Восень і радасьць Забойства
Апавяданьне
Аўтар: Кузьма Чорны
1926 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Забойства (Чорны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАБОЙСТВА

I

…Бо дыхнула вясна, дык і зямля стала вясёлай… У прагным жаданьні парыліся ўзгоркі, лагчыны купаліся ў сырасьці… І гулкая ні-то цішыня шырокіх размахаў, ні-то песьня веснавое вясёлае журбы плыла над зямлёй… Зямля чакала часу ўзьняць сабраныя сілы сваёй творчай здольнасьці і ў сырых куткох драмала пад сонцам; драмала з подыхам шырокім пасінеўшаму небу…

Ночы былі зычныя, далёка-гулкія і пахлі вадою, бо вады на зямлі было многа…

Як чакала зямля людзей у свае палявыя палосы, таксама й людзі зямлю чакалі, — чакалі яе, падсохшую, адпачыўшую. Бо ўжо паіржавелі за зіму плугі і бароны, і грудзям надакучыла дыхаць паветрам шчыльна заткнутых хат…

І яшчэ чакалі людзі: прычакаўшы вясны аднэй, чакалі другой. Зямля была яшчэ чорная, лясы ня былі сінія: гэта пара ад зямлі агортвала іх, яны-ж агортвалі сабою людзей. Ды яшчэ ці мала людзей блыталася па нізкіх кустох, па мокрых алешнікавых паплавох, у гушчарніках лазовых за рэчкамі. Гэта вясна дазволіла ім пакінуць вёскі. Прапахлі людзі гэтыя сырасьцю веснавое зямлі, вясёлымі імхамі лясоў. І начамі цягнуліся па родных мясьцінах…

Сяк-так зьбіраліся здаволіць зямлю плугамі, але і ў гэтым зьбіраньні была нязвычайнасьць, як-бы было гэта ўжо няважна перад тым нечым, што недзе рабілася, што было й гаварыла аб сабе на кожным кроку…

З самага вечару яшчэ вёска прабавала трохі гульнуць дзявочымі песьнямі, ды хутка сьціхала, толькі часам гране дзе за гумнамі моцная лаянка раззлованага на ўсё чалавека. Вечары баязьліва туліліся к зямлі, а людзі начамі баяліся. А пасьля ночы дзень прыносіў многа новых гаворак, дзівосна выраслых думак і чутак.

Слова мужычае — як гром. Мала што яно баязьліва часам сказана, але затое шырыня й размах у ім бясконцныя. І стараліся ня мець лепш справы з гэтымі словамі тыя, што мелі тут сілу: прыяжджалі яны ў вёску, калі трэба было, крычалі тут, махалі нагайкамі, вынаходзілі ўсякія прычыны, каб перацягнуць мужыка па сьпіне, цешыліся бляскам сваіх гузікаў ды белага арла на шапках і, нацешыўшыся, выяжджалі. І даганялі іх моцныя мужычыя словы, зычная лаянка, хрыпата крыкаў нянавісьці…

— Гых вы, трасца вашай мацеры!..

А тут яшчэ хвароба некая на жывёлу ўкацілася. З хлява Саўкі Чужахвала пачалося: дзьве каровы, як горы, за платамі, на балоце ляжалі — Саўкі і суседа… Пачало не хапаць граніц людзкой злосьці…

Людзі чакалі… Чакала зямля…

II

Стараста ня выцерабіў з-за каўняра вусоў мякіны й сечкі, не абцёр з твару пылу, з тараплівасьці зашпіліў пад расхлестаным кажушком камізэльку верхнім гузікам на ніжнюю дзірку і перабягаў з-пад акна к акну:

— Мацьвей, вечарам на сход валі!

— Цётка Кацярына, гані там вечарам Паўла на сход, тры каровы сказана даць!..

— Саўка, вечарам сход; ад дому не адлучайся, малоць заўтра паедзеш! Чорт яго бяры з млівам, тры каровы, выразна сказана…

— Няхай ім тры скулы…

— Тры мала; каб хаця тры тысячы…

— Гэй, ты там, вечарам на гэтае…

— Ведаю, чорт яго пойдзе. Хто гэта дурны пацягнецца…

І ўсюды была халодная сьцяна слоў:

— Няхай ідзе той, каму ўсё гэта трэба!

Аднак, вечарам цёмныя сьцены школы здавілі ў сабе густы гул галасоў.

