Па дарозе
Апавяданьне
Аўтар: Кузьма Чорны
1926 год
Восень і радасьць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Па дарозе (Чорны, апавяданьне).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПА ДАРОЗЕ

I

Зямля — як размах чалавечай радасьці — шырокая, бяскрайняя, здольная будзіць вялікія імкненьні пачуцьцяў і думак. Адчуваецца яна цьвёрдасьцю пад нагамі ды вострым пахам сваім ад вільгаці летняе ночы…

Цяжкія хмары нізка валакуцца над ёю і спробуюць сеяць на яе цёплую імглу, а пасьля адпаўзаюць на далёкую граніцу неба і поля і варушацца там дзівоснымі абрысамі ў густой сваёй чарнаце…

Канца-краю зямлі ня відаць, — таксама, як і неба над ёю. Зямля, як чорная прастора, прыціснутая хмарамі і маўклівая ад іх… У цемені палёў прытаіліся ціхія вёскі і слухаюць: з самага вечара дзьмуў вецер і над палямі плылі ціхія песьні травы, а пасьля, як нагнаў вецер хмар, прапаў, і толькі слухаць засталося вёскам шырокую маўклівасьць глыбокае ночы…

На зямлі дарога — як само жыцьцё: відна толькі каля ног, але-ж i заве-зазывае яна ўдаль. Усё едзеш і йдзеш па ёй, і з кожным крокам яна ўсё новая праходзіць пад нагамі, і здаецца, што наперадзе там за нечым няясна-дзівосным і далёкім будзе нешта надзвычайнае, а тымчасам — там кусты ды поле.

І ўяўляецца, што гэта хмары ўсё больш пачынаюць зьбірацца там, куды йдзе дарога, што іх ужо там многа, усё там чарней, як усюды, і няма туды ходу. А як дабярэшся туды — зямля там родная шырока-вольная, хмары адпаўзьлі наперад і зноў можна йсьці з радасьцю ў бяскрайніх прасторах.

Вільготная зямля глуха аддае стукам пад калёсамі й капытамі коняй, са стукам мяшаюцца дробна-дрыжачыя званы жалеза ці бляхі вазоў ды яшчэ галасы людзкое гаворкі ды крыкі на коняй, як зыкі кропель вады з дзіравага вядра ціхаю ноччу пры студні…

Едуць фурманкі па цёмнай дарозе; ззаду сьледам навісае вялікая вялікая ноч, наперадзе паступова, паступова паўзе яна, як-бы хітра паманьваецца…

Ні зямлі, ні неба ня відаць…


На пярэднім возе ехаў Саша Мяльгун — шырокі ў плячах і высокі хлопец. Гэта яго голас мацней за ўсе чуўся, калі ён падганяў свайго каня. З задніх фурманак яго постаць вырысоўвалася шырокаю цёмна-шэраю лапінаю і голас выяўляў многа гордасьці сабой усім тым, што і як ён робіць.

І яшчэ дзяўчына сядзела з ім.

На другой фурманцы ехаў Павал Грыбок — хлапец з танклявым хрыплым голасам. Ён часьцей за Сашу Мяльгуна гукаў на свайго худога коніка, каб той не аставаўся ад сытага пярэдняга каня. У голасе яго адчувалася наіўна-сталая ўпэўненасьць, што вось раблю я так, як і ўсе; разам з усімі я еду хоць зусім яшчэ малады, яшчэ нават з падлеткаў ня вышаў; я так, як і другія — сталы гаспадар.

З свайго возу Павал Грыбок добра бачыў, як Саша Мяльгун часта прытульваў да сябе дзяўчыну і чуў, як яны паціху гаварылі.

А з задняй фурманкі насьмешна далятаў да Паўла грубы й зычны, як брэх здаровага сабакі, голас Сёмкі Цераховіча:

— Павал, паглядзі, як галубкі брукуюць!

