Пернік
Проза
Аўтар: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Б. ДРУЦКІ.

ПЕРНІК.

Ўдава, Мар’я Балаш, пасьля даўгіх збораў нарэшце выбралася такі ў горад. Ад вёскі, дзе яна жыла да гораду было вёрстаў 20 з гакам. Ведама-ж «гак» гэты ў вас заўсёды амаль ня большы ад мераных вёрстаў. Дзеля гэтага з вёскі Мар’і толькі зрэдку ды ў надзвычайным выпадку езьдзілі ў горад, а ўсе справункі свае залатулялі у мястэчку, што была пад бокам.

Мар’е якраз трапілася патрэба быць у горадэе: яна зьбіралася другі раз выйсьці замуж. Кабета была маладая, даволі прыго­жая. Гаспадарка хоць маленькая, але ў парадку. Баба працавітая, ціхая. Дзяцей ня было. Ведама-ж не адзін з суседзяў зарыўся на яе, як на матар’ял на жонку.

Дык вось, каб больш яшчэ распаліць ахвоту да сябе сярод кандыдатаў, Мар’я рашыла прыбрацца па моднаму: купіць гарадзкія чаравікі, панчохі, хустку, тое-сёе яшчэ. Гэтага ў мястэчку ня было. І вось, сабраўшы дзясятак залатовак, з капу яек, ды пару пеўняў — выбралася яна досьвіту ў дарогу.

Дзень быў летні, прыгожы, але сонца ўжо з ранку пачала паліць з бязхмарнага неба. Цень ад бярозаў, якімі абсаджаны быў бальшак да гораду не давала тае прахалоды, якая адна магла памірыць пешага падарожніка з палячым золатам косаў сонца. Сем патоў спусьціла Мар’я пакуль дабралася да гораду.

Абуўшы пры ўваходзе ў горад свае ста­рыя вясковага вырабу чэравікі, на якія яна ўжо сама паглядала з пагардай, але якія, ідучы, па звычаю хутчэй чымся з патрэбы, нясла на плячох у кашолцы, Мар’я скіравалася да рынку.

Прадаўшы, што мела і схаваўшы грошы да прынесяных у хустку і глыбака за пазуху — Мар’я пайшла па крамах. Ну, ведама-ж купіць што — ня так хутка. Страш'нна запрашваюць. Таргуючыся проста язык абаб’еш. Дый выбар надта вялікі: вочы разьбягаюцца — ня ведаеш, што выбраць.

Ужо добра спаўдня было, а Мар’я яшчэ не магла справіць усяго. Там-сям прытаргавалася, але не зыйшліся.

— Зайду яшчэ ў пару месцаў дый скончу, думала Мар’я.

Змарылася яна ўшчэнт, хацелася есьці.

Застанавілася каля вітрыны аднаго вялікага магазыну, аж вочы загарэліся: колькі там рознага дабра!

— Зайсьці, ці што? падумала.

— Чаго таўкаешся? слышыць сярдзіты вокрык побач сябе. Абярнулася: нейкі пьяны таўкануў праходзячага пана.

— А ты што мне за начальства? Агрызнуўся пьяны.

— А! заместа перапрашэньня ты гэтак? загарэўся пан: у паліцыю захацеў? Напіўся дык не бадзяйся…

— Піў не за твае грошы!! чуеш? грыміць пьяны.

Пачаў зьбірацца натоўп.

— Паліцыянт, пане паліцыянт! заве пан.

— А вось табе паліцыянт, выкусі! ткнуў пьяны у нос пану дулю…

Той — яго — палкай, аж бумкнула.

Пьяны кінууся з кулакамі…

Уэьнялася тузаніна.

Разам з байцамі забрала паліцыя і Мар’ю і яшчэ пару такіх-жа зявак, як сьведкаў.

Ужо цямнела, калі Мар’я пасьля дапросу звольнілася з вучастку.

Крамы былі зачыняны. Патаўклася, патаўклася Мар’я.

— Што рабіць? Начаваць? Плаціць трэба, грошаў ня хопіць на закупкі. Дый яшчэ зноў што прытрапіцца… Горад жа! Махнула рукай, пайшла да хаты.

— Сабяруся у другі раз. Яшчэ падсабіраю грошы. Усьцяшалася Мар’я ідучы з гораду.


Прайшло некалькі месяцаў. Мар’я даўно ўжо забылася аб сваёй прыгодзе. Аднак усё не магла сабрацца ізноў у горад. Работа ў полі, тое, ды сёе.

— Павестка табе Мар’я, у Суд, — ткнуў нек Мар’е паперку солтыс.

— Павестка? Суд? уздрыганулася тая. Які Суд? за што?

— Там даведаешся. Калі не зьявішся—адказваць будзеш. Кажа солтыс.

— Ды як-жа так ? Я-ж нічога ніколі… Якая справа?

— Справа крымінальная. Якая — даведаешся… Ня маю я часу з табай… буркнуў солтыс, выходзячы з хаты.

Мар‘я па суседзям: мо хто падаў на яе? Хай хто ўмее прачытаць разьбярэ.