Слухала поле, падышоўшае загонамі да сьцен школы, людзей сваіх. Шырока расплывалася мужычае слова.

— Гэта-ж, каб на іх пяруны, сваё ўласнае давай, ды яшчэ чакай тры гадзіны ўсякую сволач, пакуль задумае зьявіцца…

— Пакуль, добра кажа, зьявіцца, гляне…

— Няхай яны на сьвет не глядзяць.

Але затарабанілі калёсы па падмёрзлай нанач зямлі. Нізкі і тоўсты ўкаціўся ў школу. Глянуў на народ, падышоў к сталу. Мяккія пальцы палажыў на стол, фуркнуў ад духаты. Важна, злосна, папанску сказаў:

— Дык вы-ж ужо ведаеце, тры каровы павінны на заўтра к паўдню даць з вёскі. Каторы тут стараста?

Стараста крактануў, коса паставіў вочы; выпхнуты з грамады пруткімі рукамі, вышаў наперад і нехаця загаварыў:

— Ці ня можна-б было, паночку, скідку якую зрабіць, гэта-ж і так хвароба нейкая ўкацілася, хоць ты гвалт крычы. Наша дзела мужычае: давай, а дзе ўзяць?

Тоўсты нешта хацеў сказаць, ды загулі галасы:

— Але ці парадзіў нам хто, як гэта лепш прыдбаць гэтую жывёліну, га?..

— Дык вы павінны, паночку, сказаць нам, да каго зьвярнуцца гэта з тым, каб паменшылі!

— Да мяне, адказаў той, — я самы старшы па гэтым, але нічога ня будзе. Скідкі ня можа быць. Тры каровы да заўтрашняга паўдня!..

— Можаце, паночку, і цяпер узяць. Закажэце адно свайму фурману паехаць ды забраць.

Гэта Саўка Чужахвал вылез наперад.

— Што забраць?

— Каровы. Дзьве каровы, як горы. Зусім яшчэ сьвежыя; я толькі ўчора на балота за платы выцягнуў. Нават і прымерзьлі крыху, так што мяса за мілую душу…

— Гы-гы, — гранулі ззаду рогатам.

— Добра ка‘а, за платамі мёрзлае мяса, еж — хоць расьперажыся.

— Го-го! Гы-гы!..

— Вось лоука хваціў!..

— Цябе як зваць? — гукнуў тоўсты і палажыў руку на стол.

— Саўка шмыгануў назад у грамаду, толькі аблезлы кажушок яго махнуўся перад сталом.

— Як зваць яго?!

— Так што нават ён ня зусім нашай вёскі, а як-бы зьбяглец з…

— Як зваць яго?

— Саўка Чужахвал.

— Ага, гэта што сыноў двух у лес паслаў, партызаншчыну разводзіць, ды мужычае права сваё паказвае!? Я цябе, як міленькага прыбяру!..

Зноў загулі, зноў прыціхлі. І заднія пачалі ўцякаць са сходу.

У вострай цішы сырой веснавой ночы ляпалі лапці па зямлі, кашаль і ахрыпшыя галасы разыходзіліся па вуліцы. Чутка-дрымотнае поле прымала іх і разносіла па туманных лагчынах.

Саўка Чужахвал заўсёды кашляў, а гэта й зусім закашляўся, уцёкшы са школы. У злосьці і крыўдзе прышоў ён у свой двор. А ў хаце адна дзяўчына, дачка Насьця, гаспадыня ужо. Трывога была ўвесь вечар і ноч у Саўкі Чужахвала. Ад кашлю яшчэ горшаю была напружнасьць усяго. І думкі былі, як удар абухам па сырому бервяну.

Голас у Насьці срэбрам па хаце разышоўся:

— Ты чаго, тата, спаў-бы.

— Ведаюць, што хлопцы ў лесе. Запісаў мяне на сходзе сягоньня тоўсты, каб ён спух…

У плач кінулася Насьця. У сьлёзы гаспадыні, выведаўшай ужо ў маладыя гады хатнюю таўкатню. Плач яе быў ціхі, з прыслоўямі, кабечы.

— Ты чаго? Што гэта паможа? Яно, пэўна, бяда, ды чорт яго бяры. Што будзе, то будзе. Ня я першы, ня я апошні. А што да цябе, дык табе што? Тваё дзела хатняе…

Ня сьціхла Насьця, і Саўка на двор пацягнуўся. Ляпнуў дзьвярыма, каб Насьця бачыла, што й ён неспакойны.