Павал нічога не адказаў, бо было яму неяк як-бы нялоўка перад Сёмкам ці-то няглыбокая злосьць, што ён варушыць у ім мінулае. Зьяўляліся ў яго толькі чыстыя, як вада, ды павольныя думкі аб гэтым…

Тады былі нудныя зімовыя дні і ночы. Хаткі, як трухлявыя грыбы, хаваліся ў сыпучым мерзлым сьнягу, дымілі ўгору роўнымі дымамі каміноў ды баязьліва блішчэлі на халодным сонцы маленькімі вакенцамі.

Людзі хадзілі ўшушканымі ў розныя лахманы — абы трохі больш чаго ўзьдзець на сябе ды сагрэцца.

Вечарамі хаты спрабавалі гульнуць ціха просьценькімі дзявочымі песьнямі за пражай, а хлопцы жартаўліва не давалі ні сьпяваць, ні прасьці.

Насьця была ўся, як вугаль, чорная ды яшчэ маленькая некая, ды яшчэ такая любая, і разам з тым, можа, ад гэтага, такая далёкая, што яму, Паўлу Грыбку, худому, востраносаму з бародаўкамі на няпрыгожым твары, ня было сьмеласьці падыйсьці да яе і гаварыць з ёю так, як гаварылі ўсе іншыя. Толькі раз у цёмных сенях, як ішлі дадому, схваціў ён яе раптам за руку, ды так і дашлі да яе хаты цераз усю вуліцу.

„Можа, гэта яна тады — от, абы пацьвяліцца“, — думае цяпер Павал; а тады былі спатканьні на цёмнай ад зімовай ночы вуліцы, заваленай сьнегам. Была яшчэ тады вельмі-ж вялікая нуда, што з гэтага ня можа нічога выйсьці, бо гэта ж у яго нічога няма, зусім голы двор, ды пустая хата, дый сам ён, як гнілы грыб, часта хварэе. Але былі спатканьні вельмі доўга, і Насьця была такая-ж блізкая, як і далёкая…

Вясною дык пачалі ўсе гаварыць пра гэта, і тады-ж Насьця пачала хадзіць з Сашам Мяльгуном. Паўлу не хацелася тады жыць, а пасьля пачало праходзіць гэта ў яго і ўжо цяпер толькі злосьць на шчасьлівага Сашу Мяльгуна, крыўда на тое, што сам ён ува ўсім мізэрны такі, што нават калі што й было, як у добрых людзей, дык і то цяпер тыя-ж самыя людзі праходу не даюць…

— Но! — гукае Павал на каня, у вадказ на насьмешныя словы Сёмкі Цераховіча з задняга возу; і гэта ў яго выходзіць пабалагольску!

— Ё, ё!…

Ззаду, з Сёмкам Цераховічам едзе стары Тодар Дрозд — хітры й самаўпэўнены, як вужака. І яны пачынаюць удвух гаварыць між сабой.

„Мусіць нарочна гэта Яны так моцна, каб чуў я“, думае сярдзіта Павал і слухае:

„Бач, падла, едзе сабе з Сашкам, усё-роўна, як з гаспадаром; а гэты Грыбок-трухлявы ззаду аж млее, мусіць, бачучы. Куды яму, смаркачу, яшчэ было зачэпацца з ёю, а яна чорт яе ведае нашто яго за нос цэлую зіму вадзіла. Цяпер ён аж кашляць пачаў з нуды“.

Павал пазнае голас Сёмкі і яму ўяўляецца яго сытая гадкая постаць, шырокі твар, увесь у вугрох, ды здаровыя, валасатыя кулакі. Паўлу хочацца саскочыць з свайго возу, схваціць дзе-небудзь на дарозе камень ды даць ім з размаху ў голаў Сёмку, каб таму аж чэрап трэснуў. А пасьля яшчэ большая нянавісьць шавеліцца ў Паўла да Тодара Дразда, калі той пачынае гаварыць:

— Яго, значыць, бацька многа грашыў на сваім жыцьці, вельмі-ж баб многа мяняў, як у смалакурні служыў, ды яшчэ хварэў чорт ведае чым, дык ад гэтага і Павал вышаў гэтакі нядошлы, як гнілы. А яшчэ рызыкуе, будучы гэтакім смаркачом.

