Першыя людзі на Месяцы
Першыя людзі на Месяцы Раман Аўтар: Герберт Уэлс 1931 год Арыгінальная назва: The First Men in the Moon (1901) Пераклад: Цімох Зарэчны |
ГЕРБЭРТ УЭЛЬС
ПЕРШЫЯ ЛЮДЗІ НА МЕСЯЦЫ
Пераклад з расійскае мовы
Цім. Зарэчнага
БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА
МЕНСК — 1931
Вокладка і малюнкі мастака
Ў. Шульца
Заказ № 1291. 5.000 экз. (4½ арк.). Галоўлітбел № 3350.
Друкарня БДВ імя Сталіна.
I. Містер Бедфорд знаёміцца з містарам Каворам з Лімна
правіцьДля чалавека, які шукае адзіноцтва, цяжка знайсьці лепшае месца, чым Лімн.
Гэта іменна і пабудзіла мяне абраць яго сваім месцазнаходжаньнем. У той час я надумаўся напісаць драму і шукаў адзіноцтва. Я наняў невялічкі домік і падпісаў контракт на тры гады.
Акно, каля якога я працаваў, выходзіла на ўзмор’е, прычым самае мора было схавана ад мяне за нявысокім скалістым хрыбтом, які цягнуўся на захад і злучаўся з Гэстынгскімі ўзгоркамі. З гэтага акна я і ўбачыў упяршыню Кавора.
Гэта быў чалавек невялікага росту, досыць поўны, але разам з тым, на вельмі тонкіх нагах. Усе рухі яго былі парыўчатымі, мелі нейкі асаблівы ліхаманкавы водцень. Апрануты ён быў у кароткія нагавіцы, якія звычайна носяць вэлёсыпэдысты, у доўгія панчохі, доўгі сурдут і круглую крокетную шапачку. Ён шырока размахваў рукамі, адкідваў назад галаву, гудзеў і шумеў. Ён гудзеў як спіраль Румкорфа ў часе працы. Я ніколі да гэтага часу ня чуў, каб з чалавека выходзілі падобныя гукі.
Ён дайшоў да канца хрыбта, стаў тварам на захад, выняў з кішэні гадзіньнік, пастаяў некалькі секунд, потым адразу абярнуўся і шпарка пайшоў. Зьяўленьне Кавера для мяне тады было прыкрай перашкодай, непродукцыйнай тратай лішніх пяці хвілін. Але калі на заўтрашні дзень тое самае зьявішча адбылося са зьдзіўляючай дакладнасьцю і пачало рэгулярна адбывацца пасьля кожнага захаду сонца, дык мая ўвага неяк міжвольна стала адрывацца ад работы. Я задаваў сабе пытаньне, што яму трэба на скалістым хрыбце? Што азначалі яго дзіўныя паводзіны?
На чатырнаццаты дзень я, урэшце, ня вытрымаў: як толькі ён зьявіўся, я вышаў з пакою і накіраваўся да таго месца, дзе ён звычайна прыпыняўся.
Ён толькі што пасьпеў выняць з кішэні гадзіньнік, калі я падышоў да яго. Калі ён абярнуўся, каб ісьці, я спыніў яго словамі:
— Дазвольце вас затрымаць на адно імгненьне!
— Калі ласка. Але ваша імгненьне ужо прайшло, а таму, калі вы яшчэ жадаеце гутарыць са мною, дык я папрашу вас праводзіць мяне, калі толькі гэта вам не пашкодзіць і не адыме дарэмна часу.
— Ані кроплі, — адказаў я, — і мы пайшлі з ім поплеч.
— Мае прывычкі ўстаноўлены вельмі дакладна, загаварыў ён, — і на гутаркі са староньнімі асобамі ў мяне застаецца мала часу.
— У гэты час вы, як відаць, прывыклі гуляць?
— Зусім правільна. Я ў гэты час дзіўлюся на захад сонца.
— Дазвольце вам не паверыць! Сёньня, напрыклад, вы...
— Так, сёньня! Дазвольце! Ах, так, так... Пра што-ж вы хацелі са мной пагаварыць?
— Іменна пра гэта. Так. Навошта вы гэта робіце? Кожны дзень вы прыходзіце сюды і гудзеце...
— Гуджу?
— Ды вось так, — і як можна дакладней я пачаў паказваць, як ён гудзе.
— Гм... Няўжо ў мяне зьявілася такая кепская прывычка?
— У гэтым няма ніякага сумненьня.
Ён узяў двума пальцамі ніжнюю губу і сказаў, разглядваючы лужыну каля сваіх ног:
— Я вельмі заняты важнай работай. А мо' гэтая гутарка вам не падабаецца, непатрэбна?
— О, не, — сказаў я, — ніколькі! Наадварот, я вам вельмі ўдзячны, але ўявеце сабе, што вы робіце справу, якая патрабуе пільнай увагі.
— А, — сказаў ён, — зразумела! — і задумаўся.
— Вы бачыце, — слабым голасам сказаў ён, — гэта ў мяне такая... прывычка. Я ведаю, што часам забываю аб сапраўднасьці. Я вам вельмі дзякую. Гэта трэба скончыць.
— Спадзяюся, што мая недалікатнасьць...
— О, ніколькі, ніколькі...
Мы паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Я ўзьняў капялюш і разьвітаўся. Ён пасьпешна адказаў, і мы разышліся.
На другі дзень я яго ня бачыў, на трэці ён таксама не зьяўляўся. Але на чацьверты дзень ён зусім нечакана прышоў да мяне. Ён адразу пачаў з мэты свайго наведаньня і заявіў, што мае намер заарандаваць ці купіць домік, у якім я толькі што пасяліўся.
— Бачыце, — сказаў ён, — вы парушылі адну з галоўных маіх прывычак, а гэта мне псуе ўвесь дзень. Я шмат год пражыў тут і кожны вечар рабіў сваю звычайную прагулку. Магчыма, што ў часе прагулак я гудзеў… Але ўсё-ткі вы вывелі мяне з прывычнае роўнавагі!
— Я жыву вось у тым доме з белымі комінамі, я жыву ў зусім асаблівых умовах… Я хутка зраблю адно з найвялікшых вынаходніцтваў у сьвеце… так! Але гэтая работа патрабуе напружаньня ўсіх духоўных сіл. І лепш за ўсё працаваць увечары! Тады ва мне нараджаюцца новыя думкі, адчыняюцца новыя небасхілы.
— А вы паспрабуйце не хадзіць каля мае дачы! — пакорліва заўважыў я…
— Не магу. Як толькі я выйду з свае форткі і здалёк убачу дах вашага дому, мае думкі міжвольна накіроўваюцца да вас. Я ўяўляю сабе, што вы сочыце за кожным маім крокам… і я не магу больш працаваць! Мне патрэбен ваш дом.
Я пачаў думаць. Я парашыў прыкласьці ўсе сілы,
каб увайсьці ў яго таямніцу, і зараз-жа ўзяўся за асьцярожныя распытваньні.
Але на маё прыемнае зьдзіўленьне выявілася, што ён ахвотна згаджаўся пазнаёміць мяне са сваімі адчыненьнямі. А калі ён пачаў гаварыць, дык яго гутарка абярнулася ў суцэльную лекцыю.
Ён гаварыў амаль што цэлую гадзіну, і я павінен прызнацца, што мне было досыць цяжка сачыць за разьвіцьцём яго думак.
Палова яго слоў складалася з тэхнічных выразаў, мне зусім незнаёмых, — з гэтае прычыны мне нават цяжка было рабіць выгляд, што я хоць крыху разумею. Я толькі калі-ні-калі гаварыў:
— Так!.. Канечне… зразумела… працягвайце, калі ласка…
І заставаўся ў самым безнадзейным няведаньні. Ён многа гаварыў пра сваю майстэрню, пра трох памоцнікаў, якіх ён выхаваў для сябе са звычайных цесьляроў. Урэшце, ён запрасіў мяне пры выпадку наведаць яго і агледзець майстэрню. Я ахвотна згадзіўся на яго запрашэньне.
Раптам мне прышла ў галаву новая думка, і я сказаў:
— А што, калі вы створыце сабе новую прывычку? Калі замест прагулкі вы будзеце прыходзіць да мяне? Вы адпачывалі і абмяркоўвалі вашы пляны ў часе прагулкі, рабеце гэта ў мяне. Магу вас упэўніць, што мае веды вельмі нязначны для таго, каб я мог выкарыстаць вашы думкі.
— Я вельмі вам удзячны. Такія гутаркі былі-б для мяне сапраўдным адпачынкам. Нішто ня можа лепш садзейнічаць правільнаму знаходжаньню ідэй, як іх абмяркоўваньне. Але мяне толькі непакоіць пытаньне, ці не адыму я ад вас часу, які патрэбен для вашае работы?
— Ваша міласьць, — сказаў я, — чалавек лепш за ўсё адпачывае, калі пераходзіць ад аднаго занятку да другога!
Такім чынам, пытаньне было вырашана. Я праводзіў яго на ганак балькону і мы разьвіталіся.
Ён пайшоў паранейшаму сьмешна размахваючы рукамі, і хутка сярод глыбокае цішы летняга вечару я пачуў знаёмае гудзеньне:
— Ззззззз...
На другі дзень ён доўгі час зноў сядзеў у мяне, таксама, як і на трэці.
За гэтыя два наведваньні ён прачытаў мне дзьве лекцыі па фізыцы, прычым мы абодвы засталіся імі задаволены. Ён казаў пра «эфір», пра «сілавыя лініі» і іншыя мудрагельствы, а я сядзеў супроць яго, лупаў вачмі і толькі час-ад-часу казаў сваё:
— Так... Так... Працягвайце, калі ласка!.. Разумею... — каб толькі падтрымаць струмень яго красамоўства, бо зразумець яго я ніяк ня мог.
Я скарыстаў першы выпадак, каб агледзіць яго дом. Апрача яго самога, там жылі тры яго памоцнікі. І галоўны дом, і ўсе надворныя пабудовы былі перароблены ў майстэрні і лябораторыі. прачашная была перароблена ў ліцейнае аддзяленьне, у склепе стаялі дынамо-машыны, а ў садовай альтанцы я знайшоў газамэтр.
Яго памоцнікі былі простымі рамесьнікамі. Яны ня былі разьвітымі, але добрасумленнымі, моцнымі, далікатнымі і працавітымі. Яны толькі выконвалі загады Кавора. Уся інтэлігентная праца ляжала на ім. Мэтаю сваіх дасьледаваньняў Кавор паставіў вырабленьне асобай матэрыі, якая была-б зусім непрасякаемаю для «усіх відаў энэргіі і праменьняў». Зрэшта, магчыма, што ён выказаўся інакш, але ва ўсякім выпадку гутарка ішла аб праменьнях, бо ён, як напрыклад, паказваў на цяплыню, сьвятло, праменьні Рэнттена, электрычныя хвалі Марконі і цяжэньне цел да сяродку зямлі. Ён сказаў, што ўсё гэта выходзіць з сваіх цэнтраў і мае ўплыў на цела, якія знаходзяцца далёка ад такіх цэнтраў, адкуль і атрымліваецца назва «выпрамененая энэргія». Кожнае цела адрозьніваецца ўласьцівасьцямі, якія робяць яго пранікальнымі для аднаго віду энэргіі і непранікальнымі для другога. Шкло, напрыклад, добра прапушчае сьветлавыя праменьні, але затрымлівае электрычныя хвалі, хоць і ня ўсе, а таму шкло зьяўляецца надзейным ізолятарам для электрычнасьці: галын прапушчае сьвятло, але зусім не прапушчае цеплавых праменьняў: раствор ёду ў серкавугляродзе зусім не прапушчае сьветлавых праменьняў, але затое добра пранікальны для цяпла: за пасудзінай з такім растворам можна ня бачыць агню, але адчуваць яго цяплыню. Я не памятаю ўсіх прыкладаў, якія паказваў Кавор, але дастаткова і гэтых.
Галоўную ўвагу ён накіраваў на тое, што ўсе вядомыя целы «пранікальны» для сілы цяжэньня. Чалавек можа зрабіць пласьцінкі, праз якія ня можа пранікаць сьвятло, цяплыня, электрычнасьць і г. д., але ён ня зможа аслабаніць якое-колечы цела ад уплыву цяжэньня, г. зн. цяжару.
Ён меў намер атрымаць гэтакую матэрыю шляхам сплаву розных мэталяў з гэліем.
Кожны чалавек зразумее, які пераварот павінна зрабіць падобная цудадзейная матэрыя. Калі, напрыклад, трэба падняць цяжар, дык, які-б вялікі ён ня быў, дастаткова зьмясьціць пад ім невялічкі кавалачак гэтай матэрыі, і яго лёгка можна падняць саломінкай. Я ўяўляў скарыстаньне такога прынцыпу ў ваеннай, морскай справе, на чыгунцы, у розных галінах вытворчасьці. Я няясна адчуваў, што выпадкова даведаўся пра адчыненьне, якое павінна мець сусьветнае значэньне. Са зьдзіўленьнем упэўніўся я ў тым, што гэты невялічкі чалавечак меў на ўвазе толькі адну ўрачыстасьць тэорыі. Аб прыктычным баку справы ён ня думаў.
Паступова я яго ўсё-ткі давёў да таго, што ён пачаў сур’ёзна абмяркоўваць плян монопольнага таварыства па вырабе каворыту (так мы парашылі назваць новую матэрыю). Ён павінен быў рабіць каворыт, а я клапаціцца аб яго збыце і скарыстаньні.
II. Як упяршыню быў атрыман каворыт
правіць
14 кастрычніка 1899 году гэтая матэрыя была атрымана.
Зрэшта, гэтага моманту нам давялося-б чакаць яшчэ доўга, каб не дапамог адзін выпадак. Кавор сплавіў цэлую масу розных мэталяў і хацеў пакінуць гэтую мешаніну ў супакоі на тыдзень. Па яго вылічэньнях апошняя рэакцыя павінна была адбыцца ў той момант, калі мешаніна ахалодзіцца да 12 градусаў. Але здарылася так, што памоцнікі Кавора заспрачаліся паміж сабою аб тым, хто з іх абавязан падтрымліваць агонь у вытапной печы. Паміж тым, сам Кавор, упэўнены ў дакладнасьці сваіх вылічэньняў, вырашаў новую задачу: вышукваў лётны апарат пры дапамозе каворыту, прычым ён зусім не сачыў за сваімі памоцнікамі. І вось рэакцыя ў сплаве надышла зусім нечакана ў той час, калі ён ішоў да мяне цераз лог.
Я памятую ўсе падрабязнасьці гэтага здарэньня. Я пачуў звычайнае гудзеньне і вышаў на балькон. Невялічкая фігурка Кавора рэзка вызначалася на небасхіле, а з-за дрэў узьнімаліся высокія коміны яго дому.
Раптам пачуўся страшэнны грукат.
Высокія коміны ўзьняліся ў паветра, рассыпаліся на ляту ў дробныя цагліны, — за імі паляцеў дах і куча мэблі, прыбораў, дзьвярэй і дошак. Пасьля гэтага паказалася высокае, яркае полымя. Дрэвы захісталіся, а потым былі вырваны з карэньнямі і ўзьняты на паветра. Пачуўся грамавы ўдар, ад якога я на ўсё жыцьцё аглох на адно вуха. У маім доміку зазьвінела і вылецела шкло з акон.
Я не пасьпеў зрабіць тры крокі насустрач Кавору, як наляцеў вецер. Я ледзь утрымаўся на нагах і супроць жаданьня шпарка пабег па лужку. У гэты-ж момант Кавор узьняўся ў паветра, закружыўся, у роспачы замахаў рукамі і нагамі, потым апусьціўся ўніз, колам пракаціўся па зямлі і, урэшце, зьнік паміж дрэваў, якія абвіліся каля яго дому, быццам жывыя стварэньні.
Адзін з комінаў сарваўся з майго дому, праляцеў над маёй галавой і вялікімі скачкамі панёсься ў напрамку да цэнтру катастрофы.
Сярод дыму, агню і розных абломкаў да неба ўзьнялася сьветлая камлыга нейкай блакітнай матэрыі. Гэта быў каворыт. Міма мяне праляцеў яшчэ доўгі паркан, перавярнуўся, упаў на зямлю, але самае небясьпечнае ўжо скончылся. Рух паветра адразу зьменшыўся да ступені моцнага ветру, і я зноў адчуў, што ў мяне ёсьць рукі і ногі. Калі я абярнуўся сьпіною да ветру, дык мог стаяць на нагах і перасоўвацца па сваім жаданьні.
Я азірнуўся вакол сябе. Прырода за некалькі сэкунд праразьліва зьмянілася. Мяккі малюнак захаду сонца зьнік, на небе зьявіліся алавяныя хмары, па зямлі лётаў вар’яцкі вецер; дрэвы былі павалены.
Я кінуў вокам назад і ўбачыў, што мой дом застаўся на старым месцы; потым я пайшоў да паваленых дрэваў, пад якімі зьнік Кавор.
З-за хаосу аголеных галін мільгалі языкі полымя.
Чапляючыся за тоўстыя галіны, я пераходзіў ад аднаго дрэва да другога, але ўсё-ткі Кавора не знаходзіў. Урэшце, я заўважыў, што пад абломкамі, сьмецьцем і галінамі нешта варушылася. Я накіраваўся туды, але не пасьпеў яшчэ дайсьці, як з гэтага хаосу ўзьнялася чарнаватая маса, вакол якой хісталася бясформенае рызьзе. Я прыгледзіўся больш уважліва, і ў гэтым камячку бруду апазнаў Кавора, які цяпер напружваў усе сілы, каб ачысьціць вочы і рот ад гліны. Убачыўшы мяне, ён закрычаў:
— Павіншуйце мяне! Я… перамог!..
З тае прычыны, што ён у той момант выглядзеў далёка не пераможцам, я міжвольна падумаў, што моцны зрух адбіўся на яго мазгох, і асьцярожна запытаў:
— Ці ня ведаеце вы, з якой прычыны ў вас здарыўся выбух?
— Упэўніваю вас, што ніякага выбуху ня было. Усё тлумачыцца вельмі проста. Справа ў тым, што я па неасьцярожнасьці атрымаў мой каворыт у выглядзе тонкага пласта, на вялікай плошчы. Вы-ж ведаеце, што ён па маіх разьліках павінен быць зусім непранікальным для энэргіі цяжэньня?
— Так, ведаю.
— Дык вось. Калі яго тэмпэратура дайшла да 12 градусаў, усё, што было над ім, г. зн. столь, дах і нават паветра, адразу страціла ўсякую вагу. Вам, канечна, вядома, што паветра мае пэўную вагу, што яно на земнай паверхні аказвае ціск, роўны прыблізна пятнаццаці фунтам на квадратную цалю ці аднаму кілёграму на квадратны сантымэтр.
— Так, ведаю.
— Я яшчэ раз кажу, што над каворытам паветра страціла сваю вагу, іншымі словамі, ціск яго спыніўся, і вось паветра, якое абкружала гэты слуп, паветра без вагі, аказала на яго з усіх бакоў ціск, роўны пятнаццаці фунтам на квадратовую цалю ці кілёграму на квадратовы сантымэтр. Слуп паветра над каворытам, быў з вялікай сілай узьняты ўверх, а паветра, якое рынулася замяніць пусты прастор над каворытам, у сваю чаргу, страціла вагу, пасьледавала за ранейшым слупом, прабіла столь, пацягнула з сабою дах... Разумееце, там стварылася нешта накшталт паветранага фонтану, быццам комін у паветры. І калі-б гэта магутная цяга не панесла ў паветра майго каворыту, атрымаўся-б непарыўны вялізарны паветраны фонтан...
— Які адкінуў-бы ад зямлі ў сусьветны прастор усё паветра!
— Ну, ня ў сусьветны прастор, а толькі на сотні тысяч кілёмэтраў. Потым, магчыма, частка паветра ўпала-б зноў на зямлю, але ўсё жывое да таго часу абавязкова павінна было-б затхнуцца. З гэтае прычыны зварот паветра ня даў-бы людзям ніякае карысьці.
— Што-ж вы цяпер думаеце рабіць?
— Раней за ўсё пры дапамозе рыдлёўкі пазбавіцца таго бруду, які пакрыў мяне з галавы да ног. Калі вы дазволіце, я ў вас памыюся, а потым мы пагутарым дэталёва. Цяпер апошняе пытаньне. На рамонт майго дому патрабуецца некаторы час; ці не дазволіце вы мне з гэтае прычыны пасяліцца ў вас?
Я, вядома, зараз-жа згадзіўся.
— Калі ласка, усё, што ў мяне ёсьць, лічыце сваім. А покуль дазвольце вам прапанаваць пачысьціцца.
Мы накіраваліся да рэшткаў оранжарэі і саскрэблі з сябе бруд.
Я парашыў не парываць зносін з Каворам і паранейшаму прымаць блізкі ўдзел у яго справах. Мяне толькі непакоіла думка аб тым, ці зможам мы справіцца з такой магутнай сілай, як гэты каворыт, але і гэтае пытаньне я пакінуў на вырашэньне будучага часу.
Мы ўзяліся за рамонт дому і лябораторыі Кавора. На мае нясьмелыя запытаньні, як-жа мы будзем далей дзейнічаць, Кавор адказаў жартамі.
Аднак, і з маёй дапамогаю, як чытач убачыць пазьней, нам давялося перанесьці шмат цяжкасьцяй і няпрыемнасьцяй.
III. Пабудова балёну
правіць
Я зусім добра памятую, як Кавор упяршыню загаварыў са мной аб сваім дзіўным балёне. Мы ішлі з лябораторыі ў мой домік на вячэрнюю гарбату. Па даразе ён пачаў гусьці, а гэта ў яго заўсёды азначала, што ён занят вырашэньнем асабліва складанай задачы. Пасьля гарбаты ён сеў у выгоднае крэсла і загаварыў:
— Справа ў наступным. Калі я ў першы раз атрымаў каворыт, ён меў форму вялікай круглай бляшкі. Як толькі скончылася рэакцыя, усё, што знаходзілася пад бляшкаю каворыту, адразу страціла сваю вагу. Паветра паляцела, частка дому паляцела, і калі-б пад напорам паветра не паляцеў сам каворыт, дык я ня ведаю, што было-б далей. Але ўявеце сабе, што каворыт наглуха прымацавалі да якога-небудзь прадмету, які знаходзіцца над ім. Як вы думаеце, што можа здарыцца?
— Прадмет, вядома, страціць сваю вагу, паляціць і пацягне за сабою каворыт.
— Зусім правільна.
— А з каворытам палячу я сам.
Я паставіў на стол філіжанку і вытарашчыў на яго вочы. Але ён ні кроплі не замяшаўся і спакойна працягваў разьвіваць сваю думку:
— Уявеце сабе парожні балён, дастаткова вялікі для таго, каб унутры яго вольна маглі зьмясьціцца два чалавекі са сваім багажом. Балён павінен быць пабудаваны з тоўстага шкла, а звонку пакрыты сталёвай абалонкай. У спэцыяльных прыймальніках павінны знаходзіцца дастатковыя запасы сьціснутага паветра, харчу, вады, і г. д., словам, усё неабходнае. А на вонкавую паверхню сталёвай абалонкі балёну будзе тонкім пластам, у выглядзе палітуры, паложан каворыт.
— Але як-жа вы ўлезеце ў гэты балён?
— Надзвычайна проста: праз круглую адтуліну з гермэтычным векам. Вядома, гэтае века трэба пабудаваць досыць складана, каб у меру неабходнасьці мець магчымасьць выкідваць з балёну непатрэбныя рэчы, ня трацячы залішне паветра.
— Я пачынаю вас разумець, — паволі сказаў я. — Вы пакрыеце балён пластам расплаўленага каворыту, потым шпарка ўлезеце ў адтуліну, зачыніце века, покуль каворыт яшчэ гарачы. Пасьля гэтага балён ахаладзіцца, каворыт зробіцца непранікальным для энэргіі цяжэньня, і... вы паляціце?
— Так, палячу. Адразу.
— Але... вы паляціце па простай лініі! Нішто ня стрымае палёту вашага балёну ў сусьветны прастор! І калі нават вы трапіце куды-небудзь, дык якім чынам вы зьвернецеся адтуль на зямлю?
— Пра гэта я, галоўным чынам, і думаў у апошні час, — сказаў Кавор. — І толькі што, ідучы да вас, вырашыў гэтае пытаньне. Я ўяўляю сабе ўсё гэта такім чынам: унутраны шкляны балён можа быць выліты з аднаго суцэльнага кавалка шкла, з аднэй толькі ўваходнай адтулінай. Але затое вонкавая сталёвая абалонка павінна складацца з шэрагу асобных палос, з якіх кожную можна было-б ссоўваць, як штору. Гэтыя шторы лёгка можна прыводзіць у рух спружынамі пры дапамозе электрычнасьці, бо электрычнасьць можна правесьці з сярэдзіны балёну праз плацінавы дрот, умацаваны ў шкле. Пры такой сыстэме вонкавая абалона балёну пакрытая пластам каворыту, будзе складацца, як быццам з цэлага шэрагу вакон, якія мы па сваім жаданьні можам завешваць шторамі. Калі мы спусьцім усе шторы, дык у балён ня будзе праходзіць ні сьвятло, ні цяплыня, наогул ніякая сонечная энэргія, і балён, як вы зусім правільна заўважылі, паляціць у прастор. Але ўявеце сабе, што вы адчынілі хоць-бы адно акно. Тады кожнае буйнае цела, якое знаходзіцца ў кірунку гэтага акна, абавязкова павінна прыцягнуць нас да сябе. Значыцца, мы будзем мець поўную магчымасьць перасоўвацца па сусьветным прасторы, куды нам захочацца. Для гэтага траба толькі падпасьці ўплыву сілы цяжэньня таго ці іншага цела.
— Так, гэта зразумела, але толькі...
— Што?
— Я ня зусім разумею, навошта нам усё гэта? Навошта мы раптам паляцімо ў нейкі невядомы прастор?
— Мы можам, напрыклад, накіравацца на месяц!
— Гм... Як вы думаеце, ёсьць на месяцы паветра?
— Ня ведаю. Магчыма. Апрача таго, мы можам і не абмежавацца адным месяцам. Каму ня цікава зьлятаць, напрыклад, на Марс? Уявеце сабе: зусім новыя пэйзажы... адчуваньне поўнай незалежнасьці...
— А на Марсе ёсьць паветра?
— Ёсьць.
— А далёка да Марса?
— Каля 200 мільёнаў міль, — адказаў Кавор. — Па шляху туды мы праляцімо недалёка ад сонца... Таксама вельмі цікава...
Мяне, урэшце, усяго ахапіла фантазія.
— Гэта цудоўна! Гэта дзівосна! — выклікаў я, размахваючы рукамі. — Мне нават ня сьнілася такая раскоша! Мы зараз-жа павінны ўзяцца за работу! — І мы адразу пабеглі ў лябораторыю.
Прайшла ноч, занялося на золак, а мы ўсё сядзелі за плянамі. Кавор рысаваў, я тушаваў і маляваў. Усё было брудна, намалёвана сьпешна, але ўсё было дакладна. У той-жа дзень да вечара мы скончылі эскізы сталёвых рам і штор і паслалі заказ на сталяліцейны завод. Праз тыдзень ужо былі гатовы дакладныя пляны шклянога балёну. Мы працавалі, колькі нам дазвалялі сілы, і ледзь-ледзь урывалі хвіліны на ежу і сон, дый то толькі тады, калі не маглі ўжо стаць на нагах ад стомленасьці.
