Укленчылі дні перад лесам
І моляцца жоўтым лістом,
Туман над далінай разьвесіў
Свайго задуменьня сутонь.
Пайду я лукатаю сьцежкай,
Націснуўшы шапку на лоб;
Пайду дзе рабіньнік гусьцейшы,
Дзе ягад крывавы ўмалот.
Няхай асьмяюць мяне ветры
Пад лопат асінавых слоў;
Я сёньня хачу успаветрыць
Душы чалавечай расол.
Абляпана плямамі восень,
Па целе ашэрхлы мароз…
Мы цеплім пад зорамі восець
І лечым асеньні склероз.
Я доктарам быць не бяруся,
Хоць ведаю й лекаў сэкрэт…
Сьпяваю сваёй Беларусі,
Бо толькі быў ёю сагрэт.
Вы гімнаў сьвятых запявалы,
За грэхам бяжэце ўздагон!
Ці бачыце вы, як на хвалях
Усхліпвае сіні агонь?
Стулілася восень азябшы
І вуснамі ловіць усхліп,
А ветры, далоні узьняўшы,
Трасуць верхавінамі ліп.
Латошаць трусьлівы асіньнік,
Сьмяюцца ў сям'і лапатух.
Люблю я такія часіны,
Яны ускрыляюць мой дух.
|