Грукалі па суседніх хлявох коні. На прыгуменьні, каля шэрай сьцяны бялела салома… І зноў былі думкі стопудовыя:

— Гэта-ж памерла яна, жонка, без пары. Ад бядноты, ад жыцьцёвага гора захварэла й памерла. А сама, што жыць яшчэ ёй было…

Тут жыцьцё кончылася ад убогасьці, ад недастач, ад галодных і халодных дзён, а там ён з сытасьці, тоўсты, ня ведае, што рабіць. І яшчэ мае права запісваць мяне, над маім жыцьцём сілу ў лапах трымае… Вось гэта-ж крыўда у тым усё, што над тваім жыцьцём, над днямі тваімі сілу мае.

Насьця супакоілася ў поўнач, плюхалася Ў мыцельніку, мыючы гаршкі.

— Я яго забіў-бы, каб дзе сустрэў ды зручна было, — сказаў Саўка Насьці.

— А божа-ж мой, — зноў заплакала Насьця.

І ноч прашла ў неспакойным сьне… „Можа яно й забудзецца пасьля, але вострымі бываюць першыя хвіліны“, гэта думала Насьця скрозь дрымоту, як думаюць і адчуваюць перад важным здарэньнем або пры вялікай радасьці.

III

У Саўкі Чужахвала конь — проста плёвае дзела: лапавухі, востразады, худы, як дошка, пад касматай скурай рэбры тырчаць, як частакол. Дай яму сена — а ў яго пажаваць няма чым, сьцебані яго пугаю — а ён возьме ды ляжа там, дзе стаяў. За зіму надакучыла яму цёрціся шыяю аб цёмныя сьцены хлява, а тут якраз праз шчыліны лінулася ў хлеў вясна: мусіць гэта сакавік прынёс з паплавоў тонкі пах ветраных прастораў, вольнасьці рачных берагоў. Бо ўжо зеляніла з зямлі вяршкамі травамі, каляіны на дарогах абветралі. Лапавухі ў хляве раздуваў ноздры ў дзікай нецярплівасьці, цёрся мордай аб дзьверы, глядзець не хацеў на апараную сечку. А раз пад вечар, як Саўка забыўся зачыніць у хляве дзьверы, драпануў лапавухі ў поле: адно бліснуў міма вакон…

Па полі гуляў лапавухі. Трос аблезлай грывай, падкідаў вострым задам, цягаўся каля кустоў ды грыз нешта на голых межах. Саўка з пукам аўсу бегаў за ім, засопшыся. Голас у Саўкі быў сярдзіты, хрыплы ад кашлю:

— Каб ты спруцянеў, каб ты, падла лапавухая!..

Не паддаваўся конь; а пасьля прыпёр яго Саўка да самае рэчкі, у куток балота. Па чэрава ўехаў лапавухі нагамі ў нейкае крынічышча — там і схваціў яго Саўка. Узабраўся на яго худую, як ражон, сьпіну і сьцебануў ламінаю пад чэрава.

— Но, цягніся! Няхай цябе ўпадкі, намучыў ты мяне сягоньня!..

Конь выцягнуўся на дарогу, дый стаў раптам. Натапыраў вушы, разьдзьмуў ноздры. І прышлося Саўку ўгледзецца ў сівы змрок адвячорку. І там недзе імчаліся коні. Хутка падбеглі. Ды сытыя, вараныя. Коні, як печы. А на іх людзі, як шкло, чыстыя; адзін, як сьвіньня, тоўсты, другі тонкі, бо зусім яшчэ малады.

„Гэта-ж той самы, што ўчора ў школе на сходзе быў“, дадумаўся Саўка ды зьвярнуў, спалохаўшыся, свайго лапавухага на бок з дарогі, ды ткнуў лапцямі ў бакі яму, каб хутчэй бег ад ненавідных людзей. Але ня так-жа лёгка павярнуцца лапавухаму, а тым, як Саўку плюнуць, праімчацца міма. Саўка адно аглянуўся. А той, маладзейшы, у сытай вясёласьці ад лёгкага жыцьця, сьцебануў мімаходам лапавухага па азадку ды гукнуў насьмешліва Саўку:

— Эй, гвардзеец!..

