Пела вясна (1925)/Як Настулька комсамолкай зрабілася
← Адна партыя ў шашкі | Як Настулька комсамолкай зрабілася Апавяданьне Аўтар: Міхась Зарэцкі 1925 год |
Бацькаў сын → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як Настулька камсамолкай зрабілася. |
ЯК НАСТУЛЬКА КОМСАМОЛКАЙ
ЗРАБІЛАСЯ
1.
У Тодаравай лазьні была надзвычайна патаёмная нарада вясковых комсамольцаў. Тут быў і браценьнік Настулькі, Пётра-карузьлік, і таксама Мікола Загацкі, які меў нешта да Настулі, мабыць прыхільнасьць якую, ласку хлапецкую/
Каб хто збоку ўгледзеў нараду хлапцоў, напэўна падумаў-бы, што сабраліся сюды абгаварыць нейкую пільную, важную справу, і не памыліўся-б, бо выраз твараў, рухі хлапцоў ясна гаварылі аб гэтым бяз слоў: усе — у гурток, адзін к аднаму, нахіляюцца, шэпчуць, рукамі махаюць. Каторы дык аж захліпаецца ад абурэньня, пырскае шчодра сьлінай у твары сяброў.
А вырашалася ў хлапцоў пытаньне вельмі жыцьцёвае й пільнае, такое, з якім памарудзіць, дык —крышка, прапала ўсё-чыста, Пытаньне такое:
— Як ратаваць Настулю?
Мікола дакладваў:
— Гаварыў я з ёй сёньня, ды нейкая яна неўгаворная. І баіцца ўсё… Пагутарыш з ёй, дык яна плакаць. Румзае, сьлёзы, як павадкі… А спытаешся: „Хочаш замуж пайсьці?“ — дык усхопіцца, аж закалоціцца ўся. „Ня хочу, кажа, баюся… Куды мне, шаснаццаць год яшчэ ня мінула“… — І замуж ісьці баіцца і ня йсьці таксама баіцца. І плача ўсё, румзае… Я ўжо ня ведаю, браткі, што тут рабіць…
Пётра-карузьлік, браценьнік Настулькі, ураз садаклад:
— А што было, хлопцы, як заручыны гулялі, каб вы толькі ведалі… Юрка напіўся, вусамі гэта сваймі — фырць, фырць, ды ўсё да Настулі. „Вы, кажа, да мяне з няпрыемнасьцю ўсё, а я, дык вас дужа кахаю. Я, кажа, як жанюся, на руках вас буду насіць“… І ўсё да Настулі цалавацца лезе, сапраўды… А яна яму: „Пашоў ты к ліху, я, кажа, ня люблю цябе, бо ты брыдкі і стары“… Да душы-ж, хлопцы, гэтак якраз і сказала. Бацька тут як разышоўся, — „вон, крычыць, з хаты маёй, паскудніца!“ Біць нават хацеў.
— Ну, а яна што?
— Яна плакаць, вядома. Матка заступілася, а то-б напэўна бацька задаў… Я, брат, наўцёкі, каб часам і мне што не перапала…
Мікола задумаўся.
— Дык што-ж, браткі, рабіць, га? Трэба як-небудзь ды выручаць.
Хлопцы ўсе, як адзін:
— Вядома, выручаць трэба… Што-ж гэта за рахуба: гвалтам дзеўку выдаваць, ды яшчэ за брыдоту за гэткую!..
— За падлу старую!
— За недарэку сусьветную!..
— За качарэжку гнілую!..
— За морду спэкуляцкую!..
— Ціху, хлопцы, маўчаць!
Гэта Ключонак Андрэй, самы дужэйшы й самы разумны з усіх комсамольцаў. Зазвычай маўчыць усё, слухае, а калі й скажа, дык заўсёды да ладу.
Паціхлі ўсе, слухаюць.
— Калі гэта так, дык трэба прыняць рэпрэсыўныя меры. Нельга дазволіць, каб ні за што, ні пра што дзеўку маладую губілі. Мы павінны яе ратаваць. Верна?..
— Вядома!.. Правільна!.. Так!..
А нехта азваўся:
— Ня йначай — паламаць яму рэбры патрэбна, каб ня круціўся там, дзе ня просяць…
— Дурань! — выцадзіў скрозь зубы Андрэй.
І далей:
— Трэба абмеркаваць добра плян, каб зрабіць усё гладка, чыста і каб не спазьніцца. Хто мае якія пропозыцыі?..
Маўчалі ўсе, думалі, моршчылі лбы шчыра, станоўка.
