Першы Усебеларускі Кангрэс

Першы Усебеларускі Кангрэс
Артыкул
Аўтар: Кастусь Езавітаў
1944
Крыніца: Міхнюк У., Паўлаў Я. Хто Вы, генерал Езавітаў?: [Прадм. да публ. успамінаў К.Езавітава "Першы ўсебеларускі Кангрэс"] / / Беларус. мінуўшччына.-1993.-№1.-С.24-29.-(Архіў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




5-га сьнежня 1917 году па старому стылю, або 18 сьнежня па новаму стылю, адкрыўся ў Менску, у старым будынку гарадскога тэатру, І-шы Усебеларускі Кангрэс.

На Кангрэсе гэтым прысутнічала 1872 дэлегаты, з якіх 1167 дэлегатаў мелі права пастанаўляючага голасу і 705 дэлегатаў былі дапушчаны толькі з правам дарадчага голасу, г. зн. ня мелі права галасаваньня.

Шматлюдны Кангрэс гэты адгуляў дужа вяліукую ролю ў гісторыі змаганьня беларускага народу за стварэньне свае незалежнае дзяржавы. Ён закончыў першы пэрыяд беларускага адраджэнскага руху, пэрыяд паступовага нацыянальнага самаўсьведамленьня паасобных адзінак і ўтварэньня першых нацыянальных арганізацыяў, якія давалі магчымасьць агуртаваць нацыянальныя сілы народу і падрыхтаваць масавае выяўленьне волі народу. Вось жа І Усебеларускі Кангрэс быў гэтым выявіцелем волі ўсяго беларускага народу і ў сваім праўным і псыхалагічным значэньні адгуляў ролю запраўднага Беларускага Устаноўчага Збору.

Адчыненьне Кангрэсу правіць

Адчыненьне 1-га Усебеларускага Кангрэсу было дужа ўрачыстае. Пры дзьвярох будынку стаяла варта 1-га Менскага Беларускага палку, сцэна была ўпрыгожана нацыянальнымі сьцягамі і гэрбам Пагоні.

У арганізацыйным прэзыдыюме Кангрэсу былі: прэзыдыюм Вялікай Беларускай Рады, на чале з аграномам Аркадзем Смолічам і юрыстам Язэпам Варонкай, прэзыдыюм Беларускай Цэнтральнай Вайсковай Рады, з Сымонам Рак-Міхайлоўскім на чале і прадстаўнікі вялікшых беларускіх арганізацыяў: з Віцебску, Магілёву, Пецярбургу, Масквы, Кіеву і Адэсы.

За прэзыдыюмам на сцэне стаяў хор Тэраўскага, папоунены артыстымі і артысткамі 1-га Беларускага Т-ва Драмы і Камэдыі, на чале з Флёрыянам Ждановічам і Фальскім. Да гэтага вялікага хору далучыуся яшчэ і хор Хаўрусу Беларускае Моладзі. Усе ў прыгожых нацыянальных уборах.

Заля, лёжы, усе бальконы, лёжа аркестры і нават частка праходаў у залі былі заняты дэлегатамі. Цывільныя вопраткі нашае інтэлігэнцыі, мундзіры афіцэраў, сьвіткі сялянаў, курткі работнікаў і гімнасьцёркі стральцоў рэпрэзэнтавалі ўсе станы беларускага народу, а сярод іх як мак гарэлі сьвяточныя ўбраньні некалькіх беларускіх грамадзкіх дзеячак і дэлегатак. Кангрэс адчыніў Сымон Рак-Міхайлоўскі. Ягоная гарачая прамова глыбока ўсхвалявала ўсіх дэлегатаў і выклікала доўгія воплескі. Калі ж затым аб’яднаны хор засьпяваў беларускі рэвалюцыйны гімн “Ад веку мы спалі і нас разбудзілі”, дык шмат у каго з маладых і старэйшых нашых дзеячоў спаўзла па шчоках нечаканая, буйная і гарачая сьлязіна. Што да жанчынаў, дык ня было ніводнай, якая ня выхапіла-б хустачку і якая змагла б стрымацца ад сьлёз.

Усе прысутныя ў залі адчувалі, што яны зьяўляюцца ўдзельнікамі аднаго з найвялікшых і найпрыгажэйшых мамэнтаў гісторыі Беларусі. Беларускі народ, вуснамі лепшых сваіх сыноў, рыхтаваўся выказаць свае жаданьні і сказаць сваё моцнае слова аб тым, як ён сам хоча пабудаваць сваё нацыянальнае і дзяржаўнае жыцьцё.

