Паэтычнае сьветаадчуваньне ў творчасьці Якуба Коласа

Паэтычнае сьветаадчуваньне ў творчасьці Якуба Коласа
Артыкул
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1927 год
Крыніца: Полымя, 1927, №16

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Проф. М. М. Піотуховіч.

Поэтычнае сьветаадчуваньне ў творчасьці Якуба Коласа.

У кожнага буйнага мастака ёсьць свой вобраз сьвету, ёсьць свая сыстэма сьветаадчуваньня. Для адных, як скажам, для сучасных пролетарскіх поэтаў, сьвет—гэта арэна барацьбы, арэна катаклізмаў і магутных узрухаў, для другіх, як, напрыклад, Гётэ, ён, наадварот, арэна бязупыннай і бязьмежнай эвалюцыі. Оптымістыя бачаць навокал сябе le double jardіn—падвойны сад радасьцяй духоўных і фізычных; пэсімістыя, наадварот, успрыймаюць сьвет, як турму, у якой невядомы кат зьдзекуецца над чалавекам; для сатырыка сьвет—гэта шпіталь альбо вар'яцкі дом, у якім крыўляюцца агідныя і брыдкія маскі.

Так кожны поэта па-свойму ацэньвае акаляючую рэчаістасьць; у кожнага дзейснасьць, якую ён будуе ў сваёй творчасьці, ёсьць ня што іншае, як проэкцыя яго ўнутранога „я" ў знадворны сьвет.

Нам і хацелася-б прасачыць, як гэта праблема ацэнкі разьвязваецца ў Якуба Коласа на яго творчым шляху.

У адным мейсцы сваёй поэмы "Сымон музыка" беларускі поэта зазначае:

У падножжы лясных шатаў,
Дзе каліна расьцьвіла,
Лягла пышна і багата
Тканка цені сьвятла.

Сама творчасьць песьняра ня што іншае, як пышная і багатая тканка цені і сьвятла. Мы убачым, што абодвы гэтыя пачаткі ёсьць вынік рознай ацэнкі паэтай дзейнасьці, розных адносінаў да яе.

Распачынае Якуб Колас з сумных песьняў. Першы яго зборнік, які вышаў у 1910 г., так і называецца "Песьні жальбы". Ужо самая назва добра характарызуе творы, зьмешчаныя ў гэтым зборніку; сапраўды, у першых песьнях поэты выяўляюцца скаргі і енк, у іх ясскрава выступаюць настроі гамлетызма. Паэту давіць цяжар думак; ён аплаквае раньняе аддьвітаньне надзей, юнацтва; ён скардзіцца на сваё адзіноцтва. У жалобную вопратку апранаецца песьняром і прырода; у гэтай прыродзе ён бачыць толькі вобразы пакуты; поэта, напрыклад, зазначае:

Я ня знаю, чым мне дораг
Від палёу благенькіх,
Нудны воклік ў родных горах,
Вербаў рад крывенькіх;
Лесу гоман, гул нястройны,
Шум лазы ў балоце
І нудлівы, неспакойны
Шэлест у чароце.

У першым зборніку выступае шэры аднастайны пэйзаж; занатоуваюцца сумна-элегічныя вобразы, якія выклікаюць адпаведны настрой аўтара. Напрыклад, рысуючы адлёт жураўлёў, поэта як-бы адчувае згубу чагосьці роднага; у васеньнім дажджу чуююца яму сьлёзы; пад шум ветра ён жадае плакаць. Усё забытае, адзінокае асабліва вабіць да сябе песьняра. Жытні колас, застаўлены на ніве, адзінокая краска, прытуліўшаяся на турэмным двары, пахіліўшаяся над вадой вярбіна, пад пяром Якуба Коласа разрастаюцца ў шырокія сымболі духоўнага адзіноцтва і сіроцтва. У тон такім жалобным настроям узьнікаюць і адпаведныя сумныя малюнкі жыцьця. Мы бачым гэту бедную вёску з яе цесна зьбіўшыміся і пахіліўшыміся на бок хатамі, з яе брудам і пылам; поэта зарысоўвае нам смутныя вясковыя могілкі з іх цішынёю і супакоем; ён спыняе сваю ўвагу на малюнку вясковых хаўтур: нудны звон, жабрачая труна, аднастайнае прычытаньне дзяка—гэтыя сумныя акалічнасьці вясковых хаўтур старанна зарысоўваюцца поэтай,

Так, у першым зборніку "Песьні жальбы" пераважаюць хаўтурныя мэлёдыі смутку і меланхоліі; тут чуецца сумная песьня пакуты.

