Пела вясна
Апавяданне
Аўтар: Міхась Зарэцкі
Крыніца: https://knihi.com/Michas_Zarecki/Piela_viasna.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шумам шырокім шугала ў абшары. Песню ліла непазбыўна-жывучую, смелую, гордую песню.

Пела вясна...

У шоламе гучным раз’юшаных павадак гімнам расла, расцвітала магутная свежая сіла.

Расла, расцвітала. Гарнула цудоўным размахам пудліва-слухмянае сэрца, імкнула ў прасторы, віхурыла ўзлётам шалёным.

Парываннем дзівосным хмяліла душу, крамяніла волю сталёвым запалам.

Пела вясна...

Так смела і горда. Так радасна, шчыра.

Пералівала песню ў дражліва-гарэзлівы рогат. Смяялася звонка, задорна.

Над старым, струхнелым смяялася.

Над тым, што гарбаціцца, корчыцца, кручыцца.

Над тым, што гнілой дзеразой засцілае асліглую глебу.

Над тым, што баіцца зірнуць у агністы прасцяг, што сонца баіцца гарачага, палкага.

Над тым, што нязграбна карожыцца ў брудзе бруснелым...

Ой, як вясна пасмяхалася! Як пагардліва сыпалі дробным смяшком галузы-цурочкі бліскучыя!

Аж захадзіліся, аж захліпаліся.

І, хітра міргаючы, у сонца кідалі вясёла-прыжмураны погляд мільёнаў іскрачак-вочак...

А сонца плыло, расплывалася ў мора - душнае, палкае мора.

І абымала ўсё чыста шчыраю цеплю.

І цалавала ўсё чыста салодка-пякучым праменнем.

Сонца плыло. А ў сонцы - у душным распаленым моры - звінелі цурочкамі срэбнымі ядрана-звонкія песні птушыныя.

Птушкамі пела вясна. Пела шоламам гучным раз’юшаных павадак, дробным смяшком дуроных цурочкаў.

Радасна пела вясна.

1925?