Парадак працы Кангрэсу правіць

Пасьля выбару прэзыдыюму, у склад якога ўвашлі ўжо ўспамінаныя вышэй асобы ды яшчэ прафэсар-акадэмік Яўхім Карскі, стары рэвалюцыйны дзеяч Бонч-Асмалоўскі, Язэп Дыла, Пётра Крачэўскі, Васіль Захарка ды яшчэ некаторыя іншыя, старшынства на Кангрэсе даручана было Дохтару Івану Серадзе, сакратарыят – Тамашу Грыбу, а Мандатная камісія – Пётры Крачэўскаму.

Першы дзень быў цалкам аддадзены прывітальным прамовам і агалошаньню тых наказаў, якія былі дадзены розным дэлегаяыям, а нават і некаторым паасобным дэлегатам з месц, ад іхніх мясцовых арганізацыяў. Увечары быў канцэрт хору Тэраўскага, які ўсім надзвычай на спадабаўся і моцна ўзрушыў нацыянальныя пачуцьці нават мала сьведамых адзінак. Па канцэрце была пастаўлена драма Ул. Галубка “Апошняе спатканьне”, якую згулялі артысты “Т-ва Беларускае Драмы і Камэдыі”.

Далейшую сваю працу Кангрэс перанёс у будынак Дваранскага Сабраньня, якое знаходзілася супроць будынку тэатру і мела вялікую залю для сходаў пленуму Кангрэсу ды шэраг меншых заляў і пакояў для сходаў розных камісыяў ды сэкціяў, якія былі створаны на Кангрэсе для распрацоўкі паасобных пытаньняў. У гэтых малых залях адбываліся і сходы розных партыйных ды групавых фракцыяў, на якія пабіўся Кангрэс, бо на ім прадстаўлены былі розныя палітычныя напрамкі.

Палітычныя кірункі на Кангрэсе правіць

Што да палітычных напрамкаў на І Усебеларускім Кангрэсе, дык, гледзішча на іхную колькасную і палітычную вагу на Кангрэсе, іх трэба падзяліць на тры асноўныя групы: цэнтр, правае і левае крыло.

Цэнтр Кангрэсу складаўся з сяброў Беларускае Сацыялістычнае Грамады, якая мела на Кангрэсе кіруючую ролю і заваявала сабе большасьць дэлегатаў, прыхіліўшы да сябе і ўключыўшы ў свае шэрагі многіх дэлегатаў падчас працы самога Кангрэсу. Асабліва шмат увайшло ў ейны склад дэлегатаў з гэтак званае групы «безпартыйных», якая паступова разсасвалася на Кангрэсе, далучаючыся да партыйных групаў. Перайшлі ў фракцыю Беларускае Сацыялістычнае Грамады і значныя групы з былой расейскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Наагул да БСГ, як партыі нацыянальнай і сацыялістычнай, імкнуліся ўсе беларускія сацыялісты.

Правае крыло было найменшым па сваёй лічбе. Складалася яно з паасобных адзінак «старога закалу», з некаторых беларускіх арганізацыяў Беларусі (Віцебская і Магілеўская) ды з нешматлічных клерыкальных груповак. Сюды-ж увайшлі і два-тры беларускія абшарнікі.

Левае крыло было даволі моцным, як сваёй лічбай, гэтак яшчэ і тэю энэргійнаю падтрымкаю, якую яно мела звонку ад гэтак званага «Областного Исполнительного Комитета Западной Области». Гэты Камітэт быў створаны падчас кастрычніцкай бальшавіцкай рэвалюцыі ў Менску і скарочана называўся «Облиспкомзап» (бел. Аблвыканкамзах - Ю.Б.). Складаўся ён з расейскіх вайскоўцаў, якіх тады стаяла на Беларусі некалькі арміяў, з жыдоўскіх палітыканаў розных гатункаў і з латыскіх камуністаў. Абліскамзап не вызнаваў ні правоў беларускага народу на нацыянальнае самавызначэньне, ні беларускае мовы, ні нават самага існаваньня беларусаў, як народу і Беларусі, як асобнае краіны. Гэты Абліскамзап на чале якога стаяў прапаршчык Мясьнікоў, ішоў цалкам на шляхах старых расейскіх царскіх урадоўцаў-русіфікатараў.