У зборніку "Водгульле", які вышаў у 1922 г., зьмешчаны вершы дарэволюцыйныя і пасьлярэволюцыйныя. У вершах ранейшых, датаваных 1910 г. і іншымі, выступаюць настроі, ужо вядомыя нам па песьнях жальбы. Але адначасна ёсьць і некаторыя далейшыя паглыбленьні і разьвіцьцё гэтых настрояў; тут выступае акрэсьленая сыстэма філëзофскага пэсымізму аўтара; бяспрадметны сум і меланхолія першага зборніка ўступаюць тут мейсца пэўным поглядам, якія, відаць, былі глыбока прадуманы і вынашаны ў душы поэты. Песьняр, як-бы робіць пераацэнку розных каштоўнасьцяй чалавечага жыцьця. Такая пераацэнка, напрыклад, дасцца ім у вершы „Раздум'е" (1910 г.). Самае каштоўнае у жыцьці чалавека, гэта мысьль, але трагедыя мысьлі ў тым заключаецца, што яна часам бясьсьледна гіне, не пакідае вынікаў; думка часам падобна хмаркам, якія зьяўляюцца і таюць на небе; падобна таму, як хмаркі

Па небе бясплодныя ходзяць,
Глухія на плач збажыны,
І мысьлі тож часта бяз сьледу праходзяць,
Таксама зьнікаюць яны.

Другая каштоўнасьць—хараство, але і яно асуджана на зьніштажэньне і бясплоднае гібеньне. Хараство падобна жыватворчаму пылу, які падымаецца над закрасаваўшым збожжам, любоўна цалуе калосьсі і потым разьвяваецца злосна падняўшымся ветрам:

У жыцьцю часьцютка ня мала гібее
Такой жыватворчай красы.

Што можа быць далей больш каштоўным, чым моладасьць, але і яна хуткабежна, яна, што лісьці на стагоднім дрэве:

. . . . . . .Раскошна галіны
У зелень убрала вясна,
І горда гамоняць яго верхавіны,
І радасьць ў тэй мове чутна.
А восень надыдзе, і лісьцік жалобна
На землю, пажоўклы, спадзе.
І моладасьць наша тым лісьцям падобна:
Як лісьце, яна адцьвіце

Чалавек, наогул, з усімі яго імкненьнямі, каштоўнасьцямі, ідэаламі—істота адзінага дню. Поэта кажа:

І ты, чалавеча, як сьнег той ў адлігу:
Упаў і сканаў, і няма.
З трывогай глядзіш ты ў адвечную кнігу,
І душу агортвае цьма.

Так, у вершы „Раздум'е“ у пекнай форме, на падставе паралелізму паміж зьявамі прыроды і зьявамі чалавечага жыцьця, выяўлены пэсымістычныя філëзофскія думкі поэты. У іншых вершах як-бы прадоўжваецца гэтая пераацэнка агульных каштоўнасьцяй. Значнай каштоўнасьцю жыцьця зьяўляецца каханьне, якое дае вялікую асалоду чалавеку. Але і яно мае свой трагічны воблік, які выступае ў алегорычным вершы "Вярба"... Маладая вярбіна злучылася і зраднілася з ручаёчкам, але ў гэтай злучнасьці яна знайшла сабе зьніштаженьне і на пытаньне аб прычынах сваёй журбы, яна дае адказ:

Моладасьць сваю я
Марне загубіла...
Ox, на што так шчыра
Я цябе любіла?—

Далей, дабро і зло—гэта тыя полюсы, паміж якімі разгарнаецца гістарычная дзейснасьць. Што пераважае сабою з гэтых абодвых прынцыпаў, што зьяўляецца больш жывучым у памяці людзей? Сумны адказ на гэта пытаньне даецца ў вершы "Пад Новы год" (1914 г.), які таксама вытрыман у алегорычнай форме... На рубяжы двох гадоў сходзяцца цені старога і новага году; адзін адходзіць у прошласьць, другі толькі зараджаецца, і вось паміж імі завязваецца спрэчка аб дабры і зьле. Навучаны горкім вопытам, стары год выяўляе скэптыцызм; новы год, наадварот, поўны юнацкага захапленьня, веры ў дабpo. І як-бы дзеля навочнай ілюстрацыі гэтай спрэчкі выходзяць з глыбіні гадоў цені прошласьці; годы злыя і добрыя разьдзяліліся:

Годы з напісам Чырвоным
Ўсе асобна сталі,
Мноствам страшным, нязьлічоным
Пушчу запаўнялі;
Годы добрыя нясьметна
Сталі ўсе па чыну,
Цьмяна, бледна, чуць прыметна,
Зьліўшыся ў раўніну.

Па чарзе выступаюць далей тры пары гадоў: з аднаго боку, гады ўраджаю, супакою і прасьветы; з другога боку, гады галадоўлі, кары і помсты, мрака і цемры, і аказваецца, зло людзі больш помняць, чым дабро:

Так было і гэтак будзе:
Зла не забываюць!

Верш "Пад Новы год" зачэплівае, такім чынам, два разьдзельных пытаньні; адно датычыць філёзофіі гісторыі гэта пытаньне аб тым, што зьяўляецца ў гісторыі пануючым прынцыпам, дабро ці зло. Адказ даецца пэсымістычны: у гісторыі больш зла, больш дзейнічаюць сілы зьніштажэньня, разбурэньня і мрака. Другое—пытаньне маральна-псыхолёгічнае: гэта пытаньне адносна чуласьці людзей да процілеглых прынцыпаў дабра і зла. У адказ выказваецца пэсымістычны погляд на сутнасьць чалавечай прыроды; людзі больш помняць зло, чым дабро.

Тэматычную сувязь з азначанымі вершамі мае твор „Дубы"; у гэтым вершы выяўляецца трагедыя фізычнай сілы. Дубы высокія і карананастыя вытрымлівалі барацьбу з ветрамі і навальніцамі, але ня вытрымалі яны барацьбы з чалавекам. І поэта зварачаецца да гэтых дрэваў з такімі словамі:

Эх, дубы, дубы! вякамі
Вы зьбіралі сілы,
Не звалодаў віхар з вамі,
Вас здалелі пілы.

Ашальмованы вам чолы,
Сьсечаны кароны,
І, пасеўшы на верх голы,
Там крычаць вароны.

Гэтак усё сільнае і моцнае нават падлягае агульнаму закону зьніштажэньня.

Як-бы сынтэтычны вывад з папярэдніх вершаў уяўляе сабою твор "Марава". Калі ўсё пекнае і высокае ў сьвеце так мімалётна і хутка бежна, то ці можна дасягнуць шчасьця на зямлі? Адказ дадзен пекным вобразам падарожніка ў пустэльні... Гарачы дзень; навокал пяскі; ніводнай расьліны; падарожнік пакутуе ад смагі. І вось перад ім разгарнаецца чароўны оазіс:

Падарожнаму здаецца,
Што крыніца там ліецца,
Хвалі ў радасьці пяюць.
Вось бліжэй, бліжэй расьліны;
Купы лозак і каліны
Акружаюць беражок;
А з зялёненькіх галінак,
З розных красак і травінак
Гожы сплецены вянок.

Але гэты оазіс толькі мана пачуцьцяў; згінула марава, навокал уся тая-ж гладзь пяскоў, усё тая-ж гарачыня. Калі паставіць верш "Марава" сувязь з папярэднімі творамі, то тут можна бачыць нешта вялікшае, чым зарысоўку звычайнай натуральнай зьявы. Падарожнік—гэта сымболь усяго чалавецтва; цярністы і камяністы шлях, па якому ідзе гэта чалавецтва; рэдкі хвіліны ўнутранога здавальненьня і шчасьця; шчасьце толькі фантасмагорыя, толькі марава.

