Па беларускім бруку (1925)/Рытм гораду/Песьня вёскі і фабрычных станкоў

Друкар Песьня вёскі і фабрычных станкоў
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1925 год
Бацькава радасьць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня вёскі і фабрычных станкоў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ ВЁСКІ Й ФАБРЫЧНЫХ
СТАНКОЎ

У полі зялёнаю ноччу
жалейкай зьвіняць агні.
А ў горадзе песьню рабочым
на колах пяюць рамяні.
Машына песьняй госкае,
стружкі кідае наўкруг,
каб хутчэй, хутчэй у вёску
паслаць сталёвы плуг.
Заўсёды: позна, рана
крынічыць фабрычным жыцьцём.
Каб хутчэй машына-дынама
разьліла свой сьпеў над сялом.

Селянін і рабочы, дарога
працярэблена вамі адна!
Прамінулі часы убогія —
сёньня ў восені наша вясна.
Ні Пятро, ні Ільля аружжам
тваё поле ўбяруць аксамітам.
Ты ня богам, вёска, акружана,
а сваёю рукой працавітай…
Помнім, помнім прыжмураны Ленін
табе, вёска, сказаў: — дай руку!
І сёньня машынай праменьні
ў тваім сэрцы радасьць друкуюць!

Свае хаты аздобіш снапамі,
вёска, сьвята тваё, твой звычай!
Сваю працу сваімі рукамі —
зьбірай, вёска, у свой Ураджай!
Ты сьвяткуеш, сьмяюцца вочы,
каласіцца вясковы сход.
Я вітаю цябе — ад імя рабочых
падарункам трактар паслаў завод!
Хай у сто звонаў зялёны гоман
разьліваюць калосьсі палёў.
Крок за крокам ідзём у жыцьцё мы
з песьняй вёскі й фабрычных станкоў!