— Бач, бач, — радасна раптам перабівае сам сябе Тодар, дальбог-жа, вунь, ліха яму, прыціснуў, здаецца, да сабе, ды як галубіць… Эй, ты там, Саша, асьцярожна, а ты, Павал, чаму не глядзіш!?

Павал углядаецца наперад і бачыць, як чорная постаць Насьці, няясная ноччу, як голас хворага дзіцяці, зьлілася з постацьцю Сашы, а пасьля, як закрычалі ззаду, яна адсоўваецца ад яго — усё такая ж далёкая і зноў як-бы любая.

І такая глыбіня крыўды, злосьці й жаданьня паскардзіцца некаму зьяўляецца ў Паўла, што хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых гадкіх людзей, з якімі давялося-ж бо нек разам зьехацца, калі выяжджалі з вёскі ў горад. Хочацца Паўлу пайсьці цёмным полем да таго месца, дзе за некімі чорнымі, дзівоснымі абрысамі нечага начнога зьяўляецца маленькая ясная лапінка, — гэта месяц, мусіць, спробуе выбіцца з-за хмар. Робіцца там трохі сьвятлей, вызначаюцца трохі шырокія далі, завуць яны да сябе сваім размахам і воляй, і там як-бы, няма нікога такога злога, гадкага…

— Павал, Павал, глядзі, — зноў дабягае да Паўла голас Тодара з задняга возу, голас нейкі цьвёрды, сьлізкі, як мокрая гадзюка.

Павал на хаду паволі злазіць з возу; раптам чуе, як на пярэднім возе пачынаюць рагатаць. Голас у Насьці бязьвінна-гульлівы, бяз хітрасьці: проста затым гэта рагоча яна, што сьмешна ёй; а рогат у Сашы страшны, як удар абухам па галаве, — і колькі ў ім самаздавальненьня, жаданьня патаптаць усё сабе пад ногі, быць над усім вышэй, і ўжо ўпэўненасьць, што мацнейшы за ўсіх ён тут.

Павал паволі прывязвае лейцы да аглабіна і чакае задняга возу.

— Ты што, глядзець ня хочаш?! — падае голас Тодар: — прамаргаў ты, брат, дзяўчыну, як яшчэ прамаргаў.

— Нічога ты, Павал браце, ня варт, — дадае цьвёрда Сёмка: — ня варт было табе і радзіцца гэтакаму. Гэта-ж малады хлопец — а ліха ведае што з яго… Сашка, сюды йдзі!..

Вырасла раптам з цемры каля возу высокая постаць Сашы Мяльгуна.

„Будуць душу разварочваць“, са смуткам думае Павал.

— Ну, я пайду на свой воз падрамлю трохі, — сказаў ён.

— Ча-чаго ты, дурны; што, з людзьмі пабыць ня хочаш?! — схапіў яго за плячо Саша і сам сеў на воз да Тодара й Сёмкі ўсьцягнуў Паўла.

Павал зразу адчуў зьвярыную радасьць Сашы Мяльгуна ад таго, што вось ён сядзіць блізка з тым чалавеком, над якім так удалося яму верх узяць, не далажыўшы да гэтага многа стараньняў. Гэта была радасьць зьвера, радасьць жывёлы, бяз думак, без жаданьняў, тупая й нікчэмная.

І яшчэ, з вялікаю крыўдаю, адчуў Павал, што гэты вось самы Саша Мяльгун зусім нават ня хоча нічога кепскага яму; калі нават трэба будзе, дык паможа яму ад шчырасьці, хоць, можа, пасьля й пасьмяецца; што гэта ня можа ён адчуць таго, што зьдзекуецца разам з гэтымі вось людзьмі над ім; што ў такім ён сам захапленьні ад жыцьця, ад здарэньняў, ад самога сябе і не прыкмячае загэтым таго, што мучыць другога.

І ў гэтым была вялікая крыўда.

— Ну, я пайду, — зноў сказаў Павал.

— Куды ты сьпяшаеш? — схапіў яго за руку Сёмка: давай закурым.

— Я-ж ня куру.