Гэтак у "Водгульлі" мы знаходзім досыць зграбную сыстэму філёзофскага пэсымізму беларускага поэты. І чалавечая думка, і хараство, і каханьне—усе гэтыя вышэйшыя каштоўнасьці чалавечага жыцьця—прыцягнуты на суд халоднага і скептычнага розума, усё сабой разбурваючага і разлагаючага. Кінуты мрачны погляд на гісторыю, выказана горкае слова аб чалавечай прыродзе, зачеплена пытаньне аб сапраўдным шчасьці і яго недасяжнасьці.

Так на старонках раньніх твораў Якуба Коласа вырастаюць густыя цені смутку і нават пэсымізму. Але пэсымізы ніколі не даходзіў у нашага песьняра да роспачы, да адчаю. Быў адзін пункт, які ратаваў поэту ад абсолютнага пэсымізму; гэты пункт—вера ў працоўныя масы. Побач з лірычнымі вершамі Якуб Колас піша свае дробныя апавяданьні, дзе выяўляецца сьветлы пачатак сялянскай псыхікі. Мы, напрыклад, бачым, як у душы забітага і прыгнечанага селяніна цёмны інстынкт самазахаваньня ўступае мейсца сьветламу, чыста рыцарскаму пачуцьцю гонара ("Малады дубок"); бачым і іншыя высокія парываньні душы селяніна. Поэта верыць у Беларусь; на скрыдлах гэтай веры ён часам падымаецца вышэй смутнай дзейснасьці, ён прадбачыць зару новага шчасьця, новага жыцьця. Поэта зазначае:

Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй;
Не загіне край твой родны
У цемнаце ліхіх начэй.
Будзе час, і сьнег растане
Прыдзе к нам ізноў вясна,
Ціха з неба сонца гляне,
Ачуняе старана.

Вера поэты зьдзейсьнілася; працоўныя масы Беларусі скінулі з сябе ярмо падвойнага нацыянальнага і сацыяльнага ўціску і пачалі будаваць новае жыцьцё: старонка сапраўды ачуняла.

І вось, цяпер адчуваецца выразны пералом і ў настроях песьняра. Цені пачынаюць уступаць мейсца сьвятлу; праўда, не адразу адбылася перамога сьвятла; спачатку мы бачым змаганьне сьвятла і цені. Такое змаганьне, напрыклад, можна угледзіць у поэме "Новая зямля". Сам аўтар у апошнім разьдзеле поэмы зазначае, што яго твор ёсьць "жыцьця адбітак, разважаныя". У поэме, сапраўды, ёсьць элемэнт разважаньняў над жыцьцём, і гэтыя разважаньні прадстаўляюць сабою як-бы працяг тых думак, якія мы знайшлі ў лірычных вершах песьняра. У поэме "Новая зямля" заўважваецца пэўная дваістасьць настрояў. З аднаго боку, тут даюцца сьветлыя малюнкі прыроды; гэта прырода ужо скідае сваю жалобную вопратку і прадстае ў іншым асьвятленьні надзвычайнага хараства і прывабнасьці; поэма абмалёўвае нам поэзію сялянскай працы, яна выяўляе сьветлы пачатак псыхікі сялянскага бяднацтва з яго бадзёрасьцю і ўпартасьцю ў жыцьцëвым змаганьні. Але ў аснове твору ляжыць сумная канцэпцыя жыць. ця, якая прадстаўляе сабой як-бы далейшы працяг тых развагаў поэты, якія выяўлены ім у вершы "Раздуме". У гэтым вершы, як мы бачылі вышэй, Якуб Колас выяўляе трагедыю мысьлі і трагедыю хараства, трагедыю інтэлектуальнай і эмоцыянальнай стараны жыцьця. "Новая зямля" ускрывае трагедыю чалавечай волі. Гэроі поэмы імкнуцца да чагосьці лепшага, яны ўжо на парозе новага жыцьця, але ўмешваецца косьмічны фактар—сьмерць, якая кладзе мяжу імкненьням чалавека. Апошняя глава — сьмерць Міхала—ключ да разгадкі сэнсу ўсяго твора. Сваё апавяданьне аб упартым змаганьні сярмяжных гэрояў за жыцьцё аўтар канчае малюнкам сьмерці галоўнага пэрсанажу і сумным акордам горкага раздум'я аб гэтым нязьбежным для кожнага канцы:

Канец!.. Як проста гэта слова
І многазначна, заўжды нова!
Як часта мы пад крыжам мукі
У тамленьні духа ўзносім рукі
І вочы поўныя гарэньня,
І прагнем мігу вызваленьня.
шчасьлівы міг, бо палі путы!

Так у "Новай зямлі" жыцьцё прадстае перад намі ў сваім трагічным аспэкце.

У "Палескай глушы" аўтобіографічны вобраз Лабановіча як-бы падводзіць агульны вынік мінулым раздум'ям пісьменьніка аб жыцьці. Сутнасьць перажываньняў Лабановіча—конфлікт розума і волі; Лабановіч прадстае перад намі ў дваістай постаці Гамлета і Дон-Кіхота. Гэрою не даюць супакою трывожныя думкі аб сэнсе жыцьця, аб назначэньні чалавека, аб сьмерці і г. д. З другога боку, ён імкнецца ажыцьцявіць сваю чалавечую вартасьць, ён жыве напружаным валявым жыцьцём, імкнучыся разьвіць пэдагогічную і грамадзкую дзейнасьць. Паколькі мы маем толькі першую частку апавяданьня, у ей толькі намечана, але канчальна не дадзена разьвязка конфлікта.

Затое мы маем гэтую разьвязку ў іншых творах пісьменьніка―творах пазьнейшага часу.

"Сымон музыка", гэты, па нашай думцы, самы выдатны твор Якуба Коласа, ужо паказвае сабой перамогу сьвятла; цені адыходзяць у прошласьць, сьветаадчуваньне поэты набывае новы жыцьцерадасны характар. "Сымон музыка“ у апошняй рэдакцыі ― гэта бадзеры гымн у славу жыцьця і яго радасьцяй. У іншым асьвятленьні прадстае тут самая прырода Белурусі; гэта ўжо ня край пакуты, дзе ўглядаецца толькі від палёў благенькіх і чуюцца толькі нудныя мэледыі, — гэта край прыгажэйшы ў сьвеце. У трэцяй частцы "Сымона музыкі", якая напісана ў канцы 1917 году, мы знаходзім такі зварот да Беларусь, поўны вышэйшага энтузіязму і захапленьня:

О, край родны, край прыгожы,
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей ёсьць у сьвеце божым
Гэтых сьветлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе лясы-бары гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць?!
Гэтых гмахаў безгранічных,
Балатоў тваіх, вазёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор:
Дзе ўвосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цьвітуць,
І шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?..

Пекна ня толькі прырода, прыгожы перажываньні чалавека. Думка чалавека ўжо прадстае перад поэтай не ў сваім трагічным выглядзе бездапаможнасьці і бясплоднага гібеньня: песьняра чаруе арліны палёт мысьлі, яе бязьмежнасьць і моцнасьць, як насільніцы праўды. Яго Сымон, гэты скромны вясковы падростак, кідае ў вочы князю сьмелыя словы:

Князь ня мае волі ўлады
Вольнай думцы даць парады!
Думка ходзіць, дзе захоча:
Ад зямлі да зор і сонца
Няма думкам забаронцы.
Думка праўду кажа ў вочы
І вялікім і малому.

Выяўленьне думкі навука для Сымона вышэйшая каштоўнасьць; ён гавора:

Без навукі жыць пагана,
Яе сьню, панок, у сьне―
Так хачу я знаць навуку,
За яе-б аддаў жыцьцё...
Хоць-бы першае знацьцё...

Так ад разумовага скэптыцызму прыходзіць Якуб Колас к радаснаму ўцьвярджэньню чалавечай мысьлі, як вышэйшай каштоўнасьці.

