Пастанова 1-га Ўсебеларускага зьезду аб самавызначэньні Беларусі і аб часовай краёвай уладзе

Да ўсяго народу беларускага
дакумэнт

1917
Крыніца: Турук, Ф. Ф. Белорусское движение: очерк истории национального и революционного движения белоруссов: с приложением образцов белорусской нелегальной литературы, важнейших документов белорусских политических партий и национальных организаций и этнографической карты белорусского племени, составленной акад. Е. Ф. Карским / Федор Федорович Турук. — Репринтное издание. — {Минск}: Минская картографическая фабрика Белгеодезии, 1994. — Выходные данные оригинала: М.: Гос. изд-во, 1921. — С. 106—108.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пастанова 1-га Ўсебеларускага зьезду аб самавызначэньні Беларусі і аб часовай краёвай уладзе[1]

Усебеларускі Зьезд, у колькасьці больш за тысячу чалавек, прадстаўленых сялянствам, салдатамі, працоўнымі і ўсімі дэмакратычнымі арганізацыямі цэлага краю, абмеркаваўшы цяжкае становішча ўсёй Расейскай Дэмакратычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі і асабліва крытычны момант для Беларусі, прызнаў неабходным:

  1. Замацоўваючы сваё права на самавызначэньне, абвешчанае расейскай рэвалюцыяй і зацьвярджаючы рэспубліканскі дэмакратычны лад у межах Беларускай зямлі, дзеля ўратаваньня роднага краю, і адмежаваньня яго ад падзелу і адарваньня ад Расейскай Дэмакратычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі, 1-ы Ўсебеларускі Зьезд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе ўсебеларускага савету сялянскіх, салдацкіх і працоўных дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіраваньня краем, уступаючы ў дзелавыя дачыненьні з цэнтральнай уладаю, адказнай перад саветам працоўных, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў.
  2. Савету, як часовай народнай уладзе ва ўсім краі, даецца ўсебеларускім зьездам наказ, што вызначае ягоныя правы, абавязкі й найбліжэйшыя задачы.
  3. У аснову сваёй працы Савет мае паставіць тыя рашэньні і пастановы, якія вынесены 1-м Усебеларускім зьездам.
  4. Дзеля вырашэньня шэрагу цяперашніх пытаньняў кіраваньня Беларусяй Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і працоўных дэпутатаў мае склікаць 2-і агульнабеларускі зьезд; незалежна ад гэтага савет зь першага дню свайго зьяўленьня прымае неабходныя меры да найхутчэйшага скліканьня Беларускага Ўстаноўчага Сходу, які мае вырашаць лёс беларускага народу.
  5. Савет сваім паўстаньнем засяроджвае ў сабе ўсе функцыі адказнага кіраваньня краем і тым замяняет абавязкі, якія дагэтуль выконвалі асобныя арганізацыі.
  6. У мэтах аховы народнага здабытку і забесьпячэньня бясьпекі краю савет прымае рашучыя меры ў адпаведнасьці з Цэнтральнай уладай пра вывад польскіх легіёнаў па-за межы Беларусі і расфармаваньня іх у найкарацейшы тэрмін.
  7. У мэтах стварэньня гарантый, якія забясьпечаць часовай рэвалюцыйнай уладзе ў краі выкананьне ўсіх пастановаў Зьезду, Савет бярэцца за неадкладную арганізацыю тэрытарыяльных беларускіх войскаў на шырокіх дэмакратычных асновах, ня робячы шкоды фронту.
  8. Выканаўчым органам часовай краёвай улады дэлегуюцца свае прадстаўнікі як у Цэнтральную Расейскую ўладу і ўсе іншыя рэспублікі Расейскай фэдэрацыі, так і дзеля ўдзелу ў цяперашніх перамовах аб міры, дзеля адстойваньня суцэльнасьці і непадзельнасьці Беларусі і неадарваньня яе ад Расейскай фэдэратыўнай рэспублікі і ўсіх астатніх прынцыпаў дэмакратычнага міру, абвешчанага саветам працоўных, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў.
  9. У зямельным пытаньні Савет абавязаны неадкладна фактычна перадаць усю зямлю з жывым і мёртвым інвэнтарам бяз выкупу ў рукі працоўнага сялянства праз зямельныя сялянскія камітэты.
  10. У дачыненьні да лясоў мясцовая ўлада абавязаная прыняць іх у свае веданьне цераз пасярэдніцтва мясцовых органаў народнай улады, урэгуляваць правільнае выкарыстаньне іх толькі ў інтарэсах працоўнага народу.
  11. Савет абавязаны неадкладна прыняць самыя рашучыя меры да прыпыненьня раскраданьня асобнымі прадстаўнікамі і групоўкамі народных багацьцяў, як-то: лясоў, народных маёнткаў і іншага.
  12. Савет абавязаны прыняць меры да неадкладнага ўсталяваньня народнага кантролю над вытворчасьцю і гандлем.
  13. Савет забясьпечвае правільную і плённую працу мясцовых дэмакратычных органаў земскага і мескага самакіраваньня.
  14. Пры ліквідацыі вайны Савет абавязаны прымаць меры да ўтрыманьня вайсковай маёмасьці, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, і да пакіданьня яе ў межах краю.
  15. Створаныя камітэты — эканамічна-гаспадарчы і аб уцекачох — знаходзяцца пад даводзтвам Народнага Савету Беларусі.

Зноскі

правіць
  1. Зьезд ухваліў адзінагалосна толькі першы пункт гэтай рэзалюцыі, пасьля чаго паседжаньне Зьезду было перарванае начальнікам Менскага гарнізону (Крывашэін) і Зьезд распушчаны.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).


Падрабязней гл. у дакументацыі.