Па дакладу Віктара Чарнова

Выступленне па дакладу Віктара Чарнова
Выступленне
Аўтар: Тамаш Грыб
1922
Крыніца: pawet.net

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вельмі перапрашаю, што затрымаю вашу ўвагу на адным пытаньні, якое дакладчык чамусьці не закрануў, мусіць, забыўся ці што, ня ведаю. Гэта яго справа. Бачыце грамадзяне, прачытаўшы ў «Голосе Родины» аб тым, што адбудзецца даклад старшыні — як гэта сказана ва ўваходным білеце — "Усерасійскага Устаноўчага Сходу В. М. Чарнова на тэму: «Сучаснае становішча Расіі й пазыцыя партыі сацыял-рэвалюцыянэраў», што пасьля даклада адбудзецца дыскусія, што запрашаюцца прадстаўнікі рускіх дэмакратычных групаў, беларускіх, украінскіх ды інш. нацыянальных арганізацыяў. От жа, маючы на ўвазе гэта, я адважыўся ўзяць слова, каб перад дакладчыкам і аўдыторыяй паставіць вось гэткае пытаньне.

Дакладчык нам даў падрабязны й пры гэтым вельмі ўдалы гісторыка-філёзофскі аналіз падзеяў рэвалюцыі на ўсходзе Эўропы, устанавіў пэўныя паралелі з падзеямі Вялікай францускай рэвалюцыяй. Але ўпусьціў надта важны момант, упусьціў адзін вялікі гістарычнай вагі фактар — справу прыгнечаных нацыяў. Калі француская рэвалюцыя ня ведала нацыянальнай справы, дык Вялікая рэвалюцыя на ўсходзе Эўропы паставіла гэтае пытаньне рубам і якое вымагае яснага ды дакладнага развязаньня, як у плашчыне тэарытычнай, так і ў плашчыне практычнай.

Як ня сумна, але неабходна адзначыць, што рэвалюцыя толькі паставіла на парадак дзённы гэтае пытаньне, але далека яшчэ ня вырашыла. Дзіўна, як-жа дакладчык, кажучы пра сучаснае становішча Расеі, аніводным словам не закрануў гэтай набалелай справы. Я надта ўважліва прыслухоўваўся да словаў дакладчыка, хацеў пачуць што-небудзь у гэтай справе, а ну ж ды скажы нарэшце новае слова ў разьвязаньні нацыянальнай праблемы прадстаўнік расейскай працоўнай дэмакратыі, гэтае трэцьцяй сілы. На вялікі жаль, сказана анічога ня было.

Дык няўжо ў сучасным становішчы Расеі з пункту гледжаньня расейскай працоўнай дэмакратыі існуюць толькі клясавыя супярэчнасьці ды зусім няма супярэчнасьцяў нацыянальных? Няўжо й зараз, як у старыя часы, ад пламеннай Калхіды да саплівых Карпат, — гэта ўсё адзіная Расея? Няўжо ў сялянаў цьвярскіх ды яраслаўскіх, з аднаго боку, і сялянаў беларускіх, украінскіх, сялян прыбалтыйскіх ды Каўказа зусім такія аднолькавыя мэты й заданьні, аднолькавая псыхалёгія?

Ня трэба губляць з поля зроку, што волю рэвалюцыі вырашаюць ня толькі класавыя ўзаемаадносіны, ня толькі фактары эканамічныя, але й культурна-псыхолёгічныя, у дадзеным выпадку, фактар нацыянальны. У гэтым ёсьць значнае разыходжаньне Вялікай францускай рэвалюцыі ад рэвалюцыі на ўсходзе Эўропы. Вось чаму было б надта пажаданым, каб дакладчык даў ясны ды цьвёрды адказ — як думае вырашыць нацыянальную праблему расейская працоўная дэмакратыя, уласна тая партыя, прадстаўніком якой ён тутака выступав.

(Датуецца восеньню 1922 г.)