамы́ разбураюць, навучаючы, чаго ня сьле́д, дзеля гане́бнае карысьці.

12 Сказаў жа не́хта з іх, уласны іх прарок: Крыцяне заўсёды ілгуць, зьве́ры лютыя, чэравы ляны́я.

13 Сьве́дчаньне гэтае праўдзівае. З гэтае прычыны дакарай іх строга, каб былі здаровыя ў ве́ры,

14 не зважаючы на юдэйскія казкі і загады людзе́й, што адварачаюцца ад праўды.

15 Для чыстых усё чыста, а для апаганеных і няве́рных няма нічога чыстага, але апаганены і розум іх і сумле́ньне.

16 Яны кажуць, што ве́даюць Бога; а ўчынкамі выракаюцца, агідныя і непакорныя і няздольныя ні да якога добрага дзе́ла.

Разьдзе́л 2 правіць

1 Ты-ж гавары тое, што гожа здаровай навуцы:

2 каб старыкі былі цьвярозымі, чэснымі, разважнымі, здаровымі ве́рай, любоўю, цярплівасьцяй;

3 каб старыя жанчыны адзяваліся, як гожа сьвятым, не абмаўлялі, не паддаваліся п’янству, вучылі на дабро,

4 каб на розум наводзілі маладых, каб яны мужоў любілі і дзяце́й,

5 былі разважнымі, чыстымі, гаспадарнымі, добрымі, пакорнымі сваім мужом, каб слова Божае не зьняважалася.

6 Моладзь таксама ўгава́рвай быць разважнымі,

7 у-ва ўсім даючы сябе́ за ўзор добрых дзе́л, у навуцы непарушнасьць, паважнасьць,

8 слова здаровае, беззаганнае, каб супраціўнік быў асаромлены, ня маючы нічога благога сказаць аб нас.

9 Рабы́ каб слухаліся сваіх паноў, дагаджалі ім у-ва ўсім, не пярэчачы,

10 каб ня кралі, але паказвалі ўсю до́брую ве́рнасьць, каб у-ва ўсім аздаблялі навуку Збавіцеля нашага Бога.

11 Бо зьявілася ласка Божая, спаса́ючы ўсіх людзе́й,

12 навучаючы нас, каб, адцураўшыся ад бязбожнасьці і пажадлівасьці сьве́ту, разважна, пра́ведна і багабойна жылі мы ў цяпе́рашнім ве́ку,

13 ждучы шчаснае надзе́і і зьяўле́ньня славы вялікага Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста,

14 Які даў Сябе́ за нас, каб вы́бавіць нас ад усякага беззаконьня і ачысьціць Сабе́ народ выбраны, рупны аб добрыя ўчынкі.

15 Гэтае кажы, угава́рвай і дакара́й з усе́нькаю ўладаю, каб ніхто не вывышшаўся над табою.

Разьдзе́л 3 правіць

1 Напамінай ім, каб былі паслухмянымі ды карыліся начальству і ўладам, гатовыя на ўсякі добры ўчынак,

2 каб нікога не абмаўлялі, не сварыліся, але былі ціхімі і паказвалі ўсякую лагоднасьць да ўсіх людзе́й.

3 Бо і мы былі калісь неразумнымі, непакорнымі, збаламучанымі, былі рабамі пажаданьняў і розных раскошаў, жылі ў злосьці і зайздрасьці, былі агіднымі, ненавідзелі адзін аднаго.

4 Калі-ж зьявілася ласкавасьць і любоў да людзе́й Збавіцеля нашага, Бога,

5 Ён выбавіў нас ня водле ўчынкаў пра́ведных, якія мы ўчынілі, а водле міласьці Свае́й, праз купе́лю адраджэньня і абнаўле́ньня Сьвятым Духам,

6 Якога выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага,

7 каб, апраўдаўшыся ласкай Яго, зрабіліся мы водле спадзяваньня насьле́днікамі жыцьця ве́чнага.

8 Слова ве́рнае; і я жадаю, каб ты сцьвярджаў гэта, каб ве́раваўшыя ў Бога стараліся рупі́цца аб добрыя ўчынкі: гэта добра і людзям карысна.

9 Дурнога-ж змаганьня, і радаво́даў, і спрэчак, і сварак аб закон высьцерагайся, бо яны некарысныя і марныя.

10 Гарэтыка чалаве́ка пасьля пе́ршага і другога нанамінаньня пакінь,

11 ве́даючы, што гэтакі распусьціўся і грашы́ць, асуджаны сам сабою.

12 Калі-ж прышлю да цябе́ Арце́ма, або Тыхіка, пастарайся прыйсьці да мяне́ ў Нікаполь; бо я пастанавіў пражыць там зіму.

13 Дзіну законьніка і Апалёса пастарайся выправіць так, каб у іх ня было ні ў чым недастатку.

14 Няхай і нашыя вучацца практыкава́цца ў добрых учынках дзеля пільных патрэбаў, каб ня былі бясплоднымі.

15 Вітаюць цябе́ ўсе́, што са мною. Прывітай тых, што любяць нас у ве́ры. Ласка з усімі вамі. Амін. Да Ціта, пе́ршага рукапаложанага япіскапа Крыцкае царквы, пісана з Нікаполю Македонскага.