Зьвіняць над мяккім логам косы,
А сонца б‘е на бель кашуль.
Ў запале твары, кожны — босы,
Хоць кожны слухаў посьвіст куль…
Былі франты, ліхія лёсы,
І енкі сумныя матуль,
Ішлі армейцы, а матросы
Грымелі ў хвалі „лева руль!“
Калючы дрот пайшоў ў атосы,
І ня чуваць ў паветры куль, —
Той перамог, хто біўся босы,
А пан ня вернецца адтуль!
Кладуцца роўнядзю пакосы
Ўздоўж сьцен пакорнай муравы,
Наперад мерна суне Босы,
Нясе сталёвыя правы.
Хай сок з былінкі тэй сачыцца,
Але-ж франтоў ліхіх няма! —
У нас сягодня касавіца,
І пот наш льлецца не дарма!
Калі-ж па леце мо‘ захмарыць,
Кажух прыкрые бель кашуль —
Няхай той злыдзень там ня марыць:
З нас кожны слухаў посьвіст куль!
Мы ўмеем у часе касавіцы
Назвозіць цэлыя стагі, —
Дык васпан можа памыліцца,
Ды атрымаць „на пірагі!“
Цалуе сонца твар счарнелы,
Каб абазначыць працы цень.
Ступае Босы сёньня сьмела,
Хоць і гудзіць наўкол сьляпень…
Яшчэ гадкоў з пяток на волі,
І праца будзе ўсё лягчэй, —
Машын і тут набудзем болей,
Жыцьцё пальлецца весялей!..
Тады касу, але з пашанай,
Занесьці мусім у музэй,
Як сымболь працы згартаванай,
Як сьведку постаці сваей…
Зьвініць над логам касавіца
Пад песьні мірныя матуль…
Той фронт крывавы толькі сьніцца…
Калі-ж нам прыдзецца спыніцца
У мірнай працы дзеля куль, —
Мы выйдзем з іншай касавіцай
І сьвету кінем: „лева руль!“
20 чэрвеня 1926 г.
|