— Загэтым, мусіць, цябе й бабы ня любяць, што ты ня курыш, — загаварыў Тодар: — бабы, брат, любяць. Ого-го-го! Каб ты курыў, каб быў, як дуб моцны і як агонь гарачы, каб быў упарты, цяжкі на руку.

— У Паўла якраз нічога гэтага няма, — усьміхнуўся Саша.

— Я-ж к гэтаму й гавару, — абазваўся Тодар.

Тады Павал саскочыў з возу і загаварыў ім тром

— Браткі мае! ну, я ведаю, што вы гэткія моцныя, а я — хворы, дык на што-ж вы гэта мне гаворыце?! Што я вінават, што я такі, а вы такія? На што вы мне душу разварочваеце? Ну, не хачу я нічога гэтага. Ну, Насьця нада мною насьмяялася, дык я ня крыўдую, бо яна здаровая, а я — хворы. Можа, гэта сухоты ў мяне? Я й так дажыву, калі так, свайго веку. Насьці я не хачу… Хіба слова я ёй калі аб гэтым казаў?! Дык вы з ёю, Саша, любіцеся, дык ці-ж я што гавару?! Куды я ёй? Можа. у мяне й пераварочвалася ўсё нутро ад жалю, ад крыўды, але-ж я маўчаў — куды там мне. Я гэта ведаю… Ды нашто вы косьці бацькі майго варушыце? Мне пакутваць за гэта аднаму, калі за гэта яшчэ. Хто яго ведае, ад чаго гэта ў мяне… Ну, і я хачу так, як усе, але што-ж я вінават? Каб я ня хворы, дык ці ў мяне ўсё так было-б? Нашто вы ўсё гэта гаворыце, чаму ты, дзядзька Тодар, на сябе не паглядзіш, а майго бацьку памінаеш?

А яны ўсе утрох тады зарагаталі. Рагаталі зычна, шчыра, весела. Рогат іх быў — жаданьне вольнае ад жыцьцёвых пут — шырокі і затаіўшы ў сабе сілу грубой, стыхійнай і нікчэмнай перамогі, дзікае, тупое сілы над усім слабейшым… Была ў рогаце гэтая перамога над слабым Паўлам, над рознымі дробнымі перашкодамі, якіх так многа, і перамагаць, змагацца з якімі, ёсьць і ўся, можа, мэта і увесь сэнс жыцьця. Ня было ў рогаце радасьці, была адна сіла-здаровая, як камень, цяжкая, як зямля…

Пачынаўся дзень, мусіць, бо шэраю стала вызначацца зямля. Сталі выяўляцца з цемры далі, дарога больш відаць стала. Ці то гэта, можа, месяц больш выбіўся з-за хмар — там на даляглядзе нек жоўта пачало рабіцца. Зямля была бясконцным прасторам, які зваў дыхаць вольнаю воляй.

Ці вёскі, ці лясы падняліся белавата-цёмным абрысам далёка і ўсе віднець пачалі.

Няйначай, гэта дзень пачынаўся.

Прыбег раптам вецер і адагнаў хмары за далёкія лясы. Тады сонны месяц глянуў, каб разьвітацца з зямлёю. Абліў ён сьветам сваім, як плачам, дарогу, тры хурманкі й людзей на іх.

Наперадзе трос сытым задам конь Сашы Мальгуна, ззаду не адставалі два худзенькія конікі Паўла й Сёмкі. На пярэднім возе гойдалася ў бакі постаць дзяўчыны. Была яна маленькая ды тоўсьценькая, галава абкручаная белым тоўстым шалем, была як калясо на цёмнай шэрані начное прасторы… Месяц асьвяціў людзей на заднім возе. Быў вясёлы Саша Мяльгун, ухмыляўся ён шырока, таксама весела ўхмыляўся, але з нейкаю зайздрасьцю Сёмка Цераховіч. Тодар пабліскваў хітрымі вачыма з-пад пасівейшых броў на пажоўклым твары, ды хмуры Павал маўчаў, затаіўшы на дробным, вострым і худым твары жаданьне дзе-небудь дзецца ад гэтых людзей.