Але і грамацеі мала памаглі:

— Хто яго ведае, што тут стаіць аскаржэньне… знача абвінавачаньне… кажуць: нейкія цыфры, а што і як — незразумела.

Як хворая, зусім зглумеўшая хадзіла Мар‘я да тэрміну яўкі. Спаць не магла:

— Божа ты мой, Божа! малілася яна. Што-ж гэта такое? За што, адкуль… абвінавачаная…

Ахая, вохая, ды:

— „Матачка найсьвентшая! ратуй! — выбралася Мар‘я ізноў у горад. На‘т нічога ня брала, каб прадаць.

— Ня ведама чым гэта скончыцца: Абвінавачаная!… тужліва думала яна. Ехаць — не хацела, бо: а мо‘ і засадзяць яшчэ?

Гаспадарку даручыла дзяцьку.

Словам — сабралася так, як быццам і вертацца ня мела…

Была ужо восень. Дарога была гразкая. Ледзь дабрыла Мар‘я да гораду. Але прыйшла яшчэ загадзя:

Суд не пачынауся Патаўклася сярод іншых.

Хацела была зьвярнуцца да каго, распытаць: што і як і па якой гэта справе яе цягнуць.

Ды ней не ўдалася. Кожны быў заняты сваім. А паліцыянт, які хадзіў тут-жа па калідору — так сьвірэпна ды сур’ёзна глядзеў на ўсіх — што… не адважылася…

— Proszę do sali! аб’явіў нейкі панок у куртцы з гузікамі, адчыняючы дзьверы.

Мар’я ўвайшла за другімі. Спынілася ля гэтага пана з гузікамі, думала распытаць яго:

— Чыноўнік-жа судовы як відаць… ведае.

Але і той, як і паліцыянт, а мо’ і болей яшчэ — такі меў надуты ды важны выгляд.

А яна — абвінавачаная…

Села ціханька у кутку. Дрыжыка працяла…

— Sąd idzie! proszę wstać! абвесьціў пан з гузікамі.

Заля ўздрыганула, ўстала як адзін чалавек.

Пачаўся разбор справаў.

У той самы дзень Суд, паміж іншымі справамі, меў справу нейкага Мордуха Перніка таксама з Мар’ей Балаш. Але ня нашай, другой нейкай. Справа йшла аб эксмісіі (высяленьні з кватэры). Гэтая справа пайшла аднэй з першых. Але Пернік з сваёй Мар’ей памірыліся да Суду. І, па нарадзе адваката — рашылі не зьяўляцца на Суд:

— Хай справу спыняюць! дагаварыліся яны.

— Sprawa z powództwa Piermika przeciwko Marji Bałasz o eksmisję! аб’яўляе Судзьдзя. Morduch Piernik i Marja Bałasz! вызывае Судзьдзя.

— Мар’я Балаш… гэта я… ўздрыганула нашая кабеціна.

— Piernik! Piernik! паўтарыў вызаў пан з гузікамі.

— Я!.. адазвалася Мар‘я.

— Proszę tutaj… заве Судзьдзя. Выйшла. Уся дрыжыць. Твар зьбялеў… Першы раз і—за што?…

— Piernik się nie stawił — дакладвае Судзьдзе падыйшоўшы да столу пан з гузікамі.

— Wy Marja Bałasz? пытаецца Судзьдзя.

— Але, паночку… я. сьлязьліва мармоча спалоханая ў канец Мар‘я.

— Powód się nie stawił. W podaniu nie prosi o rozpoznanie sprawy podczas jego nieobecności. Przysługuje Wam prawo prosić o umorzenie sprawy. Co powiecie?

— Дык я-ж пане Судзьдзяу… Я ня ведаю… Пернік… Дадушы ня ведаю нічога… За што ён мяне… Умарыць… Пернік… Скажэце калі ласка…

— Sprawę znacie: Piernik prosi o eksmisję Was. Czy chcecie by sprawę umorzono?

— Ой, пане Судзьдзя! якая Экс… Эксія… а Божанька мілы… За што яе марыць? Не разумею нічога… будзьце ласкавы растлумачце… па людзкі…

— No, no! niema czego robić komedji. Rozumiecie aż nadto dobrze!

— Дальбог, пан судзьдзя! не разумею!… эксія… умарыць… Пернік… ужо саўсім з пла­чам енча кабета.

— Mówię językiem, który muszą wiedzieć wszyscy obywatelowie. A więc prosicie umorzyć?

— Пан Судзьдзя… нікога я ня хочу умарыць… далібог-жа…

— Pytam, czy prosicie o umorzenie sprawy czy nie? нахмурыў брыві Судзьдзя.

— Але-ж паночку… енчыць баба і тужліва кідае вокам на вокал, на публіку па салі.

— Прасі! прасі! падсказвае нехта з публікі.

— Але, але! прашу, прашу пане Судзьдзя… сьпешна замарматала Мар‘я. Хай ужо!… будзем марыць!…

— Dobrze. Sprawa będzie umorzona. Możecie iść!