Мінула некалькі месяцаў, і наш балён з проектаў абярнуўся ў сапраўднасьць. У студзені цуг коняй прыцягнуў нам шкляны балён, які мы зараз-жа зьмясьцілі пад пад’ёмны кран, каб увесьці балён у сталёвую абалонку. У лютым мы атрымалі і вонкавы сталёвы балён. Строга кажучы, гэта быў ня правільны гладкі балён, а цэлая маса злучаных простакутных роўніц, з якіх кожная зьяўлялася рухомай сталёвай шторай. Шкляны балён паставілі ў ніжнюю палову абалонкі, зьверху на яго апусьцілі другую палову і пачалі абедзьве змацоўваць у адно цэлае.
Між тым, мы пакрывалі шторы і рамы шчыльным пластам масы, з якое пасьля павінен быў атрымацца каворыт. Калі сьлясарныя работы былі скончаны, Кавор запрапанаваў разабраць дах нашай часовай лябораторыі і пабудаваць плавільную печ вакол сталёвага балёну. Такім чынам, павінна была адбыцца апошняя рэакцыя: награваньне пакладзенай на сталь каворытнай масы ў струмені гэлію.
Пасьля гэтага мы падрабязна абмеркавалі пытаньне, што іменна нам трэба ўзяць з сабою ў дарогу, і склалі доўгі сьпіс, у які ўвайшлі консэрвы харчу, розныя эсэнцыі, сталёвыя цыліндры са сьціснутым тленам, прыбор для паглынаньня вуглякіслаты і сьціснутага паветра, апарат для здабываньня тлену з надтленьніку натрыю, конденсатары для вады, электрычныя акумулятары і інш. Я памятую, што ўсе гэтыя прадметы занялі цэлы кут у лябораторыі. Там былі пляшкі, пакункі, скрынкі і г. д., сапраўдны склад.
І вось надышоў момант, калі ўся наша работа была скончана. Мы падпалілі вытапную печ, каб зрабіць апошнюю рэакцыю.
ІV. У балёне
правіць— Лезьце, уперад! — нецярпліва выклікнуў Кавор, калі я сядзеў на краі адтуліны і нерашуча глядзеў у чорную сярэдзіну балёну.
Я апусьціў ногі ў сярэдзіну балёну, каўзнуўся па гладкім шкле і апынуўся ў цемры. Я пачаў прымаць ад Кавора тыя рэчы, якія мы парашылі ўзяць з сабой, і раскладваць іх у балёне. Там было вельмі цёпла. Потым, калі мы мелі час агледзецца, тэрмомэтр паказваў 21°. А з тае прычыны, што цяплыня не магла выйсьці з балёну, мы былі апрануты лёгка. Але ўсё-ж такі мы «на ўсякі выпадак» захапілі з сабою цёплую вопратку і некалькі зімовых коўдраў. Хутка мы перацягнулі на наш балён усё, што было прыгатавана. Кавор агледзеў усе куткі лябораторыі, каб не забыцца чаго-небудзь, і, урэшце, таксама ўлез у балён.
Мы з Каворам добра прымацавалі і завінцілі века ўваходнай адтуліны, потым ён націснуў адну кнопку, каб зачыніць адтуліну звонку шторай. Апошні струмень сьвятла зьнік, і мы апынуліся ў непранікальнай цемры.
Я пачынаў адчуваць жаданьне сесьці на крэсла і запытаў Кавора:
— Чаму вы ня ўзялі з сабой крэслаў?
— Затым, што яны нам не патрэбны.
— Але чаму-ж, я не разумею!
— Зразумееце потым.
Гэтыя словы Кавор сказаў такім нецярплівым тонам, што я палічыў за лепшае маўчаць. Я неяк адразу зразумеў, якое вялікае глупства я зрабіў, калі лез у гэты недарэчны балён. Раптам у мяне мільгнула думка, што яшчэ ня позна адмовіцца ад гэтага вар’яцкага кроку, што яшчэ можна вярнуцца.
Я думаў. У гэты час я пачуў лёгкі стук, быццам у суседнім пакоі адчынілі бутэльку шампанскага, а затым — слабы працяглы сьвіст. Некалькі імгненьняў я адчуваў нейкае жудаснае напружаньне, мне здавалася, быццам мае ногі з вялікаю сілаю цягнуць мяне ўніз. Гэтае адчуваньне зьнікла вельмі хутка, але яно навяло мяне на думку дзейнічаць рашуча. Я зразумеў, што пачынаецца рэакцыя і што часу траціць нельга. Я сказаў:
— Кавор! Я зараз вылезу адсюль.
— Не, вы зараз адсюль ня вылезеце! — пачуў я спакойны, але сур’ёзны адказ.
— Ня вылезу? Уга? Гэта мы пабачым!
— Цяпер позна спрачацца, — сказаў Кавор. — Вы чулі нядаўна лёгкі стук і сьвіст, у той момант мы адляцелі з зямлі. Цяпер мы ляцімо ў сусьветным прасторы з хуткасьцю, якую бадай ці можна вызначыць.
— Я...
Больш я нічога не сказаў. Некаторы час я быў настолькі зьбіты з панталыку, што наогул нічога не разумеў. Потым, калі я паступова пачаў зноў уладаць сваімі адчуваньнямі, я заўважыў у сваім целе нешта дзіўнае. У мяне зьявілася адчуваньне асаблівай лёгкасьці, я-б нават сказаў — нябыцьця. Разам з тым кроў цякла ў жылах з падвоенай сілай і гучна ляскала ў вушох. Аднак, да гэтага адчуваньня я хутка настолькі прызвычаіўся, што і не заўважыў яго.
Пачулася лёгкае лясканьне ўключальніка, і над маёй галавой засьвяцілася невялічкая электрычная лямпачка. Я ўбачыў перад сабою Кавора.
Дзякуючы празрыстай чарнаце сьценак балёна, здавалася, быццам ён плавае ў пустэчы. Я хацеў пасунуцца да яго, але ён закрычаў:
— Ня рухайцеся! Не напружвайце вашых мускулаў; уявеце сабе, што вы ляжыце на мяккім ложку. Цяпер мы жывем у зусім асобным маленькім сьвеце. Паглядзеце сюды!
Ён пры гэтых словах паказаў рукою на ўсе нашы скрынкі, клумкі і інш., якія я паклаў на дно балёну. Цяпер усё гэта плавала ў паветры на адлегласьці амаль што цэлага футу ад сьценкі балёну. Угледзеўшыся ўважліва, я ўбачыў, што Кавор стаіць, не датыкаючыся да шкла. Я абвёў вакол сябе рукамі і ўпэўніўся ў тым, што я таксама вольна плаваю ў прасторы.
Я папрабаваў крыху даткнуцца пальцам да шкла, і зараз-жа адляцеў на сярэдзіну балёну. Мы былі зусім адрэзаны ад уплыву ўсякай сілы, якая знаходзілася па-за балёнам. Дзейнічала толькі сіла прыцяжэньня прадметаў унутры балёну. З гэтае прычыны ўсё, што ня было прымацавана да сьценак, паступова, у выніку нязначнасьці масы, паўзло да цэнтру цяжэньня нашага невялікага сьвету, а ў сувязі з тым, што я быў значна цяжэйшы за Кавора, гэты цэнтр разьмеркаваўся крыху бліжэй да мяне, чым да яго.
— Нам трэба абапёрціся адзін аб аднаго плячыма, — сказаў Кавор. — Тады будзе лягчэй перасоўвацца.
Мы так-сяк абярнуліся і злучылі нашы сьпіны. Сапраўды, зрабілася лягчэй. Наогул, калі мінулі першыя хвалі сполаху, я пачаў адчуваць сябе добра. Я адпачываў. Я адчуваў, што ад мяне адляцела ўсё земнае, што я цалкам, бязумоўна, незалежны ў гэтым дзівосным маленькім сьвеце. Гэта быў пачатак не вандраваньня, а чароўнага сну!..
V. На шляху да месяца
правіцьКавор загасіў лямпачку, бо ў нас быў ня надта вялікі запас электрычнае энэргіі. Колькі часу мы заставаліся ў поўнай цемры, я ня ведаю; урэшце, я спытаў Кавора, куды мы, на яго думку, цяпер накіроўваемся?
— Цяпер мы ляцімо па простай лініі ад зямлі, — адказаў ён, — а раз месяц пры нашым адпраўленьні стаяў, на трэцяй чвэрці, то мы прыблізна рухаемся ў кірунку да месяца. Я зараз адчыню адну штору...
Пачулася знаёмае лясканне, і ўсьлед за гэтым адчынілася акно ў знадворнай абалонцы балёну. За акном была такая самая глыбокая імгла, як і ў сярэдзіне, і толькі безьліч сьветлых кропак-зорачак адцяняла адтуліну. Той, хто бачыў зорнае неба толькі з зямлі, ня можа сабе ўявіць, які выгляд яно мае за мяжою земнае атмосфэры, якая пры ўсёй сваёй празрыстасьці, усё-ж такі адыграе ролю лёгкага туманнага накрыцьця. З зямлі мы бачым толькі тыя зоркі, праменьні якіх, дзякуючы сваёй яркасьці, могуць перамагчы шчыльны пласт атмосфэры. Цяпер-жа я атрымаў сапраўднае разуменьне аб вялікасьці зорнага неба!
Зноў ляснуў выключальнік. Маленькае акно зачынілася, пасьля адчынілася другое і таксама зачынілася; але, калі потым адчынілася трэцяе, дык я міжвольна заплюшчыў вочы перад той хваляй яркага месячнага сьвятла, якое раптам уварвалася ў наш балён.
Кавор адчыніў адразу чатыры шторы, каб даць месячнаму прыцяжэньню магчымасьць дзейнічаць на ўсю сярэдзіну балёну. Я заўважыў, што я ўжо ня плаваю вольна ў паветры, але што мае ногі абапіраюцца аб шкло ў кірунку да месяца. Усе скрынкі, клумкі і г. д., таксама паступова папаўзьлі па шкле і спыніліся толькі тады, калі паляглі над адчыненымі вокнамі, дзякуючы чаму ў балёне зрабілася значна цямней. Мяне зусім ня зьдзівіла тое, што, гледзячы «ўніз», я пад нагамі бачыў месяц. На зямлі «ўніз» азначае той кірунак, па якім падаюць усе прадметы, а «ўгору» — кірунак адваротны. Цяпер, калі на нас дзейнічала сіла прыцяжэньня не зямлі, а месяца, разуменьне «ўніз» і «ўгору» трэба было прыстасоўваць да месяца таксама, як пры зачыненых шторах у балёне «ўніз» азначала кірунак да агульнага цэнтру знутры балёну, а «ўгору» — да акружыны балёну.
У дадатак на зямлі мы прызвычаіліся да таго, што сьвятло ідзе «згары» ці збоку, а тут сьвятло лілося «зьнізу», з-пад ног, і для таго, каб бачыць свой цень, нам трэба было глядзець ўгару.
Дзякуючы адсутнасьці паветра, цяпер месяц здаваўся куды большы, чым з зямлі, і сьвяціўся значна ярчэй. Я простым вокам лёгка адрозьніваў усе падрабязнасьці асьветленай месячнай паверхні. Мала гэтага, з прычыны таго, што ўсё неба было густа ўсеена зоркамі, можна было выразна бачыць абрысы цёмнай, неасьветленай масы месяца.
Праз некаторы час я запытаў Кавора, ці могуць нас цяпер бачыць з зямлі.
— З зямлі нас цяпер нельга ўбачыць ні ў які тэлескоп, нават у самы моцны.
Некалькі хвілін мы абодва глядзелі на месяц, які паступова рос перад нашымі вачыма. Я загаварыў першым.
— Гэта цэлы новы сьвет. Магчыма і на месяцы ёсьць жыцьцё, магчыма ёсьць нават людзі…
— Людзі?! — выклікнуў Кавор. — Ну, гэта вы выкіньце з галавы! Ён мёртвы, безнадзейна мёртвы! Там ёсьць вялізарныя даўно згаслыя вульканы, ёсьць без канца і краю сьнегавыя пустыні, можна сустрэць камлыгі замерзлага паветра ці цьвёрдай вуглякіслаты, і ўсюды глыбокія шчыліны, равы, прорвы. Але жыцьця там няма. З зямлі людзі наглядалі месяц пры дапамозе дасканалых тэлескопаў, і ведаеце, якія зьмены яны заўважылі на ім амаль што за 200 год? Два вялікіх абвалы і адзін новы кратэр. Апрача таго, устаноўлена, што з невядомай прычыны месяц пэрыодычна крыху зьмяняе афарбоўку. Вось і ўсё. Але пры гэтым ня было знойдзена амаль нічога, што паказвала-б на існаваньне на месяцы жыцьця наогул і менш за ўсё — людзей.
— Так, да рэчы! — сказаў я. — Якога памеру прадмет на месяцы можна выразна бачыць з зямлі ў самы моцны тэлескоп?
— Можна было-б бачыць царкву сярэдняга памеру. Ва ўсякім разе можна было-б бачыць гарады, дамы, розныя будынкі, створаныя рукамі чалавека. Магчыма, што там існуюць казяўкі, накшталт, напрыклад, мурашак, якія хаваюцца ў глыбокіх норах ад месячнай ночы, ці стварэньні, зусім невядомыя ў нас на зямлі. Калі на месяцы наогул ёсьць жыцьцё, дык апошняе меркаваньне самае праўдзівае. Вы падумайце аб розьніцы паміж умовамі жыцьця на зямлі і на месяцы! Вы толькі ўявеце сабе, што там жывым стварэньням давялося б прыстасоўвацца да дню, роўнаму прыблізна 14 дням на зямлі. Хмар каля месяца няма, — значыць, за гэты доўгі дзень там сонца без перапынку павінна паліць усё сваімі праменьнямі. А потым надыходзіць ноч, такая самая доўгая, як дзень. На працягу гэтай ночы там павінен быць вялікі холад. Хутчэй за ўсё, што тэмпэратура ў такі час падае да «абсолютнага нулю», г. зн. да 273 градусаў ніжэй пункту замярзаньня. Цяжка сабе ўявіць, каб жывыя стварэньні маглі праз кожных два тыдні пераносіць такі холад!
Ён крыху памаўчаў, а затым працягваў задуменна:
— Можна сабе ўявіць, што пры такіх умовах там жывуць якія-небудзь падобныя да чарвякоў стварэньні, якія глынаюць паветра ў цьвёрдым выглядзе... Ці тоўстаскурыя страшыдлы...
Мне прышла ў галаву думка, якую я пасьпяшыў выказаць.
— Вядома, — сказаў я, — ва ўсякім выпадку, пры ўсякіх умовах там ёсьць мінэралы.
Хутка Кавор сказаў, што пажадана зьмяніць напрамак палёту балёну і што для гэтага на поўхвіліны трэба адчыніць акно, абернутае да зямлі, каб у апошні раз пакарыстацца яе сілаю прыцяжэньня. Ён папярэдзіў, што ў мяне закружыцца галава, і параіў абаперціся рукамі аб шкло, каб не паваліцца. Я паслухаў яго парады і, апрача таго, абаперся нагамі аб скрынку з харчовымі консэрвамі і аб цыліндр са сьціснутым паветрам. Пачулася лёгкае лясканьне, штора адчынілася, і... я паваліўся тварам і грудзьмі на шкло. Пада мною відаць была зямля.
Выявілася, што мы адляцелі яшчэ вельмі недалёка: Кавор вызначыў адлегласьць у 800 міль. Зямля займала амаль што ўвесь бачны ў гэтым напрамку прастор. Цяпер было зусім выразна відаць, што зямля зьяўляецца куляю. Я ня мог адрозьніць абрысаў сухазем’я, але ў заходняй частцы земнай кулі цёмным срэбным бляскам адлівалася вялізарная водная плошча Атлянтычнага акіяну. Мне здалося, што я праз хмары бачу абрысы ўзьбярэжжа Францыі, Гішпаніі і паўднёвай Англіі, але ў гэты момант штора зачынілася і я паволі папоўз па гладкім шкле.
Потым адчынілася штора ў напрамку да месяца, і зноў месяц апынуўся «ўнізе», у нас пад нагамі, а зямля, наша родная зямля, недзе далёка «ўгары».
Дзякуючы зьмененым умовам прыцяжэньня, вага прадметаў значна зьменшылася, і нам даводзілася ў нашым балёне траціць так мала жыцьцёвай энэргіі, што праз 6 гадзін пасьля нашага адпраўленьня з зямлі мы яшчэ не адчувалі патрэбы ў харчу. Кавор агледзеў прыборы, прызначаныя для паглынаньня выдыхнутай вуглякіслаты і для аднаўленьня чыстага паветра, і знайшоў, што мы скарысталі надзвычайна мала тлёну.
З тае прычыны, што гутарыць нам зусім ня было аб чым, мы разаслалі свае коўдры і аддаліся дзіўнай напоўдрамоце, якая ўжо даўно скоўвала наша цела.
VI. Прылёт на месяц
правіцьЯ памятую, як Кавор неяк адразу адчыніў шэсьць акон, праз якія ў наш балён хлынуў струмень яркага сьвятла. Цяпер увесь бачны прастор займаў асьветлены серп месяца. Мяжа гэтага бліскучага сярпа з ценем паходзіла на камяністы бераг, на якім было шмат западзін і заток.
Мы несьліся над гэтым хаосам на адлегласьці ня больш, як за 100 міль; мы бачылі як пад жыватворчымі праменьнямі сонца на месяцы ўзьнімаўся шэры туман, за які паступова хаваліся абрысы ландшафту. Мы бачылі, як ад горных хрыбцін адламваліся вялізарныя сіняватыя камлыгі (напэўна, замерзлае на працягу начы паветра), як яны таялі і, урэшце, зусім зьнікалі.
Аднак, у нас не заставалася часу для нагляданьня, бо надыходзіў самы небясьпечны момант нашага падарожжа. Нам трэ’, было паступова набліжацца да месяца, вакол якога мы цяпер несьліся накшталт спадарожніка, мы павінны былі сьцішыць рух балёну і спусьціцца на паверхню.
Кавор цалкам захапіўся неабходнай падрыхтоўкай. Ён адчыняў і зачыняў розныя шторы, рабіў вылічэньні і што мінуту даставаў свой хрономэтр.
На некаторы час ён зачыніў усе шторы, і мы несьліся сярод абсолютнай цемры. Потым ён намацаў некалькі выключальнікаў, раптам адчыніўся шэраг акон, і проста пад нагамі ў мяне апынулася сонца. У наступны момант шторы зачыніліся, і гэты пераход ад асьляпляючага сьвятла да непрагляднай імглы падзейнічаў на мяне, як моцны ўдар па галаве.
Потым Кавор запаліў электрычную лямпачку і запрапанаваў мне, каб унікнуць няшчаснай выпадковасьці пры спуску на месяц, загарнуць усе нашы рэчы ў коўдры і зьвязаць у адзін вузел. Мы ўзяліся за гэта пры зачыненых шторах, бо тады ўсе рэчы самі сабою сабраліся каля цэнтру балёну. І вось, мы двое, вольна плаваючы ў паветры, пачалі складаць рэчы і зьвязваць іх вяроўкамі. Вышла нешта ня зусім звычайнае! Для нас не існавала ні «гары», ні «нізу», самы нязначны рух вёў да дзіўных вынікаў: або я ад лёгкага дотыку рукі Кавора ляцеў да шкляной сьцяны: або бездапаможна варушыўся ў пустаце; электрычная лямпачка апынулася раптам каля маіх ног, а праз момант яна сьвяціла над маёй галавой. Раптам ногі Кавора праплывалі міма майго носа ці мы раптам сустракаліся крыж-на-крыж. Але, урэшце, увесь наш багаж быў запакаваны ў адзін вялікі мяккі пакунак, і незапакаванымі засталіся толькі дзьве грубыя коўдры, у якія мы маглі загарнуцца.
Пасьля гэтага Кавор на момант адчыніў акно, і я ўбачыў, што мы падаем на вялікі цэнтральны кратар, акружаны цэлай групай кратараў меншых памераў. Потым на імгненьне зноў адчынілася акно з боку сонца і г. д. Магчыма, Кавор часам карыстаўся прыцягальнай сілай сонца, як тормазам, затрымліваючы шпаркае паданьне.
Раптам Кавор крыкнуў мне:
— Хутчэй загортвайцеся ў коўдру!
Я схапіў коўдру і загарнуў ёю сваю галаву і грудзі.
Пачуўся трэск. Мы з Каворам стыкнуліся і потым разьляцеліся ў розныя бакі. Кавор павярнуў адзін з вагароў, пастаноўленых на разьмеркавальнай дошцы ўнутры балёну. Адразу адчыніліся ўсе вокны, і мы апынуліся ў адным шкляным балёне, а сам балён у гэты момант нястрымна каціўся ўніз з нейкай гары. Звонку па шкле білі хвалі невядомай белай матэрыі падобнай на сьнег. Унутры балёну мы з Каворам леталі адзін праз аднаго, — цераз нас і паміж намі насіліся нашы рэчы, — словам, адбывалася нешта, падобнае на канец сьвету…
Але вось яшчэ адзін штуршок, самы моцны, і балён спыніўся. Я ляжаў пад пакункам, у які былі зьвязаны нашы рэчы, і цярпліва чакаў далейшых падзей. Я чуў, як недалёка пыхаў і адсапваўся Кавор.
Мы абодва былі жывымі, а наш балён, як выявілася потым, ляжаў на дне вялікага кратэра, у які ён скаціўся пры паданьні. Я ледзь узьняўся на ногі і сказаў:
— Цяпер трэба будзе глянуць на месячны ландшафт. Аднак, Кавор, тут надзіва цёмна. Чаму гэта?
Шкло знутры пакрылася пластам шэраню, і я пачаў праціраць яго коўдраю.
— Сонца павінна хутка ўзыйсьці, ня больш чым праз паўгадзіны, — сказаў Кавор, — а да таго часу нам прыдзецца пацярпець!
Паміж тым, лёгкі налёт пушыстага шэраню на шкле абярнуўся ў тоўсты ледзяны ўзор.
— Ці не дастанеце вы рукою вагар электрычнай печкі? — запытаў Кавор. — Павярнеце яго, інакш мы замерзьнем да ўсходу сонца.
Я павярнуў вагар і запытаў:
— Што-ж мы будзем рабіць далей?
— Чакаць, — сказаў Кавор.
— Чакаць?
— Вядома. Перш-на-перш нам трэба абагрэць паветра ўнутры балёну. Тады растане лёд на шкле. Потым... мы пачакаем усходу сонца, а там вырашым, што рабіць далей. Да рэчы, вы не адчуваеце голаду?
— Так, — адказаў я, сеў на вузел і пачаў першы раз палуднаваць на месяцы.
Пакрыху шкло балёну пачало рабіцца празрыстым. Туман, які схаваў ад нас дзівы месячнага сьвету, паступова зьнікаў, і мы прагна нахіліліся да шкла.
VII. Усход сонца на месяцы
правіцьТое, што мы ўбачылі, абяцала для нас мала добрага. Наш балён ляжаў на зусім круглым дне вялікага, досыць глыбокага кратэру. З усіх бакоў узьнімаліся бадай што старчковыя скалістыя сьцены. З захаду падаў слабы прамень нябачнага для нас сонца і асьвятляў шэры хаос брудных каменьняў, паміж якіх там-сям бялеў сьнег. Потым выявілася, што гэтыя каменьні знаходзіліся ад нас на адлегласьці ня менш дванацці міль і што іх лепш было-б назваць кручамі, але ў той час, дзякуючы адсутнасьці паветра, мы думалі, што яны ўзьнімаюцца амаль што поплеч з намі. Навакол мы бачылі безьліч грэбеняў, выступаў, узгоркаў, верхавін, і ўсё гэта было ахутана таямнічым шэрым дымам, аж да разьзяўленай чарнаты неба. Там-сям выдаваліся конусы нейкай белай масы. Спачатку я думаў, што гэта сьнег, але потым выявілася, што мы бачылі камлыгі цьвёрдага замерзлага паветра.
Мы яшчэ не пасьпелі добра агледзецца, як з вялікай шпаркасьцю прышоў месячны дзень. Сонечныя праменьні паступова спаўзьлі ўніз, датыкнуліся белай масы, якая ляжала каля іх падэшваў, нанесьліся проста на нас. Кручы раптам ажылі, захісталіся: пад яркімі праменьнямі сонца са дна кратэру ўзьняўся густы шэры туман, закружыліся хмары. Урэшце, усё навакол нас задымілася, як мокрае сукно, павешанае перад агнём. Заходнія кручы ледзь мігцелі за гэтай посьцілкай пары.
— Гэта паветра! — выклікнуў Кавор. Гэта абавязкова паветра, інакш пара ня ўзьнімалася-б з такой шпаркасьцю пры першых сонечных праменьнях.
— Глядзеце!
— Што такое? — запытаў я.
— Неба. Ужо робіцца блакітным. На чорным фоне зьяўляюца блакітныя прасьветы. Бачыце, яно сьвятлее, зоры быццам расплываюцца і растуць. Хутка настане сапраўдны дзень!
Сапраўды дзень шпарка надыходзіў. Пад сонечнымі праменьнямі шпарка, адзін за адным, таялі ўзгоркі і кручы — расплываліся ў клубы шэрага туману. Кручы адступалі ўсё далей і далей і, урэшце, зусім зьніклі сярод хаосу абуджанай прыроды. Навакол было відаць толькі адзін усхваляваны туман, у якім патанулі апошнія адзнакі месячнага краявіду.
Шэрая непранікальная сьцяна злучылася вакол нашага балёну. Яна агарнула нас, як цень хмары, надышоўшы з паўднёвага захаду.
Раптам Кавор схапіў мяне за руку.
— Сонца ўсходзе! Сонца! Бачыце?!
Ён паказаў рукой на ўсход. Я глянуў туды і ўбачыў цынамонавыя кручы, толькі што выступіўшыя з туману. Але цяпер гэтыя кручы палалі. Па іх несьліся ўгару пурпуровыя языкі полымя, якія стыкаліся, узьвіваліся, і зьнікалі ў глыбіні небаскляпеньня. Я думаў, што гэта адлюстраваньне сонечнага сьвятла ў хвалях вадкага паветра, але ў сапраўднасьці гэта была сонечная карона, якую на зямлі бачыш вельмі рэдка, дзякуючы гушчыні паветра.
І потым зьявілася сонца!
Спачатку па небасхіле працягнулася бліскучая паласа, потым выплыла вузкая лінія, асьветленая нязносным яркім зьзяньнем. Гэтая лінія акруглілася, зрабілася шырэйшаю, вырасла ў дугу, і ад яе паліліся на нас яркія, цёплыя праменьні дзённага сьвяціла.
За шклянымі сьценкамі балёну чулася шыпеньне паветра, якое кіпела і выпарвалася. Разам са сьвятлом і гукамі зьявіўся рух. Наш балён раптам перавярнуўся. Мы зусім не спадзяваліся такое нечаканкі і, вядома, паваліліся. Балён яшчэ раз перавярнуўся. Шыпеньне і сьвіст узмацніліся за шклом, усё кіпела і вар’яцела. Паветра таяла і клёкатала, як сьнег, у які апусьцілі накаленае да чырвані жалеза. Пад жыватворчымі сонечнымі праменьнямі цьвёрдая маса адразу абярнулася ў вадкую, брудную кашу, а яна ў сваю чаргу са сьвістам і клёкатам абярнулася ў газ.
Стыхійны рух атмосфэры захапіў наш балён. Мы ледзь пасьпелі схапіць адзін аднаго за рукі, як балён закружыўся, і мы некалькі разоў перакуліліся адзін праз аднаго. Здавалася, што мы трапілі ў кацёл з кіпучым малакам. Я ляжаў бадай што абамлелы. На наш балён звалілася вялізарная камлыга замерклага паветра і пахавала яе пад сабою: але вось гэтая камлыга пачала кіпець, выпарвацца. Я ўжо бачыў пухіркі газу, які вырываўся з вадкага паветра.