II

На пярэднім возе Насьця паволі падганяла Сашавага каня, гукала часам на яго слаўным жаночым голасам. У чорным кароткім каптане яна здавалася тоўсьценькаю, порсткаю, і на твары яе гуляла журботна-вясёлая, задорна-пакорная, дзявочая задумёнасьць, якою жанчына заўсёды цягне да сябе. Яна адчувала, што аб ёй гавораць на задняй фурманцы, і ў яе зьяўлялася хваляваньне, што вось яна застаўляе цэлую ноч гаварыць людзей, іншых быць вясёлымі, іншых сумнымі.

Было толькі ёй трохі спачатку нялоўка перад Паўлам, з якім нечакана прышлося зьехацца, выяжджаючы вечарам з вуліцы вёскі. А пасьля гэта прашло, бо ня ведала яна, што ў Паўла на душы. Прыпаміналася ёй, як яна зімою дражніла Паўла каханьнем, думаючы, што ў Паўла, апрача гульлівай вясёласьці, нічога ад гэтага ня будзе. І цяпер ня ведала, што цяжка Паўлу яе бачыць, таксама як ня ведаў, ня думаў Саша Мяльгун, што цяжка Паўлу ад кпінаў.

Ды яшчэ трохі было нялоўка дзяўчыне ўжо перад усімі, што на Сашавым возе, хоць і ведала яна, што ўсе гавораць аб іх блізасьці, ды яшчэ дагадвалася, што, можа, там, ззаду ведаюць, што яны з Сашам едуць у горад купляць усё к свайму вясельлю. Ведала, што Сёмка з Тодарам, едуць мяняць каня, а то вельмі-ж ужо нядужым, бо старым і худым стаў Сёмкаў конь… Ня ведала толькі Насьця, што Павал едзе да доктара.

І былі ў яе настроі гульліва-журботныя, радасныя, як у маладой бясклопатнай дзяўчыны. Ёй было весела ад таго, што дражнілася яна зімою каханьнем з Паўлам, было трохі шкода яго ад таго, што ён вельмі-ж моцна кашляе. Але ўсё было сьветла і добра. І ўжо зусім затапляла ўсе яе пачуцьці нявыказаная словамі, адчуваемая ўсёю істотаю вялікая радасьць; што вельмі-ж вось падабаецца Саша; што яны ўдваіх едуць у горад на яго возе купляць усё, што ім абаім патрэбна; што вось можа яна гукнуць яго, здаровага, кплівага над усімі, і ён ціха прыдзе да яе.

Весела было глядзець на чыстае ўжо неба, слухаць гулкія песьні маладога ветру на пахучых засевах грэчкі. Яна азірнулася назад і бачыла, што Павал ужо йдзе, паволі калываючыся, побач свайго возу, і ўявілася ёй, што гэта Павал рад таго, што едзе ў горад уладзіць нейкія свае патрэбныя справы па гаспадарцы. Ёй захацелася засьпяваць што-небудзь лёгкае, цягучае, ціха радаснае, або ўжо, калі на тое пашло, зусім гульлівае. Вось так, як сьветлымі вечарамі ў залатую восень сьпяваюць гуртам дзе-небудзь каля канцавое хаты:

«Што за месяц, што за ясны».

Або вясёлы і зусім новы ў вёсцы мотыў кудравай песьні:

Гэй вы, коні вараныя,
Грывакі, мае!..

Плаваюць гулкія песьні ў прасторы востра-лёгкага паветра, слухаюць іх нізкія хаты; месяц глядзіць на вёску, і старыя выходзяць з хат слухаць ды ўспамінаць. А ў вясёлых песьнях весела радасны смутак і жаданьні няведама якія.

Эх, вы песьні людзі на зямлі!..

Ні-то драмаць, ні-то моўчкі думаць пачала Насьця…

Тады зьявілася была ў Паўла думка падыйсьці да яе ды пагаварыць з ёю. А як ступіў ён два крокі наперад, асядаць і гінуць пачала думка.

— Няма аб чым у мяне з ёю гаварыць, — зусім моцна сказаў Павал.

— Што так кажаш?! — дакаціўся голас ззаду.