Першы Ахрэм схапянуўся.
— Во як, хлопцы, паслухайце!..
— Ну?
— Як будзе Юрка на вясельле ехаць, падсьцерагчы яго дый паламаць калёсы…
— Дык ён у суседа пазычыць. Глупства. Ну, хто яшчэ што прыдумаў?
Хлопцы ўсё моршчылі лбы, паролі падлогу вачмі сур‘ёзнымі, упартымі. Урэшце Андрэй прымусіў іх кінуць дарэмную працу.
— Во што, хлопцы, я вам скажу: языком трапаць вы ўсе мастакі, а прыдумаць што, добрае — пораху мала… Слухайце.
І ён расказаў. Мусіць дужа ўдалы плян выдумаў, бо ўсе, як пачулі, аж затрасьліся ад радаснага абурэньня, а Пётра-карузьлік на аднэй назе заскакаў:
— Ай-яй-яй… Вось, дык добра!.. Вось, дык гут… Ай-яй… Ах-ха-ха!..
— Толькі чур, хлопцы, ані слова…
І азірнуў усіх Андрэй сур‘ёзным выразьлівым поглядам.
— Ані гуку… Чулі?
2.
Настулька — як кветка, у вясельным убраньні. Тварык — беленькі, з чырваньню сьвежай, вочкі — незабудкі блакітныя, зьзяюць аганькамі прыветнымі, ціхімі.
І чамусьці ў іх сум, у гэтых вочках, а часаў нават сьляза набягае, засьцілае чысты блакіт, расіцай бліскучай на незабудкі-кветкі кладзецца.
І ўздыхае Настулька. Ціха, прытоена, каб не дазналіся людзі, што дзеецца ў яе ў нутры, там недзе, глыбока-глыбока, дзе схована ўсё, што ня можна людзям цікавым паказваць.
Там многа чаго назьбіралася. Там больш благое, гаротнае, але ёсьць і добрае нешта. Там часам лунае вобраз Міколкі-хлапца. Усплывае ён аднекуль з бяздоньня, расьце, вырастае ў аблічча жывое, мігціць у ваччу плямай яскравай, прыгожай. Тады на твары Настулькі ўжо ня журба, не маркота, а быццам яснае сонейка. І блакітныя вочкі- сьмяюцца, граюць агоньчыкам вострым, гарэзным.
Але так нядоўга бывае, бо Настулька баіцца цешыць сябе вобразам любым. Баіцца, каб хто не праведаў, каб хто не згадаў. І хавае яго палахліва туды, у бяздоньне, дзе схована ўсё, што ня можна людзям цікавым паказваць.
У Настулькі вясельле гульлівае, бурнае. Гармонь дык аж рвецца, скаголіць, бы звар‘яцелая, І самагону — хоць утапіся. Ад яго ў Юркі-маладога ўжо вочы маслам бязглуздым плывуць, а нос над вусамі задзёрыстымі рдзее сьлівінай сьпелай.
Настулька таксама выпіла трошкі. І затым у яе ўсё пераблыталася: не разабраць, ці дзяўчаты сьпяваюць, ці гармонь заліваецца, ці мужык шэпча на вуха брыдкія, нязвычайныя словы…
І Настульцы цяпер усё-роўна… Замуж, дык замуж — няхай… Бо прапала ўсё, згінула.
Да Настулькі праціснуўся Пётра-браценьнік. Зашаптаў на вуха:
— Настулька! Цябе там чакаюць на вуліцы, просяць выйсьці.
— Хто?
— Там убачыш.
Ажывілася Настулька. З галавы самагон зайцам выскачыў. На бакі азіраецца турботна…
Усё — п‘яныя твары, блішчаць самагонам тупа, здаволена. Мужык да суседа ўжо прыхіліўся, цалуецца.
— Ат! Глядзець на іх яшчэ…
Вылезла з-за стала, дый гайда за дзьверы.
На вуліцы абступілі, абкружылі з усіх бакоў. Мікола перад усімі. Абняў, шэпча на вуха горача, шчыра:
— Настулька, мы прышлі за табой. Хадзем! Уцякай адсюль, няхай яны робяць тут што-хоця…
— Куды? Што ты Мікола?..
— Настулька, кінь ты гэтае глупства. Ці-ж табе хочацца замуж выходзіць? Гэта-ж не даўнейшае, што бацькі гвалтам дзяцей жанілі, цяпер усе вольныя… Ты падумай, як ты жыць будзеш з нялюбым, з псінай старой?
