Першая беларуская опера (Бэндэ)
Першая беларуская опера (да 100-годдзя з дня напісання "Сялянкі" В. Дуніна-Марцінкевіча) Артыкул Аўтар: Лукаш Бэндэ 1946 Крыніца: Газета "Літаратура і мастацтва". 29 снежня 1946 г. № 45. |
В. І. Дунін-Марцінкевіч быў першым беларускім пісьменнікам XIX ст., літаратурная творчасць якога на беларускай мове станавіла змест яго жыцця, з’яўлялася асноўнай галіною яго грамадскай дзейнасці. Ён быў першым пісьменнікам, які ўзняў сцяг беларускай нацыянальнай літаратуры над напоўэтнаграфічнымі спробамі сваіх папярэднікаў. Яму-ж належыць гонар пачынальніка новага этапу ў гісторыі беларускай драматургіі і тэатра.
Драматычны твор Дуніна-Марцінкевіча — лібрэта оперы «Сялянка» напісаны ў канцы 1843 ці ў самым пачатку 1844 г. і ўпершыню надрукаваны асобнай кніжкай у Вільні ў 1846 г. Опера, як назваў яе сам аўтар, напісана на двух мовах — беларускай і польскай. Выключна па-беларуску напісаны словы і спевы войта Навума, прыгаворкі селяніна Ціта, а таксама ўвесь тэкст для хора сялян; па-беларуску ж напісана роля Іцкі-арандатара. Па-беларуску размаўляе Юлія з войтам Навумам і часткова камісар з сялянамі. Рэшта-ж роляй напісана па-польску. Такі макаранізм у мове твораў быў адлюстраваннем сапраўднага стану рэчаў таго часу.
«Сялянка» напісана па тыпу аперэтак, у якіх празаічны дыялаг перамешваецца з спевамі і танцамі. Ствараючы яе, Дунін-Марцінкевіч скарыстаў і прыёмы моднага ў свой час французскага вадэвіля. У выніку «Сялянка» з’явілася своеасаблівым сплавам жанра аперэткі і вадэвіля, дзе спалучаецца дыдактычна-маралістычная лінія з фарсава-камедыйнай. Такое спалучэнне двух стылёвых ліній парушае адзінства тэкста (для чытання), ухіляе яго ў бок ад рэалізма, але ў той жа час надае твору (для сцэны) жвавасць, весялосць і камічнасць. Такі тэкст для сваёй рэалізацыі на сцэне патрабуе музыкі. Як вядома, музыку для «Сялянкі» напісаў Станіслаў Манюшка (1819—1872).
Пытанне, калі і дзе ўпершыню была пастаўлена «Сялянка» і колькі разоў яна ігралася на сцэне, зусім не вывучана: вядомы толькі асобныя факты. Дакладна вядома, што «Сялянка» з поспехам ігралася ў Мінску зімою 1851 — 1852 года.
Спектаклі адбываліся ў тэатры Поляка, які знаходзіўся на Катэдральным пляцы, і на прыватных кватэрах (Свіды, Лапніцкай, Ляўданскага, у самога Марцінкевіча і ў іншых). Мабыць, у сувязі з пастаноўкай «Сялянкі» ў 1852 годзе Юльян Гараш у газеце «Дзённік Варшаўскі» змясціў артыкул аб творы Марцінкевіча. Тая ж газета ў 1855 г. у карэспандэнцыі з Мінска пісала, што аперэта «Сялянка», у якой галоўную ролю Навума іграе сам аўтар, з поспехам ідзе на сцэне.
Беларускі паэт Альберт Паўловіч у сваёй «Гістарычнай даведцы» аб «Сялянцы» (гл. «Полымя», жнівень-верасень 1929 г.), піша, што «опера карысталася вялікім поспехам і ставілася яна ў Мінску, Бабруйску і Слуцку, на правінцыі, як мне вядома, яна ставілася на кватэры нашага далёкага сваяка Валерыя Паўловіча, у Глуску».
«Сялянка» Дуніна-Марцінкевіча з’яўляецца сплавам двух стылёвых ліній. Гэтыя дзве лініі адпавядаюць двум ідэйным праблемам, якія па-свойму вырашае пісьменнік: праблема ўзаемаадносін паміж панамі і прыгоннымі сялянамі і праблема няроўнага (у соцыяльным аспекце) кахання. Пры тым абедзве праблемы ўскладняюцца матывамі барацьбы супроць «франкаманіі» і ўслаўлення патрыярхальнай вясковай ідыліі. Асноўнай усё-такі з’яўляецца праблема ўзаемаадносін паміж панамі і прыгоннымі сялянамі—актуальная праблема таго часу. Яна хвалявала Дуніна-Марцінкевіча, які і спачуваў простаму народу.