— Нічога, дзень нахапіўся, — адказаў Павал і сьцебануў пугаю каня па худых рэбрах.

„Вельмі-ж на полі ўрадзіла ярына“, падумаў ён, невядома чаму.

А пасьля раптам уцякла гэтая думка і ўявілася, што доктар, да якога ён едзе, павінен быць чалавекам вельмі сур‘ёзным, але нейкім такім, якому можна і нават трэба сказаць аб усім, нават і аб Насьці, што яна такая далёкая і што за гэтым аж нічога рабіць дома ня хочацца.

— Яно ўсё пройдзе, зьявілася новая думка, — усё забудзецца, а жыцьцё будзе яшчэ доўгім, бо ад грудзей, што баляць, ніхто ня ўміраў ніколі, здаецца. Многа яшчэ будзе думак новых і навін за жыцьцё, толькі вось аднаму, мусіць, прыдзецца, пахаваўшы матку, або перацягнуць на гэтую гаспадарку сястру з мужам з суседняй вёскі… А ўсё-ж яно слаўна так ехаць, а пасьля, вечарам, назад; адчуваць вольнасьць вільготных палёў, слухаць, як у вёсках пры дарозе сьпяваюць пеўні…

І ўжо зьявілася думка, што гэта-ж усё робіцца ў жыцьці нек хто яго ведае як, і нічога, ня зробіцца таго, чаго ня зробіцца…

Думка была слаба выяўленаю, няяснаю, — была яна, хутчэй усяго, глыбокае пачуцьцё…

Зусім ужо пачынала віднець, а на палёх разгуляўся радасны вецер…

Раптам у Паўла зьяўляцца пачаў новы настрой, стала прыпамінацца, што трэба рабіць у горадзе.

„А можа зусім да доктара ня йсьці“, Падумаў Павал, „гэта-ж усё так сабе. Яно няважна, мала што, чорт яго бяры… Вось зайду гэта я ў краму, куплю чаго трэба, ды паеду дадому, адзін“.

Сьцебануў Павал тады пугаю каня ды палез на воз.

III

У тую раніцу ў вёсцы яшчэ прыцемкам устала жанчына. Было многа работы аднэй у хаце.

І ўсё тупала яна па дварэ, каля печы ды думала аб Паўлу. Яно ні то што гэта было шкода ёй, што Павал нездараўчаны — аб гэтым ня думалася, бо да гэтага ўжо прывыклася і гэта было звычайным. Думала яна, што Павал гэта, мусіць, зьмёрз уночы.

Была жанчына старая й мела яна толькі аднаго сына — Паўла. Апошнія свае гады часта насіла яна ў сабе нейкі востры настрой. Бо гэта яна многа перажыла была за жыцьцё цяжкасьцяй — бяды ды гора, а гэта зрабіла яе чулай вельмі.

І ў тую раніцу, палетнему весела-хмурную, брала яна пад паветкаю дровы ды ўбачыла, што каля самай сьцяны трохі варушыцца ад ветру куст крапівы, і тады прыпомнілася, што яе многа расьце на дарозе за аколіцай, дзе агароды пераходзяць у жытнія прасторы. А гэта было прывычнае, роднае, сярод чаго жылося, пакутвалася, ды адчувалася пасьля і лёгкасьць і веселасьць. І ужо тады ад гэтага ў жанчыны зьявілася нек да ўсяго шырокае пачуцьцё і падумалася:

„От Павал прыедзе ды касіць пойдзе на балота, а я буду каля дому хадзіць“. І затым, што было ўсё гэта зьвязана з тым дробным, што на кожным кроку абкружвае жыцьцё, затым і зьявіўся раптам у жанчыны востры настрой. Хацелася гаварыць з усімі аб усім і ўжо пачала яна з нецярплівасьцю чакаць Паўла.

„От нешта Павал сумны паехаў, хоць-бы падвесяліўся ён там як-небудзь“, — думала яна.

І хадзіла па дварэ вясёлая.

IV

А Павал у той дзень зусім вясёлым выехаў з гораду.