Сваркі паміж камуністамі з поваду Усебеларускага Кангрэсу правіць

Наяўнасць шматлічных прыфрантовых і тылавых штабаў у Менску, а таксама вялікая колькасьць розных прадстаўніцтваў і ўстаноў Усерасейскага Земскага і Гарадзкога Саюзаў ад 1915-га году літаральна залівала Менск чужымі наезднымі з Расеі элемэнтамі. Гэтыя элементы напаткалі ў Менску аграмадныя масы жыдоў, якія мелі тутака лічэбную перавагу над беларусамі і трымалі ў сваіх рукох усю прамысловасьць, гандаль, рамесьніцтва, вольныя прафэсіі і прэсу. Прадстаўнікі беларускае народнае інтэлігэнцыі былі змабілізаваныя ў войска і знахозіліся на далёкіх франтох, або былі эвакуіраваныя са сваімі ўстановамі аж на Волгу.

У гэткай ненармальнай абстаноўцы, калі ў Менску не выхадзіла нават беларуская газета, заўважыць беларускія элемэнты ў перапоўненым войскам і чужынцамі горадзе было для чужога чалавека цяжка, асабліва ж калі гэты чужак нават і не жадаў нічога заўважаць і бачыць. Дык расейскія сацыялісты-рэвалюцыянеры, якія захапілі ўладу ў Менску напачатку 1917-га году, а затым і бальшавікі, якія пасьля кастрычнікавага перавароту адабралі ад эсэраў гэтую ўладу, зусім не жадалі лічыцца з беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі і не дацэнівалі шпаркі ўзрост і гуртаваньне беларускіх сілаў.

Цэнтральныя бальшавіцкія ўстановы, якія на прыкладзе Фінляндыі, Украіны, Грузіі і польскіх легіёнаў пераканаліся ў тым, якую колёсальную сілу маюць нацыянальныя рухі, шукалі спосабу якколечы бяз адчыненае сваркі і канфлікту заўладаць беларускім рухам і накіраваць яго калі ўжо ня цалкам на сваю карысьць, дык прынамсі ў нейкае нэўтральнае ручво.

Таму паміж цэнтральнымі бальшавіцкімі ўстановамі і бальшавіцкай уладай на мяйсцох ішлі войстрыя спрэчкі ў справе тактыкі ў адношаньні да беларусаў і іхніх вайсковых фармаваньняў.

Цэнтральныя ўстановы ў Пецярбурзе і Стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага прапаршчыка Крыленка ў Магілёве давалі на пэўных умовах дазвол на фармаваньне беларускіх вайсковых адзінак, а Абліскомзап абязброіваў тыя часткі, якія траплялі ў Менск.

Тое самае было і з Усебеларускім Кангрэсам: цэнтральныя бальшавіцкія ўстановы ў Пецярбурзе згаджаліся з тым, што Кангрэс на пэўных умовах можа адбыцца, каб на аснове самаазначаньня народаў выявіць волю беларускага народу, а Абліскомзап у Менску быў нават супроць дапушчэньня да скліканьня Кангрэсу.

Спроба стварыць раскол у беларускім грамадзтве правіць

Калі менскія бальшавіцкія дзеячы і ўстановы Абліскомзапа даведаліся, што Вялікая Рада прызначыла скліканьне І Усебеларускага Кангрэсу на 5 сьнежня 1917 году ў Менску, прапаршчык Мясьнікоў зараз жа выехаў у Пецярбург, каб дамагацца ад Нацыянальнага Камісарыяту, якім тады кіраваў Сталін, забароны на гэтае скліканьне. Каліж Нацыянальны Камісарыят на гэтую забарону не згадзіўся, бо гэта задужа выразна разыходзілася з шырока агалошанымі абяцанкамі, дык у Пецярбурзе была прыдумана новая камбінацыя. Сталін загадаў знайсьці якую колечы беларускую арганізацыю, якая згадзілася бы пайсьці супроць Вялікае Рады і якая склікала бы свой Кангрэс таксама ў сьнежню, але ў іншым горадзе.

