Песні пра волю (Украінка/Астапенка)
Песні пра волю («Вось яны крочаць. Сцяг іх палае…» Верш Аўтар: Леся Украінка 1905 Арыгінальная назва: «Ось вони йдуть. Корогва у них має…» Пераклад: Алесь Астапенка Крыніца: https://knihi.com/Lesia_Ukrainka/Piesni_pra_volu.html |
Вось яны крочаць. Сцяг іх палае,
Быццам агонь. Мужна ідзе, наступае
Шэры натоўп. Многа смелых людзей,
«Песня пра волю» ірвецца з грудзей.
«Смела, сябры!» Але песня рыдае.
«Смела, сябры!» Як на смерць заклікае.
Страшна, які безнадзейны той спеў.
Хто ж пад яго наступаць бы умёў?
Не, не пра волю той спеў. Пра няволю
Плача, сумуе і тужыць да болю
Голас, зусім раўнадушны да слоў,
Плач пахавальны раздаўся ізноў.
«Смела, сябры!» То ў турму ці на страту
Гэтак вось смела натхняе брат брата,
Плача бяззбройны над братам-байцом,
Нібы ў зямлю зарывае жыўцом.
Лепей маўчы, калі іншай не маеш
Песні: напэўна ты духам згасаеш
Ці паніхідам настаў ужо час,
Як воля пад сцягі сабрала ўсіх нас!
Ведаю спеў той! Ён быццам атрута.
Бедныя душы, ў кайданы закуты,
Спеў той стварылі. Ён змалку нам горкі,
Нам, што раслі пад паўночнаю зоркай.
Мы нарадзіліся ў злую хвіліну,
Выйшлі у шлях прадсвітальнай гадзінай.
Чулі напеў гэты кожнай парой,
Ён нам казаў: не сустрэцца з зарой!
Што да таго вам, народжаным раннем?
Лепш праспяваць бы тут песню кахання,
Волі і юнай і буйнай сваёй,
Рана спяваць паніхіду па ёй.
Хай расцвіце ваша доля, як рута,
Бо не патрэбна вам песня-атрута.
Досыць: мы сыты песняй такой,
Вы ж захапляйцеся песняй другой.
Новаю песняй, каб сонейкам ззяла,
Каб так, як полымя, вечна шугала,
Каб разам з песняй чырвоны наш сцяг
Цуды тварыў на прасторах жыцця!
(Коладзяжнае, 01.12.1905)