Перайманне (Ледзь лятункі ўздыхнуць аб каханку…)
Перайманне Верш Аўтар: Уладзімір Жылка |
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html |
Ледзь лятункі ўздыхнуць аб каханку
І да сэрца прылашчыцца сум,
Ў амазонцы вы выйдзеце з ганку,
І каня патрымае вам грум2.
Прачакалі трывожнае ранне,
Не было і сягоння ліста.
Ах, што значыць даўгое маўчанне,
А на сэрцы такая слата.
І лягчэй у блакітнай паветцы,
Дзе жальбуе сумота цішэй,
Калі конь, нібы вецер, нясецца,
Калі вецер звініць ля вушэй.
Імчыцеся вы шпарка палямі,
Упіваецца далямі зрок,
А наводдалі скача за вамі
Тонкі грум, шчэ дзіця, дзецючок.
Нібы неба, ягоны пагляды,
І танчэй, чым у дзеўчыны, пас.
Ён пацешыць вас быў бы так рады,
Ён маліцца гатовы на вас.
Ды, як мовіць, малы неразумны,
Што на сэрцы салодка цяжыць.
Толькі бровы танклявыя думны
І нямота на вуснах ляжыць.
(1926)