Гэткая паслухмяная арганізацыя знайшлася. Гэта была группа гэтак званых беларускіх аўтанамістаў, якія ў большасьці сваей належалі да былых расейскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў і ўваходзілі ў Беларускі Абластны Камітэт пры Усерасійскім Савеце Сялянскіх Дэпутатаў. Яны сядзелі ў Пецярбургу, у будынку Вучылішча Прававеданьня на Фантанцы N 5, і змагаліся тутака з Пецярбурскімі арганізацыямі беларускіх незалежнікаў: Беларускай Саціялістычнай Грамадой, Беларускім Вайсковым Камітэтам Пецярбурскага Гарнізону, Беларускім Камітэтам Маракоў Балтыцкага фронту, Беларускім Камітэтам Уцекачоў і Беларускім Культурна-асьветным і Выдавецкім Т-вам «Загляне сонца і ў наша ваконца».

У склад арганізацыі «абластнікоў», як іх называлі тады ўсе беларусы, уваходзілі людзі, якія ў большасьці сваей ня былі арганічна зьвязаны з беларускім народам і беларускім адраджэнчым рухам. Сярод іх было шмат латышоў і расейцаў, якія апынуліся ў нашым краі выпадкова і рупіліся толькі аб сваіх пэрсанальных інтарэсах.

«Абластнікі» прызначылі свой Кангрэс на 15 сьнежня ў Магілёве. Яны атрымалі ад Нацыянальнага Камісарыяту вялікія грошы на арганізацыйныя выдаткі і на выплату сутачных сваім дэлегатам. Аднак спроба разьбіць беларускае грамадства на два лягеры і стварыць адразу два Усебеларускіх Кангрэсы - з трэскам правалілася. Усе беларускія арганізацыі, грамада, паветы, воласьці паслалі сваіх дэлегатаў на 5 сьнежня ў Менск.

Змушаны былі сюды зьявіцца і самі «Абластнікі» з сваім штабам і кучкай прыхільнікаў на чале з Яўгенам Канчарам, Міхалам Гольманам і А.Кюссе-Цюзам. Да іх на Кангрэсе далучыліся яшчэ некаторыя маласьведамыя дэлегаты з Магілёўшчыны, якімі кіраваў дэмагог Вазіла.

Нацыянальная кансалідацыя сілаў правіць

Калі высьветлілася, што ідэю скліканьня роўналежнага кангрэсу ў Магілёве зьдзейсьніць ня ўдаецца і што ўсе дэлегатьі накіроўваюцца ў Менск, бальшавіцкі «Областной Комитет Западной Области» надумаўся паспрабаваць выклікаць раскол на Кангрэсе ў Менску. 3 гэтай мэтай ён паслаў «прывітаць» Кангрэс аднаго з сваіх камісараў-латышоў, які ў даўжэзнай прамове спрабаваў «разагітаваць» беларускіх дэлегатаў. Кангрэс слухаў прамоўцу ўважліва, але ўвесь час паасобныя дэлегаты засыпалі яго пытаньнямі, якія выразна выяўлялі ўсю безпадстаўнасьць і ману бальшавіцкіх праграмовых абяцанак у адносінах да беларускага народу і нацыянальнага руху.

Знервованы прамоўца нарэшце ня вытрываў і выявіў свой запраўдны твар і адношаньне да беларусаў, зьняважліва абазваўшы беларускі сьцяг, які вісеў ля трыбуны прамоўцаў.

Уся заля ўскочыла на ногі, пачуўшы абразьлівае слова. Да прамоўцы кінуліся цэлая грамада вайскоўцаў. Ён быў бы забіты на мейсцы, калі б да трыбуны не падбег з прэзыдыюму генэрал Аляксяеўскі, які ўрачыста пацалаваў беларускі сьцяг і папрасіў дэлегатаў Кангрэсу не зьневажаць свой Першы Усенародны Сход праліцьцём крыві.

Напалоханы Камісар, атрымаўшы ўсяго пару аплявухаў і пазбаўлены зброі, праз кулісы і бакавы выхад быў выведзены вон з тэатру і адпушчаны.

Грубая бальшавіцкая спроба падзеіць на псыхіку дэлегатаў ня толькі не ўдалася, але яшчэ больш сцэментавала і скансалідавала Кангрэс.

Не ўдаліся і ўсякія далейшыя, больш хітрэйшыя і спрытнейшыя спробы ўнесьці раскол у працу ўсяго пленуму Кангрэсу і ў працу паасобных ягоных сэкцыяў і камісыяў.

Пасьля кажнае спрэчкі і сутычкі ўсё шчыльней і шчыльней рабіліся шэрагі ўсіх тых, хто запраўды кахаў свой народ і край і хто шчыра жадаў шчасьця для нашае Бацькаўшчыны.

