Патрыятычны малітвеннік
„Патрыотычны Малітвенік“. Выданьне гэктаграфаванае, без азначэньня часу і мейсца друку. Фармат у 4-ку пісомай паперы, балон 12 Эсэ Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1926 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (11), студзень-чэрвень 1926 г., б. 117-118 |
Наша патрыотычна-агітаційная пісьменнасьць у параўнаньні з гэтага роду пісьменнасьцю другіх, суседніх нам народаў, вельмі малая, дзеля гэтага трэба вітаць кождую спробу ў гэтым кірунку, асабліва калі яна мае на мэце чыстыя крыніцы г. зн. сувэрэннасьць крывічанскага (беларускага) народу на крывічанскіх землях. Амаўляная брашура адпавядае вышэй пастаўленым вымогам у поўнай меры. У дадатку зьяўляецца цікавай спробай перафразоўкі штодзенных малітваў на патрыотычны лад, што для чытача з народу зьяўляецца пацягаючым аргумантам. Гэткага роду спробы патрыотычнай агітаціі—не навіна. У свой час гэткага роду пісьменнасьць працьвітала ў палякаў (у апрацоўцы А. Міцкевіча), былі вельмі папулярны патрыотычныя малітвы і катэхізмы ў Ірляндцаў. Амаўленая намі брашура зьяўляецца саўсім арыгінальнай перафразоўкай малітваў. Дзеля таго, што гэктаграфаванае выданьне зазвычай агранічаецца некалькімі дзесяткамі адзінцоў, а сама брашура цікавая і ў поўнай меры вартая шырокага разпашыраньня, то мы, для азнаёмленьня шырэйшых кругоў, у большасьці яе перадрукоўвуем.
„У імя крыўскага (беларускага) народу, за яго славу, шчасьце і свабоду. Станься.
„Ойча наш, каторы ёсьць у небе, вярні нам волю і валадарства на зямлі нашай, даўно і цяжка паярэмленай. Хай не адыймаюць чужынцы хлеб штодзенны ад вусн нашых дзяцей. Адпусьці грахі нашым продкам, каторыя няўмелі абараніць сваей і свайго патомства свабоды. Ня ўводзь нас у пакусу ўлегласьці тым, што паярэмілі нас, але збаў нас ад чужацкай апекі. Станься.
„Вітай, Крывічанская зямелька, потам і крывёй нашаю палітая, праўда з Табою. Блогаслаўлена Ты паміж усімі краінамі сьвету, і блогаслаўлен плод лона Твайго, Крывіч. Сьвятая зямелька, Маці наша! Табе ў ахвяру складаем мы ўсе сілы свае цяпер і ў момант сьмерці нашай.
„Веру ў Бацькаўшчыну нашу Крывію (Беларусь) і ў Народ наш, сына яе адзінага, каторы на сьвет прыйшоў свабодным, радзіўся з волі нікім не паярэмленай. Замучаны быў Маскалямі і Палякамі, загнаны ў прыгонную няволю, памёр як дзяржаўны народ, цяпер падзелены на часьці. Але хутка ўваскрэсьне з мертвых, узойдзе на пасад свабоды і будзе, магутны, паводле заслуг судзіць сваіх ворагаў і крыўдзіцеляў. Веру ў творчасьць Духа народнага, ў лучнасьць нашых сіл грамадзкіх, у аб’яднаньне ўсіх крывічанскіх зямель у адну свабодную дзяржаву і ў шчаснасьць векавечную. Станься.
„Слава Крывічанскаму Народу ва ўсіх яго гістарычных імёнах,—Крывіі, Літвы, Беларусі,—як была справеку так цяпер і на векі вечныя. Станься.
„Святая свабода, выражаная дзяржаўнай самаістасьцю Крывічанскага Народу, ты наша пацяшыцелька і надзея, адзіная Мэта і Праўда наша, прыйдзі, усяліся ў нас і ачысьці нас ад усякага рабства і збаў нас ад няволі. Станься.
Дзесяць загадаў народных
„Я, Крывічанскі народ, замучаны, расьпяты і падзелены, клічу да цябе:
- Не спадзявайся, што хто колечы з чужакоў высвабадзіць мяне з няволі.
- Ніякага самаўраду не называй яшчэ незалежнасьцю.
- Памятай выслаўляць дзень, каторы дасьць нам поўнае вызваленьне.
- Паважай тых, каторыя змагаюцца за маю лепшую будучыну.
- Не забівай на славе тых, каторыя працуюць для мяне.
- Не злучай сябе зьвязкамі жанімства з чужынцамі.
- Ня вер чужынцам.
- Ня траць веры ў народную справу.
- Не перасаджай чужых культур на грунт свой народны.
- Ні мовы чужой, ні паэзіі, ні грамадзкіх форм, ні звычаяў, ні абычаяў, нічога, што ня вырасла з народнага духа, акром тэхнічнай веды, якая зьяўляецца выразам агульна-чалавецкага генія.
„Любі народ і край свой Крывічанскі ўсім сэрцам, усей душой, усімі мысьлямі, думкамі і подумкамі сваімі!
Любі свабоду і змагайся за свабоду, як за ўласнае жыцьцё і шчасьце!
„На пачатку была Свабода, і Свабода была ў руках Народу і Народ быў свабодны. Свабода была напачатку ў руках Народу. Праз Народ усё сталася, і без яго нічога не сталася. Народ быў незалежны, а свабода і незалежнасьць былі радасьцю людзей. І памяць аб утрачанай намі свабодзе сьвеціць нам у паняволеньні нашым, і няволя не пагасіла ў нас жаданьня свабоды.