Потым магутны паток талага паветра падхапіў наш няшчасны балён, закружыў яго як трэску ў віры, і мы пакацілася па нейкаму пакату, усё шпарчэй, шпарчэй...
Мы ляцелі ўнутры балёну, моцна абняўшы адзін аднаго, тоўхаліся галовамі, — нашы пакуты і скрынкі бязьлітасна білі па нашых бедных целах. Калі-б мы былі на зямлі, дык пасьля такога мілага вандраваньня ад нас засталася-б толькі груда паломаных касьцей, але на месяцы, на наша шчасьце, сіла прыцяжэньня ў шэсьць разоў меншая, чым на зямлі, а таму ўсё абышлося параўнаўча добра. Я толькі памятаю, што мне здавалася, быццам у маім чэрапе перавярнуліся мазгі. Потым я страціў сьвядомасьць.
Калі я ачуняў, дык пачуў, што на маім твары надзета нешта накшталт маскі. Я адчыніў вочы. Выявілася, што на мне надзеты цёмна-сінія акуляры, якія значна зьмякчалі яркае сьвятло... Кавор стаяў, нахіліўшыся нада мною, і на яго вачох таксама цямнелі акуляры.
Я заўважыў, што некалькі штораў было зачынена, дзякуючы чаму сонца нас ня вельмі непакоіла. Але ўсё-такі навакол усё блішчэла і іскрылася.
Я выцягнуў шыю і пачаў аглядацца. Ранейшы туман зьнік бяз сьледу. Было вельмі сьветла, і атмосфэра была надзіва празрыстаю. Такімі былі мае першыя ўражаньні пасьля абамленьня.
Потым я пачаў мацаць сваё цела, каб даведацца, наколькі я пацярпеў. Выявілася, што мацней за ўсё папсавана мая правая ручыца, з якое была сарвана бадай што ўся скура. Апрача таго, быў акрываўлены лоб.
— Дзіўна! Гэта проста незразумела! — сказаў Кавор. — Дапусьцім я чакаў нечага падобнага. Паветра растала і абярнулася ў газ... калі толькі гэта паветра. Ва ўсякім выпадку, нешта растала і выпарылася. Цяпер мы ляжым на нейкай скале. Добра. Аднак усё гэта зусім непраўдзіва! Там-сям відаць глеба, дзіўная глеба!
Потым ён памог мне сесьці, і я ўбачыў усё сваімі вачыма.
VIII. Раніца на месяцы
правіцьРанейшых рэзкіх чорных і ярка-белых тонаў ужо ня было. Сонечныя праменьні разьлівалі бруштыновую афарбоўку. На кручах ляжалі пурпуровыя цені.
Цяпер ня было ніякага сумненьня ў тым, што нас абкружае паветра. Абрысы прадметаў былі выразныя і рэзкія. Там-сям яшчэ былі відаць белыя камлыгі сьнегу, які не пасьпеў растаць, аднак ранейшы малюнак палярнага мёртвага спакою зьнік. Усюды віднеліся цынамонавыя плошчы глебы, залітыя сонечным сьвятлом. Там-сям нават зьявіліся лужынкі вады, да якіх цягнуліся раўчакі ад распушчанага сьнегу.
Агледзеўшыся, я заўважыў на глебе сярод асобных каменьняў і сьнегавых плямаў нейкія галіны. Гэтае адкрыцьцё дало штуршок новай нізцы думак. Галіны! На месяцы, дзе, як кажуць, няма жыцьця! Значыць, гэта думка памылковая, бо, прынамсі, сьляды расьліннага жыцьця ёсьць.
Тут мая ўвага раптам была прыцягнута новым зьявішчам. Пад галінамі дробнымі іголкамі, якімі была засыпана глеба каля нашага балёну, я заўважыў нейкія дробненькія, круглыя цельцы, якія з першага погляду можна было палічыць каменчыкамі. І вось раптам адно такое цельца рушылася, павярнулася і лопнула, у шчыліне зьявілася палоска жаўтаватай зеляніны, якая пацягнулася да сонца. Усьлед за першым павярнулася, лопнула другое цельца, потым трэцяе,
— Гэта насеньне! — выклікнуў Кавор.
На ўсім бачным прасторы, пад яркімі сонечнымі праменьнямі адно за адным рухаліся і лопаліся маленькія цынамонавыя цельцы.
З кожным момантам зьяўлялася новае жыцьцё, і ў той час, як адны цельцы толькі што лопаліся, другія ўжо пераходзілі да чарговай ступені разьвіцьця. У глебу апушчаліся зьвілістыя карэньні, угару ўзьнімалася орыгінальная вострая пупышка. І праз некалькі хвілін уся глеба навакол балёну ўжо была пакрыта невялічкімі расьлінамі, якія нястрымана цягнуліся да сонца і раскідваліся ва ўсе бакі.
Расьліны шпарка разьвіваліся. Пупышкі набухалі, нечакана рашчыняліся і выкідвалі цэлыя снапкі дробных вострых лісткоў. Лісткі варушыліся, рассоўваліся і з нявыказанай шпаркасьцю расьлі перад нашымі вачыма. Гэтыя расьліны сапраўды рухаліся, і хаця іхныя рухі былі больш павольнымі, чым рухі земных жывёл, але ў нас на зямлі я ня ведаю ніводнай расьліны, якая рухаецца, разьвіваецца з такою шпаркасьцю. Лісткі расьлі настолькі шпарка, што, здавалася, быццам яны паўзуць уперад. Цынамонавая абалонка насеньня зморшчылася і потым зьнікла з той-жа шпаркасьцю. Калі вам даводзілася зімою, у марозны дзень браць у рукі кульку градусьніка, дык вы сабе можаце ўявіць, як у такім выпадку паўзе ўгару слупік жывага срэбра? Толькі з гэтым рухам жывога срэбра можна параўнаць рост месячных расьлін.
Праз некалькі хвілін з першых пупышак узьняліся сьцябліны, на якіх нават пасьпелі разгарнуцца другія лісткі, і ўся глеба, якая зусім нядаўна зьзяла цёмнай пусткай, цяпер была пакрыта густой аліўкавай зелянінай.
Я абярнуўся, каб глянуць у другі бок, і сустрэў такі самы чароўны малюнак. Там таксама зелянеў гушчар сьцяблоў і лісьця, а над ім, рэзка адлюстроўваючыся на сьветлым блакіце неба, узьнімалася сьцяна нейкіх высокіх расьлін, якія крыху напаміналі афрыканскія кактусы і ўвачавідкі разбухалі, быццам жэлятына ў вадзе.
Я паглядзеў на захад і таксама ўбачыў зялёны гушчар. Але тут лісьце адрозьнівалася сакавітымі аранжавымі тонамі. Абрысы расьлін зьмяняліся проста перад вачмі. Ва ўсе бакі раскінуліся каранастыя тоўстыя галіны, і хутка небасхіл схаваўся за градой расьлін, падобных на каралы, вышынёю ня менш 4 футаў.
IX. Пачатак выведак на месяцы
правіцьУрэшце, мы досыць наглядзеліся. У нас абодвых адначасова мільгнула аднолькавая думка: калі тут могуць разьвівацца расьліны, то абавязкова на месяцы павінна быць паветра, хаця-б і рэдкае. А калі ёсьць паветра, то і мы можам вольна рухацца і дыхаць.
— Але… магчыма, гэта ўсё-такі не паветра. Магчыма, гэта азот… ці вуглякіслата? — сказаў я.
— Зараз убачым!
З гэтымі словамі Кавор дастаў кавалак паперы, запаліў яго і шпарка выкінуў праз наш скаладаны клапан.
Хутка ўся папера абярнулася у попел. Цяпер ужо не заставалася ніякага сумненьня: на месяцы ёсьць паветра, ва ўсякім выпадке ёсьць тлен, і калі толькі ён ня вельмі рэдкі, дык ён можа падтрымліваць наша дыханьне. Мы можам, урэшце, выйсьці з нашага балёну і рухацца на волі!
Я шпарка рушыўся да вялікай адтуліны і пачаў адшрубоўваць яе века, але Кавор прытрымаў мяне за руку. Ён сказаў, што хоць звонку і ёсьць паветра, у склад якога ўваходзіць тлен, але ён можа аказацца настолькі рэдкім, што пашкодзіць нам. Ён напомніў мне пра «горную» хваробу і пра гарлавыя крывападцёкі, якія часта даводзіцца пераносіць лётнікам пры вельмі высокім узьняцьці. Ён настоіў на тым, каб я выпіў нейкага агіднага зельля, якое ён тут-жа прыгатаваў. Пасьля гэтага ён дазволіў мне адшрубаваць века.
Хутка шклянае века было настолькі адшрубована, што па шрубовых нарэзах пачало выходзіць вон наша паветра, прычым пачуўся нейкі сьвіст, быццам кіпела вада ў катле. Увачавідкі ціск унутры балёну быў значна большым, чым звонку, але якая была розьніца гэтых ціскаў, мы не маглі даведацца, бо ў нас ня было вонкавага баромэтру. Кавор запатрабаваў, каб я спыніўся.
Я сядзеў, моцна трымаючы рукамі шрубу века, прыгатаваны ў кожны момант шчыльна зачыніць адтуліну. Кавор стаяў каля цыліндру з тленам, прыгатаваны ў выпадку неабходнасьці аднавіць унутры балёну ранейшы ціск паветра. Рэзкі сьвіст у клапане ня спыняўся.
У мяне ў вушшу пачаўся характарны шум, падобны на ўдар нечага цьвёрдага ў барабанную абалонку. Разам з тым, па меры разрэжваньня паветру, усе гукі паступова рабіліся слабей і слабей.
Я бачыў, як над шкляным векам зьявілася невялічкая хмара пары ад вільгаці, якая вырвалася з балёну разам з шчыльным паветрам у разрэджаны прастор. Хутка маё дыханьне зрабілася кароткім і перарыўным, яно заставалася такім увесь час, покуль мне даводзілася дыхаць месячнай атмосфэрай. У вушах, нагах і патыліцы я адчуваў нешта асабліва няпрыемнае, што, аднак, хутка прайшло.
Потым у мяне закружылася галава і зьявілася адзнака млосьці. Я шпарка павярнуў шрубу века на паўабароту назад і сказаў Кавору, што лепш нам ня ісьці на пэўную небясьпеку. Але цяпер ён быў вельмі рашучым і загаварыў голасам, які паказаўся мне глухім і ціхім, бо паветра ўнутры балёну ўжо пасьпела значна парадзець. Ён раіў мне выпіць шклянку віна і нават сам паказаў прыклад. Я паслухаў яго парады і хутка адчуў сябе бадзёра. Я зноў крыху адчыніў века. Шум у вушшу некалькі ўзмацніўся, але сьвісту паветра ня было. Аднак, я не давяраў сваім вушам і чакаў.
— Ну, — пачуў я слабы голас Кавора. — Вы ня хочаце працягваць?
Замест адказу я пачаў адшрубоўваць века. Праз некалькі імгненьняў круглае цяжкае шкло ўжо ляжала ў сярэдзіне балёну, каля нашага багажу.
Тады Кавор высунуўся з балёну, перакінуў праз край адтуліны ногі, якія апынуліся на адлегласьці толькі шасьці футаў ад глебы месяца. Невялікае хістаньне, потым… кароткі скачок — і ён ужо стаяў на месяцы, каля балёну.
Ён крыху прысеў і скокнуў. Мяне надзвычайна зьдзівіў яго скачок. Справа ў тым, што ён адразу адляцеў ад балёну футаў на дваццаць ці трыццаць.
Ён цяпер стаяў на высокай кручы і жвава паказваў нешта рухамі. Магчыма, што ён і крычаў што-небудзь, але гук яго голасу не далятаў да мяне. Аднак, ліха яго ведае, як ён зрабіў такі скачок?!
Я пасьпяшыў таксама вылезьці з балёну. Калі я ўстаў на ногі, дык якраз каля мяне была невялічкая канаўка, напоўненая вадою ад талага сьнегу. Я хацеў праз яе пераскочыць, — напружыўся крыху і… паляцеў па паветры!
Я бачыў, што насустрач мне ляціць скала, на якой стаіць Кавор, а праз момант я сьціскаў гэтую скалу ў сваіх абдымках.
Я зусім не разумеў, што ўсё гэта азначае. Кавор крычаў мне нейкім пісклівым голасам, што тут трэба быць асьцярожным.
Толькі цяпер я ўспомніў яго папярэджваньні. Маса месяца ў восем разоў менш масы земнай кулі, а дыямэтр месяца ў чатыры разы менш дыямэтру зямлі. Дзякуючы гэтаму маё цела на месяцы важыла ў шэсьць разоў менш, чым на зямлі. Цяпер трэба было цьвёрда памятаць гэтыя абставіны.
Я асьцярожна, быццам цяжка хворы на раматус, выпрастаўся і стаў побач з Каворам. Балён цяпер ляжаў ад нас на адлегласьці ня менш трыццаці футаў.
Усюды, на колькі хапала зроку, у беспарадку ляжалі каменьні, паміж якімі выбівалася пышная расьліннасьць. Жыцьцё на месяцы сапраўды крынічыла. Кактусы зьмяніліся на сьвежую сіняватую зеляніну, сярод якой прыгожа стракацелі чырвоныя і аранжавыя паўзучыя расьліны з пазакручванымі мацальнікамі. Навокал стварыўся непраходны гушчар, з якога далёка, на адлегласьці некалькіх міль, узьнімалася вострая круча.
На гэтай кручы ня было прыкметна расьлін, але затое яна была пакрыта выступамі і тэрасамі. Цяпер мы заўважылі, што на месяцы ёсьць ня толькі паветра, але і вецер. Праўда, вецер быў надзвычайна слабы, але затое ён зьяўляўся сьцюдзёным. Мы стаялі амаль што ў цэнтры вялізарнага кратэру, а вецер накіроўваўся вакол яго сьцен, з ценявога боку, дзе яшчэ слаўся туман, да яго асьветленай часткі. Гэтую асьветленую частку кратэру мы маглі разглядаць толькі прыкрыўшы вочы далонямі, бо нярухомае сонца пасылала сюды асьляпляючыя праменьні, да якіх нашы вочы не пасьпелі яшчэ прызвычаіцца.
Я зьвярнуў увагу на дзіўнае ярка-ружовае сьвятло, якое нечакана зьявілася на аднэй з шэрых скал. Сьвятло гэтае ўзмацнялася і паступова залівала ўсю скалу.
— Гляньце туды! — выклікнуў я. Адказу ня было. Я абярнуўся. Кавора каля мяне ня было.
Адзін момант я стаяў нярухома, зусім зьбіты з панталыку гэтым незразумелым зьнікненьнем. Потым я пайшоў на край пляцоўкі, на якой мы стаялі, каб глянуць у ніз. Але ў раптоўным зьдзіўленьні я зноў запамятаваў, што знаходжуся на месяцы. Тая сіла, якую я аддаў для першага кроку, пасунула-б мяне на зямлі ўперад на аршын, ня больш, тут жа я адразу праляцеў уперад аршын на пяць. Я пачаў адчуваць, што падаю. Але ў той час, як на зямлі падаючае цела ў першую секунду пралятае каля шаснаццаці футаў, яно на месяцы пралятае ня больш двух-трох футаў. Дзякуючы гэтаму маё паданьне ці, дакладней, мой скачок працягваўся досыць доўга, пакуль я, урэшце, не апынуўся на дзесяць аршын ніжэй пляцоўкі, з якой так неасьцярожна скокнуў. Я ляцеў у паветры ня менш шасьці сэкунд і пасьля апынуўся па калені ў сьнезе, якім была напоўнена шчыліна ў скале.
Я аглядзеўся і як можна гучней крыкнуў:
— Кавор!.. Кавор!..
Але Кавора нідзе ня было відаць.
Мой голас, ня глядзячы на ўсе мае натугі, гучэў слаба і жаласьліва, быццам голас ягняці.
Урэшце, я зноў убачыў Кавора. Ён стаяў на выступе скалы, на адлегласьці пятнаццаці ці дваццаці мэтраў ад мяне, сьмяяўся і махаў рукамі. Яго голас не далятаў да мяне, але ён на мігі прасіў скокнуць да яго.
Я зрабіў крок назад, сабраў усе мае сілы і скокнуў. Мне здалося, што мяне падкінула нейкая магутная спружына.
Я адразу зразумеў, што мой скачок занадта моцны, але ўжо было позна. Я куляю праляцеў над галавою Кавора, паляцеў проста ў нейкую шчыліну, зарослую колкім хмызьняком, і ўпаў.
Я трапіў у сьцюдзёную масу, якая пырскамі разьляцелася з-пад майго цела і пакрыла мяне пластам аранжавага цеста. Потым я некалькі разоў перакуліўся і, урэшце, шчасьліва лёг сярод гэтай гідоты.
Я бачыў, як сярод колкага хмызьняку зьявіўся круглы твар Кавора.
— Трэба быць асьцярожным! — загаварыў ён, скідаючы з мяне аранжавую масу. — Вам трэба будзе павучыцца скакаць...
Мы пачалі шукаць пляцоўкі для наступнага скачка.
Мы абралі адну пляцоўку, скаканулі на яе, потым скочылі назад, зрабілі яшчэ некалькі скачкоў назад і ўперад, пакуль нашы мускулы не прызвычаіліся да новых умоў. Праз якіх-небудзь трыццаць скачкоў мы ўжо маглі зусім дакладна вылічваць свае скачкі.
Покуль мы практыкаваліся на скачках, расьліны навакол нас з кожным момантам рабіліся гусьцей і пышней. Узьнімаліся ўгару і раскідваліся ўшырыню кактусы, колкія хмызьнякі і паўзучыя расьліны; зьявіліся грыбы. Але нас займала сваё практыкаваньне на скачках і мы мала зьвярталі ўвагі на вакольнае. Мы зрабілі яшчэ некалькі скачкоў і, урэшце, селі адпачыць на абвітым расьлінамі камені. Толькі цяпер мы адчулі стомленасьць, якая яшчэ больш узмацнялася, дзякуючы ненормальнаму дыханьню. У мяне ў галаве раптам мільганула думка. Спачатку я не зразумеў яе неадхільнага значэньня і палічыў яе за нясур’ёзную.
— Да рэчы, — сказаў я, — як вы думаеце, у якім кіРунку знаходзіцца наш балён?
— Балён?..
Кавор глядзеў на мяне ў поўным зьдзіўленьні, і толькі цяпер я зразумеў важнасьць свайго запытаньня.
— Кавор! — крыкнуў я і схапіў яго за руку. — Дзе наш балён?!.
X. Людзі заблудзіліся на месяцы
правіцьНа твары Кавора таксама быў вялікі сполах.
— Я... ня ведаю, — сказаў ён.
Мы ў поўным неразуменьні глядзелі адзін аднаму ў вочы. Цяпер плошча кратэру вырасла ў нашым уяўленьні да вялізарных памераў, а ў дадатак загароды расьлін пасьпелі зрабіць яе зусім непраходнай.
— Божухна, мой! Якія мы з вамі дурні! — міжвольна вырваўся ў мяне выклік.
— Як-бы там ня было, але мы павінны знайсьці наш балён! — сказаў Кавор. — І знайсьці яго як мага хутчэй. Хутка сьпякота зробіцца нязноснай, а ў нас няма ні глытка вады. Апрача таго, я галодны...
— Так, — сказаў я жаласьлівым голасам. — Я таксама... Вельмі галодны...
Ён устаў і рашуча сказаў:
— Пойдзем шукаць!
Мы накіраваліся. З магчымай уважлівасьцю мы аглядалі бясконцы хаос каменьняў і расьлін, адчынены перад намі. Мы спрабавалі хаця прыблізна здагадацца, у якім кірунку можа знаходзіцца наш балён, але ўсё было дарэмна.
— Ён павінен знаходзщца адсюль не далей, як на сорак мэтраў, — сказаў Кавор. — Мы павінны абшукаць хмызьняк на гэтым прасторы і не заспакоіцца да таго часу, пакуль ня знойдзем балён! Інакш мы загінулі. І вось, у той час, калі мы прыкладвалі ўсе сілы, каб як-небудзь выблытацца з свайго трагічнага становішча, наш слых злавіў нейкі гул. Мы прыслухаліся.
Бум… бум… бум…
Гукі чуліся ў нас пад нагамі, у сярэдзіне месяца! Мабыць, гукі ішлі са значнай глыбіні і зьмякчаліся тоўстым пластам глебавай масы. Удары паўтараліся з такой рэгулярнасьцю, быццам у глыбіні месяца быў вялізарны гадзіньнік.
Бум… бум… бум…
— Што гэта?
— Лічыце ўдары…
Але Каворт спазьніўся з сваёй парадаю, бо гукі раптам спыніліся. Надыйшоўшая пасьля іх глыбокая цішыня дзейнічала на нэрвы ня менш узрушаюча.
Кавор загаварыў шэптам:
— Мы павінны трымацца разам. Трэба зьвярнуцца да балёну… чаго-б гэта не каштавала. Гэта вельмі незразумела і, магчыма, небясьпечна…
Раптам цішыня парушылася патокам гулу, звону і іншых мэталёвых гукаў. Здавалася, быццам каля нас адчыняюць вялізарныя жалезныя вароты.
— Я нічога не разумею! — шапнуў мне Кавор на вуха. — Нейкая засада… Нам пагражае небясьпека… Трэба схавацца…
Я моўчкі кіўнуў галавою. Мы асьцярожна пасунуліся ўперад і пачалі пралязаць скрозь гушчар. Гукі рабіліся гучней. Ужо выразна чуліся нібы моцныя ўдары малатоў па жалезных катлох.
Мы прыляглі на рукі і папаўзьлі. Урэшце, я страціў апошнія сілы і лёг. Кавор зрабіў тое самае.
Гул ня спыняўся. Цяпер ужо ня было ніякага сумненьня ў тым, што ён ішоў з-пад глебы.
Мы агледзелі ўсе кірункі, потым зноў папаўзьлі скрозь гушчар. Памагчымасьці мы апісвалі круг, спадзяючыся, што такім чынам нам, урэшце, пашанцуе знайсьці наш балён. Пры асабліва гучных і рэзкіх гуках мы часам спыняліся і прыслухоўваліся.
Часамі глеба пад намі ўздрыгвала і да асобных удараў далучаўся звон кайданаў і правільны гул працуючых машын.
Але вось шум яшчэ больш узмацніўся. Выразна заляскалі малаты па жалезе, зазьвінелі кайданы, загулі машыны, і сярод гэтага дзікунскага хаосу гукаў мы пачулі… гучны рэў нейкіх вялікіх жывёл.
XI. Статак кароў на месяцы
правіцьМы чулі рэў і крыкі нейкіх невядомых стварэньняў, схаваных ад нас гушчарамі і скаламі. Мы паўзьлі сярод каменьняў, паміж страшыдламі-грыбамі, якія пры першым дотыку покаліся, быццам мыльныя пухіры, і выпушчалі клейкую вадкасьць. Мы паўзьлі праз пласты нейкіх кулек, падобных на земныя грыбы-дажджавікі. Між тым, рэў таямнічых жывёл набліжаўся. Ён крыху напамінаў мычаньне нашых цялят, але часам узьнімаўся да рэву буйных земных драпежнікаў, напрыклад, ільвоў. Часам гэтыя гукі рабіліся глухімі, як быццам жывёла адначасова раўла і нешта жавала.
Але вось сярод хмызьнякоў мільгнула цела такой жывёлы. Кавор адважна выпаўз наперад і раптам энэргічным гэстам прымусіў мяне спыніцца.
Проста на нас ляцела нешта стыхійнае, гнуліся і крышыліся хмызьнікі, чуліся глухія ўдары адкінутых убок каменьняў. Мы яшчэ не пасьпелі аглядзецца і ўжыць якія-небудзь меры, як каля нас пачуўся такі гучны і моцны рэў, што бліжэйшыя хмызьнякі закалыхаліся. У прасьвеце, паміж вялікімі кактусамі, перад маімі вачмі мільгнуў бліскучы бок месячнай каровы. Доўгая лінія сьпіны яе паказалася мне ўзьнятай высока ўгару, у самае неба.
Я адразу быў зьдзіўлен вялізарнымі памерамі жывёл. Вышыня яе тулава бяз ног раўнялася, прыблізна, 20 мэтрам, а даўжыня — 50 мэтрам. Бакі яе высока ўзьнімаліся пры дыханьні. Я пасьпеў толькі разгледзець, што жывёла была пакрыта белай поўсьцю, з чорнымі лапінамі каля хрыбта. Яе ногі ў гэты раз мы ня ўбачылі. Але затое зусім блізка каля нас праляцела самая брыдкая морда, якую мне калі-небудзь даводзілася бачыць: на тоўстай, заплылай тлустасьцю шыі, быў пасаджаны чэрап, зусім пазбаўлены лба і цемя, — проста ад патыліцы пачыналася вялізарная пражорлівая зяпа. Невялічкая храпа і вузкія шчыліны замест вачэй належна ўпрыгожвалі гэтых агідных жывёл. Мы бачылі вялізарную адтуліну разьзяўленай зяпы, з якой разам з дзікунскім рэвам на нас павеяў паганы струмень вільготнага цёплага дыханьня. Потым страшыдла лягло на бруха, перавярнулася на сьпіну, потым цяжка ўзьнялася на ногі і зьнікла, з шумам пракладваючы сабе дарогу скрозь шчыліны хмызьняку. Ледзь першая месячная карова пасьпела схавацца, як здалёк зьявілася другая, потым трэцяя, а за ёю на адзін момант паказаўся селяніт (жыхар месяца), які, мабыць, зьяўляўся пастухом.
У супроцьлегласьць месячным каровам, селяніт быў маленькага росту, ня вышэй пяці футаў, і напамінаў мне земную казюрку. Яго цела было настолькі шчыльна захавана ў вопратку, зробленую з нейкага грубога матэрыялу, падобнага на скуру, што зусім нельга было ўявіць сабе яго сапраўдную фігуру. Наогул, ён уяўляў сабою каранасты камок цьвёрдай матэрыі, быў падобным на складаную, вялікую казяўку, меў доўгія мацальнікі, падобныя на бізуны, а на галаве насіў вялікі шлем, ад якога ва ўсе бакі ішлі бліскучыя сьпічакі. Пазьней мы даведаліся, што гэтымі сьпічакамі селяніты карыстаюцца, каб калоць непаслухмяных кароў. Твар селяніта быў схаваны за вялікім цёмным шклом, — увесь яго вонкавы выгляд вельмі мала меў агульнага з чалавекам. У яго было нават нешта накшталт рук, але гэтыя абрубкі неяк нязграбна тырчэлі ў баку ад тулава, а яго кароткія ногі, ня гледзячы на грубую вопратку, адразу паказаліся нам, з земнага пункту погляду, надзвычайна тонкімі і няўстойлівымі.
Хоць, як я ўжо казаў, селяніт быў апрануты ў цяжкую нявыгодную вопратку, ён рухаўся ўперад досыць шпарка энэргічна дзейнічаў рукамі. Калі ён прабягаў каля нас, яго гэсты паказвалі вялікую зласьлівасьць, а калі ён зьнік за бліжэйшым хмызьняком, адтуль пачуўся рэў каровы, які хутка перайшоў у распачлівае выцьцё, мабыць, выкліканае жорсткім болем. Паступова гэтыя гукі пачалі аддаляцца і ўрэшце, сьціхлі. Напэўна пастух прыгнаў жывёл на агульную пашу.