Вялікая нянавісьць парадзіла ў момант ручаіну нястрыманай злосьці. І голас Саўкі страсянуў хрыпам сьветлы змрок:

— Каб на вас агні, каб на вас!..

Ня чулі, мусіць, тыя, бо скакалі далей. Саўка ехаў адзін паволі вузкімі палявымі сьцежкамі. Злосьць зьмяшалася з крыўдаю — цяжкаю, вялікаю, як каравы, мазольны кулак.

І пачуцьці ў Саўкі на ўвесь сьвет крычалі:

„Гэта-ж сытыя, ды яшчэ злая насьмешка на кожным кроку. У мяне ад галоднага жыцьця мерлі ў сям‘і, а там — сытасьць празьмерная. Ды што-ж гэта такое, што насьмешка такая, як-бы над чарвяком якім… Ды яшчэ-ж запісаны я ў яго, з таго самага сходу… Ды яшчэ-ж сыны мае два па лясох туляюцца. Яшчэ невядома, што за гэта будзе… Трэба што-небудзь рабіць…

— Тата — сказала Насьця плачучы: — гэта-ж прыходзілі ды казалі, каб заўтра зьявіўся ў двор, дапытвацца пра хлопцаў будуць.

IV

— Якім дома ці не? — сказаў Саўка Чужахвал, адчыняючы дзьверы.

— Яўхім у гумне, — адказаў скрыпуча бабскі голас з цемнаты хаты.

У гумне пахла адсырэлаю аўсянаю саломаю ды жытнім пылам. Яўхім шамятаў кулямі на таку. У гумне ніхто не мяшаў гаварыць і абдумваць вялікую справу.

— А тымчасам, братка-ж ты мой! На допыт заўтра возьмуць. Прападаць, значыцца, прыдзецца… Падвёў чорт яшчэ мяне на сходзе тады пра мёрзлае мяса за плотам і словы ўвярнуць…

Шапталіся доўга. То ў роспачы то ў крыўднай злосьці павышалі галасы. Панура перасыпалі словы моцнаю лаянкаю ды як-бы баязьліва часам, а часам праз меру моцна і сьмела. Прапіраўся ў душу смутак настойны, узрастаючы. Ішла барацьба ў чалавечых істотах. Змагаўся розум з пачуцьцём. То адвага вялікая, нястрыманая зьяўлялася, то пахілая слабасьць. Ды толькі думкі бралі істоты пад сваю ўладу. Думкі ўнасілі ў веду, што падышоў час, калі адарвуць ад родных хат, могуць пагнаць чорт ведае куды, камандаваць жыцьцём, як жыцьцём чарвяка. Ды яшчэ крыўда расла й шырылася.

І голас у Саўкі стаў раптам рашучым:

— Будуць удвух ехаць яны назад хутка; давай, заляжам у кустох ды забіць папрабуем. Усё роўна на тое пашло. Эх ты!..

— Хоць раз за ўвесь век насьмешак… Яно верна… А што думаеш…

У вільгаці старога, цёмнага гумна вырашалася справа жыцьця. Бяздоньне сіл і жаданьняў бушавала ў людзях. Прачнулася й загаварыла бязьмерная нянавісьць пакрыўджаных людзей. Крычала яна ў пачуцьцях і думках, ды толькі не магла складна выліцца ў словах. Ня прывыклі людзі за жыцьцё гаварыць многа. Толькі песьня выяўляе часам пачуцьцё… Больш усё кідалі адрывіста няскладнымі словамі…

— Што-б тут узяць, чорт яго ведае?

— Ды што возьмем, тое й добра будзе.

— Абы вагу мела…

— Ну дык што-ж!..

— Хадзем хіба…

Ні Саўка Чужахвал за пяцьдзесят два гады жыцьця, ні Яўхім Вілач за сорак восем год жыцьця жабы без патрэбы забіць шкадавалі, а гэта-ж уночы на чалавека йсьці выдаліся.