— Дык а як-жа? Я-ж ужо павянчалася…
Тады азваўся Андрэй, самы дужэйшы і самы разумны з хлапцоў:
— Эт, глупства — павянчалася… Поп павянчаў, а мы разьвянчаем. Нават вакол стала паводзім, калі захочаш… назад, у другі бок… Пойдзем!
— А татка… Ён-жа заб‘е…
— Ды куды там — заб‘е… Яшчэ як дазволяць яму.
— Не, хлопцы, баюся я…
Тады Андрэй — як сьлед ужо ўзяўся.
— Хлопцы, даволі тут агітаваць! Гэта можна пасьля. А цяпер — Пётра, цягні лахаманіну якую напрануцца…
— Бяры, хлопцы, пад ручкі!..
Схапілі, пацягнулі. Пётра збоку галасёнкам тонкім, пісклявым:
— Нікаму так не ўдалося, |
Настулька ня ўпіналася. Зрабілася раптам сьмешна і радасна. Думала толькі:
— Што-ж гэта будзе? Куды яны валакуць?..
А хлопцы Настульку ў школу даставілі. Увялі ў клясу і пакінулі з Міколай. Сказалі:
— Агітуй тут, давадзі да сьвядомасьці, а мы пойдзем пабачыць, што дзеецца там…
Асталіся ўдвух. Цёмна ў школе, гулка зьвініць пустата, лаўкі вучнёўскія грудзяцца грамозднымі чорнымі плямамі, Ціха, яку лесе.
Страшна стала Настульцы. Трывала-трывала, а потым села на лаўку і сьлязьмі залілася, захліпала, што дзіцянё. А Мікола да яе дый давай угаварваць:
— Сорамна табе, Настулька. Шаснаццаць год хутка будзе, а як дзіцёнак… Гэта-ж глупства. Ты вось паглядзі на нас, комсамольцаў… Мы не баімся нічога і робім так, як лічым патрэбным. У нас усё, брат, па розуму. Ніякіх забабон… І каб хто мяне ды замуж аддаў проці волі — ого, няхай папрабуе!.. Мы, комсамольцы, павінны рабіць усё так, як наш розум падказвае і іншых павінны кіраваць на правільны шлях…
І пашоў, і пашоў… Настулька нават кінула плакаць. Толькі хліпала нэрвова раз-по-раз.
— А ў вас… хн… дзяўчат няма… хн… у комсамоле…
— Як-то няма? А Тэкля, Марына, Ульляна… ужо заявы падалі.
— Ну?..
— Вядома. Хутка ўсю моладзь зьбярэм…
Яшчэ гаварыў з паўгадзіны, і Настулька зусім заспакоілася. Толькі ўсё бурчэла, вусны надуўшы:
— А вы ў бога ня верыце…
— У бога? Плюнь ты на бога, на чорта ён табе. Каб ізноў з Юркам зьвянчалі?..
— Гэта ня бог вянчае, а поп…
— Ну, усё роўна…
У гэту хвіліну Пётра ўляцеў, як ашпараны.
— Настулька! Татка з Юркам сварыцца. Юрка гвалтуе ўсё: „Дзе Настуля? Што ты, сьмяяцца ўздумаў нада мной?“ А татка яму: „А ты што не глядзеў за жонкай сваёй? Правароніў, кажа, дык сам вінават“… Ох, сьмеху колькі… З хаты татка Юрку пагнаў… А табе, Настулька, ня трэба йсьці зараз у двор, бо біцца будзе татка. Тут заначуй… Ну, пабягу-ж я…
Тады Мікола вышаў і прынёс бярэма саломы.
— Кладзіся, Настулька, ды сьпі, заўтра ўсё добра наладзім.
Настулька схапіла яго за руку.
— Не, Мікола, я баюся адна. Ты ня йдзі. Мы ня будзем спаць, лепш раскажы мне яшчэ што…
— Эх ты, птушка пужлівая!.
3.
Назаўтрага ў хлапцоў зноў пільная нарада: што рабіць далей?
І Настулька сярод іх. Цярпліва чакае вырашэньня долі свае. І яна ўжо спакойная — ня плача больш, не баіцца. Пэўна ў тым, што ўсё кончыцца добра, бо хіба гэткія ўдалыя хлопцы не ратуюць яе?
І ў вочках блакітных ня відаць ужо смутку, блішчаць яны радасьцю, шчасьцем. Часам, як хлопцы разьвесяляцца, разрагочуцца рогатам моцным, гульлівым, дык і Настулька ўсьміхнецца, свае белыя зубкі пакажа. А то, дык і зусім пасыпецца звонкім раскацістым сьмехам.
Доўга спрачаліся хлопцы, як рабіць ім далей і, урэшце, надумалі: пайсьці ўсім гурмай да Настулінага бацькі. Яе таксама ўзяць з сабой. Мо ён улашчыўся ўжо, ня будзе сварыцца. А хоць часам і будзе сварыцца, дык мо біцца ня будзе.
І пашлі. Настулька сярод іх, вочкі спусьціўшы, зачырванеўшы ад сораму прыкрага, ліпучага. Пётра-карузьлік з падскокам наперадзе.
Сяляне з цікавасьцю, з сьмехам пазіралі на іхны нязвычайны паход.
Падышлі да хаты. Увашлі: першы Андрэй, за ім Пётра, Мікола. Настулька адзаду сярод іншых хлапцоў.
Бацька ў хаце сядзеў. Андрэй зважна ногі расставіў і нарыхтаваўся гаворку пачаць.
Але вышла зусім ня так, як чакалі. Бацька раптам сарваўся, схапіў качаргу, ды на іх:
— Ах вы, сякія такія!.. Сукіны сыны, падшывальцы!..
Хлопцы — шугель, ды на вуліцу, ды па вуліцы… І паміж іх Настулька, распусьціўшы падольле.
Як прыбеглі, запыхаўшыся, назад у школу, дык чамусьці не глядзелі адзін на аднаго: мусіць сорамна было ўсім. Потым рагатаць пачалі, а потым зноў Андрэй сур‘ёзна пачаў гаварыць:
— Калі так, дык трэба йначай рабіць. Настулька павінна жыць тут, пакуль бацька сам ня прыдзе і не запросіць. А не захоча — няхай сабе. Настулька й сама пражыве, не малая. Знойдзем ёй працу, заробак які. А пакуль што, хлопцы, — марш за харчамі! На першыя дні трэба дастаць. Жыць будзе ў нашай чытальні, а каб часам чаго ня прытрапілася, па чарзе будзем дзяжурыць. Ахрэм вывесіць сьпіс…
Настулька пакорліва слухала, што ёй гаварылі. У чытальні абсталявалася, прыладзілася да жыцьця. Толькі папрасіла, каб прынясьлі ёй якую работу, бо нудна бяз дзела сядзець.
Увечары комсамольцы сваю агульную сходку зрабілі. Абгаварылі сякія-такія пытаньні, потым газэты, кніжкі чыталі, комсамольскія песьні сьпявалі. Сабралася колькі дзяўчат — сьмех, жарты… Настулька й забылася на бяду на сваю, весялілася разам з усімі, шчасьлівая, давольная.
Было ўжо позна, як раптам адчыніліся дзьверы і ў парозе зьявіўся бацька Настулькін. У Настулькі сэрца — ёк, ёк, а з твару чырвань, як ветрам, сагнала. Стаіць, вочкі ўтупіўшы, сукенку цярэбіць.
Бацька да яе:
— У двор пашла, распусьніца!
Але Настулька добра помніць, як хлопцы вучылі.
— Я, татка, пайду, калі абяцаеш, што біцца ня будзеш…
— А няхай цябе ўжо пярун заб‘е, мая дзетачка…
— І ў што замуж аддаваць гвалтам ня будзеш…
— Не ўжо, няхай цябе чорт аддае, гэткую ўпарціну…
— І ў комсамол запішуся…
Бацька ўжо хацеў узлавацца, але хлопцы, дзяўчаты абступілі яго.
— Дзядзька, пакіньце ўжо, ну няхай, ці-ж вам шкода… Яна-ж у нас толькі навучыцца.
— Навучыцца… На пень брахаць ды на калоду тукаць. Досыць ужо навучылася…
А Пётра вакол яго на аднэй назе…
— Татка! Татулька! Няхай Наста ў комсамол, мне весялей будзе:
Тады яшчэ Андрэй падышоў.
— Дзядзька, кінь ужо, сапраўды… Усё-роўна нічога ня зробіш…
І ўсе:
— Кінь, дзядзька… Згаджайся!..
Бацька рукой махануў.
— А бадай вас пярун… Зводу няма на вас… Ну, хадзем, Наста! Чуеш?
— А абяцаеш, татка?
— Сказаў — хадзем… Ну?..
— Калі абяцаеш, дык чаму-ж, я пайду…
Як вышлі, комсамольцы ўсе-чысьценька ў скокі пусьціліся. А ад рогату вокны дрыжэлі.
Вось з таго часу Настулька і ў комсамол паступіла. А комсамолка вышла якая!..