Калі мы зноў убачылі месячных кароў, яны пасьвіліся ўжо далёка ад нас, на вялікай скалістай тэрасе. Там уся глеба была пакрыта асаблівага гатунку шчыльным, тлустым, плямістым, зялёным мохам, які жывёла з прагавітасьцю паядала. Некалькі імгненьняў мы глядзелі на кароў. Яны ляжалі брыдкімі камлыгамі і жавалі мох. Здавалася, што гэта вялізарныя камлыгі тлушчу, зашытага ў скуру, — да таго яны былі няўклюдымі і неувароткімі.
Яны так апэтытна жвалі і з такім задаваленьнем прыплюшчвалі вочы, што нашы парожнія страўнікі зноў энэргічна напаміналі аб сваіх правох.
Кавор з падвоенай шпаркасьцю папоўз далей. Я з сумам упэўніўся, што гэтыя плямістыя расьліны зусім няпрыгодны для ежы чалавеку, але ўсё-такі ўзяў крыху моху ў рот і папоўз усьлед за Каворам. Хутка нас ізноў затрымала сустрэча з селянітам.
На ім, сапраўды, была вопратка, а ня прыродны панцыр, як я меркаваў раней. Наогул ён быў вельмі падобны на першага сустрэтага намі жыхара месяца з той толькі розьніцаю, што ў яго на патыліцы ўзьнімалася нейкая дзіўная падушка. Ён стаяў на выступе скалы і паварачваў галаву ва ўсе бакі, быццам аглядваў кратар. Праз які час ён павярнуўся і пайшоў.
Далей мы бачылі яшчэ адзін статак кароў, якія пасьвіліся і жудасна раўлі ў глыбокай лагчыне, а потым нам давялося паузьці па прасторы, дзе гул працуючых машын чуўся настолькі выразна, быццам яны знаходзіліся пад намі, пад зусім нязначным пластам глебы. Мы яшчэ былі абкружаны гэтымі гукамі, як раптам зьвярнулі ўвагу на новае адчыненьне. Мы зноў нечакана апынуліся на краю аграмаднага круглага і гладкага дыску, ня менш 20-ці мэтраў у дыямэтры.
На ім ня відаць было ніводнага каменчыка, ніякіх адзнак расьліннасьці, і к таму яго паверхня адлівала слабым мэталёвым бляскам. Спачатку мы парашылі ня ісьці на гэтую падазроную пляцоўку, але потым прышлі да вываду, што па ёй мы лягчэй і шпарчэй прасунемся ўперад, чым паўзучы сярод хмызьнякоў. Мы ўсталі на ногі і амаль што пабеглі па краі пляцоўкі.
Гул узмацняўся і, урэшце, мне здалося, што ўвесь месяц пачаў дрыжэць і калаціцца. — Трэба схавацца! — шапнуў Кавор і я прыгатаваўся кінуцца ў кусты.
У гэты момант пачуўся выбух, падобны на стрэл вялікай гарматы.
Я паваліўся, мае грудзі натыкнуліся на нешта цьвёрдае, а падбародак зьвесіўся над бяздоннай прорваю, якая нечакана адчынілася каля мяне. Уся гэта здрадлівая пляцоўка была вялізарным векам, гэтае века цяпер адсоўвалася ўбок, у асобнае паглыбленьне.
Кавор пасьпеў скокнуць на цьвёрдую глебу раней, чым скранулася века. Калі ён убачыў, якая страшэнная небясьпека пагражае мне, ён скокнуў на века, узьняў мяне і піхнуў у кусты. Мы ледзь пасьпелі ўзьлезьці на цьвёрдую глебу, як века з гулам зьнікла ў сваёй шчыліне. Мы ляжалі і не адважваліся глянуць у таямнічую прорву.
Урэшце, мы набраліся сьмеласьці, асьцярожна падпаўзьлі да краю калодзежа і глянулі ўніз. Хмызьнякі гнуліся і ламаліся пад напорам паветра, якое ляцела ў калодзеж. Спачатку мы ня бачылі нічога, апрача гладкіх каменных сьцен, зьнікаючых у цёмнай глыбіні, але потым, калі нашы вочы крыху звыкліся, мы далёка ўдоле заўважылі масу невялічкіх блекласьветлых кропак, якія шпарка перабягалі з месца на месца.
Паступова мы разгледзелі невялічкія цёмныя фігуры, якія рухаліся паміж сьветлых кропак.
— Кавор, што гэта можа быць? Як вы думаеце?
— Жывыя, разумныя стварэньні, у іх складаныя машыны… яны прымушаны на нач хавацца ў глыбокія капальні, каб не замерзнуць…
— Мы павінны быць асьцярожнымі.
— Так. Нам, перш-на-перш, трэба знайсьці наш балён, а там відаць будзе.
Мы ўзьняліся, агледзеліся навокал. Кавор паказаў рукой кірунак, і мы пайшлі. Зноў пачалося поўзаньне сярод гушчыні, але цяпер стомленасьць і голад давалі сябе адчуваць мацней, і мы пасоўваліся ўперад вельмі марудна.
У мяне пачыналася нэрвовае галоднае пазяханьне. Нам даводзілася паузьці пад кустамі, на якіх віселі нейкія мясістыя чырвоныя ягады. Гэтыя ягады мелі такі прывабны выгляд, што я ледзь стрымліваўся, каб не пачаць есьці іх. Урэшце, я ня вытрымаў, узяў у жменю ягад і сказаў:
— Кавор, я больш не магу. Я папрабую!
Я запхнуў ягады ў рот і прагавіта пачаў жаваць. Ён сеў супроць мяне. На твары яго выразна адлюстроўвалася барацьба паміж страхам і жаданьнем пасьледваць майму прыкладу. Урэшце, апошняе адчуваньне перамагло. Ён схапіў некалькі ягад і пачаў іх жваць.
Уласна кажучы, гэта былі хутчэй за ўсё грыбы, а не ягады, але толькі маса іх была значна мякчэй і больш сітавінная за нашы земныя грыбы. Пры глытаньні адчувалася, што яны абпальвалі глотку. Спачатку мы адчувалі толькі мэханічную асалоду ежы, але потым кроў пачала шпарчэй цячы па жылах; па пальцах, вачох і губах зьявілася лёгкае прыемнае пакалваньне, а ў галаве думкі бяз сувязі пачалі зьмяняць адна адну.
Адным словам, атрымлівалася нешта накшталт ахмяленьня.
Я першы скончыў есьці і сказаў:
— Вельмі добра! Захапляюча! Тут ня толькі поўны прастор, але нават і харч прыгатаваны!
Кавор таксама прабурчэў нешта вельмі пахвальнае для месяца.
Мяне зьдзівіў яго няцьвёрды выгавар, цяпер-жа я ўбачыў, што ён неяк нязграбна размахвае рукамі і галавой. Як відаць, ён ахмялеў ад зьедзеных ягад.
Потым мае ўспаміны адносна дзейнічаньня гэтых агідных ягад-грыбоў на наш організм робяцца смутнымі. Я памятую, што пакляліся адзін аднаму не падначальвацца праклятым казяўкам, бо для чалавека крыўдна на спадарожніку зямлі хавацца ад нейкіх селянітаў. Мы набралі вялікі запас ягад і пабеглі ўперад.
Вельмі хутка мы сустрэлі селянітаў. Іх было шасьцёра. Яны ішлі ў адзін шэраг і гутарылі дзіўнымі — са сьвістам і мурканьнем — гукамі. Яны нас адразу заўважылі, сьціхлі і спыніліся.
— Казяўкі! — прабурчэў Кавор, — праклятыя казяўкі! І яны яшчэ думаюць, што я з-за іх буду поўзаць на жываце, я, стварэньне пазванковае!
Потым «пазванковае стварэньне» зрабіла крокі тры ўперад і скокнула проста на селянітаў. Кавор дрэнна разьлічыў свой скачок; ён праляцеў высока над іх галовамі, некалькі разоў перакуліўся ў паветры і з гучным плёскам зьнік у масе нейкіх расьлін. Я ня ведаю, якое ўражаньне засталося ў селянітаў ад гэтага дзіўнага ўчынку стварэньня, якое нечакана зьявілася да іх з іншай плянэты. У маіх успамінах смутна рысуецца, што яны разьбегліся ва ўсе бакі, але я не бяруся сьцьвярджаць гэтага.
Ва ўсякім выпадку, я зрабіў крок усьлед за Каворам, пакаўзнуўся і паваліўся. Потым мне адразу зрабілася вельмі дрэнна. Я памятаю яшчэ, што з кімсьці змагаўся, што мае рукі і ногі ахапілі мэталёвымі абручамі, пасьля чаго я канчаткова страціў сьвядомасьць.
Потым у маіх успамінах ідзе вялікі пропуск. Я ведаю толькі, што калі я ачуняў, то першай маей думкай было разуменьне, што мы знаходзімся ўнутры месяца.
XII. Селяніты
правіцьЯ сядзеў на карачках. Навакол было зусім цёмна, але ўсё дрыжэла ад гуку працуючых машын. Я доўга ня мог зразумець, як я трапіў у такое становішча. Паступова я пачаў уяўляць, у чым справа.
— Кавор! — паклікаў я нерашуча.
Поплеч са мною пачуўся слабы голас Кавора:
— Галава… мая галава…
У мяне галава таксама вельмі балела. Я хацеў прыкласьці руку да ілба і раптам упэўніўся ў тым, што я скуты. Спроба паварушыць нагамі паказалася, што яны таксама скуты. Апрача таго, на мне быў мэталёвы пояс, прымацаваны тоўстым ланцугом да падлогі.
— Кавор! — крыкнуў я.
— Што?
— Дзе мы?
— Ня ведаю.
Пасьля гэтага мы доўга ляжалі моўчкі, прыслухоўваючыся да гулу, які напамінаў вялікую працуючую фабрыку.
Мы ляжалі ў глыбокай цемры і з трапятаньнем чакалі далейшых падзей. Раптам зусім каля нас пачуўся характарны гук, быццам адскочыла спружыннае века гадзіньніка. Усьлед за гэтым зьявілася вузкая палоска сьвятла.
Мы ня спушчалі вачэй з сьветлай паласы, якая паміж тым рабілася ўсё шырэй.
Раптам паласа сьвятла рэзка вырасла. Адчыніліся дзьверы, за якімі было відаць блакітнае зьзяньне, і ў асьветленым прастакутніку паказалася нейкая дзіўная фігура. Спачатку мне здалося, што яна належыць чатырохногай жывёле, якая нахіліла галаву, але потым я смутна разгледзеў селяніта, з характарнымі тонкімі, сагнутымі нагамі. На ім ня было ні шлему, ні грубай вопраткі, якія мы бачылі на селянітах пры першай сустрэчы наверсе. Ён зрабіў да нас крокі тры і спыніўся. Яго рухі былі зусім бязшумнымі. Потым ён падышоў яшчэ бліжэй. Ён ступаў як птушка, ставячы ногі адну перад аднэй. Ён вышаў з паласы сьвятла і адразу зьнік. Потым ён зьявіўся зусім каля нас. Цяпер ён быў асьветлены сьпераду, і мы маглі яго добра разгледзець. У яго зусім ня было твару ці, дакладней, таго, што мы прызвычаіліся называць тварам. Пярэдняя частка галавы ў яго зьяўлялася агіднай бясформенай масай. Носу зусім ня было. Вочы тупыя, бяссэнсовыя, выступалі з абодвых бакоў, як у рака, — на сілуэце я іх палічыў за вушы. Вушэй у яго ня было. Пасьля я хацеў па ўспамінах нарысаваць такую галаву, але гэта мне не ўдалося. Рот быў, і нават са сьлядамі губ, загнутых уніз нейкай жудаснай грымасай.
Шыя, на якой сядзела галава, у трох месцах была перахоплена кароткімі суставамі, як нага рака. Суставаў астатняй часткі цела я ня бачыў, бо яны былі схаваны пад асаблівымі бінтамі, адзінай вопраткай гэтага стварэньня.
Селяніт стаяў нярухома і глядзеў на нас сваімі жудаснымі вачыма.
Кавор першым кашлянуў і пачаў гаварыць. Ён гаварыў да сіпаты, да адурэньня. Селяніт стаяў нярухома. Потым, калі ў Кавора ўжо зусім страціўся голас, страшыдла раптам абярнулася і накіравалася да дзьвярэй. Праз момант ляснула спружына, і мы зноў апынуліся ў непрагляднай цемры.
XIII. Першыя крокі да збліжэньня
правіць
Некаторы час мы абодва маўчалі. Урэшце, Кавор сказаў:
— Нас апусьцілі глыбей. Магчыма на некалькі тысяч футаў.
— Чаму вы так думаеце?
— Тут куды халадней, чымся наверсе. Апрача таго, нашы галасы крыху гучней, значыць, ціск паветра большы. Ці вы не заўважаеце адсутнічаньне шуму ў вушах? Калі паветра шчыльней, значыць мы знаходзімся глыбей ад паверхні месяца, магчыма на цэлую мілю…
— Людзі ніколі ня думалі пра тое, што ў сярэдзіне месяца можна жыць?
— Не. Хоць… Гэта дзіўна. Людзі-ж добра ведаюць, што месяц адрозьніваецца ад зямлі меншай удзельнай вагой; даўно вядома, што на яе паверхні амаль што няма вады і паветра, але ў той-жа час яна па сваім складзе не павінна адрозьнівацца ад зямлі, — сам напрашваецца вывад, што месяц унутры павінен быць парожнім.
— Галоўная бліжэйшая наша задача, — працягваў Кавор, — знайсьці спосаб аб’ясьніцца з імі. Нашай гутаркі яны, бязумоўна, не зразумеюць; нам застаецца толькі міміка… гэсты… Але ўсё гэта, напэўна, у іх інакш, чым у нас. Паказваць… Апрача малп і людзей, напрыклад, ніхто не паказвае… Я зараз успомніў адзін цікавы артыкул профэсара Гольтона. Там ён падрабязна разьвівае думку аб магчымасьці зносін паміж плянэтамі. Раней за ўсё трэба пакарыстацца геомэтрыяй. Узяць, напрыклад, якую-небудзь нескладаную тэорэму і шляхам конструкцыі паказаць, што яна нам добра вядома. Напрыклад, карысна давесьці, што два куты, якія прылягаюць да асновы раўнаплечнага трыкутніка, роўны паміж сабою. Потым можна працягнуць роўныя бакі трыкутніка і паказаць, што куты, якія стварыліся на другім баку асновы, таксама роўны паміж сабою. Карысна начарціць і давесьці тэорэму Пітагора: квадрат гіпотэнузы прастакутнага трыкутніка роўны суме квадрату абодвых катэтаў і г. д.
У гэты час цемру зноў прарэзала паласа сіняватага колеру. Дзьверы адчыніліся і да нас ціха ўвайшло некалькі селянітаў. Двое з іх несьлі па вялікай талерцы. Гэта выразна даводзіла, што для іх ня былі невядомы хоць-бы самыя простыя чалавечыя патрэбы. Талеркі былі зроблены з таго-ж мэталю, з якога былі зроблены і нашы кайданы, і ў кожнай талерцы ляжалі кавалкі нейкай белай матэрыі, якая мела сітавідную пабудову, накшталт сьцюдзёнага «суфле», белесавата-цынамонавага колеру і пахла грыбамі. Пазьней я даведаўся, што гэта быў лепшы харч селяніта — мяса месячнай каровы.
Мае рукі былі скуты настолькі моцна, што я ніяк ня мог захапіць кавалак ежы. Селяніты, бачучы мае патугі, спрытна зьнялі кайданы з маіх рук. Я зараз-жа ўзяўся за ежу. Белая матэрыя была вельмі сітавіднай, як усё органічнае на месяцы; яна па смаку напамінала вафлі і наогул зрабіла на мяне добрае ўражаньне. Я ня стаў царамоніцца і зараз-жа ўзяўся за месячны пачастунак.
Калі мы, урэшце, наеліся, селяніты зноў прымацавалі на нашых руках кайданы, але за тое паслабілі ланцугі на нагах настолькі, што мы маглі рухацца параўнаўча вольна. Потым яны зьнялі з нас ланцугі, якімі мы былі прыкаваны да паясных абручоў. Покуль яны вазіліся каля нас, ім некалькі разоў даводзілася нахіляцца да мяне настолькі блізка, што я каля самага свайго твару бачыў іх галовы ці мяккія хабаты, якія замянялі ім рукі. Я пасьпеў разгледзець, што ў іх на голавах меўся шэраг белых шчытоў, накіраваных наперад. Два другія шэрагі калючак ішлі ад патыліцы да вачэй. Селяніт, які ўзяўся за мае кайданы, часта карыстаўся сваім ротам, калі яму не хапала хобатаў-рук.
Мы спакойна падначальваліся ўсяму, што з намі рабілі селяніты. Калі яны прывялі ў поўны парадак нашы ланцугі, яны адышлі ад нас крокі на два і здаецца, пачалі наглядаць за намі. Я кажу «здаецца», бо іх вочы былі накіраваны ў бок і было вельмі цяжка вызначыць дакладна, куды іменна яны глядзяць. Так бывае цяжка вызначыць, куды глядзіць курыца ці рыба. Яны без перастанку перагаварваліся паміж сабою дзіўнымі шчабятлівымі гукамі.
Між тым, дзьверы ззаду нас адчыніліся яшчэ больш, і я ўбачыў цэлы натаўп селянітаў.
— Паглядзеце, — сказаў Кавор, — яны хочуць нешта нам растлумачыць!
— Што датычыцца мяне, то я не магу нічога зразумець з іх гэстаў. Гляньце хоць-бы на гэтае тоўстае пужала. Ці бачылі вы калі-небудзь больш бяссэнсавыя рухі?
— Давайце ківаць галовамі. Магчыма тады яны растлумачаць больш зразумела!
Мы пачалі ківаць галовамі, як кітайскія балваны, але гэта ні кроплі не памагло. Тады мы папрабавалі пераймаць іх рухі. Атрымаўся той самы вынік. Яны ў сваю чаргу пераймалі нашы рухі. Урэшце, мы ўпэўніліся, што ўсе нашы патугі дарэмны, і ляглі нярухома. Некаторы час селяніты ажыўлена радзіліся паміж сабою. Потым адзін з іх, той самы таустун, на якога я раней зьвярнуў увагу, раптам лёг на падлозе, надаў рукам і нагам такое становішча, якое было ў ляжачага Кавора, і потым шпарка ўстаў на ногі.
— Кавор! — выклікнуў я, — яны хочуць, каб мы ўсталі!
Мы ўзьняліся на ногі. Селяніты рассунуліся, каб даць нам месца, і зашчабяталі больш ажыўлена. Як толькі мы ўсталі, да нас падышоў тоўсты селяніт, абмацаў сваімі хабатовымі рукамі нашы твары і пайшоў да дзьвярэй. Гэта таксама было досыць зразумела, і мы пайшлі за ім. Каля дзьвярэй стаяла чатыры селяніты, якія сярод астатніх выдаваліся больш высокім ростам. Апрача таго, я заўважыў, што яны былі апрануты таксама як і селяніты, якіх мы сустрэлі наверсе, у кратэры. На іх былі такія самыя шлемы, са сьпічакамі, такая самая шчыльная бясформеная вопратка, і, апрача таго, у кожнага з іх у руках быў доўгі кіек са сьпічаком на канцы. Сьпічак быў зроблен з таго самага мэталю, што і паданыя нам раней талеркі. Гэтыя чацьвера зараз-жа абкружылі нас, як толькі мы вышлі праз дзьверы ў асьветлены прастор.
Перад намі ішоў той таўстун, якому ўдалося аб’ясьніцца з намі і прымусіць нас устаць. Ён часам абарачваўся да нас і гэстамі запрашаў ісьці за ім. Яго птушкаваты твар у такіх выпадках па чарзе абарачваўся да мяне і да Кавора.
Мы пачалі аглядацца і ўбачылі, што моцны гул машын, які нас так цікавіў, узьнікаў іменна ў гэтым вялізарным памяшканьні. Высока над нашымі галовамі смутна мільгалі рухаючыя часткі нейкага вялізарнага, складанага мэханізму. Вагары і кола рухаліся па ўсіх бакох. Гэтыя машыны, як выявілася, ня толькі стваралі шум і гул, але і вылучалі тое таямнічае блакітнае сьвятло, якое зьдзівіла нас пры першым наведваньні селянітаў.
У мяне ў памяці застаецца толькі адзін, мабыць, галоўны мэханізм. У ім з цэнтру, адзін за адным, вырываліся мэталёвыя шпені з круглымі галоўкамі, якія апісвалі ў паветры параболічныя дугі, потым апускаліся ў вяртыкальны цыліндр, рухаліся разам з ім уніз, пасьля чаго зьнікалі ў блытаніне іншых частак мэханізму. Навакол машын мітусіліся селяніты, фігуры якіх з першага погляду здаваліся мне ня зусім падобнымі на нашу варту. Калі шпень апушчаўся ў цыліндр, то чуўся мэталёвы звон, потым нейкі рэў, і аднекуль з гары цякла сьветлая матэрыя, якая асьвятляла памяшканьне. Яна цякла як малако, пераліваючыся праз край пасудзіны пры кіпячэньні, і зьбягала ў вялікі агульны прыймальнік. Гэта вадкая матэрыя сьвецілася блакітным зьзяньнем, як фосфар у паветры, але куды мацней за яго, і з прыймальніка яна па трубах разыходзілася ва ўсе бакі.
Шпені-вагары мільгалі, гудзелі, грукацелі, а сьветлая матэрыя цякла непарыўным струменем. З першага погляду машына паказалася мне ня надта вялікай, і я думаў, што яна стаіць недалёка ад мяне. Але потым я зьвярнуў увагу на невялічкія фігуры даглядаючых за ёй селянітаў, і толькі тады адчуў вялізарныя памеры пячоры, у якой мы знаходзіліся.
— Гэта дзівосна! — сказаў я. — Яны здабываюць вадкае сьвятло!
— Гэта такі механізм, які мы, людзі, пры дапамозе сваіх ведаў пабудаваць ня можам. Паглядзеце на гэтыя шпені: яны лётаюць проста па паветры. Яны ня злучаны з іншымі часткамі машыны.
Тоўсты селяніт, як відаць, упэўнены ў тым, што мы ідзем за ім, адышоў уперад на некалькі крокаў. Заўважыўшы, што мы спыніліся, ён зьвярнуўся да нас і датыкнуўся сваёю рукою да нашых твараў. Я паглядзеў на Кавора і спытаў яго:
— Ці нельга даць яму зразумець, што нас вельмі цікавіць гэта машына?
— Можна паспрабаваць.
З гэтымі словамі Кавор абярнуўся да тоўстага селяніта, ухмыльнуўся, паказаў рукой на машыну, потым паказаў на свой лоб і зноў на машыну. Калі гэта не дапамагло, ён чамусьці ўявіў, што селяніты зразумеюць яго, калі ён зьвернецца да іх з прамоваю на ламанай мове, і сказаў:
— Я будзе глядзець. Мяне цікава. Я хоча бачыць. Так.
Наша ўпартасьць зьявілася для селянітаў зусім нечаканай. І дзіўныя галовы зарухаліся, пачулася шчабятаньне, якое замяняла ім членападзельную мову. Потым адзін з іх, высокі, худы, шчуплы, апрануты ў плашч, раптам абняў Кавора за стан, і пачаў цягнуць яго ўперад. Кавор супраціўляўся.
Ён энэргічна ківаў галавой і казаў:
— Не! Не! Мая ня хоча. Мая будзе глядзець!
— Ці нельга цяпер пакарыстацца геомэтрыяй — прапанаваў я, покуль селяніты радзіліся.
— Трэба паспрабаваць. Я думаю, што парабола…
На гэтым слове Кавор сам абарваў сябе, распачліва ўскрыкнуў і зрабіў скачок вышынёю ня менш шасьці футаў.
Адзін з узброеных селянітаў кальнуў яго сваім вострым сьпічаком.
Я абярнуўся да гэтага селяніта і зрабіў пагражальны гэст. Ён адскочыў убок. Мой гэст, крык і гімнастычныя здольнасьці Кавора, як відаць, зьдзівілу селянітаў, бо яны, ня спушчаючы з нас погляду, шпарка адышлі ад нас на некалькі крокаў. Мы апынуліся ў замкнутым коле, складзеным з гэтых казачных стварэньняў.
XIV. Небясьпечны мост
правіцьСтановішча заставалася няпэўным ня больш сэкунды. Кавор узяў мяне пад руку.
— Мы павінны падначаліцца, — сказаў ён. — Яны нас не разумеюць. Давядзецца нам ісьці за імі!
Ён абярнуўся і пайшоў у тым кірунку, у якім нас вялі раней.
Я пакорліва пайшоў за ім.
Спачатку селяніты ішлі на пачцівай адлегласьці ад нас, але потым наблізіліся і зноў пайшлі поплеч.
Я памятую, што спачатку на падлозе, а потым па сьцяне ішоў непарыўны жолаб, па якім цякла сьветлая вадкасьць, здабытая таямнічай машынай. Гэтае вадкае сьвятло, як я тады-ж упэўніўся, зусім не давала цёплавых праменьняў. Яно толькі сьвяціла, але само было ня сьцюдзёней і не цяплей за іншыя вакольныя мёртвыя прадметы.
Мы пайшлі пад вагарамі і каламі другой вялізарнай машыны і потым накіраваліся ў доўгі тунэль. Тут гулу машын амаль што зусім ня было. Там-сям ля сьцен іскрыліся нейкія крышталі, магчыма каштоўныя каменьні. Часамі тунэль пашыраўся ў сталактытавыя пячоры, ці ад яго адыходзілі адгаліненьні, якія губіліся ў цемры.
Мы ішлі па тунэлі доўга. Апрача гулу ад нашых крокаў, цішыня парушалася толькі мяккімі гукамі пераліваньня вадкага сьвятла:
— Ціп… ціп… ціп…
Слабае асьвятленьне давалі толькі ніці струменячай па трубах, уздоўж сьцен, таямнічай блакітнай матэрыі.
Я адчуў, што мне не хапае паветра для дыханьня, і сказаў:
— Урэшце, мы з вамі задохнемся ў гэтых пячорах!.. Бяз сонца, без паветра…
— Я гэтага ня думаю. Тут, як відаць, добра наладжана вэнтыляцыя. Чыстае паветра наганяецца з той часткі месяца, які неасьветлен сонцам, а выдыхнутая вуглякіслата выцякае туды, дзе сьвеціць сонца. Гэтым часткова тлумачыцца і шпаркае разьвіцьцё расьлін на паверхні. Напрыклад, у гэтым тунэлі адчуваецца рух сьвежага паветра. Дзіўны сьвет! Дзіўнае прыстасаваньне! Усе гэтыя машыны, спосаб асьвятленьня…
Кавор тады гаварыў амаль што бесьперапынку, і я цяпер ня памятую ўсіх яго разважаньняў. Між тым, тунэль, па якім мы ішлі, усё больш і больш пашыраўся. Адчувалася, што мы набліжаемся да вялізарнага прастору. Мы не маглі бачыць далёка ўперад, бо раўчак сьвятла быў для гэтага не дастаткова яркім. Раптам сьцены па бакох зусім зьніклі. Мы бачылі толькі сьветлы жолаб, які служыў нам замест правадніка.
Хутка мы падышлі на край нейкага абрыву. Сьветлы жолаб рабіў тут невялікі паварот і потым зьнікаў, падаючы ў глыбіню. Далёка ў доле відаць было суцэльнае блакітнае зьзяньне, быццам сьветлы туман. У выніку гэтага цемра здавалася яшчэ больш непрагляднай. Я заўважыў толькі, што над прорваю вісела і адыходзіла ў імглу вузкая дошачка. З глыбіні ўзьнімалася цёплае паветра.