Доктар яму нічога не сказаў, толькі даў нейкіх зеленаватых пілюль; купіў яшчэ Павал матцы хустку ды новую касу. А як выяжджаў з гораду, дык адчуваў, што ўсё будзе добра — ці-то гэта пілюлі памогуць, ці то зусім нічога ў яго няма. Вось будуць пагодлівыя дні, добра будзе касіць каля рэчкі; а Насьця — чорт яе бяры. І едучы бачыў, як на краі гораду музыканты зьбіраюцца граць у вялікім разгароджаным садзе.

У капэльмайстра таксама балелі грудзі і ён стрымліваў кашаль. У ваднаго музыканта балеў зуб, і яму цяжка было дзьмуць у флейту, але-ж ён думаў аб тым, што ад яго флейты многае залежыць у музыцы. Усё-ж ня было весела, нават нек сумна капэльмайстру і флейтыстаму.

Таксама ня было весела й яшчэ аднаму музыканту, бо дома былі ў яго некія нелады ў сям‘і, і толькі лепш адчуваў ён сябе ў настроях тады, калі выходзіў з дому. Але ўсё-ж заўсёды аб гэтым думалася, затым і ня быў ён гэтыя дні весяла-спакойным.

Так трое гэтых людзей, ад якіх многа залежала ў музыцы, далёка былі ў тую хвіліну ад вясёласьці. Толькі ніхто ня ведаў і ня бачыў гэтага, бо як махнуў капэльмайстра рукамі і гранула бяскрайнім вясельлем музыка, ува усіх, хто слухаў, раптам пачало зьяўляцца вялікае захапленьне жыцьцём, адчуваньне яго вялікасьці й хараства. А ў каго й зьявілася журба, дык была яна радаснаю й жаданаю…

І хто глядзеў на гэта, хто чуў вясёлыя зыкі — думаў, што гэта так ёсьць ці было і ў настроях музыкантаў. А ў музыкантаў весялець пачаў настрой пры першых зыках.

У Паўла-ж пачала весёлай лёгкасьцю напаўняцца істота паволі. Пасьля нек усё зрабілася для яго слаўным, радасна захапіла імкненьні.

Як ехаў, дык весела ляжала пад ветрам поле і некуды далёка адплылі і Саша Мяльгун, і Насьця, і Сёмка Цераховіч, і Тодар. Сплыло ўсё тое, што было на душы, як ехаў у горад. Хацелася перш, каб чым хутчэй даехаць да дому ды парадаваць словам матку, даючы ёй новую хустку, а пасьля як-бы гэта падняўся ён на некую высокую гару ды расклаў там агонь, асьвяціўшы нешта новае. Прапала быўшае ўночы пачуцьцё таго, што й ён як сталы гаспадар. Ён-то адчуваў сябе сталым і цяпер, але йначай нек, бо згінула думка аб сваім кані ды драбінах, а думалася нек аб усіх людзях, або тым самым кані, але ня так, што вось гэта яго конь і ніхто ніколі да гэтага каня ніякага дачыненьня мець не павінен, што гэта конь і драбіны, а я гаспадар, — а думалася і адчувалася, што вось конь вязе, а я еду. А вакол зямля, вакол людзі. Ды йдуць на зямлі дні ды ночы. І ветры сьпяваюць, і сонца сьвеціць. Пасьля дажджоў дарогі горшыя. А Саша Мяльгун, ды Сёмка Цераховіч, ды яшчэ Тодар жывуць сабе, кпяць з усяго, што застаўляе іх жыць, варушацца сабе ды адзін і ў адным корпаюцца, ды злуюць адзін на аднаго часам за гэта. А мне вось добра глядзець на іх ды на ўсю гэтую іх работу.

Паўзла ды паўзла зямля насустрэч. Кружыліся далі, адпаўзалі ўсё ў бакі. Звала дарога наперад, а дзень быў, як гаворка аб чым-небудзь вялікім, родным, блізкім, што напаўняе ўсю істоту лёгкасьцю любых настрояў ды думкі робіць востра-імклівымі…

Паўзла дарога…

Вяла зямля роднаю воляй.