Плач беларуса
Верш
Аўтар: Карусь Каганец
Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/Plac_bielarusa.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ой, краіна мая бедна,

Ворагамі скута,

Пі сво гора ўжо да дна!

Ды слаба атрута...

І здаецца, ужо мёртва,

Паны так казалі,—

Ўсё цямнота да галотва,

Усе так прызналі.

Бо мы носім світу шару,

Нікога не крыўдзім,

Мы працуем бо праз меру,

Ды шчасця не відзім,

Адно панству адрабляем

За патрэбы нашы,

А ўсё неяк патрапляем

Папом у закарвашы.

Бо мы бедны, мы галодны,

Не умеем круціці,

І не знае люд наш бедны,

Як ў раскошы жыці.

Хворсаў панскіх мы не знаем,

Бо ўжо нам магіла;

І мы самі ўжо не сцямім,

Чым Беларусь была:

Што багата колісь была,

Між народаў слаўна,

Што навукай колісь слыла,

Вайной была спраўна.

І хоць рэчкі нашы плывуць,

Шумяць ачарэты,

І хоць людзі нашы жывуць,

Цемнатой адзеты.

Хоць, як мёртва, та краіна

Дрэмле у папелі

І пад бічам цемравіны

Усе занямелі.

Пакапаўся б ў тым папелі,—

Іскарка б бліснула;

А каб ветры наляцелі,

Полымя б шыбнула.

І зацвіла б наша ніва

Краснымі квятамі...

І Беларусь та журліва,

Што нікне з лятамі,

Ўзварухнецца, ўстрапянецца,

Узвядзе плячыма,

Ў нову шату апранецца

І празрыць вачыма.

11. VIII. 1904 г.