Мы з Каворам падышлі да самага краю абрыву і з цікавасьцю глянулі ўніз. Раптам наш тоўсты праваднік узяў мяне за руку і пацягнуў да сябе. Потым ён пусьціў мяне, узышоў на навіслую над прорваю дошку і аглянуўся. Калі ён убачыў, што мы наглядаем за ім, ён пайшоў па дошцы далей і хутка зусім зьнік у цемры.
Мы стаялі нярухома. Яшчэ адзін з селянітаў узышоў на дошку, спыніўся і глянуў на нас. Іншыя абкружылі нас, гатовыя ісьці за намі. Зноў паказалася фігура правадніка. Як відаць, ён зьвярнуўся, каб даведацца аб прычыне затрымкі.
— Што там, за прорваю? — запытаў я.
— Ня ведаю.
— Ва ўсякім выпадку, я не магу ісьці па гэтым д’ябальскім мастку!
— Я не зраблю па ім і трох крокаў, — сказаў Кавор, — нават з вольнымі рукамі.
Мы бяздапаможна глядзелі адзін аднаму ў вочы.
— Яны, напэўна, ня ведаюць, што такое галавакруженьне!
— Мы зусім ня можам прайсьці па гэтай дошцы.
— Я думаю, што ў іх зрок зусім іншы, чым у нас. Я наглядаў за імі. Яны не разумеюць, што мы амаль што нічога ня бачым у гэтай цемры.
— Мы павінны аб’ясьніцца з імі!
Два селяніты ўзялі мяне за плечы і пачалі далікатна пасоўваць на дошку.
Я заківаў галавой і сказаў:
— Не пайду. Я не магу ісьці. Я звалюся.
Тады трэці селяніт пачаў піхаць уперад сілаю.
Я зьвярнуўся да селянітаў:
— Паслухайце! Так нельга! Нельга піхацца, калі…
Я крыкнуў і шпарка абярнуўся, бо адзін з селянітаў вельмі балюча кальнуў мяне сваім сьпічаком. Я вырваўся з рук селянітаў і крыкнуў таму, які мяне кальнуў:
— Ты, пачвара! Я-ж казаў, каб вы не калоліся!
У адказ ён зноў кальнуў мяне, і на гэты раз яшчэ больш балюча. У гэты момант я аслабаніў адну руку, і, разам з тым, я аслабаніўся ад усякіх меркаваньняў, якія стрымлівалі мае парывы раней. Мяне ахапіла становішча вар’яцтва. Я шпарка накруціў ланцуг на руку, якая заставалася скаванай, і ўдарыў ім па твары селяніта, які скрыўдзіў мяне.
Гэты парыў, аднак, меў зусім нечаканыя вынікі. Атрымаўся адзін новы сурпрыз, якімі быў повен месячны сьвет.
Пад маім ударам селяніт зусім разьляцеўся на кавалкі! Эфэкт быў такі, як ад удару паленам па старым грыбе. Ва ўсе бакі паляцелі пырскі. Квашаніна адляцела крокаў на дванаццаць і плёхнулася мокраю кучай. Я ніколі не паверыў-бы, што жывое стварэньне можа быць такім крохкім. Селяніты, спалоханыя маім рэзкім рухам, адбеглі на некалькі крокаў. Расправа з піканосцам настолькі іх зьдзівіла, што некаторы час яны нічога не рабілі і стаялі нярухома.
Потым раптам усё прышло ў рух.
Для мяне было зразумела, што нам трэба абараняцца, трэба скінуць ланцугі. Я абярнуўся да астатніх піканосцаў і адзін з іх зараз-жа кінуў у мяне піку. Я, аднак, пасьпеў нахіліцца, і піка праляцела над маёй галавой, — яна здаецца звалілася ў прорву. Тады я кінуўся на гэтага абязброенага селяніта. Ён пабег наўцекі, але я адным скачком дагнаў яго і ўдарыў ланцугом па сьпіне. Эфэкт атрымаўся такі самы, як пры першым удары: селяніт ператварыўся ў кашу. Але пры гэтым я пакаўзнуўся ў вадкай масе яго цела і паваліўся. Я ў момант узьняўся. Каля маёй галавы праляцела другая піка. У глыбіні тунэлю, па якім мы прышлі, мільгалі фігуры ў беспарадку ўцякаючых селянітаў. Я нахіліўся, адагнуу зашпільку кайданаў і выпрастаўся з ланцугамі ў руках. У гэты час каля мяне праляцела яшчэ адна піка. Потым я абярнуўся да Кавора, які распачліва прабаваў аслабаніць свае рукі ад ланцугоў.
Я пры дапамозе сваіх наручнікаў хутка аслабаніў яго ад кайданоў і пачаў здымаць ланцуг са сваёй другой рукі.
Раптам пачулася нейкае шыпеньне, і сьветлая вадкасьць спынілася цячы. Засталіся толькі асобныя кроплі, якія амаль што не давалі сьвятла. Мы апынуліся ў цемры.
Я сарваў з ног Кавора ланцугі, сунуў іх яму ў рукі і крыкнуў:
— Уцякайма! Беце іх! — і наугад кінуўся ў цемру. Кавор пабег за мной.
Урэшце, цемра пачала зьменшвацца. Зноў зьявілася сьветлая вадкасьць. Здалёк мільгнуў селяніт, які пры нашым зьяўленьні распачліва запішчэў і схаваўся ў цемры. Здаецца, гэта быў наш тоўсты праваднік.
Хутка каменныя сьцены ссунуліся, і мы зноў апынуліся ў тунэлі. Я дабег да павароту, спыніўся і абярнуўся назад.
Плак… плак…
На мяне ляцеў Кавор.
Мы схапілі адзін аднаго за рукі і ледзь дыхалі. Усё-такі, хоць на кароткі час, мы пазбавіліся ад сваіх ворагаў.
— Што нам рабіць?
— Схавацца.
— Добра. Уцякайма!
Мы павярнулі ў нейкі бакавы ход. Кавор ішоў уперадзе.
Урэшце, ён абярнуўся і сказаў:
— Там зусім цёмна.
— Дарма. Нам будуць сьвяціць нашы ногі. Яны набраклі сьветлай вадкасьцю.
За гэты час галоўны тунэль напоўніўся гукамі, сярод якіх асабліва выдаваліся мэталёвыя ўдары, быццам звон вялікага гонгу. Усё казала аб сур’ёзнай пагоні за намі. Мы кінуліся ўперад, хоць тут, у цемры, мы не рызыкавалі рабіць рэзкіх рухаў з небясьпекі катыкнуцца на сьцяну, ці выцяцца галавою аб скляпеньні. Як відаць, пагоня пайшла па мастку.
Кавор, які ішоў уперадзе мяне, спыніўся і прашаптаў:
— Бетфорд! Я бачу ўперадзе сьвятло.
Я зараз-жа ўбачыў, што гэта сьвятло ня было падобна на блакітнае зьзяньне сьветлай месячнай вадкасьці; яно адрозьнівалася шэраватым водценем і хутчэй за ўсё напамінала слабае дзённае асьвятленьне. Кавор таксама заўважыў гэтую розьніцу і ўсхвалявана прашаптаў:
— Бэтфорд! Мне здаецца, што гэта сьвятло… няўжо…
Ён нават не адважыўся выказаць сваёй надзеі і моўчкі пайшоў уперад. Я пайшоў за ім. Сэрца ліхаманкава калацілася ў маіх грудзёх.
XV. Бойка на месячнай разьніцы
правіцьЗ кожным нашым крокам сьвятло рабілася выразьней. Хутка яно было такое самае яркае, як сьвятлістыя ногі Кавора. Ужо можна было адрозьніць сьцены. Тунэль, па якім мы ішлі, рассунуўся ў пячору. Сьвятло лілося з гары праз адтуліну, якая знаходзілася ў самым вугле.
Праз некалькі сэкунд мы ужо стаялі ў паласе сьвятла, якое ішло з гары, са шчыліны паміж сьценак.
Кавор узьняў мяне бяз усякай натугі, як хлапчука, на гару. Я намацаў рукамі паглыбленьне ў скале і зусім лёгка ўзьняўся на руках.
Выявілася, што ўгары шчыліна робіцца шырэйшаю і прымае форму лейкі. Вышэй было значна сьвятлей.
— Кавор! — крыкнуў я ўніз. — Паспрабуйце дастаць маю руку і лезьце сюды!
Я абапёрся каленкамі аб сьцены шчыліны і працягнуў уніз руку.
Кавор прысеў, рыхтуючыся скочыць. Потым ён павіс на маёй руцэ.
Я ўзьняў яго ўгару, і ён таксама замацаваўся ў шчыліне.
Мы шпарка палезьлі ўгору. Мінуты праз дзьве мая галава паказалася над краямі шчыліны.
Перад маімі вачыма адчынілася вялікая пячора няправільнай формы, і на яе пакатай падлозе ўзьнімаўся цэлы лес невялічкіх конічных грыбоў, з якіх кожны сьвяціў яркім срабрыстым зьзяньнем.
— Цс… — сказаў я. — Што гэта?
Мы прыслухаліся. Спачатку чулася смутнае мармытаньне, потым можна было адрозьніць гулкія ўдары гонгу.
— Яны ідуць па тунэлі! — сказаў Кавор.
Я абярнуўся і скокнуў цераз грыбы, да верхняй часткі пячоры. Я заўважыў, што яна пераходзіла ў шчыліну, праз якую ляцела ўгару паветра. Шчыліна зьнікала ў глыбокай цемры.
Я сарваў два сьветлых грыба, сунуў адзін з іх у кішэню так, што галоўка тырчэла з кішэні і сьвяціла, а другі падаў Кавору. Між тым, шум унізу ня спыняўся, але і не набліжаўся. Напэўна, селяніты радзіліся. Ва ўсякім выпадку, яны не адважваліся лезьці за намі. На нашым баку была значная перавага ў фізычнай сіле, і апрача таго мы былі далёка не настолькі крохкімі, як яны, а гэта азначала вельмі многа. Аднак, усё-такі часу траціць ня трэба было, і праз секунду я ўжо лез угару, усьлед за Каворам, падэшвы якога ярка сьвяціліся ад растаптаных грыбоў.
Калі я цяпер успамінаю гэтыя жахлівыя ўцёкі, у мяне ў вушах заўсёды стаіць характарны звон золата, якім званілі ланцугі пры кожным нашым руху.
Шум прасьледаваньня зусім сьціх, і гэта нас крыху заспакоіла. Часамі шчыліна рабілася настолькі вузкай, што мы ледзь маглі праціскацца па ёй. У другіх мясцох мы лезьлі сярод шырока рассунутых сьцен, па вострых скалістых выступах, пакрытых нейкімі крышталямі і сьветлымі паўзучымі расьлінамі. Часамі каля нас чуўся лёгкі шум падаючых кропляў вады ці нават гурчэньне невялікіх раўчакоў. Раз ці два ў мяне з-пад рук выкаўзнуліся сьцюдзёныя жывыя стварэньні, але разгледзець іх я ня мог. Мяркуючы па тым, што я ведаю аб месяцы цяпер, гэта былі атрутныя вужакі, але ў той час мы не зварочвалі на іх ніякай увагі. Урэшце, над нашымі галовамі паказалася слабае блакітнае зьзяньне. Выявілася, што сьвятло лілося праз краты, якія загараджвалі нам шлях.
Калі мы дайшлі да самых крат, я прыціснуўся да іх тварам, каб паглядзець, што за імі хаваецца. Перада мною была невялічкая частка пячоры вялізарных памераў. Асьвятлялася яна, бязумоўна, тым-жа вадкім сьвятлом, аб якім я зазначаў вышэй. З гары праз краты час ад часу падалі цяжкія кроплі вады.
Перш-на-перш мне захацелася бачыць, што робіцца на падлозе гэтай пячоры, але нашы краты знаходзіліся ў паглыбленьні, узвышаныя краі якога перашкаджалі мне бачыць. Ва ўсякім выпадку, там былі жывыя стварэньні, бо мы чулі непарыўны гул, а па скляпеньнях і бліжэйшай да крат сьцяне часта мільгалі цені. Хутка я ўжо адрозьніваў гукі крокаў і шчабятаньне некалькіх селянітаў. Потым Кавор зьвярнуў маю ўвагу на глухія ўдары, якія напаміналі ўдары сякер ці вялікіх нажоў аб нешта мяккае. Чуўся звон ланцугоў, рыпаньне калёс, быццам перасоўваліся цяжка вазы. Потым зноў гучэлі сякеры, і ў тахт ім рухаліся цені.
Бязумоўна, там былі селяніты і, магчыма, іх там было шмат.
Я ўважліва агледзеў краты і прышоў да вываду, што без асаблівай цяжкасьці можна адагнуць пруты і пралезьці паміж іх. Я схапіўся за адзін прут і моцна пацягнуў яго да сябе. Ён сагнуўся так лёгка, што я ледзь не паваліўся. Тады я асьцярожна адагнуў другі прут. Потым я палез праз адтуліну ўгару.
Узьнімаючыся, я мімаходзь убачыў некалькі рухавых фігур, але пасьпяшыў легчы на краты, і ўзьнятыя краі адтуліны схавалі мяне ад селянітаў. Я шэптам сказаў Кавору, каб ён таксама лёг на кратах; хутка мы ляжалі поплеч і асьцярожна аглядваліся.
Пячора аказалася значна большаю, чым мы маглі меркаваць. Ад нашых крат яна паступова пашыралася, але скляпеньні ў яе шырокай частцы спушчаліся, і найбольш далёкая частка ня была нам відаць. Уся пячора, наколькі бачыла вока, была закладзена шэрагамі аграмадных шэрых туш, над якімі працавалі селяніты. Гэта былі тушы месячных кароў, зарэзаныя так, як кітабойцы падрэзваюць забітых кітоў. Селяніты вельмі шпарка і спрытна адрэзвалі ад туш доўгія палосы мяса і калі-ні-калі секлі косьці. Іх сякеры і рабілі тыя гукі, якія мы чулі здолу. Далёка па канаце пасоўваўся вазок, на які яны накладвалі мяса.
Спачатку мне здалося, што селяніты стаяць на планках, пакладзеных на драўляных козлах, але потым я ўпэўніўся, што ўвесь намост быў пабудаваны з таго самага мэталю, з якога былі зроблены нашы кайданы.
Там-сям ляжалі вялікія, мэтры ў два даўжынёю, мэталёвыя вагары з круглымі ручкамі. Гэтымі вагарамі, якія ў дужых руках маглі зьяўляцца грознай зброяй, селяніты паварачвалі тушы кароў. Пячора досыць добра асьвятлялася трыма жалабамі, па якіх цякла блакітная вадкасьць.
Я схапіў Кавора за руку. Мне пачуўся шолах унізе, пад кратамі, на якіх мы ляжалі. Хутка зьніклі апошнія сумненьні: зьнізу лезьлі селяніты. Я мацней сьціснуў у руках ланцуг і прыгатаваўся да бойкі.
— Паглядзеце на разьнікоў, — сказаў я.
— Яны нічога не заўважылі. Працуюць.
Я намеціўся на дзірку ў кратах. З пад кратаў ужо зусім выразна чулася ціхае шчабятаньне і шолах руху. Я пачаў пільна глядзець уніз, у цемру. Там нічога нельга было ўбачыць і толькі адчуваўся рух. Раптам… я ускочыў на ногі. У кратах нешта бліснула, і я наугадзь ударыў ланцугом. Бліскучы прадмет, які аказаўся востраю пікаю, зьнік, але ўсьлед за ім зьявіўся другі. Я злавіў піку рукою і, ня гледзячы на супраціўленьне ўнізу, ауладаў ёю. У той-жа час у мяне паляцела яшчэ адна піка, але ня трапіла. Пасьля гэтага я павярнуў піку вострым канцом уніз і пачаў шалёна тыкаць ёю, уніз, адкуль пачуўся распачлівы піск, які даводзіў, што мае ўдары трапілі ў мэту. Кавор злавіў яшчэ адну піку, кінутую ў нас праз краты, і ён дзейнічаў ёю ня менш энэргічна, чым я. Мы так захапіліся сваімі заняткамі, што зусім забыліся аб селянітах, працуючых у пячорах, але яны самі напомнілі аб сабе. Каля мае галавы прасьвісьцела кінутая сякера, ударылася аб сьцяну і ўпала мне пад ногі.
Я абярнуўся і ўбачыў натаўп гэтых страшыдлаў, якія насоўваліся на нас, грозна размахваючы сякерамі. Гэта былі невялікія, прыземістыя фігуры, вельмі мала падобныя на тых селянітаў, з якімі нам давялося мець справу раней.
Я крыкнуў Кавору:
— Ахоўвайце краты!
Сам я зароў, каб паказацца больш страшэнным, і кінуўся на селянітаў. Мой разьлік быў правільным. Двое ці трое з іх кінулі ў мяне свае сякеры, але сполах перашкодзіў ім цэліцца, і сякеры праляцелі паўз мяне. Потым яны павярнуліся і кінуліся наўцёкі. Я ніколі ня бачыў такога перапуду.
Я ведаў, што піка магла даць мне мала карысьці. З гэтае прычыны я прасьледаваў селянітаў толькі да першай груды туш, потым пасьпяшыў схапіць адзін з вагароў, якія ляжалі на падлозе. Вагар быў досыць важкім, але ўсё-такі я схапіў і другі вагар, для другой рукі, а піку кінуў. Селяніты адбеглі ад мяне на значную адлегласьць і спыніліся. Я пагразіў ім сваімі вагарамі і абярнуўся да Кавора.
Ён скакаў каля крат і калоў уніз сваёй паламанай пікай. Гэта было дастаткова прынамсі на час, каб затрымаць селянітаў унізу. Але што нам рабіць далей?
Мы былі літаральна прыціснуты да сьцяны. Заставаўся толькі адзін выхад — прарвацца скрозь натаўп разьнікоў. Зразумела, нам трэба было толькі ня траціць часу і дзейнічаць рашуча. Я бачыў, што натаўп селянітаў на другім канцы пячоры павялічваўся з кожнай сэкундай. У гэты час Кавор адскочыў ад крат і гучна крыкнуў:
— Я не магу... У іх ёсьць стрэльбы!
З-пад крат паказаўся худы і нязграбны селяніт, з нейкім складаным апаратам у руках. Ён спыніўся і, як відаць, пачаў меціцца. Рабіў ён гэта зусім дзіўна, прыкладаючы свой апарат да жывата.
Я гучна закрычаў, каб перашкодзіць меціцца, і кінуўся ўперад. Аднак, выявілася, што яго апарат зусім ня быў падобным на стрэльбу. Хутчэй за ўсё гэта быў складаны лук. У паветры пачуўся сьвіст, і ўсьлед за тым я адчуў лёгкі боль у плячы. Я не паваліўся, і боль быў вельмі нязначны, быццам нешта каўзнулася па маім целе. Я абмацаў плячо рукой. Выявілася, што там тырчэла нешта накшталт пікі. У наступнае імгненьне я падбег да крат, махнуў сваім вагаром, і ад ваяўнічага селяніта застаўся адзін успамін.
Я лёгка выцягнуў з пляча піку і пачаў працаваць скрозь краты. Пры кожным удары чуўся піск. Урэшце, я з усёй сілай кінуў піку ўніз, схапіў вагар і пабег да натаўпу, які сабраўся ў глыбіні пячоры. Мне здалося, што кожны мой скачок працягваецца вечнасьць. Пачуўся тупат Кавора, які пабег усьлед за мною.
Чым далей я пасоўваўся ўперад, тым шырэй рассоўвалася пячора і тым гусьцей рабіўся натаўп селянітаў. Некаторыя з іх беглі мне насустрач, махаючы сякерамі. Здалёк былі відаць піканосцы ў шлемах, — наогул надыходзіла сур’ёзная бойка. Каля мае галавы прасьвісьцела кінутая піка і глыбока ўпілася ў адну з каровіных туш. Другая піка ударылася аб каменную падлогу каля маіх ног. Потым паветра напоўнілася сьвістам і сіпеньнем. Я зразумеў, што ў мяне страляюць залпамі. Я кінуўся ў прамежак паміж кароўімі тушамі і прысеў там, ледзь пераводзячы дых. Праз некалькі сэкунд да мяне далучыўся Кавор. На яго твары ад хваляваньня дрыжэлі ўсе мускулы.
Далейшы плян мне рысаваўся такім чынам: мы павінны шпарка перабягаць ад аднаго шэрагу туш да другога, карыстаючыся імі, як прыкрыцьцямі, а потым, калі мы наблізімся да выхаду з пячоры, мы зробім рашучую вылазку і паспрабуем прабіцца на волю.
Я зараз-жа пасунуўся ўперад. Хоць цесната перашкаджала нам скакаць, але ўсё-такі мы рухаліся значна шпарчэй за селянітаў і мільгалі паміж тушамі так нечакана, што хмары кінутых пік кожны раз спазьняліся.
Але прамежкі паміж тушамі рабіліся ўсё шырэй. Тады я ўспомніў пра адну ваенную хітрасьць. На хаду я сарваў з сябе куртку, надзеў яе на залатую штангу і пакінуў гэта паміж тушамі. Зараз-жа ў гэта пужала панесьліся залпы. Мы скарысталі гэта і адразу прабеглі вялікі адчынены прастор.
— Бэдфорд! — прасіпеў Кавор. — Глядзеце: белае сьвятло! Там, угары!
Я глянуў і, сапраўды, убачыў палоску белага сьвятла, вельмі падобнага на дзённы. Гэта, здалося падвоіла мае сілы.
— Не адставайце! — крыкнуў я Кавору.
Стрэлы ўсё яшчэ былі накіраваны на маю няшчасную куртку, якая пасьпела ператварыцца ў шчаціну з пік. Я выхапіў з курткі штангу, кінуў куртку і крыкнуў Кавору:
— Уперад!
Я зрабіў вялікі скачок і паляцеў проста на натаўп селянітаў, размахваючы двума цяжкімі вагарамі.
Я шалёна зьнішчаў селянітаў направа і налева. Наш напад быў для іх настолькі нечаканым, што яны нават не абараняліся і не ўцякалі. Мне здалося, быццам я пракладваю сабе дарогу сярод вялізарных грыбоў, якія пад маімі ўдарамі разляталіся пырскамі. Аднак, хутка селяніты ачухаліся ад першага аслупянення. Навокал мяне зноў засьвісьцелі пікі. Адна з іх параніла мяне ў шчаку, другая — упілася ў плячо.
Аднак, усё гэта я зразумеў толькі пазьней. У той час я адчуваў толькі, што навокал мяне ляцяць пырскі нечага мокрага, што я наступаю на нешта распоўзлае пад маімі нагамі, пісклівае і крыклівае. Урэшце, я прарваўся. Вялікімі скачкамі я праляцеў праз натаўп селянітаў. Перада мною адчыніўся прастор. Селяніты засталіся ззаду і з піскам разьбегліся ва ўсе бакі. Я кінуў мімаходзь погляд на мёртвыя целы, якімі была закідана падлога пячоры.
Потым я пабег за Каворам, які клікаў мяне далей.
XVI. Сонечнае сьвятло
правіцьПерад намі хутка паказаўся шырокі прастор, заліты слабым белым сьвятлом. Потым мы трапілі ў нейкую бакавую галярэю і праз яе вышлі ў вялізарную круглую капальню. Па сьценах гэтай капальні ўгару і ўніз вілася вузкая дарожка, бяз усякіх парэнцаў, дарожка рабіла некалькі абаротаў. Тут усё было вялізарна, тут усё было страшэнна вяліка. Я нават не магу ўявіць сабе гэтых памераў. Мы узьнялі галовы. Высока над намі была відаць круглая адтуліна, у якой на блакітным небе слаба мігцелі зоры. Частка вусьця капальні была ярка асьветлена сонцам. Адтуль на нас лілося земнае сьвятло! Мы абодва міжвольна ўскрыкнулі.
Я мацней сьціснуў ручкі сваіх вагароў і пайшоў угару. Кавор ішоў ззаду. Ён сказаў:
— Гэта той самы калодзеж, з якога яны на нашых вачох ссунулі века!
Мы шпарка ўзьнімаліся. Дарога ішла настолькі крута, што на зямлі мы па ёй напэўна ня ўзыйшлі-б. Усяго нам давялося прайсьці па сьпіралі ня менш чатырох міль. На шляху мы сустрэлі толькі двух селянітаў, ды і тыя, калі ўбачылі нас, зараз-жа схаваліся. Як відаць, яны ўжо чулі пра нашу сілу і нашы ўчынкі. Урэшце, сьпіральная дарога прывяла нас у шырокі просты тунэль, які крута ішоў угару. Гэты тунэль быў вельмі кароткім, і падаючае з вышыні сьвятло асьвятляла яго да самага канца.
Хутка ў тунэлі зрабілася значна сьвятлей. Потым угары зьявілася асьветленае вусьце, аблямаванае востраліснымі расьлінамі. Да вусьця вяло жарало, якое ўзьнімалася амаль што старчакова, і расьліны чорнымі сілуэтамі вызначаліся на ярка асьветленым фоне.
Урэшце, мы выйшлі з тунэлі. Стомленыя, ледзь перасоўваючы ногі, мы ішлі па аголеных каменьнях, лезьлі на нейкія ўзгоркі і, урэшце, задыхаючыся, селі ў цяньку застылага патоку лавы. Нават у цені каменьні былі гарачымі.
— Кавор, — сказаў я, — што-ж нам цяпер рабіць? І што будуць рабіць селяніты?
— Ня ведаю. Мы ня можам здагадацца, што яны будуць рабіць.
Я задумаўся. Праз некаторы час я сказаў:
— Вядома, перш-на-перш мы павінны знайсьці наш балён. Калі-ж нам гэта ня ўдасца, то да наступленьня ночы нам трэба зноў апусьціцца ў капальню і пачакаць унізе наступленьня чарговага дню. Іншага выхаду няма. Мы павінны будзем, у крайнім выпадку, зноў змагацца з селянітамі.
Я глянуў навакол. У выніку нязвычайнага разьвіцьця расьлін, частка якіх ужо пасьпела засохнуць, ляндшафт зусім зьмяніўся. З каменнага грэбеню, на якім мы сядзелі, адчыніўся шырокі ландшафт на ваколіцу, пакрытую расьліннасьцю, якая цяпер, у канцы месячнага дня, хутка вяла і засыхала. Далёка раскінуліся цынамонавыя сенажаці, на якіх нядаўна пасьвіліся месячныя каровы, а ў далечы, залітыя сонечным сьвятлом, чарнелі і самыя каровы, якія былі цяпер адны.
Селянітаў цяпер ня было відаць. Магчыма, што пры нашым зьяўленьні яны схаваліся ва ўнутраныя тунэлі, ці, можа, яны заўсёды адыходзілі, выгнаўшы кароў на паверхню месяца.
— Як вы думаеце, колькі часу мы прабылі на месяцы? — спытаў у мяне Кавор.
— Ня больш двух земных дзён.
— Ня менш дзесяці! — рашуча сказаў ён. — Паглядзеце: сонца ўжо прайшло праз зеніт і хіліцца на захад.
— Але… мы-ж толькі два разы елі!
— Я ведаю. Справа ў тым, што мы знаходзімся зусім у асаблівых умовах. З гэтай прычыны зьмяніліся і ўсе адпраўленьні нашага організму.
— Дзесяць дзён… колькі-ж часу, па вашых разьліках, нам давядзецца зноў прабыць унізе, калі мы цяпер ня знойдзем балёну?
— Каля чатырнаццаці дзён.