Сэкцыі і Камісіі на Кангрэсе правіць

Каб наладзіць прадукцыйную працу, Кангрэс пабіўся на шэраг сэкцыяўі камісіяў, якія распрацоўвалі паасобныя комплексы пытаньняў.

Былі на Кангрэсе ўтвораныя гэткія сэкцыі: 1) Сэкцыя Дзяржаўнага Будаўніцтва Беларусі, 2) Сэкція Аграрная, 3) Сэкцыя Асьветы і Культуры, 4) Сэкцыя Вайсковая, 5) Сэкцыя Фінансавая, 6) Сэкцыя Мяйсцовых Самаўрадаў, 7) Сэкцыя Краёвае Гаспадаркі, 8) Сэкцыя Работніцкага Законадаўства і Агульнага Права, 9) Сэкцыя Народнага Здароўя, 10) Сэкцыя Сацыяльнае Апекі, 11) Сэкцыя Рээвакуацыі Уцекачоў і 12) Сэкцыя Адбудовы Краю.

У тых выпадках, калі ў працы Сэкцыяў зьяўлялася неабходным распрацаваць якое-колечы асобнае пытаньне, як напрыклад пытаньне лясной гаспадаркі, або ільняное прамысловасьці, дык у адпаведнай сэкцыі (у дадзеным выпадку ў Сэкцыі Краёвае Гаспадаркі) утварыліся асобныя Камісіі. Большасьць сэкцыяў зусім ня мела камісіяў і ўсё апрацоўвала на сваіх агульных сходах.

Найбольшая лічба камісіяў была ўтворана пры сэкцыі Асьветы і Культуры, бо шпарчэйшаму ўздыму беларускае культуры і асьветы Кангрэс надаваў першараднае значаньне. Пры гэтай сэкцыі працавала аж дзесяць асобных камісіяў: 1) Камісія Вышэйшае Школы, пад старшынствам прафэсара-акадэміка Яўхіма Карскага, якая распрацавала статут і навучальны плян Беларускага Унівэрсытэту ў Менску; 2) Камісыя Сярэдняе Школы, якая пад старшынствам дырэктара Васілевіча распрацавала пляны патрэбных для Беларусі сярэдніх школаў і азначыла характар іхных навучальных праграмаў; 3) Камісія Пачатковых Школаў, якая распрацавала плян абавязковага 6-гадовага навучаньня для ўсіх грамадзянаў Беларусі; 4) Камісія Прафэсыйнай Асьветы, якая распрацавала пляны беларускіх прафэсійных школаў, у якіх вучні павінны былі прыймацца пасьля сканчэньня абавязковае 6-гадовае школы; 5) Камісія Дашкольнага Выхаваньня; 6) Камісія Пазашкольнага Выхаваньня і юнацкага Спорту; 7) Тэатральная Камісія, якая распрацавала пляны арганізацыі стацыянарных і раз’ездных беларускіх нацыянальных тэатраў, плян сеткі народных дамоў і тэмы для конкурса п’есаў; 8) Музэйная Сэкцыя заслухала даклады аб музэйных зьбёрах на Беларусі і распрацавала плян арганіацыі губэрнскіх (акруговых) і павятовых (раённых) музэяў; 9) Фольклёрная Камісія заслухала даклады аб фольклёрных зборах на Беларусі і распрацавала плян стварэньня сталае Цэнтральнае Фольклёрнае Камісіі, якая кіравала бы зьбіраньнем фальклёрных матар’ялаў і друкаваньнем іх, і 10) Камісія Выяўленчга Мастацтва, якая заслухала даклады аб беларускіх мастаках і распрацавала пляны стварэньня Цэнтральнага Мастацкага Музэю і правінцыйных Мастацкіх Музэяў, а таксама плян арганізацыі выставак у розных гарадах Беларусі і па-за межамі яе.

Сходы ўсіх Сэкцыяў і Камісіяў былі адчыненыя і на іх мелі права прысутнічаць усе жадаючыя сябры Кангрэсу. На некаторыя цікавыя даклады на сходы некаторых камісіяў зьбіралася па некалькі сот дэлегатаў. Гэтыя даклады і сходы ў Камісіях для многіх дэлегатаў былі першаю грамадскаю школаю і запраўднымі курсамі ведаў аб Беларускім Краю, аб ягоных патрэбах і аб спосабах, якімі гэтыя нацыянальныя патрэбы магчыма здаволіць.

