Плакала бяроза ды гаварыла…
Плакала бяроза ды гаварыла… Песня Аўтар: Ян Чачот Крыніца: http://bk.knihi.com/cacot/cacot5.html |
Плакала бяроза ды гаварыла:
«Ці ж у вас на гэта я заслужыла,
Штоб вы мяне парубалі
І кроў маю высысалі?
Я вам пры дарозе, як дзеўча, стаю,
Беленька прыбрана, на вёску гляджу,
І хто зімою заблудзіць,
То дарожку пакажу.
Я вам пры дарозе, як дзяўча, стаю,
Вясною вам косы мае распляту;
І птушачкі тут спяваюць,
І людзі мілы цень маюць.
За што ж вы сячэце мяне без віны,
Штоб трошкі напіцца салодзенькай крыві?
Я без часу усыхаю,
Што кроў маю выпускаю.
Яна па дарозе ручаём цячэ,
Ніхто з гаршэчкам браць яе не йдзе;
Парубалі са сваволі,
Цмокнулі й не п'еце болей.
Хлопцы, эй пакіньце гэту сваволю,
Ды не задавайце бярозе болю.
Бо я ўсохну, увяну
Альбо паскарджуся пану».