— Значыць, цяпер праз чатыры дні павінна надыйсьці ноч?
— Так.
— Кавор! У такім выпадку мы не павінны траціць ніводнай хвіліны. Трэба шукаць балён! Я думаю, што нам куды карысьней будзе падзяліцца і накіравацца кожнаму на самастойныя пошукі. Мы прымацуем на відным месцы хусьцінку, і яна будзе нам паказваць месца збору. Калі хто-небудзь з нас знойдзе балён, то ён адзначыць свой шлях якімі-небудзь прыметнымі адзнакамі і зараз зьвернецца да гэтай хусьцінкі. Такім чынам мы напэўна ня згубім адзін аднаго!
Я ўстаў. Кавор таксама.
Праз некалькі імгненьняў ён пайшоў. Зрабіўшы некалькі крокаў, ён спыніўся, абярнуўся да мяне і сказаў:
— Да пабачэньня.
Ён прысеў і потым скокнуў на поўнач. За першым скачком пасьледваў другі. Я паглядзеў яму ўсьлед, потым абярнуўся на захад, абраў месца для скачка і з адчуваньнем чалавека, які скача ў сьцюдзёную ваду, паляцеў наперад.
Калі я праз некалькі скачкоў глянуў у той бок, куды накіраваўся Кавор, я яго больш ня ўбачыў. Хусьцінка, аблітая сонечнымі праменьнямі, вісела на сваім месцы. Я цьвёрда парашыў, што-б са мною ні здарылася, ня выпушчаць з вачэй гэты маяк.
Некаторы час я аглядаў мясцовасьць з напружанай увагай, не прапушчаў ніводнага кутку, але потым я міжвольна пачаў падавацца паслабляючаму ўплыву сьпякоты і рэдкага паветра. Урэшце, я сеў адпачыць на краі глыбокага сухога басейну, закіданага дробнымі каменьнямі, сярод якіх віднеліся напалову ссохлыя хмызьнякі. Я паклаў побач з сабою свае залатыя вагары і зусім спакойна пачаў аглядваць безнадзейна аднастайную мясцовасьць. Але нават у становішчы поўнай апатыі я заўважыў, што абкружаючыя мяне каменьні былі сьпярэстаны буйнымі жыламі золата, што залатыя самародкі блішчэлі з-пад сухіх паўзучых расьлін.
Я адчуваў сябе разьбітым фізычна і духоўна. Мае думкі пачалі блытацца, завалакліся туманам, страцілі пэўны кірунак. Я не адчуваў цяжару ў целе, ці стомленасьці, але ўсё-такі пасьля нэрвовага напружаньня надышла рэакцыя.
Ва ўсякім выпадку, я заснуў.
Сон на месяцы, праўда, значна падмацаваў мяне, але затое, калі я прачнуўся, сонца ўжо досыць значна схілілася да небасхілу і сьпякота стала менш адчувальнай. Як відаць, я праспаў досыць доўга. Мяне абудзіў нейкі крык, які пачуўся здалёк. Я ўстаў на ногі і рашыў зараз-жа аднавіць пошукі балёну. Я ускінуў на плечы свае залатыя дубіны і пайшоў.
Сонца стаяла куды ніжэй, чым раней. У паветры адчувалася прохаладзь. Я ўзьняўся на высокую скалу і агледзеўся. Усё навакол было мёртва і ціха. Ня было прыкметна ніякіх сьлядоў ні Кавора, ні селянітаў. Толькі мая хусьцінка бялела здалёк, на калючках.
Я накіраваўся далей. Зрабіўшы вялікі паўкруг, я парашыў зрабіць яшчэ дугу ў іншым кірунку. Між тым, паветра прыкметна сьвяжэла. Цені ад скалаў рабіліся цямней і даўжэй.
Ва мне ўсё больш настойліва давала сябе адчуваць жаданьне сустрэцца з Каворам. Сонца апусьцілася настолькі, што ледзь не датыкалася небасхілу. Мяне непакоіла думка, што селяніты хутка зачыняць усе свае выхады, і мы застанемся ва ўладзе жудаснай месячнай ночы.
Неабходна было спыніць пошукі і параіцца адзін з адным. Трэба было вырашыць пытаньне, што рабіць далей. Балёну мы не знайшлі, для працягваньня пошукаў ня было часу, а калі селяніты зачыняць свае капальні, мы загінем.
Я кінуў марыць аб балёну і думаў выключна аб сустрэчы з Каворам.
Я ўжо накіраваўся назад да хусьцінкі, як раптам… убачыў наш балён!
Я не магу сказаць, што знайшоў яго: хутчэй ён знайшоў мяне. Балён ляжаў досыць далёка на захад, куды я, напэўна, ніколі не дайшоў-бы, але косыя праменьні сонца адлюстроўваліся ў яго шкляных сьценках, і гэты бляск міжвольна зьвярнуў на сябе маю ўвагу. Я ад радасьці гучна закрычаў і шпарка паляцеў проста на балён. Я спатыкаўся, падаў, але ўсё-такі ляцеў уперад. Разы тры я павінен быў спыняцца, і ня гледзячы на рэдкае паветра, пот струменіў па маім твары. Урэшце, пасьля аднаго асабліва рызыкованага скачка, я ўдарыўся проста аб шкляную сьценку балёну і зваліўся побач з ім. Я ляжаў, задыхаўся ад хваляваньня і хрыпеў:
— Кавор… Я знайшоў балён… Кавор!..
Калі я крыху прыйшоў у сябе, то праз шкло заглянуў у сярэдзіну балёну. Усе нашы рэчы былі цэлы. Я зрабіў невялікую натугу, падскочыў, ухапіўся рукою за край уваходнай адтуліны і пралез у яе. Века ляжала там, дзе я паклаў яго, наогул нічога ня было закранута. Я паклаў свае залатыя вагары на мяккі скрутак і крыху падсілкаваўся. Потым я ўспомніў, што трэба сьпяшацца да хусьцінкі, каб падзяліцца маёй радасьцю з Каворам.
Я вылез з балёну і здрыгануўся. Холад моцна даваў сябе адчуваць. Я стаяў у катлавіне і аглядваўся. Я добра прыгледзеўся да мясцовасьці, каб зноў не заблудзіцца, і зрабіў скачок да той скалы, на якую я ўпяршыню скокнуў на месяцы.
Навакол усё мела яркі адбітак блізкай сьмерці. Лісьце завяла, кактусы зморшчыліся і схіліліся ўніз, грыбы ляжалі бясформенай масай. Калючы хмызьняк, узьняты мэтраў на дзесяць, цяпер пабурэў і высах. На верхніх галінах хмызьняку як гранкі вінаграду, вісела насеньне, цынамонавае, зусім сьпелае. Хмызьняк зрабіў сваю справу і цяпер блізкі быў да сьмерці ў мерзлым паветры, — чакаў набліжэньня ночы. Вялізарныя кактусы, узьнятыя перад нашымі вачмі, ужо даўно параскідалі свае споры-зароднікі ва ўсе кірункі.
Я азірнуўся, каб знайсьці месца, адкуль можна было-б падаць знак Кавору. Я ўбачыў скалу, на якую Кавор скокнуў у першы раз. Адно імгненьне ва мне варухнулася баязьлівасьць адыходзіць ад балёну, але потым я адчуў голас сумленьня і скокнуў.
Са скалы я мог бачыць досыць далёка. У далячыні, там, дзе зьнікаў мой страшэнны цень, відаць была белая хусьцінка. Кавора ня было нідзе, хоць па ўмове ён павінен быў за гэты час аб сабе паведаміць.
Я стаяў і чакаў, прыкрыўшы вочы рукамі. Напэўна, я прастояу так вельмі доўга. Я прабаваў крычаць, але ў рэдкім паветры гукі былі слабымі.
Я ведаў, што трэба дзейнічаць рашуча, калі я хочу выратаваць Кавора. Я скінуў з сябе куртку на хмызьнякі, каб заўважыць месца. Потым я проста паляцеў да хусьцінкі. Мяне ад яе адлучала адлегласьць міль у дзьве, г. зн. некалькі сот скачкоў. Я ўжо казаў пра тое, што ў часе скачка на месяцы даводзіцца быццам вісець у паветры. У часе гэтых палётаў я пільна шукаў вачмі Кавора і зьдзіўляўся, куды ён мог дзецца. Пры кожным скачку я заўважаў, як сонца спушчалася ўсё ніжэй і ніжэй. Апошні скачок, — і я стаяў каля хусьцінкі. Я пільна аглядзеўся.
Ніякіх адзнак Кавора ня было.
Я крыкнуў:
— Кавор!
Але мой голас ледзь быў чутным мне самому, і я зразумеў дарэмнасьць крыку ў гэтым рэдкім паветры.
Раптам я заўважыў нейкую яркую пляму, якая, відаць была на суседняй пляцоўцы. Раней яе ня было. Я скокнуу туды і знайшоў… мяккую шапачку, якая была на галаве Кавора. Хмызьнякі навокал былі пакамечаны, і паламаны, быццам тут адбывалася барацьба. На каменьнях віднеліся цёмныя плямы… крыві! Я сумна агледзеў гэтыя страшэнныя сьляды. Узьняўся лёгкі ветрык, які зусім нечакана, разам з сухім лісьцём прынёс мне яшчэ вестку пра беднага Кавора. Каля маіх ног пракаціўся невялічкі белы клубочак. Я нахіліўся, узяў яго… Гэта была скамечаная паперка. Я разгарнуў яе, разгладзіў і ўбачыў сярод плям крыві ледзь прыкметныя радкі алоўка.
Вось што я прачытаў.
«У мяне папсавана нага; здаецца, разьбіта чашачка голені. Я не магу ня толькі ісьці, але нават паўзьці».
«Яны мяне даўно прасьледуюць. Мой палон — толькі пытаньне»…
«Яны мяне зусім абкружылі».
Пасьля гэтага почарк робіцца нэрвовым, большасьць радкоў я зусім не прачытаў. З таго, што я з вялікай цяжкасьцю прачытаў, атрымаліся абрыўкі:
«…Я чую іх галасы… другая парода селянітаў… распараджаюцца разумна… вялікія галовы, стройныя тулавы… вельмі кароткія ногі… хоць я ляжу бездапаможным… не стралялі і не спрабавалі… я спадзяюся…»
Потым праз увесь кавалак паперы ішла рыса, як быццам руку з алоўкам сілаю адцягнулі.
Покуль я разглядваў знаходку, да маёй рукі раптам датыкнулася нешта мяккае сьцюдзёнае. Я глянуў і ўбачыў сьняжынку.
Я здрыгануўся і глянуў навакол. Неба ўжо амаль зусім пачарнела і было густа засеяна зорамі. У кірунку да ўсходу месяц быў апушчаны ў чорную цемру і адтуль дыхала сьцюдзёная сьмерць. На захадзе сонца амаль што на тры чвэрткі схавалася за небасхіл. Наляцеў парыў сьцюдзёнага ветра, і я раптам апынуўся ў сьнежнай завірусе. Цемра згушчалася з кожнай сэкундай.
Потым я пачуў тыя-самыя мэталёвыя гукі, якія чуліся перад тым, як рассунулася века над капальняй:
Бум… бум… бум…
Гукі расьлі, рабіліся гучней, зьбіваліся ў агульны гул. Я абярнуўся да вусьця каналу якраз у той момант, калі над ім павольна зачынілася века, быццам зачынялася вока волата.
У маім мазгу, як маланка, бліснула думка, што праз некалькі хвілін для мяне ўжо ня будзе ратунку.
Я адкінуў у бок скамечаную паперку, вялікімі скачкамі паляцеў туды, дзе відаць была пакінутая мною камізэлька. Холад пачынаў скоўваць мае члены і перашкаджаць мне вольна рухацца.
Паветра з гучным сьвістам урывалася пры дыханьні ў мае лёгкія і рэзала іх як нажом. Кожны стук сэрца адзываўся ў галаве цяжкім ударам молата. У мазгу была толькі адна думка:
«Ці пасьпею?.. ці пасьпею?..»
Урэшце, у цемры амаль што надыйшоўшай ночы я ўбачыў балён. Ад хваляваньня я настолькі аслаб, што ўжо ня мог зрабіць апошняга скачка. Я ўпаў на рукі і папоўз. Мае губы, нос, вушы, вочы пачалі пакрывацца тоўстым пластам шэраню. З вусоў зьвесіліся лядзяшкі, рукі і ногі адмаўляліся слухацца, але я ўсё-такі яшчэ поўз…
Балён набліжаўся. Мяне адлучалі ад яго толькі восем мэтраў. Перад вачыма ў мяне цямнела.
Вось я даткнуўся да балёну рукой.
Я так-сяк узьняўся на ногі… скокнуў, і сеў на край уваходнай адтуліны.
Я зрабіў апошнюю натугу і ўлез у сярэдзіну балёну. Там было троху цяплей, чым звонку. Усьлед за мной уляцелі і закружыліся сьняжынкі. Я схапіў адубелымі рукамі века і пачаў яго зашрубоўваць. Рукі ня слухаліся, балелі. Я плакаў, але зашрубоўваў. Урэшце, адтуліна была зачынена наглуха. Я лягчэй уздыхнуў.
Сярод халоднае імглы я пачаў шукаць выключальнікі, якія прыводзілі ў рух вонкавыя шторы і да якіх я раней не датыкаўся. Я ў жудасьці ўяўляў сабе, што мэханізмы адмовяцца дзейнічаць.
Але вось у мяне пад рукамі пачулася знаёмае лясканьне, шкло завалаклося цёмнай масай, і я застаўся сярод поўнай цішыні і цемры ў міжплянэтнай сфэры.
XVII. У міжплянэтным прасторы
правіцьМае пальцы яшчэ сьціскалі выключальнік, але я ўжо нічога не адчуваў. Потым я інстынктыўна распасьцёр адубелыя пальцы і паплыў да цэнтру балёну, дзе ўжо апынуліся ўсе прадметы.
Я адпіхнуўся ад рэчаў, абмацаў рукамі шнуркі, якія ішлі ўздоўж шкла, дапоўз па іх да ўваходняй адтуліны каб вызначыць напрамак, у якім знаходзяцца выключальнікі. Урэшце, я знайшоў іх і перш-на-перш запаліў электрычную лямпачку.
Потым я пусьціў з цыліндру крыху тлену. Пасьля, калі ўжо дыхаць стала лягчэй, я прывёў у рух ацяпленьне. Хутка ў балёне адчулася прыемная цяплыня. Я выключыў печ і ўзяўся за ежу. Праз некаторы час я адчуў сябе настолькі бадзёра, што парашыў адчыніць якую-небудзь штору і паглядзець, у якім становішчы знаходзіцца мой балён.
Першую штору я пратрымаў адчыненай усяго толькі імгненьне, бо праз шкло хлынула хваля асьляпляючага сонечнага сьвятла. Я адчыніў штору ў супроцьлеглай сьценцы. Тут перада мною зьявілася нечаканае відовішча: аграмадны асьветлены серп месяца, а за ім — серп нашай земнай кулі. Я быў зьдзіўлен шпаркасьцю, з якою я адляцеў ад месяца. Я не разьлічыў таго, што не адчую на месяцы «ўдару», прычынай якога пры нашым адлёце з зямлі была шчыльная атмосфэра, але што «тангентыяльны размах» абарочваньня месяца, прынамсі, 28 разоў меншы «размаху» зямлі. Я меркаваў, што бачыў месячны кратэр, дзе мне давялося перажыць шмат жудаснага, а паміж тым я апынуўся ад паверхні месяца на адлегласьці шмат тысяч міль! Я пачаў абдумваць магчымасьць свайго звароту на зямлю. Я пачаў уяўляць, якія для гэтага трэба ўжыць меры. Я патануў у вырашэньні гэтай цяжкай задачы.
Урэшце, я прышоў да вываду, што павінен наблізіцца да месяца, потым шпарка зьмяніць напрамак руху, праляцець каля месяца, і, увайшоўшы ў галіну прыцяжэньня зямлі, адчыніць абернутыя да яе шторы. Але пры гэтым я пэўна ня ведаў, ці траплю я сапраўды на зямлю, ці ў якасьці новага спадарожніка буду бездапаможна апісваць навакол яе якую-небудзь параболу. Потым мне прышла шчасьлівая думка. Адчыняючы шторы, абернутыя да месяца, я зьмяню кірунак палёту балёну і накірую яго да зямлі.
Я так і зрабіў. Калі я адчуў, што балён ляціць з дастатковай хуткасьцю, я зачыніў ўсе шторы і пачаў чакаць далейшага.
Печ досыць ацяпліла балён, паветра было адноўлена тленам, і я адчуў сябе добра, калі ня лічыць лёгкага цяжару ў галаве. Я пагасіў сьвятло з баязьлівасьцю страціць вельмі шмат электрычнасьці, адчыніў вокны, абернутыя да зямлі, і застаўся пры бедным сьвятле зямлі і мігцеўшых на чорным фоне зор.
XVIII. Містэр Бэдфорд у Літльстоне
правіцьКалі мой балён ўвайшоў у земную атмосфэру, лінія яго палёту была амаль што паралельна да акружыны зямлі. Тэмпэратура ў сярэдзіне балёну шпарка ўзьнімалася, і я зразумеў, што хутка пачнецца сапраўднае паданьне. Далёка, удоле я ўжо бачыў смутныя абрысы акіяну, сухазем’яў. Я адчыніў усе шторы, абернутыя да земнай кулі, і шпаркасьць паданьня адразу павялічылася.
Дыск земнай кулі павялічваўся з кожным імгненьнем, з кожным момантам, і хутка я ня бачыў нічога, апрача паверхні зямлі.
Зямля ўжо перастала здавацца куляй і набыла выгляд роўніцы. Мой балён, урэшце, паляцеў з такою шпаркасьцю, што я зачыніў усе шторы і пакінуў толькі невялічкую шчыліну, ня больш аднэй цалі.
Цяпер я зразумеў, што мой балён ляцеў проста на вялікі вадзяны прастор. Шкло каля адчыненай шчыліны настолькі распалілася, што да яго нельга было датыкнуцца. Я шпарка зачыніў апошнюю штору і пачаў чакаць далейшых падзей.
Я ня чуў гуку паданьня, бо гукавыя хвалі затрымліваліся пластам каворыту і праходзілі ў сярэдзіну балёну, але раптам я адчуў страсеньне і паваліўся. Я шпарка адчыніў ніжнія шторы. Я адчуў, што яшчэ падаю. Потым сьценка балёну нечакана пачала ціснуць на мае падэшвы. Я зразумеў, што балён упаў на ваду, і цяпер, як пухір, узьнімаецца на яе паверхню. Хутка плаўнае калыханьне паказала, што балён плавае па вадзе. Маё вандраваньне можна было лічыць скончаным. Я адчыніў усе шторы і апынуўся ў шкляным балёне. Усё навакол было ахутана імглою ночы.
Я папрабаваў запаліць лямпачку, але гэта мне не ўдалося. Як відаць, запас электрычнасьці скончыўся. Я зразумеў, што мне давядзецца чакаць покуль надыйдзе дзень, — лёг і у момант заснуў, як забіты. Калі я прачнуўся, навакол мяне было сьветла. Балён ужо не калыхаўся па хвалях, а стаяў нярухома. Я прыціснуўся тварам да шкла. Выявілася, што хвалі выкінулі мой балён на жвірыстую мель. Здалёк відаць былі дамы і дрэвы. Сапраўдныя земныя дрэвы!!.
Я шпарка ўскочыў на ногі і захістаўся. Уваходная адтуліна прыходзілася ў мяне над галавой. Я з вялікай цяжкасьцю пачаў адшрубоўваць века. Пасьля некалькіх абаротаў века, па шрубовай нарэзцы ў балён пачало праходзіць звонку шчыльнае паветра, прычым пачулася быццам нейкае сіпеньне, якое я чуў на месяцы, калі з балёну выходзіла шчыльнае паветра. Але цяпер я ўжо не чакаў, покуль ціск вонкавага паветра параўнаецца з ціскам у сярэдзіне балёну. Я шпарка адчыніў века і паклаў яго да сваіх ног. Перада мною сінела роднае неба!
Зьмена паветранага ціску ўсё-ткі дала сябе адчуць. Я задыхаўся. Грудзі ўздымаліся настолькі моцна, быццам у ім працавалі кавальскія мяхі. Я захістаўся і павінен быў сесьці. Але гэтае няпрыемнае становішча працягвалася толькі некалькі сэкунд. Хутка я ачуняў, устаў і ўзяўся рукою за край адтуліны, каб вылезьці вон.
Пры гэтым рэзкім руху балён закалыхаўся, лёг на бок, і я зноў паваліўся.
Апынуўшыся на пяску, я адчуў, што ўсё маё цела быццам налілося волавам. Земнае прыцяжэньне давала сябе адчуваць: цяпер паміж мною і зямлёю ўжо ня было каворыту. Толькі цяпер я поўнасьцю ацаніў розьніцу ў моцы земнага і месячнага прыцяжэньня.
Глянуўшы налева, я ўбачыў характарны малюнак амэрыканскага морскага курорту: нязграбныя, вузкія дамы, сумныя асфальтавыя пляцоўкі і дарожкі, а ля самае вады — шэраг плеценых кабінак для распрананьня.
Я спытаў сам сябе, дзе я знаходжуся? Ва ўсякім разе, гэта — усходняе ўзьбярэжжа, бо, падаючы, я бачыў Эўропу.
Ззаду мяне пачуліся крокі, я абярнуўся і ўбачыў невялічкага чалавека з круглым, ветлівым тварам, апранутага ў сьветлы фланэлевы гарнітур, з купальным прасьцірадлам і купальным гарнітурам на плячы. Ён спыніўся і са зьдзіўленьнем разглядваў мой балён і мяне. Потым ён зьняў капялюш і далікатна сказаў:
— Добрай раніцы!
Я яму адказаў:
— Добрай раніцы!
Ён падышоў бліжэй і спытаў, паказваючы на шкляны балён.
— Скажэце, калі ласка, што гэта за штука?
— Скажэце, калі ласка, дзе мы знаходзімся? — адказаў я яму пытаньнем.
Ён паглядзеў на мяне вельмі зьдзіўлена і потым сказаў:
— Мы ў Літльстоне. А вы толькі што сюды прыбылі? Дазвольце даведацца, што гэта за балён? Напэўна, адмысловая машына.
— Так.
— Вы пацярпелі крушэньне на моры? Вас прыбіла да берагу? Так?
— Мне патрэбна дапамога, — сказаў я. — Мне трэба павыносіць і схаваць некаторыя рэчы, якія я не магу пакінуць ляжаць на беразе!
У гэты час я заўважыў некалькіх маладых людзей, у саламяных капялюшох, з прасьцірадламі на плечах. Яны падыходзілі да мора.
— Вам патрабна дапамога? — запытаў адзін малады чалавек. — Мы ўсе да вашых паслуг!
— Пойдзем у готэль, — запрапанаваў мой першы размоўнік. — Аб вашай маемасьці паклапоцяцца бяз вас.
Я падумаў і сказаў:
— Не, я павінен сам прасачыць за разгрузкай, бо там ляжаць вялікія залатыя штангі.
Яны зьдзіўлена пераглянуліся паміж сабою, потым недаверліва паглядзелі на мяне. Я моўчкі падышоў да балёну, улез у адтуліну і па чарзе падаў адтуль абодвы вагары і паламаныя ланцугі.
Маленькі тлусты чалавечак нагнуўся, узьняў канец аднаго з вагароў і зараз-жа апусьціў яго. Усе, па чарзе, зрабілі тое самае.
— Гэта волава ці золата! — сказаў адзін з іх.
— Не, гэта золата, — сказаў другі.
— Бязумоўна золата, — сьцьвердзіў трэці.
І ўсе яны зьдзіўлена глядзелі на мяне.
— Аднак, паслухайце! Адкуль вы узялі столькі золата? — запытаў мяне маленькі чалавек.
Я быў вельмі стомленым, каб прыдумаць хлусьню, і адкрыта сказаў:
— З месяца.
Новае недаверлівае зьдзіўленьне.
— Панове! — абярнуўся я да іх, каб абарваць нялоўкую маўчанку. — Зараз ня час растлумачвацца. Потым, калі я пад’ем, мы можам з вамі пагутарыць.
— А гэты балён?
— Пакіньце яго покуль тут. Яго ніхто не зьнясе, спадзяюся. Надыйдзе прыліў і яна будзе на вадзе.
І вось да готелю пацягнулася дзіўная процэсія: уперадзе ішоў я і цягнуў за сабою залаты ланцуг. За мною ішло чацьвёра людзей, якія несьлі на плячох аграмадныя кавалкі золата. Па дарозе да нас далучыліся дзьве дзяўчынкі з рыдлёўкамі, а потым худы хлапчук, год дванаццаці. Хлапчук соп і каціў вэлёсыпэд. Ён, аднак, ішоў за намі ня доўга. Я бачыў, як ён сеў на свой вэлёсыпэд і паехаў да берагу ў кірунку да балёну.
Праз гадзіну я ўжо сядзеў за ангельскім сьнеданьнем, еў з апетытам чалавека, які галадаў месяцы два, і стараўся задаволіць цікавасьць маладых людзей. Я сказаў ім усю праўду.
— Я прывёз золата з месяца.
— Як з месяца?
— Проста адтуль. У балёне.
Пры гэтых словах я пачаў есьці яйкі.
Між тым, мае размоўцы, як відаць, ня ведалі што падумаць пра мяне. Што яны лічылі мяне за манюку, было зразумела, але ўсё-такі золата, якое ляжала каля мяне, надавала ім пачцівасьць да маёй асобы.
— Скажэце, — абярнуўся да мяне адзін з маладых людзей. — Чаму вы ня хочаце нам расказаць… Вы-ж ня можаце сур’ёзна думаць, што мы паверым вашаму жарту? Мы разумеем, што вы жартуеце. Вы-ж жартуеце?
— Калі вам абавязкова хочацца, каб я жартаваў, то калі ласка: я жартую.
— Ён ня хоча сказаць нам праўды! — сказаў адзін з маладых людзей.
— Прашу вас ня думаць, што я вам хлушу. Але я прымушан хаваць адну таемнасьць. Даю вас слова гонару, што я прыляцеў з месяца, і больш я вам нічога не магу сказаць… Ня гледзячы на гэта, я вам вельмі ўдзячны. Спадзяюся, што я вас нічым не абразіў.
— О, ніколькі! — ласкава сказаў адзін малады чалавек.
Праз некаторы час маленькі чалавек зазначыў:
— Добрае надвор’е стаіць, праўда? Я не памятую, калі ў нас было такое лета…
— Трах! Жжж… — недзе недалёка ўзьвілася вялізарная ракета. З вакон паляцела шкло.
— Што здарылася?
Усе з выклікамі кінуліся да вокан.
У мяне мільганула жудасная думка.
— Гэты пракляты хлапчук! — закрычаў я, і стралою выляцеў з пакою. Я забыў аб сваёй зморанасьці і да берагу імчаўся вялізарнымі скачкамі.
Мора, якое толькі што ляніва каціла спакойныя хвалі, цяпер бялела лахматымі грэбнямі, а навакол таго месца, дзе толькі што ляжаў балён, літаральна бурліла, як пад вінтам параходу. Далёка на небе відаць была хмарка, якая шпарка зьнікала, — гэта было ўсё, што напамінала аб балёне! З усіх вакон выглядвалі зьдзіўленыя твары. У дзьвярах паказаліся людзі, якія сьпяшаліся да берагу.
Я стаяў зусім зьбіты з панталыку і нічога ня мог уявіць.
