ПІСЬМО С ТУРМЫ.
— Напішы мне, калі ласка,
Пісямко да хаты!
Пішэ з дому мне Параска,
Што сын здан ў салдаты…
Охо-хо! Пракоп ўздыхае
Ў смутку і ў кручыні;
Белы ліст ў руках трымае
І канвэрцік сіні,
Просіць шчыра грамацея,
Нават шапку скінуў;
Сам Пракоп пісаць ня ўмее, —
Гдзе-ж, ў бядноці гінуў;
Вырас ў вёсцы на мякіне,
Жыў с худобай з малку,
Ціжар жыцьця знёс на сьпіне,
Высох ўвесь у палку;
У астатку, вось, папаўся
Ў спісак арыштанцкі,
За то, бытцам, што збіраўся
Лес падкурыць панскі.
—Што-ж табе пісаць, старэнькі?
—А пішы, нябога:
Жонка, сын мой дарагэнькі!
Шлю паклон з астрога.
Сэрцэ мне баліць, і вас я
З думак не спускаю,
Кожны божы дзень і час я
Дом свой ўспамінаю. Жонка мая дарагая!
Ты ня скрыўдзь Івана.
Калі грошэй не хватае,
Пазыч у Сьцепана;
Нехай дзядзька не баіцца —
Аддамо с падзякай. —
Хлопцу-ж трэба хоць акрыцца,
А ня йсьці сабакай.
Спраў кажух яму і боты,
Выпраў, як і людзі,
Дай с сабою колькі злоты —
Весялейшы будзе…
Калі досыць корму маеш,
Падкармі больш сьвінку,
Мо’ якую захаваеш
На вялікдзень шынку;
А калі на грош нехватка,
Або корму мала, —
Закалі і с поўдзесятка
Хунтоў прышлі сала…
Сын мой! Снасьці рыбаковы
Добра ты прыпратай, —
Згодзяцца; а венцер новы —
Маеш час—залатай;
І ешчэ, мой сын, прашу я,
Човен кінь ў адрыне,
Нехай вецер не сьвідруе,
Нехай так ня гіне. Ўсё, што можна, захавайце,
Пакуль я вярнуся.
Нераток стары аддайце
Міхалю з Габрусем.
Кнігі ўсе, апроч псалтыра,
Вы аддайце Грышку,
Нехай іх чытае шчыра,
Бо ён любіць кніжку…
Дарагі мой сын! прад здачэй
Да мяне зайдзі ты.
Бо мо больш і не убачу,
Не пачую, гдзе ты.
Не маркоцьцесь, не бядуйце,—
Дасць Бог спосаб новы.
Што-ж ты зробіш? пагаруйце…
Будзьце ўсе здаровы! —
|