М. Доўнар-Запольскі правільна заўважыў, што літаратурная дзейнасць Дуніна-Марцінкевіча мела практычны характар. «Ён імкнуўся,—піша Доўнар-Запольскі, — звярнуць увагу памешчыкаў на сялян і даць зразумелую для сялян кнігу для чытання». Іменна практычны і дыдактычны характар мае «Сялянка». Тут Дунін-Марцінкевіч прадаўжае традыцыю Чачота ў беларускай літаратуры і збліжаецца з польскімі шляхецкімі пісьменнікамі 30 — 50 гадоў, якія сваёй творчасцю імкнуліся звярнуць увагу паноў на бедных сялян і расчуліць паноў, выклікаць у іх спачуванне да бедных. Юлія, гераіня оперы «Сялянка», апелюе да паноў, хоча расчуліць іх, выклікаць спачуванне да прыгонных.
Дунін-Марцінкевіч імкнуўся вучыць і паноў і сялян; паноў ён заклікаў звярнуць увагу на сялян, не зневажаць іх, быць для іх бацькамі, а сялян вучыў любіць сваіх паноў, шчыра і аддана служыць ім. У такой ідылічнай гармоніі і суладдзі інтарэсаў абодвух класаў уяўляў сабе Дунін-Марцінкевіч шлях да вырашэння асноўнага пытання свайго часу. Дунін-Марцінкевіч, пісьменнік ліберал, трымаўся адсталага погляду на карэннае пытанне часу, на характар узаемаадносін паміж памешчыкамі і сялянамі. Аднак, ён добра ведаў побыт і псіхіку сялянства, лад думак і пачуццяў яго. Ён умеў бачыць цёмныя і светлыя, слабыя і моцныя бакі жыцця сялянства. У сваіх творах кожны раз, адпаведна з мэтанакіраванасцю таго ці іншага твору, ён надаваў вобразам сялян праўдзівыя рысы.
Сяляне ў Дуніна-Марцінкевіча супроцьпастаўлены падпанкам камісару і Яну. У паказе Дуніна-Марцінкевіча яны не толькі рабочая сіла, але і людзі, якія маюць чыстае, неразбэшчанае сумленне, працавітыя, з шчырым сэрцам і ясным розумам. Яны перад богам роўныя з панамі і заслугоўваюць таго, каб паны абыходзіліся з імі, як з людзьмі, а не як з быдлам. Адносіны самаго пісьменніка да сялян заўсёды натуральныя і шчырыя. Ён жадаў паляпшэння іх жыцця і з гэтай мэтай праз свае творы звяртаўся да паноў.
Твор Дуніна-Марцінкевіча быў досыць буйнай з'явай у краёвай літаратуры таго часу, значэнне якога яшчэ і дагэтуль цалкам не ацэнена. А значэнне яго было не толькі ў непасрэднай функцыі, але і ў тым, што ён распачынаў новы этап беларускай драматургіі і беларускага тэатра. Аднак і гэта не ўсё. «Сялянка» Дуніна-Марцінкевіча з’явілася яшчэ і ўзорам для іншых пісьменнікаў—сучаснікаў Дуніна-Марцінкевіча. У літаратуры ўжо адзначаўся факт, што двухактавая п’еса Шпілеўскага «Дажынкі» (Пецярбург, 1857 г.), напісаная мешанай мовай—рускай і беларускай,—з’яўляецца пераробкай «Сялянкі». Але больш раннім запазычаннем з п'есы Дуніна-Марцінкевіча была камедыя Каржанеўскага «Дажынкі» (1852 г.). Каржанеўскі запазычыў з «Сялянкі» сюжэт цалкам, прыём пераапранання, імя гераіні Юліі, характар яе і Віктара (адпавядае Лютальскаму), Пржэнічэвіча — эканома (адпавядае Навуму), які таксама гаворыць прыказкамі. Каржанеўскі зрабіў толькі некаторыя змены. Больш таго — п’еса Каржанеўскага часта тэкстуальна адпавядае «Сялянцы» Марцінкевіча. Факты запазычання з «Сялянкі» яшчэ раз сведчыць аб тым, што яна была досыць папулярным творам свайго часу.
Досыць доўгі «Сялянка» карысталася вялікім поспехам не толькі ў гледачоў, але і ў чытачоў. Ужо ў 1855 годзе У. Сыракомля пісаў, што «Сялянка» даўно разыйшлася — вычарпана з гандлю і стала бібліяграфічнай рэдкасцю. А між тым, попыт на яе быў, ёю цікавіліся. З той прычыны, што новага выдання не было, яе перапісвалі ад рукі, і, такім чынам, яна перайшла ў рукапісную традыцыю.
«Сялянка» завілася пачаткам творчасці Дуніна-Марцінкевіча; з яе-ж пачынаецца і новая гісторыя беларускай драматургіі.