Асабліва многа зьбіралася дэлегатаў на сходы Сэкцыі Дзяржаўнага Будаўніцтва Беларусі, на якой абгаварваліся пытаньні будучага дзяржаўнага ладу нашае Краіны. Тут на гэтых сходах адбывалася войстрае змаганьне паміж чатырма асноўнымі кірункамі, на якія тады падзялялася беларускае грамадзтва. Кірункі гэтыя былі наступныя.

Беларускія незалежнікі дамагаліся стварэньня ўласнае незалежнае беларускае дзяржавы, якая аднавіла бы старадаўнія беларускія дзяржаўныя традыцыі, але надавала бы ім новую сучасную рэспубліканскую форму. Гэтая група была самаю моцнаю ўжо ў першыя дні Кангрэсу і канчаткова перамагла іншыя пад канец працы Кангрэсу, калі да яе канчаткова перакананымі перайшлі цэлыя групы з ніжэй пералічаных кірункаў:

Беларускія абластнікі. У гэтую групу ўваходзілі пераважна магілёўцы і частка смаленчукоў.

Беларускія аўтанамісты таксама баяліся канчаткова адарвацца ад Расеі, але патрабавалі для Беларусі аўтаномнага ладу, з сваей адміністрацыяй і Краёвай Радай.

Чацьвертая група, група гэтак званых асімілятараў, складалася з былых царскіх чорнасоценных чыноўнікаў, а таксама з падасланых Менскім бальшавіцкім “Областным Комитетом Западной Области» некалькіх бальшавіцкіх агентаў. Гэтыя дзьве варожыя адна аднэй групкі заўсёды выступалі як хаўрусьнікі, калі справа ішла аб змаганьні з беларусамі і беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам.

Фракцыі Кангрэса правіць

Дзелавая атмасфэра Сэкцыяў і Камісіяў, дзе гутарка ішла найбольш аб практычных рэчах і аб мерапрыемствах, патрэбных для адбудовы нашага Краю, вымагала тэарэтычных і практычных ведаў. Выступалі тутака спэцыялісты сваей справы. Іх усе слухалі ўважна, з імі ўсе лічыліся, а большасьць дэлегатаў ня толькі лічылася, але і вучылася.

Для прапагандных выступленьняў “прафэсыянальных палітыкаў” бальшавіцкага і чорнасоценнага толкаў тут ніяк не было магчымасьці “разыйсьсціся”.

Затое яны мелі магчымасьць дакладна пагутарыць на агульныя тэмы на сходах Фракцыяў Кангрэсу.

Фракцыяў на Кангрэсе было тры: 1) Фракцыя Беларускай Сацыялістычнай Грамады, 2) Фракцыя безпартыйных, 3) Фракцыя Левага Цячэньня.

Фракцыі ствараліся з сяброў паасобных палітычных партыяў. Найвялікшай фракцыяй была фракцыя Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Гэтая фракцыя была цэнтрам Кангрэсу і ўвесь час узрастала. Даволі значнай была напачатку фракцыя безпартыйных, куды схаваліся і правыя групы, але гэтая фракцыя ўвесь час памяншалася. Была яшчэ гэтак званая Фракцыя Левага Цячэньня, якую арганізавалі бальшавікі, спадзяючыся пад гэткім невыразным назовам навярбаваць сабе людзей і прыхільнікаў. У гэтай фракцыі ўвесь час адбываліся самыя гарачыя і вострыя спрэчкі паміж інтэрнацыяналістамі і левымі нацыянальнымі дзеячамі.

Фракцыі давалі інструкцыі для трыманьня сваіх сяброў у розных сэкцыях і камісіях, а на Пленуме Кангрэса сябры кожнае фракцыі сядзелі разам і разам галасавалі.

Рада Старшыняў І Усебеларускага Кангрэсу правіць

Кожная фракцыя, сэкцыя і камісія мелі свой прэзыдыюм у складзе трох асобаў: старшыні, ягонага заступніка і сакратара. Усе гэтыя прэзыдыюмы, разам з Прэзыдыюмам Кангрэсу, зьбіраліся на асобныя нарады, каб найлепей упляноўваць працу пленуму Кангрэсу, а таксама і працу сэкцыяў і камісіяў. Аб'яднаныя прэзыдыюмы фракцыяў, сэкцыяў і камісіяў разам з прэзыдыюмам Кангрэсу складалі сталы кіруючы ворган, які меў назоў - Рада Старшыняў І Усебеларускага Кангрэсу.

