Песьня (Таўбін, 1928)
Песьня Верш Аўтар: Юлі Таўбін 5 сакавіка 1928 году |
На дадзенай старонцы сабраныя ўсе варыянты гэтага твора, якія ёсьць на Вікікрыніцах. |
Ах, песьня, песьня!..
Рокат струн,
Дрыжэньне сонечных расьніцаў!
Каму, каму твой хісткі струг
У снах лазоравых ня сьніцца?
І я ім сьніў,
І я аб ім
У думках патаемных марыў,
Сьпяваў яму адвечны гімн,
Лавіў цымбальныя удары...
І зноў сьпяваю,
Зноў пяю
У неабдымным дзённым гудзе,
І думку сьціслую сваю
Хачу укласьці ў сэрца людзям...
Таму, — мне хочацца цяпер
Усё абняць,
Ўсяму паверыць,
І зноў чаканіць гартам верш
І з вершам зноў ісьці наперад.
Часамі многа перашкод
Шляхі жыцьцёвыя мілуюць
І вёрткіх думак карагод
Ніяк, бывае, не злаўлю я.
І ўсё-жа шлю
Ўсяму прывет...
Мо' дні мінуць,
Гады адхлынуць
І будзе мне служыць сонэт,
І трыолёты, і тэрціны.
5-ІІІ-1928