Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/За бяседным сталом

Ня стлеў, ня згас За бяседным сталом
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
Як люба тут
Іншыя публікацыі гэтага твора: За бяседным сталом.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗА БЯСЕДНЫМ СТАЛОМ

Прамчаліся шляхі і вёрсты,
Ня лезе ў вочы золь-слата.
Бацькі, браты і сёстры
Наўкол бяседнага стала.

Я сёньня з імі, ў іхнім коле,
Якая радасьць на душы!
У вокны зьвесілася гольле
І неяк ласкава шуміць.

Ківае ветліва лістамі,
І быццам просіцца за стол.
Мяне ў сям‘і яно, вітае, —
Схіляю голаў яму ў дол.

Ўзьнімаю чару за бяседу,
А слова з вуснаў аніяк.
Ну ці-ж аб гэтым мог я ведаць?
Ў жыцьці здараецца ўсяляк.

Учора сум авейваў скроні,
А сёньня — скупасьць горкіх слоў.
Я цісну сам сабе далоні
І апушчаюся на ўслон.

Бацькі глядзяць на ўсё зьдзіўлёна,
І за здароўе п‘юць браты.
Вясновым вечарам зялёным
Сьмяюцца казачна лісты.

Такога вечару ня помню,
Глядзець мне хочацца ў вакно, —
Якраз-жа трэці тыдзень — поўня,
Над лесам іскрыцца віно.

Я п‘яны вечарам вось гэтым,
Ў чужых краёх такіх ня стрэць.
Даўно ня быў я так сагрэты,
Ня ўмеў вясёласьцю й гарэць.

Заўсёды у настроі грэшны,
Як нейкі вырадак людзкі;
Таму і лаялі за вершы
Ў натоўпе дзіка-гарадзкім.

Бацькі ня ведалі нічога, —
Ня ім услужлівасьць газэт,
Прыехаў неяк нейкі шчогаль
І вось сказаў, што сын поэт.

Зьдзівіў і ўцешыў ён ня вельмі, —
Ну што ў слове гэтым ёсьць?
— Хаця каб толькі быў ня шэльма
Скажы яму, наш добры госьць.

На варта ўспамінаць былога…
Няхай забудзецца зусім.
Прайсьціся хочацца мне логам,
Абняць дрыжачую там сінь.

Я сёньня ў хваляваньнях вострых,
З якімі ня ўсплысьці на мель.
Мае бацькі, браты і сёстры,
Як п‘яніць голаву мне хмель!