ПЕСЬНЯ НАД КАЛЫСКАЙ.
Аа—аа, мой сынок!
Аа—аа, мілы!
Не крычы, не плач: дарэмна
Ты патраціш сілы.
А без сілы, мой сынок,
Жыць на сьвеці трудна…
Ой, ты, вецер, не шумі,
Не сьпевай так нудна!
Спаць Міхаську не даеш…
Сьпі, мой сын маленькі!
Я цябе пакалышу —
Ай, люлі-люленькі!
Што цябе чэкае, сын?
Што твая за доля?
Мо, як бацька, будзеш ліць
Пот ў чужое поле?
Будзеш ў летку ўсё хадзіць
На плыты, на згоны.
С Коўна матцы прывязеш
Хоць гарсэт чырвоны.
А мо пойдзеш ў школу ты,
Будзеш чэлавекам:
Без вучэньня кепска жыць
Гэтым трудным векам.
Кінеш матку, па чужых
Ты па людзях пойдзеш
І на шчасьце пападзеш,
Долю сваю знойдзеш?
Успомніш матку ты сваю,
Як цябе люляла,
Як табе у ноч не раз
Песьні я сьпевала.
І гасьцінцу мне прышлеш…
От я буду рада!
Дазайдросьціць вось тагды
Мне уся грамада!
Аа, аа, мой сынок!
Люлі-люлі, мілы!
Ой, не плач ты, не крычы,
Набірайся сілы…
|