Па беларускім бруку (1925)/Мая казка/З поэмы «Мая казка»

Новы Менск З поэмы „Мая казка“
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1925 год
На магілу М. Багдановіча
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дваццаць (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ КАЗКА

З ПОЭМЫ „МАЯ КАЗКА“


∗     ∗

Топчацца вечар па вуліцы,
скрыпіць стаптаны сьнег.
Мінулым маці прытуліцца;
нашу казку раскажа мне:

— Студзень. Шосты год.
Дваццатае сталецьце.
Водзе ў карагод
голад свае сеці.

Холадна. Мароз.
Узор на вокнах віўся…
Сынку добра рос, —
у час цяжкі радзіўся.


∗     ∗

Помню той вечар,
вецер ня выў.
Шукалі за печчу
сьвятое травы.

Малілася хата…
Ў пашане спас…
— Будзе багаты,
ў шчасьлівы час…

Балюча затросься
бацькавы твар.
Цяжка жылося,
мацнеў цяжар.


∗     ∗

І ў гэты вечар
вецер ня выў,
сьнег карцеччу
у вочы ня біў.

У горадзе звонка:
вітрыны, агні,
гудзяць беспрассонку
і ночы і дні.

Вясёлы на браме
чырвоны ліхтар.
Шырокая крама,
жывы тавар.

Са звонам ізвозчык
гоніць з гары,
вярбуюць на плошчы
ў кіно ліхтары.

Аркестра склікае
ў кафэ-рэсторан.
Тракцір забаўляе
песьняй цыган.


∗     ∗

І ў гэты вечар
і вецер ня выў:
А вочы карцеччу
кідаў гарадавы…

Глуха ў завулках:
бяднота, гальлё.
Лахмоцьце прытулак
падпольлю дало.

Ні хлеба, ні сала, —
галодная сьмерць.
Рабочы ў падвалах
выкоўвае сьмерч.

І рвецца з подпольля:
— далоў царскі стан!
Ня будзе Менск болей —
кафэ-шантан.


∗     ∗

Ды, невясёла ў хаце і сёньня,
грудзі точыць бяда, як іржа.
Рукі зьвязаны… я ў палоне;
другі дзень ты пры мне ляжаў…

Бацька ў тракціры з сябрамі
прапівае сваё паліто…
Бывае, сваімі рукамі
задушыць быў цябе гатоў.

Цярпелі нядолевы кпіны,
жылі кропляю бруднай расы.
Дачакалі-ж вальнейшай хвіліны
сівыя мае валасы.


∗     ∗

Заўсёды клумкі клопатаў,
сьлёзы, бой, грызьня.
Жыцьцё няслося з грохатам,
як пыл ды з-пад каня.

Вадой! і сталі-б сьвежымі
зігзагі вуліц, — шлях.
Жыцьцё такое-б з вежаў мы, —
ўгнаілася-б зямля!

Але сьціскала гора нас, —
тупой сякеры сталь.
І так жыцьцё замораных
душыла йржою хваль.


∗     ∗

Задуменны, нібы вучоны,
па вуліцах бацька блукае.
А ў завулку тракцір разгонны
разгулам яго заклікае.

Не працуе, працы — нічога,
дзе мага яго вочы лезуць.
Раз п‘яны страсануў гардавога,
страсануў, пяючы марсэльезу.

Судзілі. Сядзеў. Вышаў.
А ў сэрцы кіпіць непагода…
Кароткія-ж ніткі зацішша
увосені шостага году.


∗     ∗

Пеніцца сэрца фабрык,
кіпіць прыгнечаньня вар.
На тварах бунтарскія фарбы,
ля домны злуе качагар!

Не здарма-ж быў і бацька з рабочых
з помстаю слухаў „лісткі“…

Сьляпою, абдрыпанай ноччу
ўляцелі да іх крыжакі.

І толькі прайшла хвіліна,
„вялікай дзяржавы сыны“:
бацьку далі дамавіну,
яго сябрам — кайданы…


∗     ∗

Журбу мінуўшчына будзіць,
мінулым намоклі скроні…
На твары матчыным сёньня
цень успамінаў блудзіць.

Маю казку мне расказала…
— Больш ня ведаю бацькі свайго!
Праўда, яшчэ расказала
нядолю жыцьця свайго…