Другая каштоўнасьць—хараство; гэта ўжо ня марна гібеючая, як у вершы "Раздум'е", краса, — гэта вялікая выхаваўчая сіла. Якуб Колас паказвае нам у поэме "Сымон Музыка", як пад уплывам хараства беларускай прыроды, на яе матчыным улоньні выхоўваецца самабытны талент-самародак, як душа гэтага самародка шырока расчыняецца для ўспрыняцьця хараства космосу і хараства мастацтва; у такія мінуты

Чуў хлапчына, што спадала з шыі
Цяжкае ярмо
Адзіноты, долі горкай—
Съвет хацелася абняць
І людзям бліскучай зоркай
У іх цемрадзі зазьзяць.
І сказаць ім, як шчасьліва
Можна жыць і на зямлі.

Чуе гэта шчасьце Сымон, і, перажываючы каханьне да Ганулі:

Проста чуў, што ён шчасьлівы,
Чымся новым быў абвеян.
Новых сілак чуў прыліў.
Ён пазнаў тут асалоду,
Ён пазнаў тут новы сьвет.

Так і каханьне выяўляецца ўжо не у трагічным выглядзе дарэмнага самаахвяраваньня, а малюецца ў бадзёрых танох радасьці і шчасьця.

У гісторыі чалавецтва пясьняр не ўглядае ужо толькі перавагу зла,—наадварот, ім цяпер выказваецца вера ў прогрэс, у лепшую будучыну. Задумляючыся над лёсам бацькаўшчыны, разарванай на дзьве часткі, Якуб Колас выказвае ўпэўненасьць, што гэта зьява толькі часовая; да сваёй айчыны ён зварачаецца з такімі прачуванымі словамі:

Родны край! Ты разарваны,
І на Захад ад мяжы
Пан пыхлівы, надзіманы
Моцна сьцягвае гужы,
Каб з варшаўскае майстэрні
Беларусу сшыць халат,
Ды ні ксёндз, ні пан ня верне
Плынь гісторыі назад.

Так у поэме "Сымон музыка" даецца новае і радаснае ўцьвярджаньне тых каштоўнасьцяй чалавечага жыцьця, якім раней давалася адмоўная ацэнка. І чалавечая мысьль, і хараство, і каханьне, і самая гістарычная дзейнасьць прадстаіць тут у повым асьвятленьні.

У поэме "Сымон музыка" пясьняр імкнецца сказаць, як шчасьліва можна жыць на зямлі. Шчасьце прадстае тут у сваёй потэнцыяльнасьці, але не ў рэчаіснасьці; абярнуцца ў дзейснасьць перашкаджаюць яму ненармальныя соцыяльныя умовы, у поэме тэма псыхолёгічная ў канчальным выніку падпарадкваецца тэме соцыяльнай. Поэта хоча ў сваім творы выявіць, што

Не радзіцца-б лепш дзіцяці
З такой чуткаю душой
У куточку, дзе спрадвеку
Беднасьць лютая гняце.
Цяжка жыць у цемнаце,
У зьнявазе чорнай, зьдзеку,
Дзе адбітак свой з-за хлеба
Накладае талака,
Дзе так пільна праца трэба,
Плечы моцныя, рука,
Дзе рот лішні на прымеце
І так топчацца сям'ёй,—
Лепш-бы там ня жыць на сьвеце
Дзеткам з чуткаю душой!

Колізыя высокай адаронасьці Сымона і ненармальных соцыяльных абставін, якая перашкаджае разгарнуцца гэтай адаронасьці, учуляе сабой ідэёвую схэму поэмы.

Толькі у барацьбе шлях да зьніштажэньня трагічных супярэчнасьцяй жыцьця, і поэта арганічна падыходзıць у сваей творчасьць да тэмаў барацьбы.

Характэрна, што пясьняр нават і ў прыродзе заўважвае цяпер гэта напружанае змаганьне. Раней ён любіў усьпяваць супакой прыроды; ён любіў, падобна Цютчэву, Мэтэрлінку, прыслухоўвацца да начной цішыні, бо раненае сэрца патрабуе цішыні супакою. Цяпер Якуб Колас бачыць у прыродзе пераважна рух, дынаміку, змаганьне. Для яго цяпер мароз—гэта бязьлітасны кат, які "кайданы куе на хвалі", але супроць гэтага ката падымаецца вецер з сваім заклікам:

Гэй, да зброі, каб даць жыцьцю

тут вызваленьне!