Над зямлёю драмала вясна ў сьветлым змроку, ад вясны зямля дыхала сьвежаю параю ды піла шырыню маладой лёгкасьці. Ноч маўчала ды была зычная далёкай пустатой…

У хаце плакала Насьця, выпраўляючы Саўку, бацьку з хаты; галасіла блізка ў хаце другая жанчына, выпраўляючы Яўхіма, — усё роўна пабяруць ды пагоняць… Так з плачам прашлі жанчыны з імі двума за гумны, цераз агароды. Правялі іх далёка ды з плачам і смуткам, з жаночым горам пашлі назад мокрымі паплавамі… Змрочна было ў паплавох, ціха ў палёх, цёмна ў жаночай душы. Ды яшчэ ў жанчын было няведаньне, што мужыкі сёньня йдуць забіваць чалавека. А ў тых ужо было толькі адно нястрыманае жаданьне біць

V

— Як яшчэ невядома прыдзецца. Можа нічога з гэтага ня будзе…

— Валі на ўсё, усё роўна дадому варочацца няма як. Па лясох пажыць прыдзецца…

— Знай, што адарваўся там ззаду…

— Што будзе, то будзе, харкні ды плюнь.

— Але, як табе плюнуць.

— Нямала плявалі. Годзі.

— Бярэ страх? Усё-ж такі!

— Не гавары аб ім, бо возьме. Няхай яго агонь спаліць. Няпрывычнае дзела…

— А думаеш ты пра яго, на каго з доўбняю йдзеш?

— Ужо не. Але ўсё роўна, Кончана… Пачакай, думаю. Само думаецца. Гэта-ж я галодны быў заўсёды ды бяз сну галава, як сто пудоў; а ён… Сволач тоўстая… Ды ты жыцьцё ўсё прыпомні.

— Пачакай, а варочацца ня думаеш зараз-жа?

— Заўтра ўсё роўна забяруць… Ды што ты з мяне вымучваеш? Не мякчэйшы за цябе. Хочаш — сьвісну…

Але ня сьвіснуў, а закашляўся Саўка Чужахвал…

Боты плюхалі па мокрых паплавох…

VI

…Над зямлёю драмала поўнач, за куп‘ямі ціха гаманіла рэчка, а дарогі зусім спалі ў мокрых палёх. У кустох лазіў густы змрок, углядаўся ў поле, абзываўся сьмехам птушкі ды пасылаў доўгія цені свае да самай дарогі. А пры дарозе дбалі двое людзей. Зусім зьліліся аблезлыя кажушкі з зямлёю, зусім, з няпрывічкі да вострай, ніколі нябывалай хвіліны, няроўнымі былі думкі — кідаліся ў бакі, ападалі да бяздум‘я, ускідаліся й ахоплівалі сабою ўсё жыцьцё й зямлю… Як у час, які гранічыць між жыцьцём і сьмерцю… А то хітра завівалася думка, што ўсё так сыйдзе жартам, што жарт гэта, бо як гэта можа быць, каб вось нічога ня было такога ў жыцьці, а то раптоўна зробіцца — уласнымі рукамі заб‘еш другога… А то ўскіпіць ручаінаю нянавісьць, страшная злосьць, зашчэміць губу між зубамі, сьцісьне моцна пальцы рук…

Даўбешка, што калоў Саўка Чужахвал дома дровы, была пашчапаная, пабітая, ды яшчэ цяжкая й замашная; лапата, што ў вольны час хадзіў Яўхім па людзях капаць калодзежы ды канавы, была вострая, добра магла прыстаць да чаго хочаш. Гэта-ж ня было нічога іншага пад рукамі, як выбіраліся з дому…

Ад сырасьці й нэрвовасьці зусім хрыпеў голас Саўкі:

— Гэта-ж бабы нашы й ня ведалі, на што мы доўбню ды лапату валаком з сабою…

— Не канечне, каб і ведалі: от уцяклі ў лес, ды і ўсё тут…

І абодва адчувалі пад сабой зямлю — вясновую, родную. Ліпне яна к людзям ды плугоў чакае; жджэ шырынёю палёў сваіх. Ужо дыхнула яна апошняю зімоваю парай, гукнула прызывам сваім. Ды не хватае сіл адгукнуцца ёй, укрыць яе сілаю сваёю. Бо разышліся сілы па лясох, па далёкіх абшарах. А яны, Саўка з Яўхімам, нядужыя ўжо, ды ім малую сілу сваю не даюць прылажыць у свой час да зямлі… Ды яшчэ ходзяць па ёй, па гэтай зямлі, другія людзі, гордую ўладу сваю раскінулі над ёю і людзьмі яе.

Дарога чуць-чуць бялела наперадзе шэраньню сьветлага, падсохшага ўзгорку, а можа, гэта водблеск ад палявой вады падаў на яе. І на яе сьветласьці заварушылася чорная лапіна…

— Яўхім, назад паўзі…

— Даўбешка ёсьць?

