Стаім мы перад будучынай нашай
І ўсё варожым, сочым ейны ход…
Ці ўскрэсьнем мы з душой, упаўшай, зьвяўшай,
Каб выйсьці ў сьвет, як нейкі здольны род…
Сягоньня мы жывём і ўдзень мы блудзім
Пад маскай асьляпляючаю нас,
І што сказаць самім сабе і людзям,
Ня ведаем, ня можам, хоць і час.
Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў,
Шукаем, як сьляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў.
Пакрыўленыя колісь нашы душы
Дагэтуль выпрастаць ня ў моцы йшчэ;
Снуёмся, ў думках зводных патануўшы,
А хтось, а штось і мучыць і пячэ.
Цябе чакаем, будучыны нейкай,
Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш,
І гінем марна пад чужой апекай,
Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.
А хтось далёкі ці хтось можа блізкі
Засеў за наш бяседны, сытны стол
І кідае, як з ласкі, нам агрызкі,
А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол.
Нявольніцтва й жабрацтва так нас зьела
І так нам высмактала з сэрца сок,
Што нат у вочы глянуць, плюнуць сьмела
Ня сьмеем, стоптаныя на пясок.
Там чутна: Беларусь! Там — Незалежнасьць!
А там — «Паўстань, пракляцьцем»… Ну, а мы?
Мы ў страху… дум крутня… разьбежнасьць…
Бяз толку крыльлем хлопаем, як цьмы.
О, так як цьмы, як спуджаны вароны!
І слухаем і нюхаем тут, там:
Які павеяў вецер на загоны —
Заходні, ўсходні й ці ад нас, ці к нам?
Аграбленыя з гонару й кашулі,
З свайго прыпыну выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі
На нас ды з нашых нітак-валакон.
З кійком жабрачым так мы, паўналеткі,
Брыдзём, паўзём у сьвет — скрозь неўпапад.
І прысягаем, клічам Бога ў сьведкі,
Што мы — ня мы, што нехта вінават…
І так жывём, сябе саміх ня знаўшы,
Учора, сёньня лазім між канаў…
Няўжо-ж бы хто й над будучынай нашай
Навек залом пракляты заламаў?
Няўжо нас не аб’ясьніць розум ясны
І не пакінем біцца з кута ў кут?
Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны —
Кліч бураломны: вызваленьне з пут?!
24/І-22 г.
|