— Дзякуй, панок! Але—зрабеце ласку: скажэце, што за эксія, за што марыць яе ці Перніка?…

— Prosz nie przeszkadzać! узвысіў ужо голас Судзьдзя.

— Але-ж паночку…

— Chcecie bym grzywną Was ukarał? Woźny! wyprowadzić z sali tą kobietę i powiedzieć by szła sobie do domu! выдае загад Судзьдзя.

— Што за Пернік? якая-такая эксія?

За што і каго марыць? І накрычэў… гразіць… урчыць Мар’я апынуўшыся на вуліцы.

А праз пару гадзін вызываюць Мар‘ю ўжо па яе справе, як сьведку.

— Marja Bałasz nie stawiła się! дикладвае возьны.

— Nie stawiła sie? Wobec niestawienictwa świadka bez usprawiedliwionych powodów — ukarać Marję Bałasz grzywna w kwocie 10 złotych — аб’яўляе Судзьдзя.


— А, Матанькі вы мае! — разказвае суседкам Мар’я і не даведалася я, за што і як? Сьпярша гэта Судзьдзя нешта нагаварываў мяне: прасі, кажа, умарыць! Я — не разумею. Які Пернік? Каго умарыць? І што за эксія нейкая— Ня ведаю такіх я! А пасьля крычэць пачаў. Ну, думаю прапала мая галованька! Перажагналася ў душы: воля Божая! А тут нехта падсказвае з публікі: — прасі, прасі! — кажа. Ну я і кажу: Але, пан, Судзьдзя! прашу вашае ласкі!… А ён кажа:

— Справа кончана! ідзі да хаты!

Спрабавала я яшчэ папытаць, вывялі мяне… і што і як — зусім ня ведаю…

— Цётка, а цётка? Як-жа там у цябе з Пернікам? Умарыла яго ці сваю нейкую эксію? А мо‘ Пернік у нагароду табя прызначаны быў? сьмяяліся з Мар‘і вясковыя жартаўнікі.


Праз некалькі тыдняў да Мар‘і завітаў ізноў солтыс:

— Плаці, цётка, 10 зл.

— Як? за што? чаму? спалохалася Мар‘я.

— Ды вось Судзьдзя аштрафаваў цябе… за няяўку.

— Як-жа-ж так? Я-ж была там… Ён сам падгаварваў умарыць нейкую Эксію… Ізноў з Пернікам…

— Нічога ня ведаю! — Плаці, а то апісваць рэчы прыдзецца.

— Ды як-жа так? Ды што-ж гэта, горачка мае!!

— Я нічога ня ведаю, а плаціць трэба, кажа солтыс.

Сунулася ізноў па сусёдзям:

— Плаці, кажуць, нічога ня зробіш…

Хоцькі-ня хоцькі — прыйшлося заплаціць…

— А Божачка мой Божачка! А што-ж гэта такое? А які-ж гэта Пернік і за што ён здзекваецца нада мной?… галасіла баба, плоцячы грошы.


Прайшло некалькі месяцаў. Падыходзілі Каляды Аб Мар’іным Перніку і Эксіі пачалі ужо забывацца Нат‘ зладзілася замуж­ства Мар‘і: вясельле мела быць на запусты.

Аж раптам, бы гром з яснага неба, на самыя каляды у хату Мар‘і — шасьць солтыс:

— Ізноў павестка табе Мар’я За тры тыдні яжджай у горад…

— Што?… здубела Мар’я,

— Ды так. Таксама: абвінавачаная.

— Абвінавачаная… ізноў… Яж заплаціла… Няўжо-ж Пернік?… Заламіла рукі кабета.

— Мо і Пернік. Хто яго ведае. Натварыла ты нешта, кажа солтыс.

— Вось табе і Мар’я: казалі суседкі. Відаць т‘кі і сапраўды умарыла некага Перніка…

I чутка аб тым, што Мар’ю ізноў цягнуць у суд — разам з імям Перніка — пайшла гуляць па вёсцы.

Кабету зглуміла зусім гэтая павестка. Ссохла, бы день лазіла і усё марматала: — Эксія… Пернік… умарыла… Божанька мілы… На што я згадзілася марыць кагосьці? Вось ізноў цягнуць… I што-ж гэта за Пернік, за што ён прасьледуе мяне?

Нехта параіў зьвярнуцца да адваката. Ізноў прыйшлося плаціць. Але т‘кі нарэшці даведалася аб усім. Абяцалі на‘т зьвярнуць заплачаныя 10 зл.

Выраклася іх Мар’я. Але і дагэтуль яшчэ помніць Перніка:

— I чаму гэта, людцы добрыя, адразу мне па-людзкі не вытлумачылі щто і як? бедавала баба: жарты: крлькі каштавала і здароўя і грошы…

А на вёсцы ўжо злажылася прыказка. Прыцісьне каго нейкая нечаканая бяда — штраф там нейкі, падвода не ў чарод, або сэквэстратар зваліцца як сьнег на галаву за падаткам:

— Вось табе, кажуць, бабка, і Пернік!






Druk. J. Bajewskiego w Wilnie,