Песьні-жальбы (1910)/Родные абразы/Жніво

Хлебароб Жніво
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
Жытні колас
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жніво (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЖНІВО.
(Весковым працоуніцам).
Рэдкае збожэ, травы палавіна;
Колас ня гнецца зярном да зямлі.
Знаць, нешчасьліва была то часіна,
Як кідалі зерне сяўцы па ральі.

Выйшлі на поле, вось, жнеі с серпамі
У лапцях лазовых, а хто без лапцей, —
Ніва пустымі шуміць каласамі,
Ніва ня цешыць жаночых вачэй!

Цяжка ўздыхнуўшы, збаны пастаўлялі,
Клункі на межы паклалі жнеі;
Бабы старые свой твар пражэгналі,
Ціха за працу ўзяліся дзяўкі.

Горача ў полі! Эх, жар дакучае,
Праца марудна, бяз конца цяжка!..
Сьпіну і плечы ім боль адбірае,
Аж дзервянее у жнеек рука.

Збэрсана жыта чэпляецца колас…
Жменя нажата, разгнецца жнея,
Жыта паложыць на скручэны пояс;
Цяжкая, жнейка, работа твая!

Ціха на полі ў палудзень гарачы!
Хоць бы гдзе кусьціка рэдкая цень.
Толькі ў калысцы плач чуеш дзіцячы
Нудна над вухам зьвініць авадзень…