Песьняру зямлі нашай

Песьняру зямлі нашай
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1922
Крыніца: Беларускі Звон. 1922. 29 верас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




19 верасьня места Вільня памянула вялікага песьняра нашае Зямлі, кампазытара Станіслава Манюшкі: яму паставілі памятнік — на скверы каля касьцёлу сьв. Кацярыны.

Справай пабудаваньня памятніка занялася рада места Вільні. А як у гэтай радзе пераважаюць палякі — і то палякі-нацыяналісты, дык і памінаньню Манюшкі быў дадзены від польскага нацыянальнага дзела.

Вялікія душы, вялікія таленты заўсёды бываюць далёкія ад нацыянальнае выключнасьці, іх сьветагляд сягае шмат далей, чым на тое пазваляюць вузкія рамкі мяшчанскага нацыяналізму. Такім быў і Станіслаў Манюшка: верны сын нашага краю, ён рос пад гукі роднай беларускай песьні, чарпаў поўнай жменяй з скарбніцы беларускага народнага творства матэрыялы і настроі дзеля свайго ўласнага творства і, творучы новыя музыкальныя цэннасьці, ніколі не забываўся аб народзе, які яго ўзгадаваў. І Манюшка працай сваей аддзякаваў беларусам: гэты пясьняр, абвешчаны цяпер польскім нацыянальным кампазытарам, быў тварцом першае беларускае опэры.

Манюшка, родам зь Меншчыны, быў у блізкіх адносінах зь першымі беларускімі адраджэнцамі сярэдзіны мінулага веку. Асаблівая дружба злучала яго з нашым выдатным паэтам Вінцуком Дуніным-Марцінкевічам, да творчае працы якога Манюшка адносіўся з шчырым спогадам. І вось два прыяцелі супольнымі сіламі робяць вялікае дзела: Манюшка піша музыку, а Марцінкевіч дае лібрэта (словы) опэры «Сялянка». У пяцідзясятых гадох мінулага сталецьця гэту опэру некалькі разоў ігралі на сцэне менскага тэатру.

На вялікі жаль, да нас дайшлі толькі словы «Сялянкі», толькі афішы аб спэктаклях: ноты манюшкаўскага твору недзе запрапалі. Але ўдзячная памяць аб Манюшцы ў беларускім грамадзянстве не запрапала: беларусы места Вільні горача прынялі да сэрца справу ўшанаваньня Манюшкі 19 верасьня і грамадой зьявіліся на адкрыцьце памятніка. Былі тут прадстаунікі беларускага тэатру, культурных устаноў, беларускае гімназіі. Найстарэйшаму працаўніку беларускае сцэны, грам. Аляхновічу, было даручана ў прамове выразіць глыбокую пашану беларусаў для творца першае беларускае опэры.

Аднак апошняга зрабіць не ўдалося: прэзыдэнт места Вільні, пан Банькоўскі, ня даў беларусам голасу…

Зьмяніліся часы, зьмяніліся людзі. Але нашы адносіны да вялікага песьняра нашае Зямлі не зьмяніліся і ня зьменяцца, — і мы хоць на гэтым месцы памінаем яго.