А ён ехаў адзін. Тоўсты, як хмара, шырокі ўночы. Здаволена гойдаўся на сядле, а конь вараны сыта калыхаў задам, тупа ступаў нагамі, чмокаў падковамі па вільготнай зямлі…

— Ціха…

— Адпаўзі трохі назад…

Мусіць, прыгледзеўся ён на агні за рэчкай на гары роднага маёнтку, бо не глядзеў уніз. Толькі конь разьдзьмуў ноздры ды фыркнуў. І было ў ім здавальненьне нечым…

„Гэта-ж адзін якраз, біць зручней“, мільганула ў абодвых людзей думка і растала ў наступным, нахлынуўшым.

Сьціснулася ўсё нутро ў адзін цьвёрды жмут, як камень цяжкі й моцны. Стукнуў ён у грудзі, дашоў да горла і раптоўна вышаў ужо як-бы сьвістам бясконца ўдалага разгулу. Толькі цела трэба было мацней к зямлі прыціснуць, а то яшчэ ўгледзіць, сьцебане па кані й згіне; ды лёгкае-ж яно нейкае стала, не ўяжджае ў зямлю, а тырчыць, здаецца, вышэй усяго поля…

— Гых-х!..

Аж страсянулася Саўкава істота ад рашучай натугі… Доўбня — сухі дуб — вельмі-ж прыстала да панскай патыліцы. Аглушыла, тупа трэснула. І ўсё на гэтым. У варанога перапалох прабег па скуры, ды ўзьняў ногі над зямлёй, — бо дзьве цёмныя фігуры матнуліся адна ззаду, другая збоку, — драпануў вараны ў кусты направа. Абадраў аб каравы пень на баку скуру ды залапатаў капытамі ўніз, к рэчцы. Дыхнула адтуль вольнасьць паплавоў, запахла лагчынамі. Толькі цяжка было імчаць пад сабой чалавека, зачэпленага нагою за стрэмя. Закруціў галавою, зафыркаў вараны. Два разы падкінуў задам вышэй кустоў, скочыў з усіх чатырох цераз рэчку ў ваду ды куп‘ё і адарваў чалавека. Толькі тупа плюхнуў шырокімі плячыма ў ваду… І драпануў вараны ў паплавы з пуду, аж зямля застагнала…

А хутка за ім, па яго-ж сьледу, пералезьлі цераз рэчку двое людзей. Азірнуліся на пакіненыя ззаду кусты ды пашлі паволі к лясом… Усё ўжо было зроблена, наперадзе лес ды далейшае падобнае, каб цераз гэта зноў вярнуцца.

Мусіць, здорава бегаў вараны, бо здалёк дабягаў да вушэй тупат капыт ды часты брэх вясковых сабак. На палявыя дарогі, мусіць, выбіўся вараны…

VII

Тры дні плаваў па вадзе вецер, зганяў яе к берагом ды кудлачыў яе белаватую роўнасьць. А на чацьверты дзень паразганяў вецер хмары на небе і, як глянула сонца, спалохаўся таго, што сам нарабіў, ды ўцёк за сінія лясы. А вада асталася глядзець у неба ды сьмяяцца яму золатам сонечных іскраў.

Ужо зелянелі пад сонцам чароты ды плюшнікі, ды асака цягнулася вяршкамі з-пад вады. Толькі была яна пасохшая, старая. Яна тры дні сьпявала пад ветрам сіплую песьню, цяпер маўчала над чыстатою вады. Сохла зямля, цягаліся па ёй худыя коні, адчуваючы ўжо за сьпіною плугі ды сурамец пугі…

Коні маўчалі, вецер уцёк, і асака не сьпявала, ды ўсё-ж над вадою шумна было.

Да вадзяных берагоў падыходзілі сабакі, нюхаючы паветра, выцягнуўшы мокрыя морды, ды яшчэ ўглядаліся ў сьляды, што пакінулі ноччу ваўкі. Ды яшчэ над вадою нізка кружыліся вароны, сядзелі на куп‘ях пры самай вадзе.

За куп‘ямі й кустамі лазы тырчэла з вады панскае чэрава. У сытай вясёласьці стаяла на ім варона. І чым мацнейшы быў сабачы брэх на беразе, тым мацней крычала яна, памінаючы пана…

Расьцьвітала зямля вясною.