— Паслухайце! Гэта страшэнна! — замармытаў каля мяне маленькі чалавек. — Гэта-ж азначае… што вы казалі праўду наконт месяца…
Я кінуўся ў готель, паклікаў служку, загадаў прынесьці золата ў мой пакой, замкнуў дзьверы на ключ, кінуўся на ложак і пачаў абмяркоўваць усё тое, што здарылася.
Наш вопыт скончыўся поўнай няўдачай. Мы пацярпелі поўнае паражэньне, з якога жывым вышаў толькі я. Трэба было разьвітацца з марамі аб звароце на месяц, аб прывозе адтуль золата, аб аналізе каворыту і г.д.
Я застаўся зусім бездапаможным.
Вядома, было зразумела, што здарылася з хлапчуком. Ён залез у балён, пачаў цацкацца з выключальнікам, зачыніў каворытныя шторы і паляцеў. Ён цяпер плавае сярод балёну разам з нашымі дарожнымі рэчамі і ва ўсякім выпадку страчан для зямлі. У гэтым я быў упэўнены.
Я загадаў падаць сабе атраманту і паперы і напісаў ліст Нью-Рамнейскаму банку. Я напісаў, што жадаю адчыніць у банку рахунак і прашу прыслаць двух упаўнаважаных з фурманкай і добрым канём, каб забраць у мяне некалькі сотняў фунтаў золата.
Скончыўшы з гэтымі справамі, я загадаў падаць багатае сьнеданьне, добра пад’еў і закурыў.
Потым зьявіліся ўпаўнаважаныя ад банку, якія пры мне ўзважылі золата і павезьлі.
Потым я накрыўся коўдрай і заснуў.
Калі я прачнуўся, я адчуў у сабе досыць сілы, каб выступіць перад сьветам так, як я прызвычаіўся выступаць з таго часу, як стаў самастойным.
Я накіраваўся ў Італію і там пішу гэтыя радкі. Калі людзі не павераць майму апавяданьню, то няхай яны прымуць яго, як фантазію. Мне гэта ўсёроуна.
XIX. Ашаломліваючае паведамленьне м-ра Юлія Ўэндыга
правіцьЯ напісаў свае ўспаміны і паставіў пад імі слова «Канец», бо ніколькі не сумняваўся, што гэта работа сапраўды скончана, што гісторыя першага наведаньня месяца людзьмі напісана.
Аднак, мне давялося ўпэўніцца, што мае месячныя прыгоды яшчэ ня скончаны. Я паехаў вандраваць, і раптам у Алжыры мяне даганяе тэлеграма, якая мяне зьдзівіла, як пярун.
Нехта Юлі Ўэндыг, галяндац-электратэхнік, які рабіў вопыты з прыборамі, падобнымі на апараты фізыка Тэсла, і спадзяваўся наладзіць зносіны з Марсам, тэлеграфаваў мне з Швэйцарыі, што з некаторага часу яго апараты бяздротавага тэлеграфу рэгулярна прымаюць тэлеграмы на ангельскай мове, якія могуць ісьці толькі ад містэра Кавора, з месяца.
Я кінуў усё і пасьпяшыў у Швэйцарыю, дзе Ўэндыг працаваў у невялікай абсэрваторыі на Сэн-Готардзе. Я ахвотна згадзіўся з яго прапановай і застаўся жыць пры абсэрваторыі, каб дапамагаць яму разьбірацца ў паведамленьнях Кавора і, па магчымасьці, паспрабаваць паслаць на месяц адказ.
Мы даведаліся, што Кавор ня толькі жывы, але нават вольны.
Ён быў здароў, нават здаравей, чым ён адчуваў сябе на зямлі.
Кавор быў упэўнен, што я загінуў у міжплянэтным прасторы.
Першыя весткі з месяца містэр Уэндыг атрымаў, калі ён быў заняты зусім іншым дасьледваньнем. Чытач, бязумоўна, памятуе, што тое стагодзьдзе пачалося невялікім узбуджэньнем, якое выклікала заява Тэсла, што ён атрымаў весткі з Марса. Яго заява ізноў прыцягнула агульную ўвагу на той факт, што з невядомай крыніцы па прасторы бесьперапынку лятаюць электрамагнітныя хвалі, напамінаючыя хвалі, якімі Марконі карыстаецца для свайго бяздротавага тэлеграфу. Гэтыя хвалі даляталі да зямлі і цэлы шэраг вучоных спрабавалі вынайсьці апараты для прыёму і запісаў таямнічых хваль, хоць толькі нямногія бачылі ў іх весьнікаў з іншых плянэт. Да такіх нямногіх належаў містер Уэндыг.
Зробленыя містэрам Уэндыгам прыборы для запісу ледзь прыкметных электрамагнэсавых хістаньняў да зьдзіўленьня орыгінальны і дасьціпны. Гэтыя прыборы былі ўстаноўлены за месяцы два да спроб Кавора наладзіць зносіны з зямлёй.
Можна сабе ўявіць, як быў зьдзіўлены містэр Уэндыг, калі ён заўважыў, што сярод запісаў электрамагнэсавых хваль мільгае чыста ангельская мова. Містэр Уэндыг нічога ня ведаў аб нашым вандраваньні на месяц, і раптам… ангельская мова з міжплянэтнага прастору.
Я ня ведаю, якім чынам Кавор ухітрыўся пасылаць гэтыя весткі. Напэўна, што дзе-небудзь у нэтрах месяца яго дапусьцілі да ўдасканаленых электрычных апаратаў і ён змог скомбінаваць іх у нешта падобнае на прыбор Марконі. Гэтым прыборам ён карыстаўся часам на працягу трох ці чатырох гадзін без перапынку. Тады ён пасылаў на зямлю свае весткі, ня маючы на ўвазе таго становішча, якое зямля і месяц займалі адносна адно аднаго. У выніку гэтага, весткі Кавора атрымліваліся вельмі нерэгулярна.
Наогул, мы атрымалі каля паловы яго паведамленьняў, але і атрыманы матэрыял няпоўны, мае пропускі і скрыўленьні.
Першыя дзьве тэлеграмы Кавора для чытачоў маіх успамінаў ня маюць асаблівай цікавасьці. У іх падрабязна апісваецца пабудова балёну і наша вандраваньне. Усё гэта чытачы ўжо ведаюць. Пра мяне Кавор увесь час гаворыць, як пра загінуўшага.
З далейшых адрывачных вестак відаць, што Кавора апусьцілі ўніз праз вялікі калодзеж на «асаблівага роду паветраным балёне». Гэты калодзеж, ці правільней капальня, складае адну з частак вялізарнай сыстемы штучных капальняў, якія ідуць у сярэдзіне месяца прыблізна міль на сто. Гэтыя капальні злучаны паміж сабой безьліччу папярочных тунэляў. Яны на сваім шляху праходзяць праз вялізарныя кулявідныя пячоры. Наогул сярэдзіна месяца мае выгляд вялізарнай каменнай губкі. Частка гэтых пячор — прыродных паходзін, але значная частка з іх выдаўблена селянітамі. Тыя ўзгоркі, якія земныя астрономы бачаць навакол кратараў, зьяўляюцца скалістым матэрыялам, выкінутым пры даубаньні з сярэдзіны месяца, а тое, што людзі лічаць вульканічнымі кратэрамі, нішто іншае, як уваходныя адтуліны капальняў, зачыненыя вялізарнымі рухавымі векамі.
Такім чынам, Кавора апусьцілі ў капальню. Ён паведамляе, што на значнай глыбіні паказаліся каскады сьветлай вады, якая цякла да цэнтральнага мора. У ёй, па яго думцы, была растворана нейкая фосфорысцуючая матэрыя. На той-жа глыбіні «усе селяніты зрабіліся сьветлымі».
Урэшце, Кавор убачыў далёка ўдоле масу вады міжмесячнага мора, якое, «як сьветлае, гатовае ўскіпець, блакітнае малако», блішчэла, хвалявалася пералівамі. Гэта мора, — паведамляў Кавор пазьней, — не застаецца на адным месцы. Яно без перапынку рухаецца навакол месячнай восі. У яго вадзе часта даводзіцца наглядаць дзіўныя плыні, хваляваньні, а часам на іх узьнімаюцца сапраўдныя буры, і тады ў суседніх пячорах, тунэлях і капальнях выбухаюць моцныя навальніцы. Вада сьвеціцца толькі ў час шпаркага руху. У становішчы адноснага супакою яна зусім чорная. Селяніты езьдзяць па вадзе ў невялічкіх плоскіх чаўнах. Мне таксама дазволены цяпер такі спосаб перасоўваньня.
Зьвіліны, па якіх даводзіцца плысьці, вядомы толькі вопытным лоцманам. Мне казалі, што вельмі шмат селянітаў назаўсёды гіне ў гэтых лябірынтах. У іхных найбольш захаваных куткох жывуць страшыдлы, якія да гэтага часу, ня гледзячы на высокае разьвіцьцё навукі селянітаў, нельга зьнішчыць. Асабліва небясьпечна нейкая Рафа, якая складаецца з вялізарнага клубка кольцаў і мацальнікаў. Калі адсячы кавалак такога мацальніка, дык ён зараз-жа вырастае ў новую цэлую Рафу. Потым мне яшчэ называлі Чы, страшыдла, якога яшчэ ніхто ня бачыў, бо яно забівае здалёк, выкідваючы нейкія дробненькія цельцы бязумоўна сьмяротныя.
У часе паездкі я ўспомніў прачытанае мною пра мамонтавыя пячоры. Скалы навакол нас былі разнастайныя, часам зусім чорныя, часамі — стракатыя ці блакітныя. Часамі яны блішчэлі і іскрыліся, быццам мы трапілі ў царства дыяментаў. Пад вадою, залітай фосфорычным сьвятлом, мільгалі і зьнікалі сьветлыя рыбы. Часамі адчыняўся сіняваты канал, з мостам ці прыстаньню, або над нашымі галовамі адкрывалася вялізарная капальня, адна з артэрый месячных шляхоў зносін.
У вялікай сталактытавай пячоры мы сустрэлі рыбаловаў. Мы далучыліся да іх. У рыбаловаў крывыя ногі і моцна разьвітыя рукі.
Лавіць рыбу яны накіроўваюцца ў вялікіх лодках. Ловяць вялізарнымі невадамі, з цяжкімі залатымі грузамі, бо вядомая рыба водзіцца на значнай глыбіні. Пры мне ў выцягнутай сетцы, паміж іншымі; аказалася нейкая страшэнная чорная жывёла з многімі нагамі. Яна надзвычайна шпарка рухалася. Яе зьяўленьне выклікала сярод рыбаловаў перапалох і выгукі жудасьці. Яны шпарка пасеклі яе сякераю, але асобныя чорныя часткі яшчэ доўга трапяталі.
Паверхня гэтага мора знаходзіцца, напэўна, на 200 міль ніжай паверхні месяца. Я бачыў, што ўсе месячныя гарады пабудаваны блізка ад гэтага цэнтральнага мора ў такіх пячорах і штучных галярэях, якія я ўжо апісваў. З вонкавым сьветам гарады злучаюцца пры дапамозе вялізарных вэртыкальных капальняў, якія заўсёды ўваходзяць у тыя «кратэры», што наглядаюць астрономы з зямлі. Яшчэ да майго палону я бачыў века, якое зачыняе адтуліну такой капальні.
Зусім зразумела, што гэтыя вэртыкальныя капальні і расьліннасьць на паверхні месяца адыгрываюць значную ролю ў вэнтыляцыі жылой часткі месяца і падтрыманьня там сьвежай, цёплай атмосфэры. Часамі, галоўным чынам у першы час пасьля майго вызваленьня з вастрогу, па капальні струменілася халоднае паветра ўніз, а потым гарачае паветра ляцела ўгару».
Астрономы і фізыкі казалі мне, што ўсё паведамленае Каворам адпавядае таму, што да гэтага часу вядома аб месяцы. Містэр Уэндыг кажа, што каб у астрономаў зямлі было больш рашучасьці і фантазіі, яны маглі-б прадказаць амаль усё, што Кавор паведаміў аб пабудове месяца. Яны ведаюць, што зямля і месяц зьяўляюцца ня столькі плянэтай і спадарожнікам, колькі дзьвюма роднымі сёстрамі. А з тае прычыны, што шчыльнасьць месяца складае толькі тры пятых шчыльнасьці зямлі, то бязумоўна, што яна ўся перакапана пячорамі.
Раз месяц парожны, то лёгка растлумачыць адсутнасьць на ім паветра і вады, як нам на першы погляд здаецца. Мора знаходзіцца ў цэнтры месяца, а паветра цыркулюе па пячорах, падначальваючыся звычайным фізычным законам. У пячорах месяца заўсёды дзьме вецер. У частцы, асьветленай сонцам, месяц награецца, награецца і паветра. Ціск паветра павялічваецца, паветра ўзьнімаецца на паверхню, у кратэр, дзе расьліны паглынаюць з яе вуглякіслату, у той час, як большая частка нагрэтага паветра цыркулюе па галярэях і замяняе сьцюдзёнае сьціслае паветра, якое ідзе з неасьветленай сонцам часткі месяца. Такім чынам, у галярэях бесьперапынна рухаецца паветра на ўсход, а ў капальнях у час месячнага дню паветра ідзе ўгару. Увесь гэты рух паветра, бязумоўна, робіцца вельмі складаным, дзякуючы зьвілінам галярэй дасьціпным вынаходніцтвам селянітаў.
XX. Прыродная гісторыя селянітаў
правіцьТэлеграмы Кавора, пачынаючы ад шостай і да семнаццатай, настолькі адрывачныя, у іх так многа паўтарэньняў, што з іх вельмі цяжка скласьці больш-менш складнае апавяданьне.
Думаю, што я досыць высьветліў, у чым падабенства бачаных мною селянітаў з людзьмі: у тым, што яны ходзяць на задніх канечнасьцях, якіх у іх чатыры. Селянітаў ён называе «зьвярынамі», хоць яны, бязумоўна, не падыходзяць ні да аднэй клясы земных стварэньняў. Ён памінае, што «на зямлі казяўкі, на шчасьце людзей, ніколі не разьвіваліся далей, параўнаўча, малых памераў». Самыя буйныя земныя казяўкі, што жывуць у наш час і што вымерлі, ніколі ня мелі ў даўжыню больш за шэсьць футаў. «Але тут, пры меншай вазе месяца, стварэньні, якіх можна аднолькава далучыць як да казявак, так і да пазванковых, могуць, здаецца, дасягаць звыш-чалавечых памераў». Селяніты маюць вялікую рознастайнасьць форм. Па думцы Кавора, яны перагналі чалавека сваёй інтэлігентнасьцю моральнымі асновамі і соцыяльнай мудрасьцю. Замест чатырох ці пяці розных форм мурашак, сярод селянітаў можна налічыць безьліч розных форм.
Здаецца, што Кавор зрабіў гэтае адчыненьне вельмі хутка. Гэты вывад я раблю згодна яго паведамленьня, што яго ўзялі ў палон пастухі, якімі кіравалі іншыя селяніты «з вялікімі галовамі і больш кароткімі нагамі». Калі яны ўбачылі, што ён ня можа ісьці нават пад уколамі пік, яны яго панесьлі, перанесьлі цераз вузкі мост, ісьці па якім я адмовіўся, і паклалі яго ў нешта накшталт пад’ёмнай машыны. Гэта быў паветраны балён, якога нельга было заўважыць у цемры, а тое што я ўявіў за мост, ідучы ў пустэчу, быў, як відаць, памост паветранай прыстані.
Потым Кавор паступова апусьціўся ўніз, да асьветленых пячор месяца. Спачатку яны спушчаліся ў поўнай цішыні, калі ня лічыць шчабятаньня селянітаў. Пасьля падзьмуў моцны вецер. Хутка яго вочы настолькі прызвычаіліся да цемры, што ён пачаў адрозьніваць вакольныя прадметы.
«Уявеце сабе аграмаднай вялічыні цыліндр каля чверткі мілі ў дыямэтры, паведамляе Кавор, — гэты цыліндр асьветлен спачатку слаба, але чым глыбей вы ў яго спушчаецеся, тым ярчэй робіцца асьвятленьне. Па сьценках цыліндра ідуць сьпіраляй вялікія пляцоўкі, якія, урэшце, губяцца ў сіняй глыбіні. Я магу параўнаць гэты цыліндр з самай вялікай на зямлі капальняй, калі яе павялічыць разоў у сто.
Угару і ўніз па сьпіральнай галярэі групамі стаялі селяніты. Гэта былі блядыя, квола-сьветлыя стварэньні. Яны глядзелі на нас ці займаліся сваёю справаю.
Вялікагаловы селяніт, які сядзеў каля мяне і бачыў, што я паварачваю галаву і гляджу навокал, працягнуў сваю хобатападобную «руку» і паказаў на масток, што вісеў удоле ў пустэчы. Як відаць, гэта была паветраная прыстань, мэта нашага палёту. Па меры таго, як мы набліжаліся да гэтай прыстані, нашы рухі рабіліся павольнымі і праз некалькі хвілін мы ўжо апынуліся на прыстані. Селяніты, якія ляцелі за намі, кінулі вяроўку, як гэта робяць на зямлі з параходаў. Вяроўку злавілі селяніты, што чакалі нас на пляцоўцы, і праз некалькі сэкунд я апынуўся побач з натаўпам селянітаў, якія цясьнілі адзін аднаго, каб бліжэй разгледзець нечаканага госьця.
Іх было вельмі шмат.
Я адразу зьвярнуў увагу на вялікую рознастайнасьць тыпаў жыхароў месяца. Яны былі рознымі і па росьце і з вонкавага выгляду. Тут былі нязграбна-тоўстыя і на дзіва тонкія. Некаторыя вольна пралазілі паміж ног іншых. Але ва ўсіх рэзка кідалася ў вочы адна агульная рыса: у кожнага з іх які-небудзь орган быў асабліва моцна разьвіты ў шкоду астатнім. Так, у аднаго была вельмі разьвіта правая рука, падобная на вялізарны мацальнік: другі быццам увесь складаўся з ног; у трэцяга твар выцягваўся ў адзін суцэльны нос, які рабіў яго вельмі падобным на чалавека. Дзіўныя галовы паступова таксама былі перайначаны да неймавернасьці. Тут былі галовы шырокія і нізкія, высокія і вузкія. У некаторых бровы былі выцягнуты, быццам рогі, у іншых яны былі падобны на бароды. Там-сям мільгалі страшэнныя скрыўленыя напоўчалавечыя профілі. Мне кінулася ў вочы адна рэзкая асаблівасьць: некаторыя чэрапы, як пухіры, вырасьлі да неймаверных памераў, у той час, як твары зморшчыліся ў камок. Апрача таго, я бачыў некалькі дзіўных фігур, у якіх галовы былі мікроскопічна-малымі, а целы — разьдзьмутыя ў пухіры.
Селяніты піхаліся, лезьлі адзін на аднаго, каб лепш разгледзець мяне. Хутка мяне пасадзілі на насілкі і дужыя насільшчыкі панесьлі мяне ў памяшканьне, прыгатаванае для мяне ў месяцы. Навакол сябе я бачыў вочы, бачыў нейкія маскі, чуў гукі, якія напаміналі шолах крыльляў жукоў, чуў нешта накшталт блеяньня і шчабятаньня селянітаў»...
Кавора зьмясьцілі ў «шасьцікутным пакоі», дзе ён прабыў досыць доўга. Потым ён пачаў карыстацца адноснай воляй.
Таямнічае стварэньне, якое звалі ўладаром месяца, паставіла да яго двух селянітаў «з вялікімі галовамі», якія павінны былі яго ахоўваць, вывучаць і знаходзіць спосаб з ім аб’ясьніцца. І, як гэта ня дзіўна, гэтыя стварэньні з іншага сьвету, гэтыя напоўказяўкі хутка аб’ясьніліся з Каворам на земнай мове.
Кавор называе іх Цзі-Пуф і Фі-у. Апісвае ён іх так:
«Фі-у ростам каля пяці футаў. У яго былі маленькія, стройныя ногі, даўжынёю дзюймаў у восемнаццаць, і звычайныя для селянітаў ступні. Маленькае цельца ўздрыгвала ад біеньня сэрца. Рукі ў яго — доўгія, мяккія, з невялікімі хабаткамі замест далоні».
«Яго галава належыць да звычайнага месячнага тыпу, але страшэнна перайначана. Рот складае, звычайна для селянітаў, нічога ня выказваючую шчыліну, але яна надзвычайна малая, і ўвесь твар складаецца з адной вялікай наздры, на бакох якой пасаджаны маленькія вочы.
Астатняя частка галавы пашыраецца ў вялізарную кулю, і эпідэрма скуры складаецца з тонкай плеўкі, скрозь якую выразна відаць пульсацыя мозгу. Гэта — стварэньні з надзвычайна пераразьвітым мазгом, у той час, як іншыя часткі організму амаль што зусім вырадзіліся».
Цзі-Пуф, як відаць, увогуле быў падобным на Фі-у, але яго твар быў значна выцягнутым, і, апрача таго, мазгі яго пераважна разьвіваліся ў іншым кірунку, дзякуючы чаму яго чэрап быў ня круглым, а падобным на ігрушу, сьцяблом кнізу.
Потым дружына Кавора складалася з насільшчыкаў, якія зьдзіўлялі вялізарным памерам сваіх плеч, вартаўнікоў, падобных на павукоў, і адной служкі з зусім плоскімі, доўгімі ступнямі ног.
Фі-у і Цзі-пуф раней за ўсё ўзяліся вывучаць ангельскую мову. Для гэтага яны часта прыходзілі ў «шасьцікутны пакой», дзе жыў Кавор, і спрабавалі аднаўляць кожны гук, які ён вымаўляў, ня выключаючы нават кашалю. Ён хутка зразумеў іх намеры, пачаў паўтараць асобныя словы і растлумачваць іх значэньні.
Фі-у некаторы час прыслухоўваўся да Кавора, потым паўтараў сказанае ім слова. Як толькі Фі-у пачынаў разумець значэньне слова, ён перадаваў яго Цзі-пуфу, і той яго запамінаў. Ужо за першую лекцыю яны вывучылі больш за сотню ангельскіх назоўнікаў.
Праз некаторы час яны пачалі прыводзіць з сабой мастака, які дапамагаў растлумачваць словы малюнкамі, бо малюнкі Кавора былі вельмі грубыя.
«Гэта стварэньне складалася амаль што з аднэй рухаючай рукі і аднаго пільнага вока», паведамляў Кавор, — і гэта стварэньне малявала з нячуванай шпаркасьцю. З дзеясловамі справа наладзілася шпарка, асабліва з тымі, якія можна ілюстраваць малюнкамі. З прыкметнікамі таксама абыйшлося лёгка, але калі мы дайшлі да адцягненых назоўнікаў і да тых заблытаных зваротаў мовы, да якіх мы так прызвычаіліся на зямлі, мне здалося, што мы ніколі не зразумеем адзін аднаго. Але на шостую лекцыю зьявіўся новы селяніт, стварэньне з вялізарнай круглай галавой. Яго спэцыяльнасьць, як відаць, была разгадваць складаныя аналёгіі. Ён быў вельмі бязуважлівы. Пры ўваходзе ён спатыкнуўся аб лаўку, а для таго, каб давесьці да яго сьвядомасьці цяжкасьці, з якімі нам даводзілася змагацца, трэба было пакласьці шмат патуг — крычаць, пхаць яго і г. д. Але калі ён прызвычаіўся, астрыня яго розуму была зьдзіўляючай. Як толькі трэба было вырашыць тое, што выходзіла за межы разуменьня Фі-у, абарачваліся да гэтага стварэньня, і яно паведамляла свае вывады заўсёды Цзі-пуфу, які іх запамінаў. Цьзі-пуф зьяўляўся як-бы складам фактаў.
Урэшце, я пачаў гутарыць з месячнымі казяўкамі. Вось словы, якімі Фі-у растлумачваў становішча, якое займае сярод селянітаў мастак:
— Есьці — мала. Піць — мала. Маляваць — шмат. Любіць маляваць. Больш нічога. Зьневажаць, хто не маляваць. Злаваць, хто маляваць лепш. Ён усё — маляваць.
Потым, паказваючы на Цзі-пуфа, ён рэкомэндаваў яго:
— Ён любіць памятаваць. Ён думаць — не. Маляваць — не. Працаваць — не. Толькі памятаваць. Усё памятаваць.
«У селянітаў паступова зьнікаюць апошнія сьляды сполаху і недаверлівасьці, якія зьявіліся ў іх пры першай сутычцы з намі. Цяпер я магу хадзіць усюды. Такім чынам, я дайшоў і да цікавага апарату, пры дапамозе якога я магу сыгналізаваць на зямлю. Наогул, я знайшоў тут нячувана багатыя колекцыі надзвычайна каштоўных і дасьціпных прыбораў. Да гэтага часу ніхто не перашкаджаў мне ў маіх занятках, хоць я і растлумачыў Фі-у, што перагаварваюся з зямлёю.
— Вы гаворыце іншай? — запытаў ён неяк, гледзячы на маю работу.
— З іншымі, — паправіў я яго.
Ён паўтарыў:
— З іншымі, — і дадаў: — людзьмі.
Пасьля гэтага я вольна тэлеграфаваў».
«На месяцы, — паведамляў Кавор, кожны грамадзянін займае пэўнае месца. Для гэтага месца ён народжан, і шляхам выхаваньня, прыстасаваньня хірургічнага ўмешваньня ён, урэшце, да таго падыходзіць да свайго месца, што для якіх-небудзь іншых функцый у яго не застаецца ні думак, ні органаў. Яны яму і непатрэбны», сказаў Фі-у.
Калі, напрыклад, селяніт павінен быць матэматыкам, усе яго настаўнікі і выхаваўцы імкнуцца іменна да гэтай мэты. Яны яшчэ ў зародку выдаляюць усе яго іншыя здольнасьці і, умела карыстаючыся псыхолёгіяй, падахвочваюць яго нахільнасьць да матэматыкі. Яго мозг расьце ці, прынамсі, расьце тая частка мозгу, якая неабходна для матэматыкі, астатняя мазгавая матэрыя разьвіваецца настолькі, наколькі патрэбна для харчаваньня спэцыяльнай яго часткі. Урэшце, апрача адпачынку і харчу, матэматык увесь аддаецца разьвіцьцю сваёй здольнасьці; ён цікавіцца толькі скарыстаньнем сваёй здольнасьці, пазнае грамаду толькі такіх-жа спэцыялістых. «Матэматычная» частка мозгу павялічваецца ў памеры і выцягвае ўсе сокі цела. Члены матэматыка зьменшваюцца, — зьменшваюцца сэрца і страўныя органы, зьменшваецца, амаль што зьнікае пад павялічаным чэрапам твар. Голас матэматыка прыстасоўваецца выключна да вымауленьня формул, сам ён глухі да ўсяго, апрача матэматычных задач. Ён страчвае здольнасьць сьмяяцца апрача выпадкаў, калі ён разьвязвае новую задачу: хвалююць яго толькі вылічэньні. Так ён дасягае вызначанай мэты.
Ці, напрыклад, селяніт, вызначаны зрабіцца пастухом месячных кароў. З самага юнацтва яго прывучаюць мысьліць і жыць падобна карове; для забавы яму расказваюць казкі пра кароў, — ён гуляе, даганяючы месячных кароў ці даглядаючы іх. Імкнуцца зрабіць яго рухавым і дужым, вочы яго прывучаюць да вуглаватых ліній, якія складаюць «прыгожасьць» месячнай каровы. Урэшце, яго ня цікавіць унутраная частка месяца. На ўсіх селянітаў, якія ня маюць такога-ж вопыту ў доглядзе за каровамі, ён глядзіць спакойна, насьмешліва і нават варожа. Думае ён толькі пра пашу месячных кароў, гаворыць на асобым жаргоне пастухоў. Ён любіць сваю працу і знаходзіць шчасьце ў выкананьні сваіх абавязкаў. Такі парадак захоўваецца ў селянітаў усюды. Кожны зьяўляецца зусім асобнай адзінкай у сусьветным організьме.
