Перад Новым Годам (Бядуля)

Перад Новым Годам
Фельетон
Аўтар: Змітрок Бядуля
1917
Крыніца: Вольная Беларусь, №36 - 1917 - с.2-3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Канцылярыя у пеклі. Ляскаюць шчоты. Скрыпяць перьі. Чарцюгі рыюцца у розных пузатых кнігах. Дапісываюць і адпісываюць. Адпісываюць і дапісываюць.

Пад загадом самога князя пекла, Люцыпара, яны робюць падрахункі сваім дзеям за 1917 год і рыхтуюць праекты на 1918 год.

Але раптам, у самым разгары работы, убегаіць лёкай, чорт Азазэль, і кажа, што сама пані Сваволя прышла з дакладам.

— Просімо, просімо! — прыемным басам, па джэнтльмэнску, кажа Люцыпар, — з ахвотаю паслухаем таварыша Сваволю. Мы чэкаемо! І Люцыпар галантна пакруціў хвастом.

Увайшла і пакланілася страшная ве-дзьма, Сваволя. Гарбатая, з доўгім сінім носам, с чырвонымі вачыма, з доўгімі касьцістымі рукамі, с пазурамі вострымі на пальцах, уся у гідкіх анучах — яна ні вельмі вабіла воко. Самы заядлы Бэк і то словам «буржуйка» ні адважыўся-б яе сароміць.

Але у пеклі яна была самай жычлівай цёткай-кумою.

— Ні бойцеся, ні палохайцеся, — кажа яна гідкім, замагільным голасам, — я сваю справу уладзіла так, як і лепей ні трэба. Німа ужо Волі на сьвеці! Яна сядзіць у мяне, як сучка на ланцугу. Рот анучамі заткнуты, каб і ні піскнула нават. Я, Сваволя, паную цяпер, як і панавала даўней.

— Браво, таварыш, браво — крычаць чэрці з усіх бакоў, на розныя галасы, на розныя лады.

— Калі Воля пачала рухацца, — кажа далей Сваволя, я троху заніпакоілася. Яна, Воля, вырвалася неспадзеўкі з маіх ланцугоў і задумала парадкі рабіць. Але я хутка яе цапнула у свае лапы і уся яе справа пайшла шурам-бурам. І я заварыла людзям такую кашу, што выйшло цэлое Вавілёнское столпатварэнне Я пачала помпаваць натоўпы людзей рознымі ідэямі. Людзі ні могуць іх пераварыць і пачынаюць рыгаць імі направа налева, як тыя сьвінкі перакормляныя.

Пры гэтых словах чэрці лопаюцца, аплёдыруючы, і высовываюць доўгія языкі з зьмяіннымі джаламі.

— Я напускаю на людзей залёнаго зьмія — кажа далей Сваволя хрыплым голасам, — людзі напіваюцца і паміраюць пры бочках, топяцца у гарэлцы, грабуюць, палюць ўсё і забіваюць брат брата.

— Чуць угледзюць чэлавека ні пьянаго, спакойнаго, у чыстых, людзкіх вопратках, — адразу мая гарачая хэўра крычыць на яго «Буржуй!» і раздзіраець яго на кавалкі.

Чэрці круцяць хвастамі і глушаць пекло оплескамі.

— Я людзям паказала, што такое Воля! І яны цяпер, зьвярьяцелыя, ніпрытомныя, дзікія, — тузгаюць адзін аднаго, пытлююць, аж люба глядзець!

Чэрці радасна падкідываюць Сваволю на тры вярсты у гору. Люцыпар з ёю цалуецца і пытае:

— А каго ты там, таварыш, покуль што на сваім мейсцы аставіла?

— Хі-хі-хі! — кажа Сваволя, — Бэкаў!

— А чым яны сябе зарэкамэндавалі? — зацікавіўся Люцыпар.

— Усім, тав. Глаўкапекл, — усім! — кажа Своволя. — Лічы па пальцах: ніволя слова, ніволя друку, «самавызначэнне народаў». Хі-хі, — «вызначаюць» украінцаў і беларусаў; і арэштовываюць цэлыя Рады, зьезды цэлых народаў і рэкамі разліваюць кроў па вуліцах. І льецца людзкая кроў разам з гарэлкай, хі-хі!

— Іхняе пекла лепшае за тваё, таварыш Глаўкапекл!

— Яны, — кажэ далей Сваволя, — уціскалі народ раней і цяпер. Яны штыкамі правялі свабоднае голасаванне у Устаноўчы Сойм і рознымі фальшамі і гвалтованнем праводзілі свае Бэкаўскія сьпіскі. А калі усё-ж такі аказаліся выбранымі народам і іншыя людзі, дык яны стараюцца разганяць Устаноўчы Сойм, хі-хі! Яны руйнуюць гарады, палюць вёскі, і нішчуць усё багацце сваімі дэкрэтамі.

— Хай жывуць Бэкаўскія дэкрэты! — гаркнуло усё пекло.

Раптам уляцеў лёкай Азазэль з радыотэлеграмай і дае Люцыпару. Люцыпар чытае:

«Ад Глаўкаверха да Глаўкапекла!

На Украіні льецца кроў. Разганяюць прыкладамі і штыхамі беларускія селянскія зьезды. Мае пьяныя Крывашэіны паказываюць добрым людзям Волю у вастрогах. Троцкі мае выдаць дэкрэт аб новых гілётынах для людзкіх галоў.»

Чэрці ныюць і рагочуць з радасьці, а Люцыпар дыктуе свайму сакратару радыётэлеграму:

«Ад Глаукапекла - Глаўкаверху.

Дзякую за шчырую службу. Вы, Бэкі, — мае найлепшыя таварышы! абманываеце народ ні горш за быўшага самадзержца Мікалая II.»