Аднак ня толькі вышэй пералічаныя, кіраўніча парадкуючыя, унутрашнія функцыі на Кангрэсу выконывала Рада Старшыняў І Усебеларускага Кангрэсу. Функцыі і правы ейныя ад самага Першага дня Кангрэсу аказаліся куды больш шырэйшымі і маючымі агульнанацыянальны характар. Рада Старшыняў І Усебеларускага Кангрэсу адразу ж пасля свайго стварэньня Фактычна зрабілася рэпрэзэнтацыйнаю ўстановаю для усяго беларускага народу. Сталася гэта таму, што Вялікая Беларуская Рада, склікаўшы і адчыніўшы І Усебеларускі Кангрэс, склала яму ня толькі справаздачу з свае працы, але склала на Кангрэсе і свае паўнамоцтвы. Тады Кангрэс упаўнаважыў Раду Кангрэсу заступіць Вялікую Раду да часу стварэньня новае формы прадстаўніцтва. Дык Рада Старшыняў ужо падчас працы Кангрэсу паступова пераняла на сябе ўсю працу Вялікае Беларускае Рады і фактычна сталася Дзяржаўнай Радай Беларусі.

Пасьля раптоўнага спыненьня працы Кагрэсу, Рада Старшыняў асталася ўжо гатовым і адзіна правадзейным апаратам, які ўзяў на сябе выкананьне волі Кангрэсу.

Хто-ж уваходзіў у Раду Старшыняў 1-га Усебеларускага Кангрэсу? У Раду Старшыняў уваходзіла ўсяго 105 сяброў-старшыняў. Кожная фракцыя, сэкцыя і камісія мелі свой прэзыдыюм.

Лічба гэтая склалася з гэткіх прадстаўнікоў:

1) Прэзыдыюм Кангрэсу ўвайшоў у Раду Старшыняў у поўным сваім складзе – 15 асобаў.

2) Ад трох палітычных Фракцыяў Кангрэсу ўвайшлі па тры асобы з прэзыдыюму кожнае фракцыі, а ўсяго – 9 асобаў.

3) Ад прэзыдыюмаў дванаццаці Сэкцыяў увайшлі ў Раду Старшыняў па тры асобы ад кожнае Сэкцыі, а ўсяго – 36 чалавек.

4) Ад пятнаццаці Камісіяў увайшло таксама па тры асобы, а ўсяго – 45 асобаў.

Гэтыя 105 асобаў, абраныя сваімі Фракцыямі, Сэкцыямі і Камісіямі і дэлегаваныя імі ў Раду старшыняў, былі апрача таго зацьверджаныя ўсім пленумам 1-га Усебеларускага Кангрэсу.

Гэтак утварыўся той Беларускі Прэдпарлямант, які ў наступныя месяцы адыйграў гэткую вялікую ролю ў беларускім нацыянальна-дзяржаўным жыцьці.

Рэзалюцыі і матэрыялы І Усебеларускага Кангрэсу правіць

Паасобныя Сэкцыі і Камісіі падрыхтавалі для пленума Кангрэсу праекты рэзалюцыяў па ўсіх пытаньнях, якія былі ім даручаны для разпрацоўкі. Сабралі яны апрача таго яшчэ і шмат розных матар’ялаў у форме дакладаў, рэфератаў і розных даведак, якія былі агалошаныя дакладчыкамі і прамоўцамі на сходах Сэкцыяў і Камісіяў. Усе гэтыя рэзалюцыі і матар’ялы здаваліся ў Прэзыдыюм Кангрэсу ў пісьмовай форме і перадаваліся на рукі сакратара Кангрэсу, Тамаша Грыба, які меў два вялікіх партфэлі, набітых гэтымі матар’яламі, як таўстыя падушкі.

Рэзалюцыі, пасьля зацьверджаньня іх пленумам Кангрэсу, разам з тэкстамі дакладаў, рэфэратаў і даведак, павінны былі быць надрукаваныя ў якасьці асобнага зборніку пад назовам “1-шы Усебеларускі Кангрэс”. Зборнік гэты, аднак, ня вышаў. Куды падзеў Тамаш Грыб гэтыя матар’ялы – няма ведама. Хаця ж і пасьля разгрому бальшавікамі Кангрэсу ўсе гэтыя матар’ялы былі ў цэласьці на руках у Тамаша Грыба і ўвесь 1918-ты год ён шмат разоў казаў на адпаведных сходах, што падрыхтоўвае зборнік да выданьня.