З сваёй вышыні сонца глядзіць у засмучэньні на калатню варожых станаў. Так для поэты і ў прыродзе.

Шуміць, кіпіць, бурліць змаганьне
За шчасьце, волю і свабоду.

Ідзе гэта змаганьне і ў жыцьці чалавека. І поэта арганічна ў сваёй творчасьці падыходзıць да тэмаў барацьбы соцыяльнай, да тэмаў грамадзянскай вайны. "Сяргей Карага", "Крывавы пір", "Дачакаўся" і іншыя апавяданьні прадстаўляюць сабою жывыя адбіткі нашай гэроічнай эпохі на ўсёй велічы яе барацьбы за ўзмацненьне новых ідэалаў. Песьня пакуты зьмяняецца цяпер у Якуба Коласа новай песьняй радасьці і барацьбы; сам поэта гаворыць:

Змоўкні-ж, сьціхні, песьня пакуты,
Заварушыся, наш край!
Люд! Вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песьні сьлявай!

Такім чынам, у Якуба Коласа на яго творчым шляху мы знаходзім істотную зьмену сьветаадчуваньня. У дадзенай галіне можна канстатаваць тры моманты: спачатку сьвет прадстае перад поэтай у жалобнай вопратцы смутку; спачатку гэты сьвет для яго пераважна арэна трагічных супярэчнасьцяй і колізыі; у творчасьці мастака пераважаюць песьні жальбы, у ёй углядаюцца густыя цені пэсымізму; потым ужо мы назіраем змаганьне сьвятла і цені; нарэшце, выяўляецца канчальная перамога сьвятла.

Нам хацелася прасачыць гэту зьмену ценяў і сьвятла ў творчасьці Якуба Коласа па двох матывах. Па-першае, сыстэма сьветаадчуваньня прадстаўляе сабою падставу кожнай сапраўды мастацкай творчасьці; кожны сапраўдны мастак нясе сваю вестку сьвету, і разгадаць сэнс гэтай весткі—галоўная задача крытыка. Па-другое, нават такім аўтарытэтным дасьледчыкам, як акад. Карскі, выказвалася думка аб прымітыўнасьці беларускай літаратуры, аб тым, што яна, нібыта, не зачэплівае складаных агульна-людзкіх проблем. Аналіз сьветаадчуваньня Якуба Коласа прадстаўляе сабою бліскучае абвяржэньне гэтай думкі: мы бачым, што поэзія Якуба Коласа зачэплівае глыбокія пытаньні чалавечага жыцьця.

Але задача дасьледчыка заключаецца ня толькі ў тым, каб канстатаваць пэўныя элемэнты творчасьці,–апроч таго неабходна і растлумачыць гэтыя элементы; патрэбна вобразы мастацтва перавесьці на мову соцыялёгіі, зазначыць соцыялёгічны эквівалент гэтых вобразаў.

Песьні жальбы прадстаўляюць сабою прадукт мрачнай пары ў жыцьці як самога поэты, так і ў жыцьці усёй яго роднай старонкі—Беларусі. Царскі ўрад кінуў Якуба Коласа ў турму; тут складалася большасьць яго першых песень. Пясьняр сядзеў за кратамі, а там, за гэтымі кратамі, была адна агульная турма—турма царскай Расіі, якая душыла усё жывое, прыціснула Беларусь падвойным уціскам—нацыянальным і соцыяльным. На грунце гэтай суровай дзейснасьці ўзьніклі цені пэсымізму ў творчасьці Якуба Коласа. Кастрычнікавая рэволюцыя параджае новыя, бадзёрыя настроі ў поэзіі Якуба Коласа; істотна зьмяняецца ўся сыстэма яго сьветаадчуваньня, цені ўступаюць месца жыватворчаму сьвятлу, Якуб Колас прадстае перад намі ў новай постаці песьняра шчасьця і радасьці.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.