Тыя стварэньні з вялікімі галовамі, якія выконваюць інтэлегентную работу, зьяўляюцца ў гэтай дзіўнай грамадзе арыстократыяй, на чале якой стаць, як цэнтр, як квінт-эсэнцыя месячнага сьвету, той дзівосны, вялізарны клубок нэрваў, уладар месяца, якога я хутка ўбачу. Неабмежаванасьць разьвіцьця мысьліцельнага апарату інтэлегентных клясаў тлумачыцца тым, што ў селянітаў няма цьвёрдых чэрапных касьцей, няма той дзіўнай касьцяной скрынкі, у якой замкнёны чалавечы мозг і якая ставіць разьвіцьцё чалавечага мазгу ў строга вызначаныя рамкі.
Месячная арыстократыя падзяляецца на тры галоўныя клясы, якія вельмі адрозьніваюцца адна ад аднэй, як па становішчы, так і па выглядзе. Раней за ўсё трэба назваць адміністратараў, да ліку якіх належыць Фі-у і якія ўладаюць шырокай ініцыятывай; кожны з іх адказвае за пэўны кубічны кавалак месячнай масы. Потым ідуць спэцыялістыя, як той селяніт, якога клікалі для разьвязаньня непаразуменьняў у часе маіх лекцый. Гэтыя селяніты маюць кожны сваю асобную спэцыяльнасьць. І, урэшце, вучоныя прадстаўнікі і хавальнікі ўсякіх ведаў. Да апошняй клясы належыць Цзі-пуф, першы профэсар моваў на месяцы. На месяцы няма ні запісаў, ні кніжак, ні бібліотэк. Там усе веды хаваюцца ў разьвітых мазгох. Палац колекцый і бібліотэку брытанскага музэю на месяцы замянаюць жывыя мазгі.
Вучоныя амаль што ўсе замкнёны ў непранікальнае, апоплексычнае самазадавальненьне, з якога іх можа вывесьці толькі адмаўленьне іх вучонасьці. Звычайна іх водзяць маленькія вартаўнікі ці служкі, да зьдзіўленьня рухавыя стварэньні, большай часткай жаночага роду, і, мне здаецца, гэтыя стварэньні граюць для вучоных ролю жонак. Некаторыя з больш сур’ёзных вучоных ня могуць рухацца, іх носяць з месца на месца ў насілках, падобных на бочку.
Апрача таго, я заўважыў шпаркіх ганцоў, з нагамі павукоў і «рукамі» для трыманьня парашутаў. Сустракаюцца служкі з галасамі, якія могуць, здаецца, разбудзіць мёртвых. У часе адсутнасьці сваіх валадароў, гэтыя служкі нярухомы і бездапаможны, як парасолі ў сенцах. Увесь сэнс іх існаваньня складаецца з выкананьня загадаў і зьвязаных з імі абавязкаў.
Аднак, большасьць гэтых казявак, якая рухаецца па сьпіральных вуліцах, узьнімаюцца на балёнах і ляцяць міма мяне ўніз, трымаючыся за крохкія парашуты, напэўна, належыць да рабочай клясы. Шмат якіх з іх можна было-б назваць «машыннымі рукамі». Напрыклад, у пастухоў адзіная пярэдняя канечнасьць служыць для схапліваньня, узьняцьця цяжараў і г. д., а астатняе цела зьяўляецца толькі неабходным, другарадным дадаткам да гэтага галоўнага органу. Некаторыя, якія маюць, напэўна, справу з музычнымі мэханізмамі, уладаюць на дзіва разьвітымі слухавымі органамі; у іншых, якія маюць справу з дакладнымі хэмічнымі процэсамі, надзвычайна разьвіты высунуты наперад нос; у трэціх плоскія ступні ног прыстасаваны для пэдаляў, у некаторых, занятых прыгатаваньнем шкляных прадметаў, усё цела складаецца з лёгкіх. Але кожны з гэтых простых рабочых селянітаў на дзіва прыстасаваны для соцыяльных патрэб, з якімі яму даводзіцца сустракацца. Шмат якіх я мог-бы трымаць на сваёй далоні. Ёсьць нават селяніты круцільшчыкі, усе абавязкі і радасьць жыцьця якіх складаюцца з таго, каб круціць прывады, да які-небудзь невялічкіх апаратаў.
Над усімі гэтымі стварэньнямі наглядаюць селяніты з моцна разьвітымі мускуламі. Гэтыя селяніты абавязаны зьнішчаць усякія адыходзячыя ад вызначанага шляху нахільнасьці, якія наглядаюцца часам у сапсутых характараў. Гэта так званыя месячныя паліцэйскія, з маладых год прывучаныя надаваць пачлівасьць і паслухмянасьць разьдзьмутым галовам.
Надоечы я бачыў некалькі маладых селянітаў, якія стаялі ў гурткох такім чынам, што відаць былі толькі пярэднія канцовасьці: іх «сьціскалі», каб падрыхтаваць да догляду за нейкімі машынамі. Па гэтай шырока разьвітай сыстэме тэхнічнага выхаваньня выцягнутую «руку» апрацоўваюць узбуджальнымі да росту сродкамі і харчуюць упрыскваньнямі, у той час, як астатняе цела галадае. Фі-у растлумачыў, што ў першы час гэтыя дробныя стварэньні церпяць ад свайго ненормальнага становішча, але потым яны лёгка звыкаюцца з сваім лёсам. Потым ён павёў мяне туды, дзе падрыхтоўваюцца ганцы. Там селяніты сьцягваліся, перагібаліся, іх ногі ламаліся ў патрэбных мясцох.
Нядаўна ў часе наведваньня гэтага апарату, Фі-у павёў мяне не па сьпіральнай пляцформе, а па іншым шляху. З доўгай, цёмнай, зьвілістай галярэі мы выйшлі ў шырокую, нізкую пячору, у якой адчуваўся пах зямлі і якая, параўнаўча, была асьветлена досыць ярка. Сьвятло ішло ад нейкіх губчатых, блядых расьлін. Некаторыя з іх былі на дзіва падобны да нашых земных грыбоў, але яны дасягалі росту вышэй чалавечага.
— Гэта ядуць? — запытаў я Фі-у.
— Так, гэта харч, — адказаў ён.
Я убачыў фігуру надзвычайна вялікага і нязграбнага селяніта, які нярухома ляжаў сярод расьлін.
— Памёр? — запытаў я.
— Не! — адказаў Фі-у. — Ён рабочы, работа няма. Даем маленькае лякарства, тады сьпіць, покуль яго не патрэбна.
Хутка выявілася, што ўся вялікая пячора напоўнена гэтымі нярухомымі фігурамі, усыпленымі зельлем да таго часу, покуль месяцу патрабуецца іх праца. Тут было сабрана шмат розных відаў. Мы маглі паварачваць некаторых з іх, і я атрымаў магчымасьць разглядваць іх бліжэй, чым звычайна. Калі я іх паварачваў, яны шумна дыхалі, але не прачыналіся.
Усё гэта гаворыць толькі аб дзіўнай прывычцы ўспрыймаць уражаньні. Усыпіць часова непатрэбнага рабочага і адкінуць яго ў бок, бязумоўна, куды лепш, чым выкінуць яго з фабрыкі на вуліцу, кінуць яго ў кіпцюры голаду. У кожнай складанай соцыяльнай грамадзе, пры спэцыялізаваньні працы, у рабоце няўхільна адбываюцца перарывы, і, па спосабе селянітаў, вельмі проста вырашаецца беспакойнае пытаньне аб «беспрацоўных».
Другі шлях ідзе праз вялізарную, цяністую пячору, заўсёды напоўненую шумам. Тут я бачыў месячных жанчын, якія выглядвалі з шасьцікутных адтулін сьцяны, падобнай на мядовыя соты, ці гулялі па вялікім адкрытым пляцу за гэтай сьцяной, выбіраючы цацкі і амулеты, прыгатаваныя мастакамі-ювэлірамі. Гэтыя жанчыны — важныя стварэньні, размаляваныя фантастычна, часамі вельмі прыгожа. Яны трымаюцца горда і маюць мікроскопічна малыя галовы, на якіх адзначаюцца вялізарныя раты.
У селянітаў, як у мурашак і пчол, большасьць складаюць асобы бязродавыя.
На месяцы такое становішча стала нормальным, і ўвесь неабходны прырост насельніцтва даецца асобай нешматлікай клясе месячных матак, буйнымі стварэньнямі, на дзіва прыстасаванымі да свайго прызначэньня.
Месячныя жанчыны ня здольны карміць сваіх дзяцей; пэрыоды неразумнай мяккасьці зьмяняюцца ў іх пэрыодамі зласьлівасьці, даводзячы іх да актаў гвалту, а таму маленькіх селянітаў, зусім мяккіх, падобных на блядыя анучы, як мага раней перадаюць на догляд да незамужніх самак, жаночым «работніцам», якія часамі маюць мозг, па сваім разьвіцьці, ня меншы за мужчынскі».
XXI. Уладар месяца
правіцьПрадапошняе паведамленьне апісвае сустрэчу Кавора з уладаром месяца.
„Уявеце сабе самае вялікае памяшканьне, у якім калі-небудзь быў чалавек. Гэта памяшканьне слаба асьвечана сіняватым сьвятлом, зьмякчаным шэравата-блакітным туманам. Памяшканьне поўна шэрымі і пакрытымі мэталёвым бляскам стварэньнямі самага фантастычнага выгляду. Уявеце сабе, што за гэтым памяшканьнем, у канцы якога знаходзіцца вялізарная адчыненая арка, адчыняецца памяшканьне яшчэ большае, потым яшчэ больш грандыёзнае і г. д. Здалёк, у тумане, узьнімаецца шырокая лесьвіца, прычым гэта лесьвіца паступова зьнікае ў далечы. Чым больш набліжаешся да гэтае лесьвіцы, тым вышэй яна здаецца. Урэшце, я мінаваў апошнюю вялізарную арку, убачыў верхавіну гэтай лесьвіцы, а на ёй уладара месяца на яго троне.
Ён сядзеў абкружаны асьляпляючым блакітным зьзяньнем. Дзякуючы цемнаце, стваралася ўражаньне, быццам ён плавае сярод сіня-чорнай пустэчы. Спачатку ён здаўся мне невялікай сьветлай хмарай, якая акутала хмуры трон. Яго галава ў дыямэтры мела некалькі аршын. Ня ведаю чаму, але з трону, на якім ён сядзеў, блакітныя пражэктары выкідвалі праменьні сьвятла, — ён быў абкружаны вянцом зьзяньня. Яго абкружалі дробныя, зьнікаючыя ў гэтым зьзяньні служкі, якія падтрымлівалі яго, а ніжэй, вялізарным паўколам стаялі яго духоўныя служкі, служкі памяці, служкі лічэньня, наогул выдатныя па інтэлекце казяўкі месячнага двара. Яшчэ ніжэй стаялі праваднікі і ганцы, потым бязьлікія ўсходцы трону былі поўныя вартаўнікоў, а каля асновы трону хваляваўся вялізарны натоўп больш дробных прадстаўнікоў месячнай арыстократыі.
Калі я увайшоў у прадапошнюю пячору, пачуліся гукі музыкі. Гэтыя гукі расьлі, пашыраліся, урэшце, загучэла дзівосная мэлёдыя. Крыкі гэрольдаў сьціхлі.
Мяне ўнесьлі ў апошнюю самую грандыёзную пячору.
Мая процесія расчынілася, як веер. Праваднікі і вартаўнікі разышліся направа і налева, а трое насілак, у якіх зьмяшчаліся я, Фі-у і Цзі-пуф, праплылі сярод сьветлай напоўцемры да вялізарнай лесьвіцы. Навакол узьнялося зьвіненьне, з якім зьмяшаліся гукі музыкі. Мае два спадарожнікі зьлезьлі з насілак, але мне загадалі сядзець, напэўна, у выглядзе асобага гонару. Музыка сьціхла, але зьвіненьне працягвалася, і бесьперапыннае, аднастайнае ківаньне некалькіх тысяч галоў зьвярнула маю ўвагу на вышэйшае стварэньне, якое, відаць было нада мною ў блакітным зьзяньні.
Калі я ўпяршыню заглянуў у гэтае зьзяньне, гэты «центральны» мозг паказаўся мне непразрыстым пухіром, пад якім, як відаць, рухаліся нейкія цёмныя зьвіліны. Пад гэтым вялізарным пухіром, якраз на ўскрай трону, я з жахам убачыў два невялічкіх вокі, якія глядзелі на мяне з зьзяньня. Твару ня было, а былі іменна два вокі, якія глядзелі, быццам скрозь адтуліны. Спачатку я нічога ня бачыў, апрача гэтых двух невялічкіх, непарушных вачэй, потым я заўважыў пад імі маленькае, мізэрнае тулава, члены якога былі зморшчаныя, блядыя і напаміналі члены казяўкі. Вочы глядзелі на мяне з дзіўнай паглынаючай увагай, і ніжэйшая частка вялізарнай галавы была пакрыта зморшчкамі. Маленькія, слабыя мацальнікі падтрымлівалі гэтую фігуру на троне…
Калі я дасягнуў невялікай пляцоўкі, якую аддзялялі ад трону ўсяго каля дзесяці ўсходак, дзівосныя гукі музыкі сьціхлі, і я апынуўся над натаўпам, пад поглядамі ўладара месяца.
Ён уважліва аглядваў першага чалавека, трапіўшага ў яго царства…
Пасьля невялікай паузы пачалося прывітаньне. Мне памаглі вылезьці з насілак, і я стаяў, засаромлены, у той час, як перада мною два стройныя селяніты, як відаць, намесьнікі ўладара, выконвалі шераг дзіўных, але, бязумоўна, глыбока сымболічных гэстаў.
Энцыклёпэдысты-вучоныя, якія ішлі разам са мною да ўваходу ў тронную пячору, цяпер разьмясьціліся справа і зьлева, на дзьве ўсходкі вышэй мяне, гатовыя служыць весткамі ўладару месяца. Блядая галава Фі-у зьявілася напалове адлегласьці паміж мною тронам. Адтуль ён мог гутарыць як з уладаром, так і са мною, не абарачваючыся сьпіною ні да яго, ні да мяне. Цзі-пуф стаў за ім. Да мяне падыйшлі спрытныя праваднікі, ня спушчаючыя вачэй з вышэйшага стварэння.
Я пачуу нейкія лёгкія гукі сьвісту. Здавалася, што нехта водзіць пальцам па шклу. Са мною гаварыў уладар месяца.
Фі-у некаторы час радзіўся з Цьзі-пуфам. Потым ён пачаў шчабятаць на сваёй асабістай ангельскай мове.
— Уладар месяца… жадае сказаць… ён чуу, вы… вы чалавек з плянэты зямлі. Ён хоча сказаць, ён вітае вас… і хоча даведацца… даведацца… пра ўмовы жыцьця ў вашым сьвеце і… чаго вы зьявіліся сюды…
Ён перайшоў да заўваг, якія для мяне былі ня зусім зразумелы, хоць мне здаецца, што ён гаварыў мне комплімэнты. Ён гаварыў, што зямля для месяца тое самае, што для зямлі сонца, і што селяніты прагнуць даведацца што-небудзь пра зямлю і людзей.
Я парашыў адказаць, што людзей таксама даўно цікавіць пытаньне аб месяцы, што людзі лічылі яго мёртвым і ня ведалі пра тую раскошу, якую сустрэў я.
У знак пахвалы ўладар месяца зайграў сваімі блакітнымі праменьнямі, і па ўсёй пячоры, у выглядзе шчабятаньня, шэпту і шолаху, пранеслася вестка аб маім адказе. Потым уладар працягваў гутарку і праз Фі-у даў шэраг запытаньняў.
Ён сказаў, што яму зразумела, што мы жывем на паверхні зямлі, што на той-жа паверхні знаходзяцца нашы моры і наша паветра; пра гэта ён ужо чуў ад сваіх спэцыялістых астраномаў. Але яму вельмі хацелася мець больш падрабязныя весткі аб такім становішчы рэчаў, бо, судзячы па масыўнасьці зямлі, жыхары месяца заўсёды лічылі яе незаселенай. Уладар раней за ўсё даведаўся, якія хістаньні тэмпэратуры маюцца на зямлі, і маё апісаньне хмары дажджу яго вельмі зацікавіла.
Ён вельмі зьдзівіўся з таго, што нашы вочы могуць вытрымліваць сонечнае сьвятло.
Я растлумачыў яму, як вясёлкавая абалонка чалавечага вока сьцягвае зрэнку і абараняе ўнутраную будову вока ад вельмі яркага сьвятла. Мне было дазволена наблізіцца да вышэйшага стварэньня на некалькі футаў, каб ён сам мог агледзець мае вочы. Гэты прывяло да параўнаньня вачэй на месяцы і на зямлі. Вочы месячных жыхароў надзвычайна адчувальны ня толькі да праменьня сьвятла, якія можа бачыць чалавек, але і да праменьняў цяплыні. Жыхары месяцу бачаць усякае хістаньне тэмпэратуры.
Вясёлкавая абалонка была для ўладара месяца навінаю. Некаторы час ён забаўляўся тым, што кідаў мне у вочы свае праменьні і наглядаў, як скарачаліся мае зрэнкі. Дзякуючы гэтай забаве я некаторы час быў асьлеплены і амаль што нічога ня бачыў…
Аднак, ня гледзячы на гэтую невялічкую няпрыемнасьць, гэты разумны спосаб, запытваць і адказваць дзейнічала на мяне заспакойваюча. Я мог зачыняць вочы, абдумваць свой адказ і амаль што забываць пра тое, што ўладар месяца ня мае твару…
Калі я зноў зышоў на сваё ранейшае месца, уладар месяцу запытаў, як мы абараняемся ад сьпякоты і ад буры. Я расказаў яму пра дасягненьні нашай архітэктуры.
Для ўладара месяца здалося верхам шаленства, што людзі будуюць дамы ў той час, калі яны могуць апускацца ў пячоры.
Ён зноў запытаў аб надвор’і, і я падрабязна апісаў яму заўсёды зьменнае неба, сьнег, мароз, завірухі.
«Але, — запытаў ён, — калі надыходзіць ноч, ці на зямлі ня халодна?»
Я адказаў, што не, і растлумачыў, што для гэтага ўдзень.
«А ваша атмосфэра не замярзае?».
Я адказаў, што не, і растлумачыў, што для гэтага ў нас тэмпэратура апушчаецца ня дужа нізка, бо ночы вельмі кароткія.
«І яна нават ня робіцца вадкаю?»
Я адказаў, што не, і растлумачыў, што для гэтага пар, часам згушчаецца ў вадкасьць, стварае расу і шэрань і што гэты процэс зусім падобен да замярзаньня ўсёй вонкавай атмосфэры на месяцы ў час доўгай ночы. Я растлумачыў гэта.
Потым уладар месяца загаварыў пра сон. Патрэба аддаваць сну пэўны час існуе толькі на зямлі. Селяніты на месяцы адпачываюць вельмі рэдка і то толькі пасьля якога-небудзь надзвычайнага напружаньня сіл.
Потым, па яго жаданьні, я пералічыў яму розныя чалавечыя расы і віды. Ён са зьдзіўленьнем у мяне пытаў:
— І для ўсіх работ у вас служыць той-жа чалавек? Але хто-ж думае? Хто кіруе?
— Я растлумачыў яму пра дэмократычны лад. Калі я скончыў, ён зрабіў моцнае ахалоджаньне ілба, потым папрасіў мяне паўтарыць мае словы, бо, па яго думцы, ён нешта не зразумеў.
— Значыць, у вас работа не падзелена? — запытаў Фі-у.
Я растлумачыў, што сярод людзей ёсьць мысьліцелі, чыноўнікі, мэханікі, мастакі і многа іншых спэцыялістых.
— Але ўсе яны прымаюць удзел у кіраваньні, — сказаў я.
— Няўжо ў кожнага з іх няма асаблівасьцяў цела, якія дапамагаюць выконваць абавязкі?
— Бачных асаблівасьцяў няма — адказаў я, — апрача, напэўна, вопраткі. Апрача таго, магчыма, што іх духоўнае разьвіцьцё некалькі рознае.
— Яно павінна быць вельмі рознае, — сказаў уладар месяца, — бо інакш яны ўсе захацелі-б рабіць адно і тое самае.
Ён перапыніў мяне і ўспомніў мае ранейшыя растлумачэньні:
— Але вы сказалі, што людзі кіруюць, — настойваў ён.
— Так, да вядомай ступені, — сказаў я, і адчуў, што туман маіх тлумачэньняў згушчаецца.
Ён зноў запытаў у мяне:
— Вы хочаце сказаць, што ўладара зямлі ня існуе?
Я растлумачыў яму, што аўтократы і каралі, з якімі чалавецтву даводзілася мець справу на зямлі, скончылі сваё існаваньне ад нястрыманасьці сваіх заган, або іх жыцьцё спынялася гвалтоўным чынам; што самая шматлікая і ўплывовая частка земнага насельніцтва, англа-саксы, да якіх належу я, ня думаюць паўтараць такіх досьледаў.
— Але, запытаў ён, — як-жа вы ахоўваеце вашы крупінкі мудрасьці?
Я растлумачыў яму, як мы свайму абмежаванаму розуму дапамагаем кніжкамі, бібліотэкамі. Я расказаў яму, як нашы навукі паступова разьвіваюцца, дзякуючы аб’яднанай працы многіх маленькіх людзей. На гэта ён заўважыў, што людзі, ня гледзячы на іх соцыяльнае адзічаньне, шмат чаго ведаюць, — інакш яны не маглі-б трапіць на месяц. Аднак, розьніца вельмі вялікая. Селяніты, па меры набыцьця ведаў, растуць і зьмяняюцца; людзі кладуць веды каля сябе і застаюцца неразумнымі жывёламі.
Потым ён запытаў мяне, як мы перасоўваемся на зямлі, і я апісаў яму нашы чыгункі і параходы. Яго надзвычайна зьдзівіла, што мы пачалі скарыстоўваць пару толькі год сто таму назад.
Але на ўладара месяца моцнае ўражаньне зрабіў брак розуму людзей, падтрымліваючых нявыгоднасьць розных моваў.
Яны хачуць зносіцца, і ў той-жа час ня хочуць гэтага, — сказаў ён, і потым пачаў падрабязна і доўга распытваць мяне пра вайну.
Спачатку ён быў зьдзіўлены і не хацеў верыць. У поўным неўразуменьні ён спытаў:
— Вы хочаце сказаць, што вы шлындаеце па паверхні вашага сьвету, сьвету, багацьце якога вы яшчэ зусім ня выкарысталі, і забіваеце адзін аднаго, аддаеце адзін аднаго на зьяданьне дзікай зьвярыне?
Я сказаў яму, што гэта іменна так.
Ён папрасіў расказаць яму падрабязнасьці, якія-б дапамаглі яму зразумець незразумелае.
— Аднак, ці пры гэтым ня псуюцца вашы судны і вашы бедныя маленькія гарады? — запытаў ён, і я адчуў, што разбурэньне пабудоў на яго робіць такое-ж уражаньне, як забойства.
— Раскажэце мне пра гэта як мага больш, — сказаў уладар месяца, раскажэце так, каб перада мною настаў пэўны малюнак. Я не магу сабе ўявіць усяго гэтага. І я пачаў яму расказваць гісторыю земнай вайны, хаця рабіў гэта ня зусім ахвотна.
Я расказваў яму аб парадках і цэрамоніях вайны, аб папярэджваньнях і ўльтыматумах, пра начальства і маршыроўку войск. Я расказаў яму аб манэўрах, дысклёкацыях і замкнутым баявым строі. Я апісваў яму асаду і штурмаваньне, голад і холад у траншэях, гаварыў аб варце, што замярзае ў сьнезе. Я расказваў яму аб адступленьні і нападаньні, аб распачлівым апошнім супраціўленьні і аб слабай надзеі, аб бязьлітасным прасьледваньні ўцекачоў і пра палі, засееныя мёртвымі целамі.
Уладар месяца маўчаў. Ахалоджваючыя кроплі ўплывалі на яго мозг. Потым ён зноў загаварыў…
«Ён вельмі падрабязна распытваў мяне аб маім сакрэце. Хутка я поўнасьцю аб’ясьніўся з імі, і, урэшце, зразумеў чаму яны да гэтага часу самі ня вынайшлі „каворыту“. Цяпер я ведаю, што яны ведаюць яго, як матэрыю тэорэтычную, але што яго практычны выраб для іх немагчымы, бо чамусьці на месяцы няма гэлію, а гэлій…»
XXII. Апошняя вестка, пасланая Каворам на зямлю.
правіцьТак нечакана абрываецца апошняе паведамленьне Кавора. Здаецца, бачыш яго там, у глыбокай цемры, сярод апаратаў, — ён старанна тэлеграфуе да самага канца, не падазраючы пра заслону перашкод, якая апускаецца паміж намі; ён зусім не падазрае тых небясьпек, якія яму пагражаюць. Адсутнасьць у яго звычайнай людзкой практычнасьці аказалася для яго здрадлівай. Ён расказваў пра вайну, пра сілу і шалёныя гвалты людзей, пра іх несыць і бязмэтнасьць барацьбы. Гэтым ён зрабіў на месячны сьвет вялізарнае ўражаньне, а потым, самым небясьпечным учынкам было яго прызнаньне, што, прынамсі, на доўгі час ад яго аднаго залежала магчымасьць накіраваць на месяц іншых людзей. Мне здаецца зусім зразумелым той шлях, які пасьля гэтага павінен быў абраць нечалавечы розум месячнага сьвету, і я думаю, што гэта раптам зразумеў і Кавор. Я ўяўляю сабе, як ён павінен шкадаваць пра сваю неасьцярожнасьць. Як відаць, уладар месяца некаторы час абмяркоўваў становішча, і ў гэты пэрыод Кавор быў больш вольным, чым калі-небудзь. Але нешта перашкаджала яму пасьля перададзенай тэлеграмы зноў карыстацца электрамагнэсавым апаратам. Некалькі дзён мы не атрымлівалі ад яго ніякіх вестак. Магчыма, што яго зноў прымаў уладар месяца, і ён абвяргаў свае ранейшыя прызнаньні. Хто можа пра гэта ведаць?
І потым, раптам, як начны крык, за якім настае цішыня, прышла апошняя вестка. Усяго кароткі адрывак, пераблытаныя пачаткі двух сказаў.
Першы з іх паведамляў:
«Я быў вар’ятам, калі паведамляў уладару месяца…»
Пасьля гэтага была паўза прыблізна ў хвіліну. Можна ўявіць сабе, што адбывалася там, на месяцы. Нейкая замінка. Адзін крок ад прыбора… жахлівае хваляваньне сярод цёмных сілуэтаў апарату, у сіняй цемры пячоры… потым скачок назад да апарата, з позьняй рашучасьцю… потым сьпешная перадача:
«Каворыт робіцца так: вазьмі…»
Далей ідзе слова, зусім бяссэнсавае ў тым выглядзе, у якім яно перададзена: «нарно».
І гэта — усё.
Магчыма, што ў апошні момант ён спрабаваў перадаць слова «дарэмна». Ніхто ня ведае, што адбывалася там, каля апарату. Ва ўсякім выпаду, я ўпэўнен, што мы ніколі больш не атрымаем вестак з месяца.
Арыгінал: | Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |