С ПЕСЕНЬ ВАСТРОЖНІКА.
Ліпы старые шумяць за сьцяною,
Жаласна, глуха шумяць;
Нудна ківаюць яны галавою,
Нудна галіны скрыпяць.
Пышны убор іх—лісты пазрываны,
Віхр іх развеяў, разнёс;
Белым марозам галіны затканы,
Сьнег іх глыбока занёс.
Плачуць безлістые ліпы старые,
Плачуць на долю сваю:
„Пышна расьлі мы, цьвялі, маладые,
Добра было у гаю!
Вольные птушкі вакруг шчэбеталі,
Божые пчолкі гулі;
Вязы таўстые ад буры хавалі,
Дубы нам сеткі плялі.
Белые хмаркі па небі гулялі,
Беглі ў няведамы край;
Частые росы, як срэбра, блішчалі,
Гоманам поўніўся гай...
Нас перанесьлі на глебу чужую
Сьвету, прастору німа;
Ўсе нас забылі, ніхто нас ня чуе,
Чуе нас толькі турма!
Там бы хацелась расьці, красавацца,
Дол дзе капае ральнік
Родную песьню дзе ціха сьпевае
Сын Беларусі — мужык!“…
|