У тагачасным друку зьявіліся толькі тыя справаздачы са сходаў пленуму і Сэкцыяў Кангрэсу, якія пасьпеў напісаць і надрукаваць старанны рэдактар газэты Беларускае Вайсковае Цэнтральнае Рады “Беларуская Рада”, капітан Ярашэвіч, ды тыя зацемкі, што зьмясьціла газета Язэпа Лёсіка “Вольная Беларусь”, газэта Язэпы Варонкі “Беларуская Зямля”, беларускі ілюстраваны часопіс “Варта” ды расейская прэса ў Менску.

З гэтых друкаваных крыніцаў, а таксама і з пашыраных сваячасова на пішучых машынках розных матар’ялаў, весткі аб 1-шым Усебеларускім Кангрэсе і паасобныя рэзалюцыі ягонага пленуму і сэкцыяў трапілі ў кнігі розных аўтараў, як напрыклад у кнігу Аўгена Канчара “Белорусский вопрос”, якая выйшла ў 1919-ым годзе ў Пецярбургу, ў кнігу Язэпа Варонкі “Беларускае пытаньне і Вэрсальская Мірная Канфэрэнцыя”, якая выйшла ў 1919-ым годзе ў Коўне, у кнігу Ф. Турука “Белорусское движение”, якай выйшла ў 1921-ым годзе ў Маскве, і ў іншыя пазьнейшыя працы.

З гэтых апублікаваных матар’ялаў відаць, з якім стараньнем і руплівасьцю працаваў Кангрэс і ягоныя камісіі і сэкцыі над распрацоўкаю ўсіх тых пытаньняў, якія адразу ж паўсталі перад беларускім народам і грамадзтвам, як толькі Беларускі Рух падышоў да моманту практычнае падрыхтоўкі да зьдзейсьненьня беларускае нацыянальнае дзяржаўнасьці, рэзалюцыі, падрыхтаваныя Сэкцыямі і Камісіямі, ахоплівалі і вызначалі агульны напрамак усяго беларускага нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця. Былі рэзалюцыі аб правох і абавязках грамадзян Беларусі, аб дзяржаўным ладзе краіны, аб мяйсцовым самаўрадзе, аб войску, аб зямельным парадку, аб устойстве фінансаў, аб спосабе лясной гаспадаркі, аб асьвеце, аб становішчы працоўных, аб судох, аб сацыяльным забясьпечаньні, аб арганізацыі кантролі прамысловасьці і іншыя. Тут у гэтым кароткім аглядзе няма мейсца для падрабязнага аналізу ўсіх гэтых рэзалюцыяў. Дык ня будземо спыняцца на іх дэталёвым разглядзе.

Самым важным для нас было тое, што І Усебеларускі Кангрэс ясна і рашуча стануў на грунт стварэньня сваей уласнай беларускай дзяржаўнасьці, што гэтую дзяржаўнасьць ён устанавіў на Беларусі ў форме народнае рэспублікі і што ўладу ў Краю ён перадаў сваей краёвай уладзе, якую выдзяліў з свайго складу.

Рэзалюцыя гэтая была прынятая І Усебеларускім Кангрэсам 17 сьнежня на вячэрнім пленарным сходзе Кангрэсу. Прынятая яна была аграмаднаю большасьцю дэлегатаў, якія за два тыдні працы Кангрэсу ўжо канчаткова пераканаліся ў справядлівасьці і неабходнай патрэбнасьці гэтага гістарычнага кроку.

З гэтага Моманту Беларусь зноў сталася аб'яднанаю нацыянальнаю дзяржаваю, а беларускі народ зноў стаўся дзяржаўнаю нацыяй. Першы этап нацыянальна-усьведамляючай працы скончыўся. Пачаўся этап тварэньня новае Беларускае Дзяржавы.

На гэтым жа сходзе Кангрэс ухваліў, што Беларуская Краёвая ўлада будзе мець безпасярэднія зносіны з цэнтральнымі рэвалюцыннымі ўладамі ў Пецярбургу, памінаючы гэтак званы бальшавіцкі «Областной Комитет Западной Области», і што Беларускі Урад павінен зараз жа паслаць сваіх прадстаўнікоў да суседніх урадаў і на мірную канфэрэнцыю у Бярэсьцьце, а таксама прыступіць к далейшым і рашучым крокам у справе фармаваньня свайго беларускага нацыянальнага войска.